У журналісткі на мяжы забралі машыну

2010 2010-03-15T09:18:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/koktysh.jpg
Марына Коктыш

Марына Коктыш

У намесніцы галоўнага рэдактара «Народнай волі» Марыны Коктыш на памежным пераходзе «Каменны лог» на месяц забралі набыты ў Літве аўтамабіль, а саму журналістку на наступны дзень адправілі ў Мінск на папутнай машыне.

Як паведаміла прэс-службе ГА «БАЖ» сама Марына, 12 сакавіка, набыўшы ў Літве ў грамадзяніна гэтай краіны аўтамабіль «Toyota», яна прыехала на беларускі памежны пункт «Каменны Лог», маючы на руках усе неабходныя дакументы. Па словах журналісткі, у літоўскіх мытнікаў паперы не выклікалі ніякіх падазрэнняў.

У іх беларускіх калег склалася іншае меркаванне.

Марыне Коктыш сказалі загнаць машыну ў «бокс» для агляду. «Там, проста паглядзеўшы пад капот машыны і зазірнуўшы ў салон, мытніца сказала, што ёй не падабаюцца некаторыя лічбачкі нумара кузава», — распавяла журналістка.

Пасля шэрагу аглядаў машыны рознымі супрацоўнікамі мытні быў складзены акт мытнага дагляду транспартнага сродку. Пасля гэтага журналістцы заявілі, што будуць складаць пратакол затрымання аўтамабіля.

«На якой падставе затрымліваюць машыну, мне ніхто не тлумачыў. З 15.00 да 24.00 мяне трымалі ў невядомасці. Толькі з акту дагляду я дазналася, што ў мытнікаў ёсць падазрэнні, што нумар машыны быў перабіты», — распавяла Марына Коктыш.

Не дапамог нават дасланы на мытню факс ад афіцыйнага дылера «Tоyota» ў Беларусі («Tоyota-Цэнтр-Мінск»), супрацоўнікі якога праверылі дадзеныя набытай машыны і пацвердзілі адсутнасць у яе «крымінальнага» мінулага.

«У пратаколе затрымання мытнікі пазначылі, што затрымліваюць машыну на падставе пункта 4 артыкула 48 Мытнага кодэкса Беларусі. Паводле гэтага артыкула яны могуць затрымаць транспартны сродак на тры дні. Аднак у пратаколе затрымання напісана, што яны забіраюць машыну да 11 красавіка… Літаральна праз кожныя 20 хвілін начальніку мытнай змены нехта тэлефанаваў, і яны дакладвалі камусьці сітуацыю», — узгадвае жуналістка.

Пасля складання пратаколаў у Марыны забралі ўсе дакументы на машыну і ключы ад яе.

Раніцай ў суботу машыну павезлі ў Ашмяны для далейшай праверкі, а наконт яе далейшага лёсу параілі тэлефанаваць на Ашмянскую мытню. Саму журналістку пасадзілі на папутную машыну і адправілі ў Мінск.

Марына Коктыш не звязвае затрымання на мяжы з нядаўнім ператрусам на яе працоўным месцы ў рэдакцыі «Народнай волі». Хаця заўважае, што мытнікі і памежнікі, даведаўшыся пра яе месца працы, казалі: а, усё ясна…

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international