Актывіст Партыі БНФ у Сьветлагорску даваў тлумачэньні ў раённым аддзяленьні міліцыі “у якасьці правапарушальніка” для апытаньня па выніках агляду яго кватэры.

2005 2005-12-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сьветлагорская раённая арганізацыя Партыі БНФ (Гомельская вобл.) паведаміла, што 5 сьнежня Тэльман Масьлюкоў быў выкліканы ў раённы аддзел міліцыі “у якасьці правапарушальніка” для апытаньня па выніках агляду яго кватэры, праведзены міліцыяй 2 сьнежня па падозраньню ў “захоўваньні наркотыкаў і зброі”. У ходзе агляду былі вынятыя 2 капіравальныя апараты фармату А4, пяць камп’ютарных кампакт-дыскаў і друкаваныя выданьні (газэты “Рэгіянальныя навіны”, інфармацыйныя бюлетэні і налепкі да Дня салідарнасьці 16 сьнежня, улёткі аб А. Мілінкевічы, брашуры з рэзалюцыяй ААН аб правах чалавека ў Беларусі, 4 кнігі “Беларусь – сцэнары рэформаў”, кніга А. Фядуты “Палітычная біяграфія А. Лукашэнкі”).
Апытаньне праводзілі начальнік раённага аддзела міліцыі палкоўнік М. Раговіч, намесьнік начальніка маёр П. Зыкун, намесьнік начальніка аддзяленьня правапарадку К. Кухарэнка і участковы інспэктар, старшы лейтэнант В. Новікаў. На іхнія пытаньні Т. Масьлюкоў патлумачыў, што адзін з капіравальных апаратаў належыць асабіста яму, другі быў атрыманы на захоўваньне ад аднаго са знаёмых, і нічога з вынятай друкаванай прадукцыі на гэтых апаратах не выраблялася. Па словах В. Новікава, парушэньне заканадаўства з боку Т. Масьлюкова заключаецца ў тым, што капіравальныя апараты не былі зарэгістраваныя ў міліцыі.
Т. Масьлюкову таксама былі зададзеныя пытаньні і запісаныя звесткі адносна таго, што ён з’яўляецца сябрам Партыі БНФ і старшынём рады Сьветлагорскай раённай арганізацыі грамадзкага аб'яднаньня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
П. Зыкун выказаў абурэньне з нагоды апошняга выпуску газэты “Рэгіянальныя навіны” (рэдактар – Т. Масьлюкоў). У гэтым выпуску змешчаныя матэрыялы пра агляд міліцыяй кватэры мясцовага моладзевага актывіста Вадзіма Богдана, які быў праведзены 11 лістапада.
Т. Масьлюкову задалі пытаньні пра тое, што ён ведае пра “палітычныя арганізацыі” - “Белы легіён”, “Зубр” і “Мы помнім”, каго з членаў гэтых арганізацыяў ён ведае. Гэтыя пытаньні не адносіліся да агляду кватэры і вынятых рэчаў, таму Т. Масьлюкоў сказаў, што нічога не можа адказаць на іх.
Таксама Т. Масьлюкову было сказана, што нібыта хтосьці з партыйных ці грамадзкіх актывістаў Сьветлагорску паведаміў, што атрымліваў ад яго для распаўсюду друкаваныя выданьні. Т. Масьлюкову было прапанавана альбо пацьцьвердзіць гэты факт, альбо запісаць у тлумачэньнях, што гэтыя людзі “ўзводзяць на яго паклёп” (міліцыянты ўзгадалі прозьвішчы Вадзіма Богдана, старшыні раённай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Болбаса і актывіста Партыі камуністаў беларускай Сьвятланы Міхальчанкі). На гэта Т. Масьлюкоў адказаў, што калі і перадаваў каму-небудзь друкаваныя выданьні, то толькі тыя, што маюць выдавецкія дадзеныя і не перавышаюць колькасьць, якая дазволеная па заканадаўству.
Наступны раз Т. Масьлюкову належыць зьявіцца ў міліцыю 11 сьнежня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international