Тыдзень выбарчай кампаніі: лічбы, падзеі і каментары

2010 2010-03-14T20:51:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тыдзень мінулы канчаткова развеяў міф адносна “лібералізацыі” выбарчага працэсу ў Беларусі. Вынікі аднаго з найважнейшых этапаў выбарчай кампаніі – фармавання ўчастковых выбарчых камісій -- толькі пацвердзілі сумныя прагнозы дэмакратычнай супольнасці краіны: кантроль за падлікам галасоў пакідаюць за сабой улады. Доля прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў складзе выбаркамаў дадзенага ўзроўню аказалася мізэрнай.

Тым часам, як апазіцыйныя партыі і аб’яднанні накіроўвалі ў судовыя інстанцыі скаргі на неўключэнне сваіх вылучэнцаў ва ўчастковыя выбаркамы, кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі аптымістычна канстатавала, што чарговы этап выбарчай кампаніі прайшоў “у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі Выбарчага кодэкса”. Каментуючы нізкае ўключэнне ў камісіі дэмакратычных прадстаўнікоў, сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік цынічна адмахнуўся аргументам, што “пагоня за колькасцю не заўсёды забяспечваецца якасцю”.     

 

Каму давераны падлік галасоў на ўчастках

У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, фармаванне ўчастковых камісій па краіне завяршылася 10 сакавіка. Адпаведныя раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі павінны апублікаваць свае рашэнні на працягу сямі дзён пасля ўтварэння камісій. Пасля зацвярджэння складу камісій іх сябры прыступяць да выканання сваіх абавязкаў: пачнуць звяраць спісы выбаршчыкаў, будуць займацца абсталяваннем выбарчых участкаў, падрыхтоўкай і правядзеннем галасавання (датэрміновага, у дзень выбараў і па месцы знаходжання выбаршчкаў), падводзіць вынікі галасавання па выбарчым участку.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, мясцовыя органы ўлады сфармавалі па ўсёй Беларусі       6 387 участковых выбарчых камісій, у тым ліку 279 - у лячэбных установах і 48 - у вайсковых частках. У склад гэтых камісій увайшлі 68 881 чалавек з 77 241 вылучаных прэтэндэнтаў. Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік паведаміў, што ва ўчастковых камісіях будуць працаваць 2 696 (3,9% ад агульнага складу) дзяржслужачых, 7 810 (11,3%) - маладыя людзі да 30 гадоў, 46 608 (67,7%) жанчын, пяць грамадзянаў Расіі.
У складзе сфармаваных камісій 26 731 чалавек ці 38,8% вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў (прэтэндавалі на ўключэнне 31 015), 25 233 чалавекі ці 36,6% - грамадскімі аб'яднаннямі (прэтэндавалі 26 629), 15 345 ці 22,3% - працоўнымі калектывамі (прэтэндавалі 17 385), 1 572 ці 2,3% - палітычнымі партыямі (прэтэндавалі 2 212). 
Сярод сябраў камісій, вылучаных грамадскімі аб’яднаннямі, 8 886 прадстаўляюць Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (вылучалася 9 370), 3 813 - БРСМ (4 101), 3 684 - Беларускі саюз жанчын (3 787), 3 341 - "Белую Русь" (3 440), 2 019 - Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў (2 247).

Ад палітычных партый у камісіях будуць працаваць 432 сябры Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі (вылучалася 434), 427 - Камуністычнай партыі Беларусі (вылучалася 516), 342 - Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (вылучалася 358), 131 - Беларускай аграрнай партыі (вылучалася132), 95 - Ліберальна-дэмакратычнай партыі (вылучалася 95), 69 - Рэспубліканскай партыі (вылучалася 73).

Ва ўчастковыя выбаркамы па ўсёй краіне ўключаны 76 прадстаўнікоў апазіцыйных партый, у тым ліку 31 сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” (вылучалася 160), 23 - Аб'яднанай грамадзянскай партыі (вылучалася 281), 17 - Партыі БНФ (вылучалася 122), 5 - Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (вылучалася 24).

Калі прааналізаваць названыя вышэй лічбы, то выразна бачыцца тэндэнцыя да ўключэння ў склад участковых камісій амаль усіх прадстаўнікоў праўрадавых партый і значнай колькасці адмоваў прэтэндэнтам, вылучаным апазіцыйнымі дэмакратычнымі партыямі.

Тая ж тэндэнцыя адмоваў ва ўключэнні ў склад участковых камісій характэрная і для прадстаўнікоў дэмакратычных аб’яднанняў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзянаў. Паказальны прыклад: на Гомельшчыне толькі адзін з 54 прадстаўнікоў Руху “За Свабоду”, што вылучаліся шляхам збору подпісаў, трапіў ва ўчастковую камісію. 

Каментуючы журналістам мізэрную колькасць прадстаўнікоў дэмакратычнага блоку ў складзе ўчастковых камісій, М.Лазавік зазначыў, што яны “вылучалі часам ледзь ці не ўвесь наяўны склад, не думаючы, ці змогуць гэтыя людзі якасна працаваць у камісіях”. Дэмакратычныя актывісты, у сваю чаргу, лічаць сістэму ўключэння ў выбаркамы пазбаўленай усялякай логікі. Яны прыводзяць шмат прыкладаў, калі менавіта прэтэндэнты з добрай адукацыяй, вялікім вопытам адміністратыўнай працы і ўдзелу ў выбарчых кампаніях засталіся “за бортам”. Напрыклад, на Віцебшчыне ў камісіі не патрапілі абласны каардынатар па стварэнні Партыі БХД Таццяна Севярынец і сустаршыня партыі Павел Севярынец. Менская гарадская арганізацыя АГП прапаноўвала ў камісію кандыдатуру свайго старшыні Анатоля Паўлава, якому раней даводзілася быць старшынёй участковай камісіі, міжнародным назіральнікам на выбарах у іншых краінах. Не ўключаны ў сталічныя камісіі і прадстаўнікі Партыі БНФ -- палітолаг Юры Чавусаў і юрыст Уладзімір Лабковіч: па якіх параметрах іх кандыдатуры не адпавядаюць патрабаванням, застаецца толькі здагадвацца.

Назіральнікі адзначылі яшчэ адну распаўсюджаную прычыну адмовы з боку органаў, што ўтваралі камісіі, - нібыта квота для прадстаўнікоў ад грамадскіх структур у выбарчых камісіях вычарпаная. І заканчвалася яна чамусьці менавіта на кандыдаце ад апазіцыйнай партыі альбо няўрадавай арганізацыі. Але, мабыць, найбольш арыгінальнае тлумачэнне знайшлося ў Пінску: было вельмі шмат вылучэнцаў ад палітычных партый і, каб нікога не пакрыўдзіць, нікога з іх не ўключылі.

“Існуючы рэжым фармавання участковых выбарчых камісій, у склад якіх улады ўключылі мінімальную колькасць дэмакратычных кандыдатаў, паказвае, што сістэма падліку галасоў не зменіцца, і галоснасць падчас выбараў не будзе дасягнутая, – выказаў сваё меркаванне палітолаг Юры Чавусаў. - Зніжаючы колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях, улады памяншаюць для сябе рызыку ўзнікнення праблем падчас выбараў. Склад камісій паказвае ступень дэмакратычнасці выбарчага працэсу і дае падставу для палітычнай канкурэнцыі, так што працэс фармавання камісій на мясцовых выбарах стаўся нават больш важным этапам, чым агітацыя людзей”.

 

Фармаванне камісій - пад грыфам “сакрэтна”

Абагульненне інфармацыі ад рэгіянальных назіральнікаў прыводзіць да высновы, што асноўнай характарыстыкай працэсу фармавання ўчастковых камісій стала закрытасць. Шмат у якіх рэгіёнах паседжанні выканкамаў, мясцовых адміністрацый адбываліся па тыповым сцэнары: зачытваліся нумары ўчасткаў і ішло галасаванне толькі за месцазнаходжанне і колькасны склад адпаведнай камісіі. Персанальны склад камісіі не агучваўся. “Прачытаеце спісы камісій у газеце”, – тыповая рэакцыя чыноўнікаў на спробы суб’ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у камісіі, даведацца прозвішчы сябраў сфармаваных выбаркамаў. Падобныя факты “галоснасці” падчас фармавання камісій былі характэрныя для Бабруйску, Баранавічаў, Гародні, Гомеля, Жлобіна, Магілёва, Слоніма ды іншых населеных пунктаў.

Адзначана яшчэ адна асаблівасць працэдуры фармавання камісій – ЗВЫШаператыўнасць. У Баранавічах за 5 хвілін працы было зацверджана 66 складаў участковых камісій у агульнай колькасці 685 чалавек. Каментары залішнія...

У некаторых месцах працэдура фармавання ўчастковых выбаркамаў увогуле праходзіла ў закрытым рэжыме. У Барысаве арганізацыйны аддзел райвыканкама не адказаў праваабаронцам і лідэрам мясцовых арганізацый палітычных партый на просьбу паведаміць пра дату паседжання выканаўчага камітэта. У Салігорску прадстаўнік БХК Леанід Мархотка, не атрымаўшы з выканкама ніякіх адказаў на свой запыт адносна магчымасці прысутнічаць на паседжанні, 10 сакавіка патэлефанаваў у прыёмную старшыні і даведаўся, што паседжанне адбылося на дзень раней. Увогуле нежаданне салігорскай вертыкалі дапускаць прадстаўнікоў грамадскасці на паседжанні, звязаныя з важнымі этапамі выбарчай кампаніі, набыло абсурдныя формы  - моладзевы актывіст Іван Шыла быў затрыманы 10 сакавіка каля ўваходу ў памяшканне, дзе праходзіла паседжанне па фармаванні складу ўчастковых камісій і адпушчаны з аддзялення міліцыі толькі пасля яго заканчэння.

Рэжым звышзакрытасці пры фармаванні ўчастковых камісій зноўку актуалізуе праблему немагчымасці правядзення аналізу адпаведнасці складу камісій патрабаванням закона. Так, Выбарчы кодэкс патрабуе, што апублікаваныямі павінны быць толькі наступныя звесткі пра сябраў камісіяў: прозвішча, імя і мя пабацьку, а таксама спосаб вылучэння. Даведацца, ці ўключаны ў камісіі суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, ці больш у складзе камісій траціны прадстаўнікоў дзяржаўных органаў – з апублікаваных звестак будзе немагчыма. Згодна з існуючым законам, на паседжаннях органаў, якія фармавалі камісіі не маглі прысутнічаць назіральнікі – яны не ўваходзяць у кола суб’ектаў, якія надзеленыя гэтым правам. Як практыка паказвае, і ў далейшым назіральнікі не могуць атрымаць звесткі пра персанальны склад камісіяў, а Цэнтральная камісія строга стаіць на варце выканання выбарчага закону ў гэтым накірунку. На мінулым тыдні Лідзія Ярмошына ў афіцыйным адказе на зварот назіральніка ад ТБМ у Баранавіцкай раённай камісіі Сяргея Гоўшы ў чарговы раз падкрэсліла, што назіральнікі не надзелены правам ажыццяўляць кантроль за стварэннем камісій: “Поскольку Вы являетесь наблюдателем в Барановичской городской избирательной комиссии, считаем необходимым обратить Ваше внимание на то, что часть четвёртая статьи 13 Избирательного кодекса, содержащая исчерпывающий перечень полномочий наблюдателей, не предусматривает права наблюдателя осуществлять контроль за образованием избирательных комиссий”. Падобны аргумент старшыні Цэнтрвыбаркаму з’яўляецца толькі сумным пацверджаннем таго, што нават змененае выбарчае заканадаўства не наблізілася да стандартаў, прынятых у дэмакратычным грамадстве. “Акалічнасць, што Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае норму, што назіральнікі маюць права знаёміцца з вычарпальнай інфармацыяй аб адпаведнасці сфармаванага складу камісіяў Выбарчаму кодэксу, указвае на тое, наколькі нашае заканадаўства яшчэ далёкае ад міжнародных стандартаў. На жаль, апошнія змены фактычна не закранулі пашырэння правоў назіральнікаў, як і раней грамадзянская супольнасць пазбаўлена магчымасці ў поўнай меры адсочваць выбарчы працэс на ўсіх яго этапах. Але ж у дэмакратычным грамадстве такая роля назіральнікаў з’яўляецца абавязковай умовай для таго, каб лічыць выбарчы працэс у цэлым транспарэнтным і дэмакратычным”, - пракаментаваў словы Л.Ярмошынай юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч.

 

Новаўвядзенні ў закон, якімі немагчыма скарыстацца

Тыя прадстаўнікі грамадскасці, якія патрапілі на паседжанні выканкамаў, але не атрымалі неабходную інфармацыю адносна таго, ці ўключаны іх вылучэнцы ў камісіі, вельмі ўважліва паставіліся да парадаў мясцовых чыноўнікаў “чытайце газеты”.

У папярэднія выбарчыя кампаніі пайшлі б гэтыя “цікаўныя” і чакалі каля кіёскаў з’яўлення дзяржгазет са спісамі камісій. Але зараз “ліберальныя” новаўвядзенні ў Выбарчы кодэкс (арт. 34) прадставілі ім магчымасць абскардзіць рашэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі. Пры гэтым – у трохдзённы тэрмін. Але як абскардзіць у вызначаны тэрмін, калі газеты павінны апублікаваць рашэнні выканкамаў і спісы зацверджаных сябраў камісій (толькі тады зацікаўленыя суб’екты змогуць даведацца, хто з іх вылучэнцаў патрапіў ці не партрапіў у камісіі) на працягу сямі дзён? 

Паразважаўшы над гэтым казусам, гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч вырашыў звярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію за тлумачэннямі. Ён напісаў: “10 сакавіка 2010 г. адбыліся паседжанні адміністрацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў г. Гродна, на якіх былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. У працэсе разгляду пытання інфармацыя пра ўключэнне ці неўключэнне ў склады участковых камісій вылучаных прадстаўнікоў партый, прадстаўнікоў грамадскасці агучана не была. Больш таго, гэтая інфармацыя не была прадстаўлена для азнаямлення пасля паседжанняў вышэйзгаданых адміністрацый.

Прашу патлумачыць, якім чынам прадстаўнікі партый альбо грамадскасці могуць рэалізаваць сваё права на зварот у суд, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, на працягу трох дзён з моманту прыняцця рашэння аб неўключэнні сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, калі склады камісій будуць апублікаваны ў перыядычным друку не пазней чым праз 7 дзён”. Праваабаронца чакае тлумачэнняў Цэнтральнай камісіі.

Прадстаўнікі Гомельскай гарадской арганізацыі АГП, якім на паседжаннях па фармаванні ўчастковых камісій у адміністрацыях Чыгуначнага і Савецкага раёна адмовіліся прадставіць звесткі пра ўключэнне ці неўключэнне іх вылучэнцаў у склад камісій, накіравалі скаргі ў выканкамы з патрабаваннем агучыць важную для іх інфармацыю. “Лічу, што такія дзеянні парушаюць артыкул 65 Канстытуцыі, артыкул 13 Выбарчага кодэксу, а таксама нас пазбавілі права абскардзіць рашэнне камісіі ў трохдзенны тэрмін, - адзначыў старшыня гарадской арганізацыі АГП Андрэй Толчын. – Але пакуль гарвыканкам дасць адказ, ці абавяжа, напрыклад, прадставіць нам звесткі - тры дні пройдуць, час страчаны”.

 

Хто падае скаргі, іншыя здымаюцца з выбараў

Тым часам, як адны партыйныя структуры пачалі абскарджанне вынікаў фармавання ўчастковых камісій, іншыя заявілі пра нежаданне далей удзельнічаць у выбарчай кампаніі.
Менская гарадская організацыя Партыі БНФ 11 сакавіка звярнулася ў суд Партызанскага раёна са скаргай на рашэнне раёнай адміністрацыі  пра адмову кандыдатам ад партыі на ўключэнне ў склад участковых камісій. На тэрыторыі раёна партыя накіроўвала 12 сваіх прадстаўнікоў, але ў выніку ў камісію быў уключаны толькі адзін з іх. У скарзе адзначаецца, што вылучаныя партыяй прадстаўнікі маюць вопыт удзелу ў выбарах і якасці, неабходныя для выканання функцый сябраў участковага выбаркаму. “Сваім зваротам у суд мы даем уладзе шанс выканаць важны крытэрый дэмакратычнасці выбараў – празрыстасць, і, улічыўшы нашу прапанову, дадаткова ўключыць у склад участковых камісій прадстаўнікоў Партыі БНФ”, – зазначыў Юры Чавусаў, накіраваны ў суд як прадстаўнік партыі.

Накіравала  скаргу ў суд і Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якая вылучала па вобласці 15 сваіх актывістаў, з якіх толькі 4 былі ўключаны ў камісіі. Старшыня абласной арганізацыі Ігар Маслоўскі адзначыў, што сацыял-дэмакраты вылучалі сваіх прадстаўнікоў менавіта на тыя ўчасткі, дзе маюць намер балатавацца большасць вылучаных у кандыдаты сябраў партыі. Каментуючы  неўключэнне, ён сказаў, што “па-першае, улады перашкаджаюць актыўнаму удзелу дэмакратычных сілаў у выбарчай кампаніі, па-другое, верагодна, там будзе што хаваць”.

Немагчымасцю пракантраляваць падлік галасоў тлумачаць адмову ад далейшага ўдзелу ў выбарах апазіцыянеры Гомеля. Ігар Случак, які збіраўся балатавацца па Моладзевай акрузе №30, заявіў пра адмову ад ранейшых намераў. Ягоная каманда вылучала сваіх прадстаўнікоў у камісіі чатырох участкаў акругі, але ніводны з іх не быў уключаны. “Я адмаўляюся ад удзелу ў несумленнай гульні, якой з’яўляюцца мясцовыя выбары, - паведаміў І.Случак. – Пры такім спосабе фармавання ўчастковых камісій выбары на маёй акрузе будуць сфальсіфікаваныя, таму няма сэнсу даваць выбаршчыкам надзею, якая не ажыццявіцца”.

Не працягваць далейшага ўдзелу ў выбарах вырашыла і Берасцейская абласная арганізацыя АГП. Старшыня партыйнай структуры Мікалай Коўш паведаміў, што такое рашэнне было прынятае на працоўнай нарадзе Савета абласной і гарадской арганізацый АГП увечары 11 сакавіка. З сямі вылучаных актывістаў АГП у Берасці ў камісіі былі ўключаны двое, прытым адмовілі тым, хто мае найбольшы вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях. “Мы прыйшлі да адзінага меркавання не ўдзельнічаць у выбарах, пры гэтым прадаставілі магчымасць кожнаму патэнцыйнаму кандыдату, сябру нашай арганізацыі, прымаць рашэнне самастойна”, - паведаміў М.Коўш.

На гэтым фоне зусім недарэчна выглядаюць заявы М.Лазавіка пра тое, што “фармаванне ўчастковых выбарчых камісій прайшло ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі Выбарчага кодэкса”. Тым больш, што той адзіны аргумент, якім “падмацоўвае” свае высновы сакратара Цэнтрвыбаркаму – “больш як адна трэць складаў участковых камісій - прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, менш за адну трэць - дзяржаўныя служачыя” – застаецца вельмі спрэчным па сутнасці.
 
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international