Пяць гадоў вернікі праводзяць штодзённыя малебны за вяртанне будынкаў Мінскага кляштара

2010 2010-03-19T14:49:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kasciol_bernandzincau.jpg

Роўна пяць гадоў — з 19 сакавіка 2005 года — члены сталічнай рымска-каталіцкай абшчыны святога Іосіфа праводзяць штодзённыя вячэрнія малебны за вяртанне вернікам будынкаў Мінскага кляштара бернардзінцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя.

19 сакавіка ў 17.30 каля будынка касцёла, дзе размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, адбудзецца чарговы малебен.

У інтэрв'ю БелаПАН член абшчыны Івона Мацукевіч зазначыла, што акцыя пачалася пяць гадоў таму пасля таго, як стала вядома пра планы Мінгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам для прыстасавання пад гатэльны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння. Паводле яе слоў, у 2007 годзе пад адозвай да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара вернікам было сабрана больш за 30 тыс. подпісаў.

"Усе гэтыя пяць гадоў кожны вечар мы звяртаемся да Госпада вярнуцца ў свой дом і аднавіць у святыні і ў народа Божы дух, без якога нельга жыць, працаваць і будаваць будучыню", — сказала Мацукевіч. Наступныя дзеянні вернікаў яна звязвае "з воляй Божай, а не чыноўніцкай". Івона Мацукевіч выказала ўдзячнасць грамадзянскай супольнасці за маральную падтрымку вернікаў у справе вяртання комплексу.

Будынак святыні, узведзены на сродкі вернікаў, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі за ўдзел парафіян у нацыянальна-вызваленчым паўстанні супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Архіўныя ўстановы знаходзяцца ў касцёле з 1897 года. З кляштара выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

У інтэрв'ю БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч паведаміў, што будынкі кляштара абнесены агароджай, там вядуцца падрыхтоўчыя работы і комплексныя навуковыя даследаванні, падчас якіх выяўлены унікальныя насценныя роспісы. Паводле яго слоў, прыстасаванне кляштара пад гатэль прывядзе да страты многіх адметных рысаў помніка архітэктуры. Вось чаму аб'яднанне і іншыя грамадскія арганізацыі будуць працягваць працу па перадачы комплексу вернікам, бо такі крок гарантуе захаванне святыні ў яе першапачатковым выглядзе.

24 лютага Астаповіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру ў сувязі з дэмантажам даху на адным з будынкаў кляштара, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international