Закрытасць - асноўная характарыстыка працэсу фармавання ўчастковых камісій. Дадзеныя з рэгіёнаў (абнаўляецца)

2010 2010-03-12T16:30:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/uchkamisii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебская вобласць

У вобласці створаныя 923 участковыя выбарчыя камісіі. У іх склад увайшлі 11 287 чалавек, а "за бортам" апынулася 698 прэтэндэнтаў.

Значная частка з тых, хто будзе працаваць ва ўчастковых камісіях - больш за 4,4 тысячы - вылучэнцы ад грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. Звыш за 3,9 тысяч былі вылучаны грамадзянамі, астатнія - прадстаўнікі працоўных калектываў.

Сярод сябраў участковых камісій 7 646 (67,7%) - жанчыны і 1 430 (12%) - маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў.

З 15 партыйны структур, зарэгістраваных у вобласці, найбольшую актыўнасць праявіла Камуністычная партыя Беларусі, ад якой ва ўчастковых выбарчых камісіях будзе працаваць 107 чалавек. Ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці - 30 прадстаўнікоў, ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" - 24, ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі - 3, ад Беларускай аграрнай партыі - 2, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) - 1.

Ніводны прадстаўнік, вылучаны ад партыі БНФ па Віцебскай вобласці, не стаў сябрам участковай камісіі.

Орша

10 марта Аршанскі гарвыканкам зацвердзіў склад участковых камісій, размешчаных у горадзе, якіх усяго налічаецца 61.

З чатырох сяброў Партыі БНФ, якія былі вылучаныя ў склад камісій, ні адзін не быў зацверджаны. Аналагічны вынік у мясцовага аддзялення Аб'яднанай грамадзянскай партыі - двое яе актывістаў вылучаны ў камісіі - уключана нуль. Не патрапілі ў склад участковых камісій таксама прадстаўнікі сацыял-дэмакратычных партый, руху “За свабоду”, БХД.

На гэтым фоне некалькі нечаканым выглядае вынік яшчэ адной апазіцыйнай партыі – “Справядлівы свет”. З сямі вылучаных прэтэндэнтаў у склад камісій уключана шэсць. Гарвыканкам адмовіўся зацвердзіць толькі кандыдатуру лідэра Аршанскай гарадской арганізацыі “Справядлівага свету” Мікалая Дзямідава, дарэчы, мабыць, найбольш падрыхтаванага з усіх сямі вылучэнцаў.

Поўны кантраст уяўляюць сабой зацверджаныя гарвыканкамам вынікі па кандыдатурах ва ўчастковыя камісіі ад праўладных арганізацый. Так, КПБ вылучыла 1 чалавека - уключаны 1. Ад БРСМ накіравана 55 чалавек, уключана -55. Ад прўладных прафсаюзаў вылучана 72, уключана 72. І гэтак далей.

Па меркаванні незалежных назіральнікаў, такія вынікі фармавання ўчастковых камісій не даюць падстаў для высновы аб тым, што выбары будуць празрыстымі і сумленнымі.

Аршанскі раён

На паседжанні Аршанскага райвыканкама, якое адбылося 10 сакавіка, зацверджаны склад участковых выбарчых камісій у Аршанскім раёне. Усяго ў Аршанскім раёне сфармаваныя 43 камісіі. На гэты раз раённыя ўлады прадэманстравалі сапраўдную перамогу дэмакратыі - усе прадстаўнікі апазіцыі, якія былі вылучаныя ў склад участковых камісій, зацверджаныя райвыканкамам. Такая інфармацыя стала б сапраўднай сенсацыяй, калі б не адна акалічнасць - у камісіі было вылучана ўсяго 4 прадстаўнікі апазіцыі - 3 ад партыі “Справядлівы свет” і адзін ад БСДП (Грамада). Большасць жа прадстаўнікоў апазіцыі вылучаліся ў камісіі па горадзе Орша, а не па раёне.

Сярод сяброў камісій, вылучаных ад партый і грамадскіх арганізацый, пераважаюць вылучэнцы БРСМ, “Белай Русі”, прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу.

На Полаччыне адзінкі дэмактывістаў патрапілі ва ўчастковыя камісіі.
У Наваполацку ўлады адмовілі ў праве ўдзельнічаць у працы ўчастковай камісіі Вользе Дамаскінай, сябру Партыі БНФ. Пры гэтым, каб не адмаўляць толькі спадарыне Вользе, тэрмінова былі пададзеныя заявы на ўдзел у камісіі яшчэ ад двух чалавек. Ва ўсіх астатніх камісіях гораду колькасць пададзеных заяў адпавядае колькасці абраных сябраў - роўна па 19 чалавек. Не ведаюць пакуль вынікаў разгляду заяваў полацкія  прадстаўнікі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
Увогуле пры вылучэнні ва ўчастковыя камісіі на Полаччыне апазіцыйныя партыі не праявілі высокай актыўнасці. Тлумачыцца гэта ў першую чаргу негатыўным папярэднім вопытам, калі ва ўчастковыя камісіі не трапляў ніхто з апазіцыі.

У камісіях Глыбокага і Паставаў будуць працавацьпа адным прадстаўніку ад незарэгістраванай партыі БХД.
У Верхнядзвінску без сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” засталася камісія на  выбарчай акрузе, па якой вылучаецца вядомая грамадская і партыйная дзяячка Валянціна Кудлацкая.
 

Брэсцкая вобласць

Пінск

10 сакавіка ў Пінску адбылося паседжанне тэрытарыяльнай гарадской выбарчай камісіі па фармаванні ўчастковых камісій. У выніку ў іх склад не ўключылі ніводнага прадстаўніка ад палітычных партый. 

На паседжанні прысутнічаў старшыня Пінскай гарадской Рады партыі БНФ Алесь Рамановіч. Калі ён запытаўся, чаму не ўключылі прадстаўнікоў Партыі БНФ у склад участковых камісій, старшыня камісіі Берасцень І.М. адказаў, што было вельмі шмат вылучэнцаў ад палітычных партый і, каб нікога не пакрыўдзіць, нікога з прадстаўнікоў палітычных партый не ўключылі.

Баранавічы

10 сакавіка адбылося пасяджэнне Баранавіцкага гарвыканкама па зацвярджэнню сладу ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 26 склікання. Дакладчыкам на гэтым пасяджэнні быў загадчык арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама Алег Савось. За 5 хвілін працы было зацверджана 66 складаў участковых камісій у агульнай колькасці 685 чалавек.

На пасяджэнне гарвыканкама не былі запрошаны прадстаўнікі прэсы і мясцовага тэлебачання, палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Не было агучана ніводнага прозвішча сяброў камісіі. Толькі на запыт назіралька ад ТБМ Сяргея Гоўшы, які адзіны ад грамадскасці прысутнічаў на гэтым пасяджэнні, было адказана, што з трох вылучаных кандыдатаў ад ПБНФ і БСДГ ва ўчастковыя камісіі, зацверджаны толькі адзін – Алесь Грыцавец ад партыі БНФ. Пра іншых сяброў камісій, сказаў старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі, можна будзе даведацца з прэсы. Мэр горада Віктар Дзічкоўскі адмовіў у просьбе назіральніка Сяргея Гоўшы надрукаваць у прэсе поўныя дадзеныя (месцы працы і займаемыя пасады) сяброў камісій.

Алесь Грыцавец, які працуе начальнікам участка на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе, мяркуе, што на яго ў сувязі з уключэннем у склад участковай камісіі можа быць аказаны ўціск па “дабравольнаму” выхаду са складу камісіі.

 

Гомельская вобласць

У склад участковых камісій у вобласці трапілі толькі 19 прадстаўнікоў кааліцыі АДС з 210 прапанаваных (100 - ад АГП і 110 – ад партыі «Справядлівы свет»). Наогул у створаныя камісіі ўвайшлі 87 прадстаўнікоў палітычных партый, з якіх 65 - праўладныя камуністы.

У вобласці былі створаны больш за 1,1 тыс. участковых камісій, у якія ўвайшлі больш за 10,6 тыс. чалавек. У тым ліку ад гармадзянаў шляхам падачы заяў - 39%, ад працоўных калектываў - 23%, ад грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый - 37%.

Нагадаем, што на мінулых мясцовых выбарах у 2007 годзе ў камісіях прысутнічала толькі партыя КПБ у складзе 19-ці чалавек, прадстаўнікі апазіцыйных партый увогуле не ўвайшлі ва ўчастковыя камісіі.

У склад участковых камісій у Гомельскай вобласці трапіў толькі адзін прадстаўнік Руху «За свабоду», а прапанавоўвалі свае каныдатуры шляхам падачы заяў ад грамадзянаў 54 чалавекі. Такім чынам, толькі ў Рэчыцы ва ўчастковай камісіі Спартыўнай акругі №49 будзе працаваць сябар Руху.«Беларуская тэндэнцыя — гэта неўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў участковыя камісіі, зараз уключылі прыкладна аднаго апазіцыянера з дзесяці жадаючых працаваць у камісіях. Участковыя камісіі — гэта падлік галасоў, то бок фарміраванне рэальнай карціны выбараў. У дадзеным выпадку ўладам патрэбны татальны кантроль, бо калі недзе даць слабіну, то сістэма разваліцца. Самамэта сенняшняга рэжыму — гэта самазахаванне, а кантроль — самы кароткі і верны шлях у дасягненні такой мэты», - пракаментаваў каардынатар Руху «За свабоду» у Гомельскай вобласці Петр Кузняцоў.

Гомель

Прадстаўнікі Гомельскай гарадской арганізацыі АГП прысутнічалі на паседжаннях па фарміраванню ўчастковых камісій, але ў адміністрацыях Чыгуначнага і Савецкага раена ім адмовіліся прадставіць звесткі, ці ўключаны сябры партыі ў склад камісій. На паседжаннях былі агучаны толькі лічбы пра вылучаных кандыдатаў для працы ў камісіях ад працоўных калектываў, грамадзянаў, партый, але адмовіліся назваць прозвішчы тых, хто ўсе ж трапіў у камісіі ад АГП.

«Лічу, што такія дзеянні парушаюць артыкул 65 Канстытуцыі, артыкул 13 Выбарчага кодэксу, а таксама нас пазбавілі права абскардзіць рашэнне камісіі ў трохдзенны тэрмін», - адзначыў старшыня гарадской арганізацыі АГП Андрэй Толчын. Ен накіраваў скаргу ў гарвыканкам, дзе просіць абавязаць адміністрацыю прадставіць звесткі аб уключаных ці не ўключаных у склад камісій партыйцах, але лічыць, што гэта плёну не дасць. «Пакуль гарвыканкам дасць адказ, ці абавяжа, напрыклад, прадставіць нам звесткі — то тры дні пройдуць, час страчаны», - выказаў меркаванне Толчын.

Ад гарадской арганізацыі АГП для працы ў камісіях на тэрыторыі Савецкага раена былі прапанаваны 45сябраў партыі, але ў камісіі нікога з іх не ўключылі.

Буда-Кашалёў

Прайшло паседжанне па фарміраванню ўчастковых камісій у Буда-Кашалеве. З 9-ці прапанаваных кандыдатур на ўключэнне ў склад камісій ад АГП была ўключана толькі сябра партыі Валянціна Смольнікава.

Мазыр

9 сакавіка адбылося паседжанне Мазырскага райвыканкама па стварэнні ўчастковых выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання.На паседжанні прысутнічала 9 чалавек.

Агульную інфармацыю пра колькасць прадстаўнікоў ад грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў, працоўных калектываў у складзе камісіяў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Вераніка Байкова зачытала ў вельмі хуткім тэмпе. Запіс на дыктафон і фатаграфаванне яна ж перад пачаткам паседжання забараніла.

Пытанне пра тое, як забарона на карыстанне фотаапаратам і дыктафонам падчас паседжання камісіі стасуецца з ч.1 арт.13. Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў … ажыцяўляецца адкрыта і галосна, - застаецца адкрытым. Таксама В.Байкова папярэдзіла прысутных на паседжанні прадстаўнікоў ад АГП і Партыі БНФ, што абмеркаванне і пытанні падчас паседжання не прадуглежаныя Выбарчым кодэксам.

Абмеркаванне прадстаўніцтва ад палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў ва ўчатковых камісіях на паседжанні не праводзілася. Было толькі даведзена, што прынцып пра 1/3 дзяржаўных служачых, сябраў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў ўлічаны.  

Пасля паседжання на пытанне, як улічаны прапановы АГП і Партыі БНФ па ўключэнні ў склад камісіяў іх сябраў, Вераніка Байкова назвала толькі двух прадстаўнікоў АГП.

На выбарчых акругах, дзе зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы сябра Партыі БНФ Уладзіміра Целяпуна (Палеская выбарчая акруга №43 у Гомельскі аблсавет і Калектыўная выбарчая акруга №18 у Мазырскі райсавет), сябра АГП Сяргея Лапусты (Катаеўская выбарчая акруга ў Мазырскі райсавет) і беспартыйнага Франака Вячоркі (Станцыйная выбарчая акруга №25 у Мазырскі райсавет) – ніхто ва ўчастковыя камісіі не ўключаны. І нават тыя, хто вылучаўся ў склад камісіі ад партыяў і падмацоўваў сваё вылучэнне шляхам збору подпісаў ад грамадзянаў, як сябра АГП Ігар Валадковіч, таксама ў камісіі ўключаны не былі.

У Мазыры з 11 прапанаваных сябраў АГП уключылі ў склад камісій толькі дваіх - Віктара Шваба і Анатоля Петухова.

Жлобін

Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Жлобінскага раёну ўключаны чацвёра прадстаўнікоў дэмакратычных партый з 19 вылучаных. Кіраўніцтва райвыканкама адмовілася назваць іхнія прозвішчы на паседжанні па ўтварэнні камісій.

У камісіі ўключаны 3 сябраў партыі “Справядлівы свет” (з якой у раёне было вылучана 15 прадстаўнікоў), і 1 – з Аб’яднанай грамадзянскай партыі (было вылучана 4). Такім чынам, разам гэта складае прыкладна 1/5 частку ад вылучаных дэмакратычных прадстаўнікоў. Партыйныя актывісты ў Жлобіне звяртаюць увагу на тое, што усіх вылучэнцаў па раёне было далёка не ў 5 разоў больш, чым месцаў у камісіях.  

На паседжанне выканкама былі запрошаны Марат Афанасьеў і Валерый Рыбчанка, кіраўнікі жлобінскіх раённых арганізацый Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі “Справядлівы свет”. Як распавёў В. Рыбчанка, на паседжанні выканкам аднагалосна і без абмеркаванняў зацвердзіў зараней падрыхтаваныя спісы. Пасля гэтага яму і М. Афанасьеву аб’явілі, што паседжанне закончылася, і абодвух папрасілі пакінуць памяшканне.

“Прачытаеце спісы камісій у газеце” – па словах В. Рыбчанкі, такі адказ атрымалі яны на пытанне аб тым, хто з прадстаўнікоў іхніх партый уключаны ў камісіі і на якіх участках. Чакаецца, што публікацыя з’явіцца 16 сакавіка. В. Рыбчанка мяркуе, што прадстаўнікі апазіцыі ўключаны ў камісіі на тых участках, дзе будуць галасаваць выбаршчыкі з розных выбарчых акругаў, што не дазволіць мець звесткі аб выніках галасавання па тым ці іншым кандыдаце ў памеры поўнага ўчастку.

Рагачоў

Адбылося паседжанне рагачоўскага райвыканкама, на якім утвораны ўчастковыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Па звестках рагачоўскіх сябраў партыі “Справядлівы свет”, ва ўчастковыя камісіі ў Рагачоўскім раёне ўключаны двое прадстаўнікоў гэтай партыі з 15 вылучаных.

Як паведаміла Людміла Кабылянец, мясцовы актывіст партыі “Справядлівы свет”, у камісію выбарчага ўчастку № 10, што ў г. Рагачове, уключана адна з новых сябраў партыі – Любоў Міронава. У камісію ўчастку № 24, які знаходзіцца ў Дварэцкім сельскім Савеце, увайшоў Іван Кохан, які і раней неаднойчы працаваў у гэтай камісіі. Такім чынам, ва ўчастковыя камісіі ў раёне ўключылі толькі 13,3% ад колькасці прадстаўнікоў партыі, якія былі вылучаны. Л. Кабылянец адзначыла: сярод тых, хто не ўключаны ў камісіі – партыйныя актывісты, якія маюць неаднаразовы досвед удзелу ў выбарчых кампаніях.

Разам з тым, Л. Кабылянец нагадала, што прадстаўнікі “Справядлівага свету” ў раёне не вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты. Хутчэй за ўсё, на ўчастках, дзе ў камісіі ўключаны па адным прадстаўніку гэтай партыі, зусім не будзе альтэрнатыўных кандыдатаў. Асабліва гэта тычыцца сельскага ўчастку ў в. Дварэц.

Першыя паседжанні ўчастковых камісій павінны прайсці на працягу 3-х дзён пасля іх ўтварэння, а ў 7-дзённы тэрмін мусяць быць апублікаваныя спісы персанальнага саставу камісій. 

Добруш

У Добрушы з 5 прэтэндэнтаў, сябраў Руху «За свабоду», якия вылучалися шляхам падачы заяващ ад грамадзян, у склад участковых камісій нікога не ўключылі.

Рэчыца

У Рэчыцы з двух чалавек з Руху «за Свабоду», якія падавалі заявы ад грамадзянаў, ў камісію ўключылі толькі аднаго.

 

Гарадзенская вобласць

Гародня

У Гародні фармаванне складу ўчастковых выбарчых камісій прайшло без сенсацый. Так, паседжанне адміністрацыі Кастрычніцкага раёну (у ім узялі ўдзел 6 чалавек) прайшло фармальна і доўжылася толькі 25 хвілінаў. Як адзначаюць незалежныя назіральнікі і прадстаўнікі дэмакратычных партый, пры фармаванні ўчастковых камісій абсалютна быў парушаны прынцып галоснасці. Сфармаваныя склады камісій не агучваліся. Вядома толькі, што у камісіі па Кастрычніцкаму раёну ўсяго было вылучана 1071 чалавек (у сярэднім па 17 у склад камісій). Усяго ад партый у склад участковых камісій быў прапанаваны 51 чалавек: ад АГП – 18, КПБ – 16, БНФ – 11, БСДГ – 4, БСДП – 2. Ад дэмакратычных партый у склад камісій было ўключана толькі 2 чалавекі: 1 ад БНФ – Пятро Анісімовіч і 1 ад АГП – Ежы Грыгенча.

Паседжанне адміністрацыі Ленінскага раёну прайшло яшчэ ў больш “закрытым рэжыме”. Так, прадстаўніка БХК Рамана Юргеля ўвогуле не пусцілі на паседжанне. А прадстаўніку партыі АГП Дзмітрыю Слуцкаму на пытанне пра ўключэнне сябраў АГП у камісіі адказалі, што ён зможа даведацца пра склад камісій з надрукаваных афіцыйных матэрыялаў.

Масты

У складзе ўчастковых камісій па Мастоўскім раёне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не будзе. Гэта стала ведама пасля паседжання мясцовай раённай адміністрацыі. Як паведаміў прадстаўнік Руху “За свабоду” Алесь Зарэмбюк, яго арганізацыя прапаноўвала ў склад участковых камісій 9 чалавек. Аніводны з іх у склад камісій не патрапіў. На паседжанні прагучала, што тром асобам адмоўлена па прычыне таго, што яны ўваходзілі ў склад ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў на вылучэнне кандыдата, двум – таму, што яны не працуюць у Мастоўскім раёне, яшчэ ў аднаго чалавека частка подпісаў была пастаўлена пад сумнеў.

Яшчэ чатырох прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Мастоўшчыны, сярод якіх быў адзін сябар партыі БСДГ, таксама не ўключылі ў склад камісій.

Свіслач 

У Свіслацкім раёне ажно чатыры сябры БСДГ, якія былі вылучаныя ва ўчастковыя камісіі, патрапілі ў іх склад.

Акрамя гэтага ва ўчастковыя камісіі ўключаныя яшчэ тры незалежныя грамадска-палітычныя актывісты, кандыдатуры якіх былі паданыя шляхам збору подпісаў.

Астравец

Аніводны з 4 прадстаўнікоў партыі АГП, што вылучаліся ў склад участковых выбарчых камісій, туды не патрапілі. Як паведаміў актывіст партыі з Варнянаў Мікола Уласевіч, 4 прадстаўнікі партыі былі накіраваны ў склад камісій ад абласной структуры партыі, з іх двох вылучаліся таксама ад Астравецкай першаснай суполкі. Аднак адміністрацыя раёну праігнаравала дэмакратычных актывістаў.

Слонім

Паседжанне адміністрацыі Слонімскага раёну па фармаванні ўчастковых камісій, як і ў бальшыні рэгіёнаў Гарадзеншчыны, прайшло па звыкламу сцэнару. Як паведаміў прадстаўнік Партыі БНФ Іван Шэга, склады ўчастковых камісій не абвяшчаліся. Камісіі фармаваліся наступным чынам: зачытваўся нумар участку і ішло галасаванне толькі за колькасны склад і месцазнаходжанне адпаведнай ўчастковай камісіі. Да публікацыі афіцыйных звестак застаецца невядомым ці патрапіў у склад участковых камісій хто-небудзь з 25 вылучаных дэмакратычных актывістаў.

 

Магілёўская вобласць

Магілёў

Па папярэдняй інфармацыі, ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый Магілёва не патрапіў у склад выбарчых камісій.

Пра гэта паведамілі праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын, якія наведалі адміністрацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёва з мэтай атрымаць інфармацыю пра склад выбарчых камісій.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці не прайшоў.

“Мая кандыдатура не прайшла, бо я не маю адпаведнага вопыта працы ва ўчастковай выбарчай камісіі, - гаворыць праваабаронца. - Пра гэта мне паведаміла начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Вылучэнка ад “Магілёўскага праваабарончага цэнтра” Яўгення Цюркіна не прайшла па ўзросту, бо ёй 70 год. Па астатніх кандыдатурах яна адмовілася даваць звесткі, але адзначыла, што ад апазіцыі ў склад выбарчых камісій ніхто не прайшоў”.

“Я вылучаўся ў склад участковай выбарчай камісіі №27 Ленінскага раёну г. Магілёва ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА “БНФ “Адраджэньне”, - гаворыць Аляксей Колчын, - і мая кандыдатура не прайшла. Пра гэта мне паведаміла начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Адміністрацыі Ленінскага раёну г. Магілёва Марына Хаданёнак. Яна адмовілася азнаёміць мяне з адпаведным рашэннем Адміністрацыі спаслаўшыся на вялікі аб’ём дакумента, які яшчэ рыхтуецца да публікацыі. Мне было прапанавана азнаёміцца з рашэннем у перыядычным друку”.

Аляксей адзначае, што спадарыня Хаданёнак пагадзілася з яго прапановай размясціць рашэнне на інтэрнэт-старонцы Магілёўскага гарвыканкаму.

Нагадаем, што Магілёўскія дэмакраты вылучалі ў склад участковых камісій 39 чалавек: ад ГА БНФ “Адраджэнне” – 21, АГП – 7, ГА “Грамадзянскі Форум” - 6, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” -3, МПЦ-2 чалавекі.

Бабруйск

Бабруйскія праваабаронцы мяркуюць, што ўсе спісы з вылучэнцамі ва ўчастковыя камісіі прайшлі праз ідэалагічны аддзел. Кандыдатуры былі зацверджаныя на паседжаннях органаў па фармаванні ўчастковых выбаркамаў, але ніхто з прысутных на іх не мог азнаёміцца са спісамі сябраў камісіяў, іх заявамі ці пратаколамі.

На цяперашні момант дакладна вядома, што па Першамайскаму раёну ва ўчастковыя камісіі мясцовыя дэмакраты не патрапілі. Грамадская актывістка Алена Мядзведзева распавяла, што на паседжанні па фармаванні ўчастковых камісій кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Міхаіл Жолудаў заявіў, што 60% вылучаных ва ўчастковыя камісіі гэта тыя ж людзі, што працавалі ў іх у мінулыя гады.

Усяго ў Першамайскім раёне створана 56 участкаў для галасавання. Там, дзе колькасць жыхароў дасягае 2 000 чалавек, у камісіі будзе 19 сябраў, а там, дзе менш за 2 000 – 16.

 

Менская вобласць

У Менскай вобласці 10 сакавіка завяршылася фармаванне ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 26 склікання. Як паведаміла газета “Мінская праўда”, у склад участковых выбарчых камісій увайшлі 11072 прадстаўнікі.

Больш за ўсё - 40,8% ад агульнай колькасці або 4515 чалавек - вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заяў, 2573 чалавекі або 23,8% -працоўнымі калектывамі, 3986 чалавек або 36% - палітычнымі партыямі і грамадскімі аб'яднаннямі.

Найболей актыўнымі, як сцвярджае газета абласной вертыкалі, аказаліся Камуністычная партыя Беларусі, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, беларускі саюз жанчын, рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне “Белая Русь”.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international