Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў “Народнай Волі” да друкарні “Чырвоная зорка”

2005 2005-11-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 лістапада Гаспадарчы суд Менску прызнаў неістотнымі падставы для скасаваньня дамовы і запатрабаваў, каб было адноўленае выданьне газэты на гэтым паліграфічным прадпрыемстве. Аднак жа Гаспадарчы суд не задаволіў пазоваў “Народнай Волі”да “Белсаюздруку” і “Менгарсаюздруку” на аднаўленьне дамоваў на распаўсюд выданьня.

Рашэньне судзьдзі Менскага гаспадарчага суду Нэлі Арлоўскай — забавязаць друкарню “Чырвоная зорка” аднавіць друкаваньне “Народнай Волі” галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч пракамэнтаваў так: “Я іншага і не чакаў. Тут нават і не было за што зачапіцца. Калі б суд прыняў іншае рашэньне, то для нас гэта было б адназначна, што ў нашай краіне судоў няма наагул. А так, дзякуй Богу, справядлівасьць аднавілася”.

Іосіф Сярэдзіч пазьней паведаміў, што ўжо зараз ён пералічыў 2 мільёны рублёў на рахунак друкарні, каб як мага хутчэй аднавіць друкаваньне газэты.

Прадстаўнік “Народнай Волі” ў судзе намесьнік старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла назваў рашэньне суду законным і абгрунтаваным: “У Беларусі яшчэ захавалася незалежнае правасудзьдзе. Ёсьць яшчэ прафэсійныя, а галоўнае, па-грамадзянску мужныя судзьдзі, які кіруюцца найперш законам і сваім прафэсійным сумленьнем”.

Разам з тым Гаспадарчы суд Менску не задаволіў пазову “Народнай Волі” да прадпрыемства “Белсаюздрук”. Падчас судовага працэсу старшыня гэтага прадпрыемства былы міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны спасылаўся на тое, што дамова была датэрмінова скасаваная ў аднабаковым парадку на падставе дадатковага пагадненьня, якое нібыта было заключана з “Народнай Воляй” сёлета ў студзені. У адпаведнасьці з ім “Белсаюздрук” мае права скасаваць дамову ў аднабаковым парадку без папярэдняга папярэджаньня, калі газэта парушае Закон аб сродках масавай інфармацыі. Міхаіл Падгайны згадаў тры сёлетнія папярэджаньні Міністэрства інфармацыі на адрас “Народнай Волі”. Аднак даць арыгінал дадатковага пагадненьня, які падпісалі б абодва бакі, Міхаіл Падгайны ня здолеў. Паводле яго, яно згубілася. Старшыня “Белсаюздруку” заявіў Радыё Свабода, што быў гатовы да любога рашэньня суду: “Я ня бачу тут нават прадмету апэляцыі да нас, таму што мы не зьяўляемся, па-першае, манапалістам. Па-другое, мы займаемся экспэдыцыяй для абласных прадпрыемстваў. Калі сёньня тавар яны ў нас не замаўляюць, і мы ня хочам яго заказваць, то хто нас можа забавязаць? Калі пратухлая рыба, то колькі яе ні прапануй краме, браць яе на рэалізацыю ня будуць. Мы гандлёвае прадпрыемства, мы павінны браць якасны тавар”.

Патрабаваньні “Народнай Волі” аднавіць распаўсюд газэты ў сталіцы праз сыстэму прадпрыемства “Менгарсаюздрук” Гаспадарчы суд Менску таксама не задаволіў. Іосіф Сярэдзіч заявіў Радыё Свабода, што будзе абскарджваць гэтыя рашэнэньні ў судах вышэйшай інстанцыі.

Судовае паседжаньне ў справе зь “Менаблсаюздрукам” перанесенае на панядзелак, 21 лістапада, у сувязі з хваробай прадстаўніка адказьніка.

На судовых працэсах прысутнічалі кандыдат ад аб’яднай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік руху “Воля народу” былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін і прадстаўніца АБСЭ. Гэтаксама, каб падтрымаць газэту, у суд прыехалі каля дзесяці актывістаў сацыял-дэмакратычнага руху з Бабруйску і студэнты менскіх унівэрсытэтаў.

Прадпрыемствы “Белсаюздрук”, “Менаблсаюздрук”, “Менгарсаюздрук” і друкарня “Чырвоная зорка” ў аднабаковым парадку скасавалі з 1 кастрычніка дамовы на друкаваньне і распаўсюд “Народнай Волі”. Пасьля чаго газэта была вымушаная друкавацца за мяжой, у Расеі, і распаўсюджвацца праз падпіску і бясплатную раздачу. На мінулым тыдні прадпрыемства “Белпошта” не ўключыла “Народную Волю” ў падпісны каталог на першае паўгодзьдзе 2006 году. Незалежнае выданьне зьвярнулася ў суд з пазовам, патрабуючы ад “Белпошты” ўключэньня ў каталёг. Дата судовага паседжаньня ў гэтай справе яшчэ не прызначаная.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international