Праваабаронцы Беларусі супраць увядзеньня палітычных артыкулаў у крымінальнае заканадаўства.

2005 2005-11-28T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява

25 лістапада 2005 году Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўзмацненьня адказнасьці за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”, які ў тэрміновым парадку быў унесены А. Лукашэнкам да разгляду парламенту.

Дадзены законапраект прадугледжвае ўнясеньне дапаўненьняў і зьменаў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Так, у прыватнасьці, згодна з дадзеным законапраектам, у дзеючы Крымінальны кодекс плануецца ўнесьці шэраг новых артыкулаў: незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці; дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых артыкулаў падобнага кшталту.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончага руху Беларусі, заяўляем наступнае:

Прапанаваныя зьмены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь супярэчаць ня толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і міжнародным актам у галіне правоў чалавека, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь: Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднай дэкларацыі правоў чалавека, асноўным прынцыпам АБСЕ. Дадзеныя зьмены парушаюць такія асновапалагаючыя прынцыпы правоў чалавека, як свабода меркаваньняў і перакананьняў, свабода атрыманьня і распаўсюду інфармацыі, свабода слова, свабода асацыяцыяў і інш.

Мы глыбока перакананыя, што гэты законапраект носіць выключна рэпрэсіўны характар, скіраваны на запалохваньне грамадзянаў краіны напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў. На фоне агульнага пагаршэньня сітуацыі з правамі чалавека, фактычнай ліквідацыі незалежных СМІ, гэтыя зьмены дзеючага крымінальнага заканадаўства прывядуць да яшчэ большага ўзмацненьня палітычных рэпрэсіяў, увергнуць Беларусь у найгоршыя часы савецкага таталітарызму.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адклікаць прапанаваныя ім зьмены ў заканадаўчыя акты, ад Нацыянальнага сходу – не прымаць унесены Прэзідэнтам законапраект. Мы зьвяртаемся да да прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай грамадзянскай супольнасьці, міжнародных арганізацыяў з заклікам прыняць усе магчымыя меры ўзьдзеяньня на кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з мэтай недапушчэньня ўвядзеньня ў дзеяньне прапанаванага палітычна матываванага, рэпрэсіўнага законапраекту.

Прадстаўнікі праваабарончага руху Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international