Орша: Гуманітарная місія “Чырвонага крыжа” ва ўчастковых камісіях горада

2010 2010-03-15T16:22:09+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апублікаваны склад участковых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы па горадзе Орша. Карціна, якая адкрылася, спараджае шмат пытанняў у чалавека, незнаёмага з асаблівасцямі беларускай выбарчай сістэмы.

Па-першае, як ужо паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ва ўчастковых камісіях практычна начыста адсутнічаюць прадстаўнікі апазіцыі, за выключэннем шасці чалавек ад партыі “Справядлівы свет”.

Па-другое, здзіўляе аднастайнасць вылучэнцаў ад грамадскіх арганізацый - амаль у кожнай камісіі ёсць вылучэнец ад БРСМ, ГА “Белая Русь”, ветэранаў і “Чырвонага крыжа”.

Прадстаўнікі гэтага самага “Чырвонага крыжа” ёсць у большай палове ўсіх камісій. Адкуль у арганізацыі, мэты і задачы якой не маюць нічога агульнага з выбарчым працэсам, столькі ахвотных уключыцца ў выбаркамы? Тым больш, што ў горадзе ўжо некалькі гадоў нічога не чуваць пра асноўную дзейнасць гэтага самага “Чырвонага крыжа”. І ці могуць гэтыя грамадскія дзеячы з “Чырвонага крыжа”і “Таварыства выратавання на водах” быць падрыхтаванымі прафесіяналамі ў сферы выбараў? Усе гэтыя пытанні вісяць у паветры.

Тут якраз дарэчы будзе ўспомніць, што вылучэнцам ад апазіцыйных палітычных партый адмовілі ва ўключэнні ў камісіі, выкарыстоўваўшы ў якасці аргументу менавіта непрафесіяналізм іх сяброў.

Яшчэ адна асаблівасць фармавання камісій - у склады камісій уключаецца і абіраецца старшынёй кіраўнік той установы, на тэрыторыі якога знаходзіцца выбарчы ўчастак. Вылучаныя яны ў кожным выпадку рознымі шляхамі - дзесьці шляхам збору подпісаў грамадзян, дзесьці ад прафсаюзаў, дзесьці ад “Белай Русі”,  але гэта не замінае ім прымаць на сябе кіраўніцтва працай участку.

Сустракаюцца і зусім казуістычныя выпадкі. Так, першы сакратар Аршанскага гаркама БРСМ Жана Аўфяронак вылучана ў камісію ад… “Саюзу жанчын”. Разам з ёй у камісіі будзе працаваць вылучэнец ад БРСМ.

Усе гэтыя факты адназначна сведчаць пра нежаданне аршанскіх уладаў зрабіць выбарчую кампанію адкрытай і справядлівай.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international