Офіс Прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЕ падрыхтаваў экспертызу прэзідэнцкага ўказа аб рэгуляванні Інтэрнету

2010 2010-03-11T13:49:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/int2.jpg

Дакумент ужо накіраваны беларускім уладам. У ім пералічаныя як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ўказа з пункту гледжання міжнародных экспертаў у галіне свабоды выказвання.

Пра гэта гаворыцца ў Рэгулярнай справаздачы, якую Прадстаўнік па свабодзе СМІ АБСЕ Міклаш Харашці падрыхтаваў для Пастаяннай Рады Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Справаздача прадстаўленая 4 сакавіка.

Паводле аналізу экспертаў АБСЕ, указ прэзідэнта Беларусі №60 «Аб захадах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнет», падпісаны 1 лютага 2010 года, утрымлівае шэраг станоўчых момантаў, у прыватнасці:

– інфармацыя аб органах улады і іншых дзяржаўных установах будзе больш даступная грамадзянам (у тым ліку журналістам), паколькі палажэнні ўказа прадугледжваюць адказнасць гэтых устаноў за размяшчэнне інфармацыі пра сваю дзейнасць на іх сайтах;

– аўтарскае права ў Інтэрнеце будзе абароненае;

– правайдэры інтэрнет-паслуг будуць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю паводле заяўнага прынцыпу;

– правайдэры інтэрнет-паслуг не будуць адказваць за інфармацыю, размешчаную ў Інтэрнеце.

«Што тычыцца гэтых спрыяльных палажэнняў указа, многае будзе залежаць ад таго, як яны будуць прымяняцца, – гаворыцца ў справаздачы. – Прававы інструмент, які будзе прымяняцца, павінен выключаць небяспеку абмежавання свабоды Інтэрнету ў Беларусі».

Галоўныя падставы для занепакоенасці, якую выказалі эксперты АБСЕ, тычацца наступных палажэнняў указа:

– Указ абавязвае ўладальнікаў і адміністратараў інтэрнет-клубаў і інтэрнет-кавярняў праводзіць ідэнтыфікацыю іх наведвальнікаў, захоўваць гэтыя запісы і асабістыя дадзеныя карыстальнікаў. Гэткае ж правіла прымяняецца да тэхнічных сродкаў карыстальнікаў інтэрнет-паслуг, якія выкарыстоўваюцца дзеля падключэння да Інтэрнету.

– Незразумела, хто і як будзе вызначаць сутнасць інфармацыі, у дачыненні да якой будзе атрыманы запыт на абмежаванне доступу. Вызначэнне тыпаў шкоднай інфармацыі паводле беларускага заканадаўства дазваляе прававую двухсэнсоўнасць катэгорый.

– У выпадку немагчымасці выканання загаду адпаведнага органа па выпраўленні парушэнняў ці спыненні аказання інтэрнет-паслуг, адказнасць за змест пераходзіць на правайдэраў інтэрнет-паслуг, уладальнікаў і адміністратараў пунктаў калектыўнага карыстання Інтэрнетам.

– Пералік інфармацыі, якая мусіць быць размешчанай на веб-сайтах органаў улады і іншых дзяржаўных установаў, вельмі абмежаваны.

– Указ патрабуе, каб у матэрыялах СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнет, утрымліваліся гіперспасылкі на першакрыніцу інфармацыі. Гэта з’яўляецца дадатковым патрабаваннем да рэдакцый, якое не можа быць выканана ў выпадку, калі першакрыніцай не з’яўляецца крыніца ў Інтэрнеце.

Прымаючы да ўвагі вышэйадзначанае і той факт, што канкрэтныя правілы прымянення палажэнняў указа будуць распрацаваныя да 1 траўня, эксперт АБСЕ выказаў шэраг рэкамендацый, якія адпавядаюць абавязальніцтвам АБСЕ ў галіне свабоды СМІ. Вось пералік гэтых рэкамендацый:

– адмяніць абавязковую ідэнтыфікацыю карыстальнікаў Інтэрнет-паслуг і іх тэхнічных сродкаў падключэння да Інтэрнету;

– растлумачыць значэнне і працэдуру ўвядзення абмежаванняў на распаўсюд забароненай інфармацыі;

– растлумачыць сферы адказнасці правайдэраў інтэрнет-паслуг у выпадку немагчымасці выканання загаду адпаведнага органа па выпраўленні парушэнняў ці перапыненні аказання інтэрнет-паслуг;

– разгледзець магчымасць патрабавання да органаў улады і іншых дзяржаўных установаў публікаваць інфармацыю не толькі аб іх дзейнасці, але і аб выніках гэтай дзейнасці;

– адмяніць патрабаванне ўключаць гіперспасылкі на першакрыніцу інфармацыі ў матэрыялах СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнет.

«Я спадзяюся, што гэтыя прапановы будуць улічаныя пры далейшай распрацоўцы заканадаўства, якое тычыцца Інтэрнету ў Беларусі, – адзначыў Міклаш Харашці. – Мой офіс працягне дапамагаць Беларусі ў рэфармаванні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Мы гатовыя разам з беларускімі ўладамі арганізаваць круглы стол па пытаннях заканадаўства ў галіне Інтэрнет».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international