viasna on patreon

Вывешванне бел-чырвона-белага сцяга не з’яўляецца падставай для крымінальнага пераследу

2010 2010-04-20T10:03:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”

20 красавіка 2010 г. у судзе Кастрычніцкага р-на г. Віцебска распачнецца разгляд крымінальнай справы, якая была ўзбуджаная ў дачыненні да сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі  у звязку з тым, што 7 студзеня 2010 г. Сяргей Каваленка вывесіў на галоўнай навагодняй ёлцы г. Віцебска беларускі гістарычны і нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. За гэты ўчынак Каваленка быў неадкладна затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія ўжылі супраць Каваленкі фізычную сілу.

Дзеянні Каваленкі былі кваліфікаваныя,  як “хуліганства” (ч.1 арт. 339 КК). Таксама Каваленка быў абвінавачаны  ў тым, што падчас затрымання ён нібыта пагражаў і здейсніў гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўнікаў міліцыі (ч.2 арт. 363КК).

Праваабарончы цэнтр “Вясна” у сувязі з гэтым заяўляе наступнае:

Публічная дэманстрацыя і вывешванне Каваленкам нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга ў ніякім выпадку не можа кваліфікавацца, як хуліганскія дзеянні, паколькі яны  не носяць характару асаблівага цынізму і яўнай непавагі да грамадства і не мелі гэтага на мэце.

Здзейсненае Каваленкам з’яўляецца грамадска-палітычнай акцыяй, якая была здейсненая ў дадзенай форме і не мела намеру, скіраванага на прычыненне шкоды грамадскаму парадку ці непавагі да грамадства.

Выклікае сумнеў таксама факт таго, што падчас затрымання супацоўнікамі міліцыі Каваленка нібыта здзейсніў супраць іх гвалтоўныя дзеянні. Супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманні Каваленкі былі выкарыстаная празмерная фізычная сіла і спецыяльныя сродкі ў выглядзе кайданкоў. Законнасць гэтых дзеянняў міліцыі С. Каваленка спрабаваў аспрэчыць у органах пракуратуры і судзе, медыцынская экспертыза зафіксавала цялесныя пашкоджанні ў С. Каваленкі. Нядаўняе асуджэнне судом Кастрычніцкага раёна  г. Віцебска пры сумнеўных абставінах па гэтым жа артыкуле актывіста Сургана выклікаюць у нас сумневы  ў тым, што гэтыя абвіначванне не з’яўляюцца помстай праваахоўных органаў у дачыненні і да С. Каваленкі і апраўданнем перавышэння сваіх службовых паўнамоцтваў.

У звязку з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе спыніць крымінальны пераслед Сяргея Каваленкі па ч.1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь у сувязі з відавочнай адсутнасцю складу злачынства, прадугледжанага гэтым артыкулам.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе ад уладаў Беларусі забяспечыць Сяргею Каваленку права на разгляд ягонай справы бестароннім, незалежным судом, устанавіць усе акалічнасці справы і вызначыць правамоцнасць дзеянняў міліцыі ў дачыненні да С. Каваленкі і ўстанавіць ісціну па справе.

20 красавіка 2010 года, г. Менск.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства