Выбарчая кампанія: лічбы і тэндэнцыі тыдня

2010 2010-03-08T14:16:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паколькі ў Беларусі па-ранейшаму дзейнічае вядомы сталінскі прынцып: “няважна, хто як галасуе, важна, хто як лічыць”, тыдзень мінулы з’яўляўся вельмі важным для ўсёй выбарчай кампаніі, бо гэты перыяд быў звязаны з вылучэннем  прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі – якраз тыя, “хто лічыць”. У апошні дзень тыдня гэты працэс завершыўся, і зараз слова за выканкамамі – каму яны давераць лічыць галасы выбаршчыкаў. Тыдзень адзначаны таксама актыўным вылучэннем кандыдатаў у дэпутаты і прадстаўленнем імі неабходных дакументаў у адпаведныя тэрытарыльныя і акруговыя камісіі; гэты працэс будзе працягвацца яшчэ да 15 сакавіка. Гэтыя два асноўныя паралельныя працэсы, а таксама агульны палітычны клімат, на фоне якога яны адбываліся, і іншыя аспекты выбарчай кампаніі былі ў цэнтры ўвагі “Праваабаронцаў за свабодныя выбары”.

 

Прэтэндэнты ва ўчастковыя камісіі вылучаны

У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, апошнім днём вылучэння кандыдатур у склад участковых выбарчых камісій з’яўлалася 7 сакавіка (уключна). Да гэтай даты палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне мелі магчымасць падаць дакументы аб вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у камісіі, якія павінны быць утвораны на працягу трох дзён -- не пазней за 10 сакавіка. Фармуюць участковыя камісіі адпаведныя раённыя, гарадскія выканкамы і мясцовыя адміністрацыі.

Усяго ў Беларусі павінна быць створана 6 387 участковых камісій – менавіта столькі створана ўчасткаў для галасавання, з іх 279 – у розных лячэбна-прафілактычных установах і 48 – у вайсковых частках. Згодна з заканадаўствам, склад участковых камісій можа фармавацца з 5 – 19 чалавек, такім чынам, каля 70 тысяч асобаў стануць сябрамі ўчастковых камісій бліжэйшымі днямі. 

Паколькі менавіта сябрамі ўчастковых камісій праводзіцца непасрэдны падлік бюлетэняў і вызначэнне вынікаў на выбарчых участках, для суб’ектаў, што прымаюць удзел у выбарах, вельмі важна, наколькі аб’ектыўным будзе гэты працэс. Асаблівую ўвагу гэтаму надаюць апаненты ўлады, якія вызначылі дадзены этап як адзін з тэстаў на сапраўдную лібералізацыю выбарчага працэсу. Некаторыя з іх пры гэтым не выключаюць, што ад вынікаў фармавання ўчастковых камісій будзе залажаць прыняцце рашэння аб далейшым удзеле ў выбарчай кампаніі.

Пакуль немагчыма назваць канчатковыя лічбы, якія б адлюстравалі поўную карціну вылучэння ва ўчастковыя камісіі па ўсёй краіне, можна толькі адзначыць, што ў гэтым працэсе актыўна прынялі ўдзел дэмакратычныя палітычныя партыі. У асноўным вылучэнне адбывалася па тых акругах, дзе плануюць балатавацца вылучэнцы ад гэтых партыяў. Зараз мы маем магчымасць прывесці толькі некаторыя лічбы вылучэння ў камісіі дадзенага ўзроўню, якія былі атрыманыя на працягу мінулага тыдня ад назіральнікаў з розных рэгіёнаў краіны.
Так, Гомельская кааліцыя АДС для ўдзелу ў працы ўчастковых выбарчых камісій вылучыла каля 200 чалавек: партыя левых “Справядлівы свет” - больш за 100 чалавек, з якіх 31 чалавек - у Гомелі, 15 - у Жлобіне, 12 - у Рэчыцы; АГП заявіла больш за 90 чалавек ва ўчастковыя камісіі, з якіх 65 чалавек - у Гомелі. У Брэсцкай вобласці апазіцыйныя партыі вылучылі 75 прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі: Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыя (Грамада) -- 14 актывістаў (з іх 13 — у Брэсце), Партыя БНФ — 28 (19 – у абласным цэнтры), Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” — 26 (16 – па Брэсту), Аб'яднаная грамадзянская партыя — 7 – усе ў Брэсце. У Барысаве раённая арганізацыя АГП падала ў раённую выканкам спіс з 27-мі кандыдатаў у сябры ўчастковых камісій. На Аршаншчыне першай пратаколы свайго пленума ў гарадскі і раённы выканкамы накіравала партыя “Справядлівы свет”: у Оршы левыя  вылучылі 7,  а ў Аршанскім раёне 3 сябраў партыі ў склад участковых камісій. У Гародні ў склад участковых камісій вылучыліся ад Партыі БНФ 16 чалавек, АГП прапанавала ў камісіі дадзенага ўзроўню 23 чалавекі, БСДГ вылучыла 4 чалавекі, яшчэ некалькі асобаў ад гэтай партыі вылучаюцца шляхам збору подпісаў грамадзянаў. У Свіслачы, што на Гарадзеншчыне, партыя БСДГ вылучыла ва ўчастковыя камісіі 4 сваіх прадстаўнікоў, яшчэ 3 актывісты вылучыліся ў гэтым раённым цэнтры шляхам збору подпісаў. Значную актыўнасць у дадзеным працэсе выявілі і грамадска-палітычныя актывісты Слоніма: тут шляхам збору подпісаў і падавання адпаведных заяваў у выканкамы вылучана 26 дэмакратычных актывістаў. Партыя БНФ вылучыла ва ўчастковыя камісіі 206 сваіх прадстаўнікоў, з іх 68 - па Менску. Ва ўчастковыя камісіі сталіцы гарадская арганізацыя АГП вылучыла 50 прадстаўнікоў. Адначасова партыйцы заяўлялі, што не маюць ілюзіяў адносна таго, што іх вылучэнцы патрапяць у камісіі. Аугльны настрой адлюстроўваюць словы старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоля Паўлава: “Ніхто з пададзеных намі кандыдатаў не будзе ўключаны ў склад участковых камісій, таму што гэта тая пляцоўка, на якой усё і адбываецца. Гэта той узровень, на якім праходзіць уся выбарчая кухня. Ужо цяпер адсотак уключэння прадстаўнікоў ад дэмакратычных сілаў у камісіі нізкі, а ў выпадку з участковымі будзе яшчэ ніжэйшы”.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты

На працягу тыдня тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы агучвалі бягучыя лічбы па колькасці пакетаў дакументаў, пададзеных на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў розных узроўняў.

У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі Магілёўскай вобласці па стане на 3 сакавіка паступіў 1 271 пакет дакументаў. Па інфармацыі сакратара абласнога выбаркаму Людмілы Макаранкі, большасць ініцыятыўных груп вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у сельскія Саветы дэпутатаў – 1 001, у раённыя – 234, у пасялковыя – 22, у гарадскія і гарадах абласнога падпарадкавання – 8, у абласны – 6.

У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі Віцебскай вобласці на 5 сакавіка  паступіла 1 646 пакетаў дакументаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. У цэлым па вобласці ў мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў будзе абрана 3 530 дэпутатаў. Шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў на дадзеную дату вылучыліся 828 чалавек, працоўныя калектывы дэлегавалі ў кандыдаты 808 чалавек, а партыі - 10. Сярод партыйцаў большасць пакуль ідзе ад КПБ - 8 прэтэндэнтаў.
У выбарчыя камісіі Гомельскай вобласці на 5 сакавіка былі пададзены дакументы на рэгістрацыю 2 298 кандыдатаў у дэпутаты. Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Аляксандр Вусаў, у сельскія Саветы падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі 1 807 чалавек, у пасялковыя - 105, гарадскія гарадоў раённага  падпарадкавання - 13, у Гомельскі гарадскі Савет - 20, у раённыя Саветы - 330, у абласны  Савет - 23; 18 чалавек вылучаліся двума суб'ектамі - шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі ці шляхам збору подпісаў і партыйным вылучэннем. Асноўная маса вылучалася адным суб'ектам, 61% - шляхам збору подпісаў, 37% - працоўнымі калектывамі. Партыі пакуль вылучылі 13 чалавек, з іх 11 вылучаны КПБ і два - АГП. Выявілі жаданне стаць дэпутатамі некаторыя непрацуючыя - такіх вылучылася 42 чалавекі ў Саветы розных узроўняў. У вобласці плануецца выбраць 3 952 дэпутаты ва ўсе мясцовыя Саветы, з якіх 60 - у абласны Савет.

Паводле інфармацыі назіральнікаў, у некаторых рэгіёнах апазіцыйныя кандыдаты не вылучаюцца ўвогуле. Адна з прычынаў гэтаму – ціск з боку мясцовых уладаў. Так, напрыклад, у Рагачове работнік мясцовай школы мастацтваў Мікалай Мельнікаў, сябра партыі “Справядлівы свет”, збіраўся вылучыцца кандыдатам у раённы Савет, але адмовіўся ад свайго намеру пасля таго, як начальнік раённага аддзела культуры Міхаіл Зайцаў пад пагрозай звальнення запатрабаваў ад яго забраць заяву з выбарчай камісіі.  

Пасля ўльтыматуму, пастаўленага начальствам ААТ “Завод горнага воску”, што знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Свіслач Пухавіцкага раёна: або працуеш на заводзе, або займаешся выбарамі, ад удзелу ў выбарчай кампаніі быў вымушаны адмовіцца Яўген Якіменка -- малады спецыяліст, сябра АГП і "Маладых дэмакратаў".

Калі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці ў асноўным вылучаліся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў (у меншай ступені – толькі партыйным вылучэннем), то праўладныя прэтэндэнты часцей абіраюць шлях вылучэння ад працоўных калектываў. Так, калектывы хлебазавода і прадпрыемства «Камунальнік Калінкавічскі» вылучылі кандыдатам у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета па Калінкавічскай выбарчай акрузе №35 начальніка ўпраўлення ЖКГ Гомельскага аблвыканкама Алега Барысенку. Канкурэнцыю яму на выбарах можа скласці (пры ўмове рэгістрацыі) абласны каардынатар па стварэнню Партыі БХД Тамара Зайцава. Супрацаўнікі Адкрытага акцыянернага таварыства “Кераміка” аднадушна прагаласавалі за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Гагарынскай выбарчай акрузе №46 Алены Падаляк – члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намесніка старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 25-га склікання, дырэктара дзяржаўнай канцэртнай установы “Віцебская абласная філармонія”. Калектыў ААТ “Кераміка” вылучыў таксама намесніка генеральнага дырэктара гэтага прадпрыемства па ідэалагічнай і кадравай працы Сяргея Жаголкіна кандыдатам у дэпутаты Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў па Ўсходняй выбарчай акрузе №1.

У адпаведнасці з Каляндарным планам, працэс вылучэння прэтэндэнтаў - ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў, палітычных партый і працоўных калектываў - працягнецца да 15 сакавіка. Пасля прадстаўлення дакументаў у  выбаркамы пачынаецца праверка адпаведнасці парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў патрабаванням Выбарчага кодэкса, у выніку якой стане вядома, хто з прэтэндэнтаў будзе зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў і працягне ўдзел у выбарчым марафоне.

 

Збор подпісаў: з якімі перашкодамі сутыкаюцца ініцыятыўныя групы

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты праходзіць не паўсюль гладка. Сябры ініцыятыўных групаў, якія працуюць у розных рэгіёнах, часцей за ўсё сутыкаліся з забаронай на збор подпісаў у інтэрнатах навучальных установаў, якія знаходзяцца на тэрыторыях выбарчых акругаў, па якіх вылучаюцца іх кандыдаты. Падобныя факты на працягу тыдня зафіксаваныя былі ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Салігорску.

Прэтэндэнт у кандыдаты ад БСДП(Г) Леанід Падбярэцкі не змог патрапіць для збору подпісаў у інтэрнат №1 Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова. Выхавальніца інтэрната Вольга Дзедавец пракаментавала сваё нежаданне пускаць яго тым, што збор подпісаў неабходна ўзгадніць з прарэктарам універсітэта па выхаваўчай працы Уладзімірам Ясевым. За некалькі дзён Л.Падбярэцкаму давялося неаднаразова размаўляць з кіраўніцтвам навучальнай установы. У выніку 4 сакавіка у рэктараце прэтэндэнту ў кандыдаты паведамілі, што рэктар сп.Бандарэнка перадаў вырашаць пытанне юрысту універсітэта. Як высветлілася, юрыст у сваю чаргу збіраўся даць Падбярэцкаму пісьмовы адказ праз два тыдні, то бок пасля таго, як скончыцца збор подпісаў.

Не дазволілі збіраць подпісы і ў інтэрнаце №4 Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны. З гэтай нагоды сябра ініцыятыўнай групы аднога з мяркуемых кандыдатаў Андрэй Аксёнаў звярнуўся да прарэктара ўніверсітэта Сяргея Ханені. Па словах Аксёнава, Ханеня прапанаваў напісаць пісьмовы зварот на імя рэктара універсітэта Аляксандра Рагачова, і па выніках звароту дачакацца адказу ў адпаведнасці з заканадаўствам. Адміністрацыя ВНУ, матывуючы адмову ў наведванні інтэрнатаў з мэтай збору подпісаў, спасылалася на пастановы аб унутраным распарадку ў інтэрнатах, а таксама тлумачэнні Цэнтральнай камісіі да Выбарчага кодэкса.

У Салігорску сябры ініцыятыўнай групы незалежнага вылучэнца Алясея Валабуева атрымалі копію рашэння Салігорскай раённай камісіі, якая прызнала законнай  забарону на збор подпісаў у інтэрнаце Салігорскага горнахімічнага тэхнікума. У рашэнні камісія спасылаецца на пастанову ЦВК, абавязваючую асобаў, якія збіраюць подпісы, кіравацца правіламі ўнутранага распарадку ўстановаў. У правілах інтэрната горнахімічнага тэхнікуму, як паведамілі ў раённай камісіі, гаворыцца пра недапушчальнасць прысутнасці ў памяшканні інтэрната любых асобаў, апроч жыхароў альбо іх бацькоў. Перадвыбарчы штаб Валабуева абскарджвае рашэнне раённай камісіі ў Цэнтральную.
За тлумачэннямі ў Цэнтральную камісію звярнуўся і актывіст БХД Уладзімір Рамановіч, які збіраецца балатавацца ў Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў і самастойна збірае подпісы. Маладога палітыка не пусцілі ў інтэрнат №3 Віцебскага тэхналагічнага універсітэта. Дзяжурная па інтэрнаце не дазволіла яму прайсці ў будынак, спаслаўшыся на забарону сваёй непасрэднай начальніцы, загадчыцы інтэрнатам. Сама загадчыца не змагла растлумачыць Рамановічу, на якіх законных падставах яна забараняе збор подпісаў у інтэрнаце.  

 

Інфармацыйны вакуум

Сярод акалічнасцяў, што ўскладняюць збор подпісаў, сябры ініцыятыўных групаў і самі вылучэнцы ў кандыдаты называюць неналежнае інфармаванне насельніцтва пра прызначаныя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Напрыклад, у Бабруйску да гэтага часу інфармацыйныя матэрыялы адсутнічаюць нават у памяшканнях тых навучальных установаў і прадпрыемстваў, дзе будуць месціцца ўчастковыя камісіі і праходзіць галасаванне. Паведамленні пра ход выбарчай кампаніі з’яўляюцца толькі ў газеце гарвыканкама. Сябра мясцовай суполкі БСДП “Грамада” Андрэй Стаселовіч зазначыў, што калі збіраў за сябе подпісы, у яго склалася ўражанне, што пра выбары ведае ўсяго працэнтаў 10, калі не менш, з тых людзей, да якіх ён заходзіў. Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага, адзначаючы недахоп неабходнай інфармацыі, выказаў меркаванне, што “людзі не ведаюць, і ім усё роўна”. Паводле актывіста, на заводзе ТДіА, дзе ён кіруе незалежным прафсаюзам, пра пачатак выбарчай кампаніі ведае хіба што галоўны ідэолаг. Патэнцыйная кандыдатка сябра БХД Таісія Кабанчук наракае на тое, што падчас збору подпісаў даводзіцца губляць шмат часу на тое, каб  тлумачыць жыхарам, што за выбары маюць адбыцца ў хуткім часе.
Не адчуваецца набліжэння выбараў і ў Баранавічах. Горад падзелены на 5 вялікіх мікрараёнаў, а інфармацыйныя плакаты аб тым, што 25 красавіка адбудуцца выбары, размешчаны ў невялікай колькасці толькі ў цэнтры горада. Таксама адзначаецца слабая праца мясцовай дзяржаўнай газеты “Наш край” па інфармаванні насельніцтва, якая друкуе толькі афіцыйныя матэрыялы, якія не выклікаюць цікавасці выбаршчыкаў.

Разам з тым, у некаторых рэгіёнах дзяржвыданні ўжо прыступілі да прыкрытай агітацыі за “патрэбных” кандыдатаў. Напрыклад, у Рагачове, паводле меркаванняў мясцовай актывісткі партыі “Справядлівы свет” Людмілы Кабылянец, улада ўжо вызначылася з будучымі дэпутатамі. “Апошнім часам у мясцовай дзяржаўнай газеце сталі часцей з’яўляцца артыкулы, якія каго-небудзь ухваляюць, - дзеліцца сваімі назіраннямі жанчына. - Вось гэтыя асобы, якіх хваліць газета, відавочна, і будуць кандыдатамі ад улады”.

Варта адзначыць, што падобныя меркаванні маюць пад сабой пэўныя падставы.  “Мэтазгодна выкарыстоўваць усе магчымыя СМІ ў якасці трыбуны для асобаў, што абіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама для стварэння палітычнай рэкламы” – падобныя рэкамендацыі для ідэолагаў з мэтай “ідэалагічнага забеспячэння выбарчай кампаніі” з’явіліся ў некаторых рэгіёнах пасля таго, як намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч падчас семінара ідэалагічных работнікаў Меншчыны патлумачыла, што сучасныя ўмовы патрабуюць “новых, нефармальных падыходаў”. Відавочна, мясцовыя байцы ідэалагічнага фронту аператыўна рэагуюць на заклікі і ўжо прыняліся выкарыстоўваць “сучасныя палітычныя тэхналогіі”, узвёўшы “сваіх” на трыбуны.

 

Узмацненне ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу

Улады на ўсіх узроўнях узмацнілі ціск на прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і сяброў ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты, ціску падвяргаюцца і незалежныя назіральнікі.
6 сакавіка ў Магілёве быў звольнены з працы прэтэндэнт у кандыдаты Мікалай Расюк. Звальненне грамадскага актывіста было звязана са сканчэннем працоўнага кантракта, які з рабочым-будаўніком быў заключаны на год. “З усімі рабочымі быў заключаны кантракт на тры гады, - гаворыць Мікалай Расюк, - са мной жа – на адзін год. Я бачу ў гэтым праяву дыскрымінацыі. Я чалавек працавіты і маю шэраг узнагародаў і ўдзячнасцяў ад кіраўніцтва раённага і абласнога ўзроўня за сваю працу, а са мной вось так узялі і паступілі”. Мікалай Расюк працаваў апошнія сем год электрыкам у ААТ “Лаўсанбуд” у будаўнічым ўпраўленні №129. За месяц да свайго звальнення ён атрымаў пісьмовае уведамлене аб тым, што з ім будзе расторгнуты працоўны кантракт. Нагадаем, што Мікалай Расюк у 2007 годзе ўжо балатаваўся ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Тады, па афіцыйных звестках, ён набраў 32% галасоў выбаршчыкаў, што было адным з самых высокіх афіцыйных вынікаў прадстаўніка ад апазіцыі ў Беларусі.

У Бабруйску адзначаецца ўзмацненне ціску на на хрысціянскіх дэмакратаў. Бабруйчанку Ірыну Увараву, якая збіраецца браць удзел у выбарах у якасці кандыдата, вырашылі прыпугнуць з дапамогай судовага выканаўцы. Муж Ірыны быў саўладальнікам фірмы, але памёр паўгады таму. Жанчына вырашыла не прэтэндаваць на ўдзел у бізнэсе, і зараз фірма належыць партнёрам памерлага мужа. Тым не менш, з праверкамі пачалі прыходзіць менавіта да яе, а не гаспадароў фірмы. Ірына расцэньвае гэта як спробу ціснуць на яе.
Узніклі праблемы ў Вячаслава Шэлега. З жанчынай, якая ўваходзіць у яго ініцыятыўную групу, паразмаўляў яе начальнік. Яна працуе ў фірме касіркай. Днямі да яе падыйшоў дырэктар і папярэдзіў: “ці ты працуеш у мяне, ці звальняйся і працуй з Шэлегам”.
Старшыню бабруйскай суполкі БСДП “Грамада” Юры Грынявецкага выклікалі  ў КДБ - як “асобу, што ведае пра акалічнасці, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі”. З ім размаўляў супрацоўнікі КДБ Аляксандр Харашкевіч, які ўжо доўгі час “спецыялізуецца” па бабруйскіх апазіцыянерах. Як распавёў Ю.Грынявецкі, супрацоўніка КДБ цікавіла, навошта актывіст ездзіў у Літву (ён быў на сацыял-дэмакратычнай канферэнцыі ў Друскенінкаі), з кім там размаўляў і колькі грошай яму далі на выбары. Усю размову з бабруйскім сацыял-дэмакратам супрацоўнік КДБ запісваў, патлумачыўшы тым, што гэта “апытанне”. За адмову адказваць на пытанні ён пагражаў Грынявецкаму штрафам.   

Уціск мясцовых сілавых структураў і органаў улады на незалежных кандыдатаў і членаў іх ініцыятыўных групаў, на думку юрыста Праваабарончага Цэнтра “Вясна” Валянціна Стэфановіча, звязаны з імкненнем пазбегнуць складанай сітуацыі ў будучым. Калі нехта з дэмакратычных кандыдатаў пераможа на выбарах і ўвойдзе ў склад таго ці іншага Савета, у мясцовых уладаў будуць адпаведныя праблемы, вырашаць якія прыйдзецца ўжо не Цэнтральнай камісіі, а на месцах. “Сама Цэнтральная выбарчая камісія працуе няблага, – зазначыў В.Стэфановіч. – Але той уціск, што адбываецца зараз, не спрыяе правядзенню свабодных выбараў. Калі не прымаць да ўвагі выпадкі пераследу людзей і выклікаў іх у падаткавыя ці следчыя органы, па лічбавым эквіваленце гэты выбарчы працэс значна лепшы, чым падчас мінулых выбараў – працэнт адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп зараз быў мізэрны. Гэта сведчыць пра тое, што ёсць намаганні надаць дэмакратычны выгляд выбарчай кампаніі. Але ўсё, што адбываецца на мясцовым узроўні, псуе карціну, якую б хацелася стварыць уладам”.

Пераследам за ўдзел у выбарчай кампаніі лічыць праблемы на працы жыхарка Гародні Святлана Рудкоўская, якая была вылучана назіральніцай у акруговую камісію Пралетарскай выбарчай акругі №17 па выбарах у Гарадзенскі абласны Савет ад “Беларускага Хельсінкскага камітэту”. Яна чатыры гады працавала старшынёй Жыллёва-будаўнічага кааператыву №8 і за гэты час не мела аніякіх службовых спагнанняў і нават заўвагаў з боку адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні. Але як толькі была вылучаная назіральніцай у акруговую камісію, пачаліся праблемы. З адміністрацыі Ленінскага раёну ёй двойчы дасылалі позву з патрабаваннем з’явіцца туды. 3 сакавіка ў адміністрацыі начальнік аддзелу ЖКГ і добраўпарадкавання Аляксандр  Архіпаў склаў на С.Рудкоўскую пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні - нібыта за тое, што прылеглая да жылога будынку ЖБК №8 тэрыторыя засмечаная і не прыбіраецца. Пытанне было вынесена на разгляд адміністрацыйнай камісіі Ленінскага раёну пад старшынствам Алега Бялінскага, кіраўніка справамі адміністрацыі. Варта дадаць, што і Архіпаў і Бялінскі з выбараў у выбары з’яўляюцца неадменнымі старшынямі участковай і акруговай выбарчых камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international