БАЖ звярнулася да Генеральнага Пракурора

2010 2010-03-04T08:12:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На працягу апошніх дзесяці дзён супрацоўнікі міліцыі нібыта на падставе расследавання крымінальнай справы аб паклёпе правялі ператрусы ў журналістаў, сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

17 лютага супрацоўнікі міліцыі на чале з маёрам Ленінскага РУУС г. Мінска Аляксандрам Чуем абшукалі працоўнае месца намесніцы рэдактара газеты “Народная воля” Марыны Коктыш і забралі сістэмны блок яе камп’ютэра.

26 лютага некалькі супрацоўнікаў Савецкага РУУС г. Мінска на чале са следчым Камінскім правялі ператрус у кватэры шэф-рэдактара гэтага ж выдання Святланы Калінкінай. У той жа дзень супрацоўнікі міліцыі спрабавалі трапіць з мэтай правядзення ператрусу ў кватэру журналісткі Ірыны Халіп.

Ператрусы праводзіліся ў сувязі з расследаваннем крымінальнай справы аб паклёпе ў дачыненні да былога намесніка, а зараз начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці (арт. 188 КК) Івана Каржа.

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што статус пацярпелага па справах, распачатых па гэтым артыкуле, не мае значэння, а ў адпаведнасці з арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Тым не менш, ход расследавання гэтай справы, удзел у следчых мерапрыемствах супрацоўнікаў адразу некалькіх УУС Гомельскай вобласці і Мінска, санкцыянаванне іх пракурорам без відавочнай на тое прычыны нараджае сумнеў альбо ў выкананні згаданай нормы Асноўнага закона, альбо ў адпаведнасці дэклараваных мэтаў ператрусаў рэальным.

Ператрусы 17 і 26 лютага нагадалі падзеі двухгадовай даўніны, калі ператрусы — таксама з нагоды расследавання крымінальнай справы аб паклёпе і знявазе, але Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — адбыліся ў кватэрах журналістаў па ўсёй Беларусі.

Як і зараз, тады ў пастановах на ператрус не прыводзілася ніякіх канкрэтных падставаў, акрамя спасылкі на тое, што ў месцах ператрусаў нібыта “могуць знаходзіцца прадметы, якія могуць мець значэнне для справы”. Як і зараз, асобы, у якіх праводзіліся ператрусы, не з'яўляліся падазраванымі альбо абвінавачванымі па справе. Як і зараз, у грамадскасці былі ўсе падставы меркаваць, што сапраўднай мэтай ператрусаў з'яўляецца перашкода журналісцкай дзейнасці і запалохванне журналістаў.

У сваім звароце на Ваша імя 01.04.2008 г. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртала ўвагу, што ператрусы ў кватэрах журналістаў і іншых памяшканнях не мелі пад сабой законных і дастатковых падставаў. Праз паўгода нашы высновы пацвердзіліся, і адабранае абсталяванне было журналістам вернутае. Тым не менш, ні кампенсацыі, ні словаў выбачэння журналісты не атрымалі.

Лічым, што ператрусы на працоўным месцы М. Коктыш і ў кватэры С. Калінкінай таксама не мелі пад сабой дастатковых прававых падставаў, і расцэньваем іх як грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці. Падобныя дзеянні, як паказвае досвед 2008 года, самым негатыўным чынам адбіваюцца на іміджы Рэспублікі Беларусь.

Падчас ператрусаў у М. Коктыш і С. Калінкінай былі адабраныя прадметы, якія неабходныя ім для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Заклікаем Вас неадкладна прыняць меры па вяртанні адабранай маёмасці.

Настойваем таксама на прыняцці мер пракурорскага рэагавання для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў, а значыць — і свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь.

Па даручэнні Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Старшыня Жанна Літвіна

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international