Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, сакавік 2010 году

2010 2010-04-14T15:31:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rights_all.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку наглядна прадэманстравала, наколькі кіраўніцтва краіны гатова ісьці па шляху дэмакратычных рэформаў. Сярод найбольш значных падзеяў сакавіка – прывядзеньне ў выкананьне двух сьмяротных прысудаў, што, на думку праваабаронцаў, зьдзейсьнена сьвядома насуперак патрабаваньням нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў, ратыфікаваных нашай краінай. З заявай, якая асуджае дзеяньні ўладаў, 23 сакавіка выступілі РПГА Праваабарончы цэнтр «Вясна», «Беларускі Хельсінскі Камітэт", міжнародныя арганізацыі "Amnesty International", Камітэт па правах чалавека ААН, Савет Еўропы, Еўрапарламент і Парламенцкая Асамблея АБСЕ. Сусьветная грамадзкасьць абураная, што пакараньне зьдзейсьнена на фоне перамоваў аб увядзеньні мараторыя на сьмяротную кару, якія адбываюцца паміж уладамі Беларусі і Саветам Еўропы. "Беларускія ўлады прывялі прысуды ў выкананьне, ігнаруючы ўсе заклікі да міласэрнасьці і ведаючы, што ўжываньне вышэйшай меры пакараньня з'яўляецца непераадольнай перашкодай для палітычнага дыялогу з ПАСЕ і Еўрапарламентам, – гаворыцца ў заяве. – Рашэньне  аб пакараньні Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука было прынята пры поўным ігнараваньні таго факту, што Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду іх скаргі і зьвярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай не прыводзіць прысуды ў выкананьне ".

9 сакавіка Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў “Агляд-хроніку парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе”. Летась стартавала кампанія “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, што знайшло сваё адлюстраваньне ў кнізе. Між тым мінулы год не стаў для нашай краіны вырашальным у пытаньні адмены ці ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне, і Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай дзяржавай на еўрапейскім кантыненце і постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды.

Як станоўчы момант праваабаронцы адзначылі намер уладаў прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе. Дагэтуль адсутнасьць такога закону давала магчымасьць перасьледаваць людзей, якія не жадалі служыць з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў. Апошнія падзеі адлюстравалі заўважныя зрухі ў гэтым накірунку. Так, 10 сакавіка з жодзінскай турмы быў датэрмінова вызвалены грамадзкі актывіст, вернік царквы месіянскіх габрэяў Ян Міхайлаў. Гэта адбылося ў выніку разгляду касацыйнай скаргі асуджанага: напярэдадні 9 сакавіка калегія Менскага абласнога суду прызнала незаконным рашэньне суду першай інстанцыі, згодна з якім вернік быў пакараны на 3 месяцы арышту за ўхіленне ад вайсковай службы. Справа накіраваная на перагляд, а асуджаны апынуўся на волі пад падпіскай аб невыездзе. Між тым, тэрмін зьняволеньня Яна Міхайлава мусіў скончыцца 15 сакавіка, такім чынам ён адзеў амаль увесь вызначаны судом тэрмін пакараньня. 12 сакавіка Гомельскі абласны суд адмяніў рашэньне Савецкага райсуду, і цяпер крымінальная справа сябра БХД Яўгена Якавенкі, якога абвінавачваюць ў няяўцы ў ваенкамат па позве, будзе перагледжана. 15 сакавіка прэзідыум Гомельскага абласнога суду адмяніў пакараньне, вынесенае верніку суполкі “Сьведкі Яговы” Зьмітру Смыку папярэдняй інстанцыяй за нібыта ўхіленьне ад вайсковай службы. Па скарзе верніка Вярхоўны суд вынес пратэст на пакараньне штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3,5 мільёна рублёў).

25 сакавіка прайшла трыдыцыйная дэмакратычная акцыя Дзень Волі, прымеркаваная да чарговай гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлетняя акцыя прайшла даволі спакойна, нягледзячы на нязгоду з тым, што Менскі гарвыканкам зноў вызначыў свой маршрут шэсьця і ў чарговы раз адправіў усіх удзельнікаў з Акадэміі навук – месца збору – на плошчу Бангалор, у малалюдны парк Дружбы народаў. У 18 гадзінаў высьветлілася, што па дарозе да месца правядзеньня дазволенага мерапрыемства, тым ня менш была затрыманая і адвезеная ў РУУС Цэнтральнага раёну сталіцы гукаўзмацняльная апаратура. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі арганізатарам акцыі, што нібыта валодаюць дакладнай інфармацыяй пра знаходжаньне на месцы збору грамадзянаў Расійскай Федэрацыі, кшталту тых, хто арганізаваў выбух 3 ліпеня 2008 году ў Менску, таму магчыма будзе зьдзейсьнена спроба сарваць сьвяткаваньне Дня Волі, падрыхтаваўшы выбуховыя прыстасаваньні. Да таго ж яшчэ ўдзень пачаліся прэвентыўныя затрыманьні патэнцыйных удзельнікаў санкцыянаванага мерапрыемства, як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. На прывакзальнай плошчы супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік арганізацыі "Правы альянс" Юрась Карэтнікаў, каля ўласнай кватэры была спроба затрыманьня моладзевага актывіста Яўгена Афнагеля. У асіповіцкага актывіста руху БНФ “Адраджэньне” Ігара Сімбірова па абвінавачаньню ў крадзяжы сьледчы крымінальнай міліцыі і супрацоўнік раённай пракуратуры правялі ператрус. У пастарунку бабруйскага чыгуначнага вакзалу дапыталі сяброў незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Таісію Кабанчук, Ігара Казімірчыка, Яўгена Вішнякова і Максіма Чарняка. Прычына – нібыта перавозка наркотыкаў. Напярэдадні акцыі ў кіраўніка «Моладзі БНФ» Андруся Крэчкі без складаньня пратаколу было канфіскавана 20 бел-чырвона-белых сьцягоў памерам два на адзін метр і 500 папяровых сьцяжкоў з сімволікай гэтай структуры і гербам «Пагоня». Між тым Дзень Волі адбыўся. У акцыі прынялі ўдзел каля дзьвюх тысячаў чалавек, выступоўцы казалі праз мегафон. Пасьля кароткага мітынгу маладыя ўдзельнікі групамі спрабавалі рушыць у Нацыянальнай бібліятэкі і ў бок плошчы Якуба Коласа, але дарогу ім перагарадзіў спецназ. Праз пэўны час акцыя была завершаная. Інфармацыі пра затрыманьні ўдзельнікаў не паступала.

У сакавіку ўлады Беларусі ўзмацнілі ціск на свабоду слова, многія незалежныя журналісты трапілі пад перасьлед. 16 сакавіка адразу некалькі ператрусаў адбылося ў працоўных памяшканьнях і прыватных кватэрах беларускіх журналістаў. Вобшукі прайшлі ў офісе сайта «Хартыя-97» (пранікненьне туды адбылося з ужываньнем сілы, а журналістку Натальлю Радзіну адзін з міліцыянтаў удар у твар), у прыватнай кватэры журналісткі Ірыны Халіп, на працоўным месцы шэф-рэдактаркі «Народнай Волі» Сьвятланы Калінкінай, у прыватнай кватэры намесьніцы рэдактара «Народнай волі» Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве Натальля Радзіна. Ва ўсіх выпадках міліцыянты забіралі носьбіты інфармацыі — камп’ютэры, дыскі, USB-назапашвальнікі, карты памяці фотаапаратаў. Як вынікала з прад’яўленых міліцыянтамі дакументаў, ператрусы праводзіліся ў межах расьследаваньня крымінальнай справы, распачатай 31.12.2009 паводле ч. 2 арт. 188 КК РБ па факце паклёпу на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа.

У сувязі з ціскам, аказваемым на журналістаў, Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася з адкрытым лістом да Генеральнага пракурора Беларусі. У той жа час міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў праігнараваў просьбу на сустрэчу з кіраўніцтвам ГА  “БАЖ” з нагоды парушэньня правоў журналістаў невядомымі асобамі ў цывільным у часе вулічных акцыяў восеньню 2009 году. У пісьмовым адказе на лютаўскі зварот старшыні аб’яднаньня Жанны Літвіной да сп-ра Куляшова гаворыцца, што міністр не бачыць неабходнасьці сустракацца з прадстаўнікамі журналісцкай арганізацыі, паколькі «ўзаемадзеяньне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і журналістаў рэгламентавана законам РБ «Аб сродках масавай інфармацыі».

22 сакавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адхіліў скаргу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на папярэджанне Міністэрства юстыцыі ў поўным аб’ёме. Такое рашэнне аб’явіў суддзя Анатоль Церах. Паколькі папярэджанне пакінулі ў сіле, актуальнымі засталіся ўсе пералічаныя ў ім прадпісанні Мінюста. У іх ліку патрабаванне на працягу месяца сабраць усе выдадзеныя раней пасведчанні (бэджы) сябра ГА «БАЖ» са словам «прэса» і «забяспечыць далейшую немагчымасць карыстання імі». Таксама міністэрства лічыць, што дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» не прадугледжана статутам арганізацыі.

Двойчы за месяц (17 і 25 сакавіка) супрацоўнікі міліцыі канфіскоўвалі наклады недзяржаўнай газеты «Наш дом», якую выдае аднайменная грамадзянская ініцыятыва. Акрамя таго 25 сакавіка на мяжы з Расіяй міліцыянты затрымалі машыну з 10 тысячамі асобнікаў газеты «Витебский курьер», якія вёз дырэктар прыватнага гандлёвага прадпрыемства «Витебский Корунд» Віктар Рамнёў. Выданьне зарэгістравана ў Расеі і друкуецца ў Смаленску. На В. Рамнёва быў складзены пратакол па ч. 2 арт. 22. 9 КаАП (распаўсюд перыядычных выданьняў без выходных дадзеных) і адразу ж павезлі ў суд, дзе аштрафавалі на 35 базавых велічынь. Праваабаронцу і журналіста Валерыя Шчукіна, які вёз на сваім аўтамабілі 24 тысячы асобнікаў газеты «Наш дом», спынілі непадалёк ад Гомеля. На яго таксама быў складзены аналагічны пратакол. На наступны дзень В. Шчукін быў аштрафаваны судом на 30 базавых велічынь (больш як на мільён рублёў).

25 сакавіка скончыўся этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га скліканьня. Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правяла маніторыг гэтага этапу і прэзентавала кароткі аналіз і высновы па яго выніках. У параўнаньні з мясцовымі выбарамі 2007 г., колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп скарацілася з больш за 100 у 2007 г. да 23 у 2010 г. Парушэньне прынцыпу “свабоднага ўдзелу ў выбарах” з’яўлялася асноўнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп на ўсіх папярэдніх выбарах; не стала выключэньнем і выбарчая кампанія 2010 г. Адзначаецца, што мясцовыя органы ўлады ў большасьці прынялі адпаведныя рашэньні, у якіх максімальна абмежавалі магчымасьць збору подпісаў у шматлюдных месцах, зачастую такімі месцамі былі вызначаны пляцоўкі, аддаленыя ад цэнтраў населеных пунктаў і руху транспарту, ці іншыя месцы, якія рэдка наведваюцца выбаршчкамі.Такія рашэньні выканаўчых і распарадчых органаў улады прывялі да таго, што большасьць прэтэндэнтаў не выкарыстоўвалі такую форму збору подпісаў, сканцэнтраваўшыся выключна на іншых.

10 сакавіка Еўрапарламент ухваліў рэзалюцыю, у якой асудзіў афіцыйны Менск за рэпрэсіі ў дачыненьні да неафіцыйнага Саюзу палякаў. У дакуменце няма закліку да аднаўленьня санкцыяў супраць Менску, але ёсьць пагроза, што далейшыя парушэньні правоў чалавека могуць  прывесьці да спыненьня палітыкі дыялогу Еўрасаюзу з Беларусьсю. Еўрадэпутаты сярод іншага заклікалі беларускія ўлады зарэгістраваць Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і перадаць арганізацыі яе ўласнасьць. Таксама ў рэзалюцыі выказваецца патрабаваньне вызваліць з турмаў палітычных актывістаў Андрэя Бандарэнку, Івана Міхайлава і Арцёма Дубскага, зарэгістраваць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Партыю БХД, якім шмат разоў было адмоўлена дзейнічаць легальна.

11 сакавіка дзяржсакратар Хілары Клінтан прадставіла штогадовы даклад Дзярждэпартаменту ЗША аб сітуацыі з захаваньнем правоў чалавека ў сьвеце. У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, утрымліваецца даволі жорсткая крытыка дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне.

  1. Сьмяротнае пакараньне

Па выініках веснавой сесіі ў Нью-Ёрку Камітэт ААН па правах чалавека распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім адзначана, што ўрад Беларусі праігнараваў просьбу Камітэту адкласьці выкананьне сьмяротнага пакараньня да заканчэньня разгляду справаў двух беларускіх грамадзянаў Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука, чым скандальна парушыў свае міжнародныя абавязацельствы, якія вынікаюць з Факультатыўнага пратаколу і Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісанага краінай. На думку юрыста-праваабаронцы Рамана Кісьляка, які падрыхтаваў для Камітэта ААН пакет дакументаў адносна двух асуджаных да сьмяротнага пакараньня, Рэспубліка Беларусь кінула выклік Камітэту па правах чалавека, міжнароднай супольнасці ў плане выканання сваіх абавязацельстваў. Ён лічыць, што  гэта далёка не лепшым чынам адаб’ецца на іміджы Беларусі.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

3 сакавіка ў сталічным метрапалітэне быў затрыманы сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі са Смалявічаў Андрусь Кашэўскі, распаўсюднік незалежнай газеты “Народная Воля”. Актывіста даставілі ў Ленінскі райсуд Менску, дзе судзьдзя Навіцкая пакарала А. Кашэўскага адразу па двух складзеных міліцыянтамі адміністрацыйных пратаколах: арыштам тэрмінам на 15 сутак па арт. 17.1 КаАП  і штрафам у памеры 20 б.в. (700 тыс. руб.) за непадпарадкаваньне супрацоўнікам праваахоўных органаў па арт. 23.4 КаАП. Увесь час арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна актывіст трымаў галадоўку.

25 сакавіка суд Валожынскага раёну пакараў лідэра АГП Анатоля Лябедзьку за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) адміністрацыйным штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Палітык быў затрыманы ў Валожыне 15 лютага перад будынкам вайсковай частцы, дзе праходзіў суд па справе актывісткі апальнага Саюзу палякаў Тэрэсы Собаль.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

1 сакавіка стала вядома, што Мінінфармацыі трэці раз адмовілася зарэгістраваць новае недзяржаўнае выданьне агульнапалітычнай тэматыкі — «Химик. Два города». Спачатку міністэрства не задаволіла кваліфікацыя галоўнага рэдактара, потым — заяўленая тэматыка, яшчэ пазьней — памяшканьне, у якім зьбіраліся размясьціць рэдакцыю.

2 сакавіка шэф-рэдактарка «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна падала скаргу ў пракуратуру Савецкага раёну Менску на дзеяньні міліцыянтаў, якія 26 лютага правялі ператрус у яе прыватнай кватэры. І сама журналістка, і юрысты, з якімі яна раілася, мяркуюць, што ператрус быў зьзейсьнены з шэрагам парушэньняў: візіцёры не назвалі сябе, ператрус праводзілі адразу некалькі асобаў, журналістцы не далі патэлефанаваць і загадалі адразу ж адключыць усе тэлефоны.

10 сакавіка судовыя выканаўцы пабывалі ў офісе недзяржаўнай газеты «Борисовские новости» і апісалі рэдакцыйную канапу, кніжную шафу і кулер для вады. Рэдакцыя «Борисовских новостей» мусіць разьлічыцца з рэдактаркай дзяржаўнай раённай газеты «Адзінства» Верай Пратасевіч, якая яшчэ ў канцы 2009 года адсудзіла ў «БН» каля 2 мільёнаў. Падставай для судовага разбору стаў апублікаваны артыкул пенсіянера Валерыя Ніцкага «Кодэкс сумленьня па-барысаўску», у якім ён ушчуваў барысаўскія ўлады за стварэньне несумленных умоваў канкурэнцыі паміж дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсай.

11 сакавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі  вынесла выдаўцу недзяржаўнай газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии» ЗАТ «БелКП-ПРЕСС»  другое за год папярэджаньне. Прычына такога рашэньня рэдакцыяй і міністэрствам не агучваецца і не каментуецца.

15 сакавіка Ленінскі райсуд Горадні пакараў сябра БАЖ Аляксандра Дзянісава штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (70 тысяч рублёў). Судзьдзя Ксенія Стасюкевіч палічыла, што Аляксандр Дзянісаў займаўся журналісцкай дзейнасьцю, не маючы на тое адпаведнага дазволу, чым парушыў артыкул 23.39 КаАП РБ «Самаўпраўства». Між тым сюжэт пра вывучэньне прадмета “Гродназнаўства” ў сярэдняй школе № 28 журналіст рабіў з дазволу адміністрацыі навучальнай установы.

18 сакавіка “Маладыя еўрапейскія фэдэралісты” (JEF) і іх партнёры правялі ў розных гарадах сьвету традыцыйную вулічную акцыю за свабоду слова пад назовам “Дайце голас людзям Беларусі”. Акцыя прымеркаваная да чацьвертай гадавіны “спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”. Знакамітым гарадзкім статуям маладыя фэдэралісты сімвалічна завязалі рты, што сьведчыць пра неабыякавасьць як да парушэньня асноўных правоў чалавека ў Беларусі. У Беларусі акцыю падтрымалі актывісты «Еўрапейскай Беларусі». Пратэстуючы супраць атакі на незалежных журналістаў, беларускім скульптурам таксама завязалі рты. Аналагічная акцыя прайшла ва ўкраінскім Луцку.

25 сакавіка судзьдзя Ленінскага райсуду Горадні Ксенія Стасюкевіч пакарала мясцовага намесьніка старшыні "Маладога Фронту" Алеся Кіркевіча штрафам у памеры 35 б.в. (1млн 225 тыс. руб) за распаўсюд газеты “Хрысьціянская абарона”.

  1. Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

19 сакавіка гомельскаму актывісту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгену Якавенку, які патрабуе альтэрнатыўнай службы, сьледчая Цэнтральнага РАУС Вольга Шупікава ўручыла пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы за ўхіленьне ад прызыву на вайсковую службу. Між тым 12 сакавіка абласны суд задаволіў касацыйную скаргу Я.Якавенкі і адмяніў адміністрацыйны штраф, вынесены яму з падачы гарадзкога ваенкамату Савецкім раённым судом, і накіраваў справу на новы разгляд.

  1. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

4 сакавіка сталічны гатэль “Crowne Plaza” нечакана адмовіў у арэндзе памяшканьня для правядзеньня запланаванага мерапрыемства – круглага стала па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.  Прычыну адмовы адміністрацыя гатэлю не патлумачыла.

24 сакавіка суд Ленінскага раёну Менску пакараў праваабаронцаў “Вясны” Алеся Бяляцкага, Ірыну Тоўсьцік і Валянціна Стэфановіча за правядзеньне несанкцыянаванага пікету (арт. 23.34 КаАП) штрафам у памеры 0, 5 базавай велічыні. Абвінавачаныя скарысталіся новаўвядзеньнямі ў адміністрацыйны кодэкс, а менавіта пунктам 6 арт. 6.5 КаАП, згодна з якім выносіцца мінімальна прадугледжанае артыкулам пакараньне. Напярэдадні праваабаронцы выйшлі з расьцяжкай “Не – сьмяротнаму пакараньню” да будынку адміністрацыі прэзідэнта ў сувязі з прывядзеньнем у выкананьне двух смяротных прысудаў. Праз некалькі хвілінаў ахоўнікі выклікалі міліцыю. Ноч да суду затрыманыя правялі за кратамі.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

2 сакавіка Міністэрства юстыцыі ў трэці раз адмовіла ў рэгістрацыі заснавальнікам “Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў”. Як вынікае з афіцыйных папераў, падставы для нерэгістрацыі аб’яднаньня амаль аналагічныя папярэднім. Кіраўнік Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч падкрэсьлівае, што гэтым разам Мінюст, не хаваючыся, выразна і некалькі разоў падкрэсьліў сваю пазіцыю: “Дэмакратычным арганізацыям аб’ядноўвацца ў асацыяцыі нельга. Атрымліваецца, мы пазбаўленыя такога права ў Беларусі”.

4 сакавіка Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне Гарадзенскага абласнога суду адносна нерэгістрацыі слонімскай арганізацыі “Залаты леў”. Касацыйная інстанцыя палічыла дзеяньні чыноўнікаў галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму законнымі.

11 сакавіка калегія па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суду адмовіла ў задавальненьні касацыйнай скаргі  на рашэньне Валожынскага раённага суду і пакінула яго ў сіле. Такім чынам Польскі дом у Івянцы канчаткова забраны ў апазіцыйнага Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс і перададзены кіраўніцтву Івянецкага аддзелу праўладнага Саюзу палякаў на чале са Станіславам Сямашкам.

30 сакавіка Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адмовіў Руху “Маладая Беларусь» у задавальненьні скаргі на дзеяньні Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла Руху ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднаньня.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

26 сакавіка Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу царквы "Новае жыцьцё" на пастанову суду Маскоўскага раёну, які аштрафаваў абшчыну за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя на 8 млн. 750 тыс. рублёў. Таксама, згодна падлікам Камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя вернікі мусяць сплаціць 263 млн. рублёў нанесенай прыродзе шкоды. Такім чынам, агульная сума грашовых санкцыяў супраць пратэстанцкай абшчыны складае 271 млн. 548 тыс. 725 руб. (каля 100 тыс.$ ЗША). Паводле юрыста царквы Сяргея Луканіна, довады царквы на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў экалагічнага ведамства судзьдзі не ўлічылі, яны не сталі высьвятляць ступень віны вернікаў у забруджваньні навакольнага асяродзьдзя.

  1. Звальненьні і адлічэньні па палітычных матывах

26 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў скаргі прэс-сакратаркі “Маладога Фронту” Тацяны Шапуцька да рэктарату Белдзяржуніверсітэту на незаконнае адлічэньне з юрфаку за ўдзел у форуме “Усходняга партнёрства” 16-18 лістапада 2009 году. Падчас судовага працэсу моладзевая актывістка даказвала, што пакараньне не адпавядала маштабу правапарушэньня, якое праявілася ў тым, што яна без дазволу дэканату выехала на некалькі дзён за мяжу. Аднак судзьдзя палічыў выкладзеныя аргументы фармальна не пераканаўчымі і цалкам прыняў супрацьлеглы бок.

  1. Парушэньні выбарчых правоў грамадзянаў

25 сакавіка Гомельскі актывіст БХД Аляксандр Шарыпаў атрымаў кандыдацкае пасведчаньне ў дэпутаты Гомельскага абласнога і гарадзкога саветаў, а назаўтра яго папярэдзілі аб непрацягненьні па заканчэньні 3 мая працоўнага кантракту. А. Шарыпаву, які працуе рацуе вядучым інжынерам прыватнага прадпрыемства «Гомелькаапдругрэсурсы», паведамілі, што рашэньне прымала вышэйстаячае кіраўніцтва — «Гомельаблспажыўсаюз».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international