Міжнародная супольнасць абураная смяротнымі пакараннямі ў Беларусі

2010 2010-04-16T16:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sm_suprac.jpg

14 красавіка сябры Сеткі дамоў правоў чалавека, а таксама шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый прынялі зварот у сувязі з стаўшым вядомым фактам смяротнага пакарання двух грамадзянаў Беларусі. Падпісанты выказваюць абурэнне як самім фактам чарговага прымянення вышэйшай меры пакарання, так і ігнараваннем Беларусі яе міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека. Заява накіраваная дзвюм вышэйшым асобам краіны – прэзідэнту і прэм’ер-міністру.

Падпісанты звароту, сярод якіх шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый, а таксама і Беларускі дом правоў чалавека, адкрыта асуджаюць акт здзяйснення смяротнага пркарання ў дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. Па інфармацыі беларускіх праваабарончых арганізацый, пакаранне было здзейснена прыкладна 18 сакавіка 2010 года. У прынятай заяве ўлады падкрэсліваюць, што акт чарговага смяротнага пакарання ў Беларусі – не толькі парушэнне правоў асобы, але і цынічнае ігнараванне Беларуссю сваіх абавязкаў. Гаворка, у прыватнасці,  ідзе пра  ратыфікаваны краінай яшчэ ў 1992 годзе Факультатыўны пратакол, якім Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека на разгляд скаргаў згодна з Пратаколам. “У нас выклікае трывогу тое, што Рэспубліка Беларусь перыядычна парушае свае абавязанні ў рамках Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і пастаянна не выконвае рашэнні Камітэта па правах чалавека, - кажацца ў заяве. - Спадар Прэзідэнт, заклікаем Вас і Урад Рэспублікі Беларусь у ажыццяўленні крымінальнай юстыцыі трымацца прынцыпаў прававой дзяржавы і, такім чынам, цалкам выконваць рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН”.

Таксама праваабаронцы яшчэ раз падкрэсліваюць неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі, які так і не пачаў дзейнічаць, нягледзячы на нядаўнія гучныя заявы беларускіх чыноўнікаў.

Беларускія ж праваабаронцы , якія таксама адкрыта выражаюць абурэнне дзеяннямі уладаў і змагаюцца за адмену смяротнага пакарання ў краіне (на фота), падвяргаюцца з гэтай нагоды ціску і пераследу. Падпісаны звяртаюць увагу і на гэты факт, заклікаючы беларускія ўлады спыніць рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да мясцовых праваабаронцаў. “У якасці самага апошняга прыкладу прыгадаем затрыманне 23 сакавіка 2010 г. прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна” (Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік), якія выражалі пратэст супраць стасавання смяротнай кары ў дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука”, - нагадваюць падпісанты заявы.

Акрамя вышэйшых асобаў Беларусі, заява напраўлена таксама ў шэраг міжнародных арганізацый, сярод якіх  Камітэт па правах чалавека ААН,  Генеральны дырэктарат па правах чалавека і прававых пытаннях Савета Еўропы,  Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і іншыя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international