Вярхоўны суд: адмова “Залатому льву” ў рэгістрацыі – законная

2010 2010-03-04T16:41:10+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viarhouny_sud_shylda.jpg

Вярхоўны суд падтрымаў рашэньне Гарадзенскага абласнога суда адносна нерэгістрацыі слонімскай арганізацыі “Залаты леў”. Касацыйную скаргу культурна-асьветніцкага аб’яднаньня 4 сакавіка разглядзела калегія па грамадзянскіх справах Вярхоўнага суда пад старшыньствам судзьдзі Валерыя Самалюка. Касацыйная інстанцыя прызнала рашэньне Гарадзенскага абласнога суда абгрунтаваным, а адмову – законнай.

Нагадаем,  у лістападзе галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама адмовіла ў рэгістрацыі слонімскаму аб’яднаньню “Залаты леў” у рэгістрацыі. Падстава для адмовы – неадпаведнасьць заканадаўству асобных палажэньняў статута аб’яднаньня, у тым ліку датычных парадку ўнясеньня зьменаў у статут і парадку абскарджаньня рашэньняў органаў аб’яднаньня. Самая дзіўная прэтэнзія супрацоўнікаў упраўленьня юстыцыі зьвялася да адсутнасьці расшыфроўкі назвы “Залаты леў” у статуце. Гарадзенскі абласны суд прэтэнзіі ўпраўленьня юстыцыі адносна назвы і абскарджаньня рашэньняў органаў аб’яднаньня прызнаў незаконнымі, але высунуў іншыя абгрунтаваньні для нерэгістрацыі. У прыватнасьці, суд заўважыў, што непасрэдна ў тэксьце статута няма згадкі пра тое, што абірацца ў кіруючы орган “Залатога льва” могуць толькі сябры аб’яднаньня. Арганізацыі так і не ўдалося ў судовым парадку аспрэчыць падставы нерэгістрацыі. Сваім рашэньнем абласны суд падтрымаў Мінюст.

Вярхоўны суд ў супярэчнасьцях справы разьбірацца ня стаў, пакінуўшы рашэньне суда першай інстанцыі ў сіле.

Сытуацыю каментуе юрыст Юры Чавусаў: “Мы ня мелі ілюзіяў адносна таго, што Вярхоўны суд перагледзіць рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі. На жаль, на практыцы такія выпадкі не здараюцца, і суды заўжды пацьвярджаюць абмежаваньні на стварэньне аб’яднаньняў. Аднак у гэтым выпадку быў цікавы момант: упраўленьне юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі аб’яднаньня па шэрагу падставаў, якія суд першай інстанцыі прызнаў незаконнымі. Суд высунуў іншыя абгрунтаваньні для нерэгістрацыі, адначасова

пакінуўшы рашэньне упраўленьня юстыцыі ў сіле. Такім чынам, назіраецца супярэчаньне. Але Вярхоўны суд, на жаль, адмовіўся ад разгляду справы па-сутнасьці, абмежаваўшыся простай канстатацыяй законнасьці і абгрунтаванасьці рашэньня суда першай інстанцыі”.

Дарэчы, у канцы 2009 года Гарадзенскае ўпраўленьне юстыцыі атрымала жартаўлівы дыплём ад Асамблеі НДА ў намінацыі “Нерэгістрацыя году”. “Прыз” быў прысуджаны на цырымоніі “Грамадзянская супольнасьць—2009” за найбольш абсурдную адмову ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international