Рэалізацыя свабоды асацыяцый. 2009 год

2010 2010-03-01T13:16:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Становішча з выкананьнем свабоды асацыяцыяў у Беларусі на працягу 2009 года прынцыпова не зьмянілася; галоўныя праблемы ў стварэньні і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі засталіся нязьменнымі. Была працягнутая практыка адмоваў  ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў па сумнеўных падставах, у тым ліку ў сувязі з грамадзка-палітычнай пазіцыяй заснавальнікаў аб’яднаньняў. Захоўвалася забарона на дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў з крымінальным пакараньнем за такую дзейнасьць (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса “Незаконныя арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці”). Для многіх зарэгістраваных НДА і партыйных структураў праблемай засталася неабходнасьць мець юрыдычны адрас у нежылым памяшканьні (умовы для няўрадавых аб’яднаньняў і партыяў у гэтым плане горшыя ў параўнаньні з некаторымі формамі камерцыйных арганізацыяў, якія могуць рэгістравацца на прыватных кватэрах  заснавальнікаў) і немагчымасьць без дазволу ўладаў арэндаваць памяшканьні для правядзеньня сходаў. Па ранейшаму складаным і неабгрунтавана абмежавальным заставаўся парадак атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі, а таксама айчыннай спонсарскай дапамогі для няўрадавых арганізацыяў.

 

Рэгістрацыя ў канцы 2008 і напачатку 2009 года некалькіх незалежных ад ураду НДА (асабліва Руху “За Свабоду”) і мясцовых аддзяленьняў некаторых партыяў парадзілі спадзеў на лібералізацыю рэгістрацыйнай працэдуры, але гэтыя надзеі на практыцы не спраўдзіліся.

За 2009 год было адмоўлена ў рэгістрацыі тром партыям – Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (двойчы), Беларускай партыі працоўных (правапераемнік Беларускай партыі працы, ліквідаванай у 2004 годзе) і Партыі свабоды і прагрэса (чацьвёртая адмова, пачынаючы з 2004 года). Увогуле, пачынаючы з 2000 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі. З адмовамі сутыкнуліся і некаторыя мясцовыя аддзяленьні ўжо зарэгістраваных партыяў (напрыклад, Партыя БНФ). 

Не змянілася практыка рэгіструючых органаў і ў адносінах да незалежных ад уладаў грамадскіх аб’яднанняў, і адмовы ў рэгістрацыі атрымлівалі найперш маладзёвыя і праваабарончыя арганізацыі.  Так, у 2009 годзе было двойчы адмоўлена ў рэгістрацыі Грамадзкаму праваабарончаму аб’яднаньню “Наша Вясна”, чатыры разы - Праваабарончаму аб’яднаньню “Брэсцкая Вясна”, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў, Маладзёжнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Маладыя сацыял-дэмакраты”, Маладзёжнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Модэс” (Магілёў), Грамадзкаму аб’яднаньню “Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз”, Грамадзкаму культурна-асьветніцкаму аб’яднаньню “Спадчына” (Гродна), Маладзёваму грамадзкаму аб’яднаньню “Новы Курс” (Менск), Культурна-асветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Залаты Леў” (Слонім) ды іншым. У абсалютнай большасьці выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі з’яўляліся сумнеўнымі з пункту гледжання права і былі відавочна абумоўленыя палітычнай воляй уладаў з мэтай не дапусьціць легальнага існаваньня гэтых НДА. Суды не задаволілі ніводнай скаргі на рашэньні Міністэрства і ўпраўленняў юстыцыі аб адмовах у рэгістрацыі.

Падставы для адмовы ў рэгістрацыі сфармуляваныя ў заканадаўстве такім чынам, што дазваляюць дзяржаўным органам выносіць адмовы ў рэгістрацыі адвольна. На працягу 2009 года ўлады рабілі заявы аб магчымым спрашчэньні рэгістрацыі партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў праз унясеньне зьменаў у законы “Аб палітычных партыях” і “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. Дзяржаўныя медыі распаўсюдзілі інфармацыю, што такім чынам рэгістрацыя новых грамадзкіх аб’яднаньняў будзе спрошчаная, у прыватнасьці, зьнікне такая падстава для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі, як непрадстаўленьне ўсіх неабходных для яе дакументаў. Але ж аналіз прапанаваных зьменаў выклікае сур’ёзныя сумневы ў тым, што гэты закон сапраўды скіраваны на паляпшэньне сітуацыі з рэгістрацыяй новых грамадзкіх аб’яднаньняў і спрашчэньне гэтай працэдуры. Наадварот, зьмены скіраваныя на наданьне законнай формы сённяшнім безпадстаўным адмовам у рэгістрацыі, яны значна пашыраюць пералік законных падставаў для адмоваў у рэгістрацыі: цяпер падставай для адмовы ў рэгістрацыі можа быць неадпаведнасьць статута патрабаваньням заканадаўства ня толькі  ў частцы мэтаў, задачаў, метадаў, тэрыторыі дзейнасьці, але і ў любых іншых палажэньнях статута.

Прапанаваная рэдакцыя таксама фактычна пазбаўляе сэнсу паняцьце “выпраўленьне недахопаў” у пададзеных на рэгістрацыю дакументах. У цэлым агучаныя зьмены скіраваныя на прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць існуючай практыцы вынясеньня адвольных адмоваў у рэгістрацыі па нязначных падставах для тых аб’яднаньняў, легалізацыя якія з’яўляецца непажаданай для ўладаў. Іншыя нязначныя зьмены ў законе маюць выключна тэхнічны характар, але нават яны не могуць разглядацца як скіраваныя на спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі. Напрыклад, ад ініцыятыўных групаў па стварэньні аб’яднаньняў прапануецца апроч статута аб’яднаньня на паперы прадставіць і ягоную лічбавую вэрсію. Нельга выключаць, што гэта палажэньне законапраекта можа выклікаць фактычную перарэгістрацыю існуючых аб’яднаньняў, паколькі лічбавая вэрсія статута імі раней не прадстаўлялася. Некаторыя з вынесеных вясной 2009 года адмоваў у рэгістрацыі фактычна ўжо адбываліся з выкарыстаньнем палажэньняў  яшчэ не прынятага законапраекта. Гэта датычыцца пашырэньня падставаў для адмовы, а таксама выкарыстаньня ў дачыненьні да Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя працэдуры “прыпыненьня рашэньня аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі”, якая не прадугледжаная дзеючай рэдакцыяй закона.

Акрамя грамадзкіх аб’яднаньняў, некаторая частка няўрадавых арганізацыяў існуе ў форме ўстановаў, на якія распаўсюджваецца парадак рэгістрацыі камерцыйных арганізацыяў, што быў уведзены напачатку 2008 года і ўдасканалены  Дэкрэтам прэзыдэнта №1 ад 16 студзеня 2009 года. У 2009 годзе арганізацыйна-прававая форма ўстановы зрабілася надзвычай папулярнай сярод тых некамерцыйных арганізацыяў, якія не могуць зарэгістравацца ў звыклых формах грамадзкага аб’яднаньня альбо фонда. У прыватнасьці, менавіта ў форме ўстановы (якая, аднак, не адносіцца па сваёй арганізацыйнай пабудове да асацыяцыяў) атрымала легальны статус маладзёжная арганізацыя “Правы Альянс” і маладзёвы цэнтр “Модэс”, якім да таго было адмоўлена ў рэгістрацыі, а таксама і некаторыя іншыя арганізацыі. Аднак ужо ўвосень  2009 года былі зафіксаваныя выпадкі, калі апанентам улады адмаўлялі ў рэгістрацыі і ў гэтай арганізацыйна-прававой форме (што не прадугледжана заканадаўствам і з’яўляецца грубым парушэньнем устаноўленага заяўляльнага парадку рэгістрацыі). Напрыканцы 2009 года стала вядома, што па даручэньні прэзідэнта распачатая праца па падрыхтоўцы асобнага праекта закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”, які патэнцыйна можа ўскладніць рэгістрацыю і дзейнасьць тых формаў няўрадавых арганізацыяў, якія не падпадаюць пад дзеючыя на дадзены момант спецыяльныя нарматьыўныя акты і рэгіструюцца па агульным заяўляльным прынцыпе.

 

У параўнаньні з папярэднімі гадамі агульная  колькасьць зарэгістраваных арганізацыяў не зьмянілася. Па зьвестках Міністэрства юстыцыі, за 2009 год ў краіне было зарэгістравана толькі 94 новых грамадзкіх аб’яднаньні (у тым ліку 3 міжнародныя, 16 рэспубліканскіх і 75 мясцовых) і 8 новых фондаў (сярод іх адзін міжнародны фонд). Статыстыка сьведчыць, што органы юстыцыі штогод рэгіструюць тую колькасьць грамадзкіх аб’яднаньняў, якая дазваляе кампенсаваць іх памяншэньне ў выніку дабраахвотных ліквідацыяў альбо праз прымсовую ліквідацыю судовым рашэньнем.

 

30 кастрычніка 2003 г.

1 студзеня  2004 г.

1 студзеня  2005 г.

1 студзеня  2006 г.

1 сакавіка  2007 г.

1 студзеня 2008 г.

1 студзеня 2009 г.

1 студзеня 2010 г.

Колькасьць новых зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў (за адпаведны год)

94

155

61

85

100

94

-

94

Агульная колькасьць зарэгістраваных аб’яднаньняў (на пазначаную дату)

2248

2214

2259

2247

2248

 

2255

 

2221

 

2225

 

Механізм падаўлення свабоды асацыяцыяў у Беларусі і ўціску дзяржавай непадкантрольных уладзе аб’яднанняў найбольш яскрава быў прадэманстраваны на прыкладзе адмоваў у рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”. 26 студзеня 2009 года ў Міністэрства юстыцыі былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю аб’яднання, заснавальнікамі якога з’яўляліся праваабаронцы, журналісты і грамадзкія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, што раней уваходзілі ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” (па  рашэньні Вярхоўнага суда ПЦ “Вясна” быў ліквідаваны ў кастрычніку 2003 года). У 2007 годзе праваабаронцы ўжо спрабавалі легалізаваць сваю дзейнасьць, аднак Міністэрства юстыцыі, а затым і Вярхоўны суд адмовілі ім у рэгістрацыі, нягледзячы на прынятае  Камітэтам па правах чалавека ААН рашэнне, згодна з якім факт ліквідацыі ПЦ “Вясна” быў расцэнены як парушэньне права на свабоду асацыяцыяў, і беларускім уладам было прапанавана выправіць сітуацыю.

11 сакавіка (гэта значыць, з парушэньнем устаноўленага тэрміну разгляду рэгістрацыйных дакументаў на працягу аднаго месяца) на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі з’явілася інфармацыя “Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”. 19 сакавіка ў Вярхоўны суд была пададзена скарга на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі, аднак суд не прыслухаўся да аргументаў заснавальнікаў аб’яднаньня і пакінуў рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі ў сіле. З заклікам пераглядзець рашэньне па адмове ў рэгістрацыі “Нашай Вясны” да беларускіх уладаў 12 сакавіка звярнуліся Хельсінскія камітэты Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Масквы і Беларусі. Паводле іх меркавання, прычыны нерэгістрацыі арганізацыі, прадстаўленыя Міністэрствам юстыцыі, з’яўляюцца неабгрунтаванымі. Таксама ў звароце было адзначана, што “стварэньне свабодных умоваў для законнай дзейнасьці праваабарончых груп засьведчыла б, што Беларусь гатовая да стварэньня прасторы для грамадзянскай супольнасьці і канкрэтных крокаў, скіраваных на паляпшэньне сітуацыі з правамі чалавека”.

Паўторная на працягу 2009 года спроба заснавальнікаў аб’яднаньня “Наша Вясна” атрымаць рэгістрацыю таксама не прывяла да посьпеху. 28 траўня праваабаронцы атрымалі  рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове  ў рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”. Падставамі для адмовы былі названы: прыцягненне заснавальнікаў да адміністратыўнай і крымінльнай адказнасьці (такая падстава для адмовы не прадугледжаная заканадаўствам) і тэхнічныя хібы ў прадстаўленых дакументах (напрыклад, у спісах заснавальнікаў не ўсе асобы пазначылі стацыянарныя, а не толькі мабільныя  тэлефоны). 12 жніўня Вярхоўны суд пакінуў без задавальненьня скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” на адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ядняньня. Трэцяя спроба легалізацыі дзейнасьці на працягу апошніх двух гадоў завершылася нічым, нягледзячына тое, што аргументы чыноўніка Міністэрства юстыцыі былі  неабгрунтаванымі і надуманымі. Пасля гэтага праваабаронцы прынялі рашэньне больш не прымаць захадаў дзеля рэгістрацыі, а зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН са скаргай на сістэмную дыскрымінацыю ў праве на свабоду асацыяцыяў.

Тэхнічныя прыдзіркі таксама з’яўляліся падставамі для сістэматычных адмоваў у рэгістрацыі Праваабарончага грамадзкага аб’яднання “Брэсцкая Вясна”, якому тройчы на працягу 2009 года было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасьці асобнага мясцовага аб’яднаньня. Заснавальнікі “Брэсцкай Вясны” выпраўлялі недахопы, якія былі ўказаныя ў адмовах ў рэгістрацыі, але пры наступных спробах зарэгістравацца органы юстыцыі знаходзілі ўсё новыя і новыя падставы для адмоваў.

Палітычна матываванай расцанілі адмову ў рэгістрацыі ўвесну 2009 года заснавальнікі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў (гэта была ўжо другая адмова гэтаму саюзу грамадзкіх аб’яднаньняў). Міністэрства юстыцыі абгрунтавала сваё рашэньне аб адмове парушэньнямі парадку стварэньня асацыяцыі, нібыта дапушчанымі пры заснаваньні Асамблеі НДА. У прыватнасьці, сьцвярджалася, што ўстаноўчая дамова з’яўляецца несапраўднай, бо кіраўнікі арганізацыяў-заснавальнікаў падпісалі яе бяз згоды кіруючых органаў гэтых грамадзкіх аб’яднаньняў. Насамрэч гэтая падстава не адпавядала рэчаіснасьці, паколькі дамова аб стварэньні Асамблеі падпісвалася кіраўнікамі арганізацыяў-заснавальнікаў толькі пасля таго, як іх упаўнаважылі на тое сходы кожнай арганізацыі. Таксама Міністэрства палічыла, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе сябраў. Заснавальнікамі Асамблеі НДА выступілі 7 грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку “Беларускі Хельсінскі камітэт”, Цэнтр “Супольнасьць”, БНФ “Адраджэньне”, “Цэнтр па правах чалавека” і яшчэ тры грамадзкія арганізацыі з Верхнядзьвінску, Віцебску і Магілёву. 4 чэрвеня Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненьні скаргі заснавальнікаў Асамблеі НДА да Міністэрства юстыцыі на адмову ў рэгістрацыі. У сьнежні 2009 года заснавальнікі Асамблеі правялі яшчэ адзін устаноўчы з’езд і падалі дакументы на новую рэгістрацыю ў пачатку студзеня 2010 года.

Для многіх арганізацыяў, якія сутыкнуліся з адмовамі ў рэгістрацыі, галоўнай перашкодай іх легальнаму існаванню з’яўлялася наяўнасць у шэрагах заснавальнікаў асобаў, якіх улады лічаць сваімі палітычнымі апанентамі. Гэтая тэндэнцыя закранула арганізацыі абсалютна розных накірункаў дзейнасці. Так, у лістападзе галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі Слонімскаму культурна-асьветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Залаты леў”, заснавальнікі якога раней уваходзілі ў склад іншай няўрадавай арганізацыі – Слонімскага моладзёвага аб’яднаньня “Ветразь” (некалькі год таму арганізацыя была прымусова ліквідаваная рашэньнем суда). Адзін з ініцыятараў стварэньня аб’яднаньня Алесь Масюк выказаў упэўненасць: “Улады працягваюць палітыку нерэгістрацыі ў дачыненьні да асобаў, якіх яны залічылі ў апазіцыю. Усе недапрацоўкі статута мы маглі б выправіць цягам дня, а нас проста вырашылі забараніць”. 29 сьнежня Гарадзенскі абласны суд разгледзеў скаргу слонімскіх актывістаў да абласнога ўпраўленьня юстыцыі і пакінуў рашэньне ў сіле.

Нежаданьне ўладаў бачыць у прававым полі яшчэ адну легальную дэмакратычную арганізацыю, па меркаванні занавальнікаў, стала падставай для адмовы ў рэгістрацыі Грамадзкага культурніцка-асьветніцкага аб’яднаньня “Спадчына” з Бярозаўкі, якому 25 чэрвеня галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Афіцыйнай падставай было названа тое, што дакументы на рэгістрацыю нібыта не адпавядаюць дзеючаму заканадаўству. Сябры “Спадчыны” спрабавалі абскарджваць рашэньне ў судовым парадку, але і Гарадзенскі абласны суд, і Вярхоўны суд не задаволілі скаргаў.

Афіцыйная рэгістрацыя па-ранейшаму заставалася недасяжнай для незалежных моладзевых арганізацыяў. 2 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі падтрымаў рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі Грамадскага аб’яднання “Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз “Маладыя дэмакраты”. Пры гэтым сур’ёзныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі адсутнічалі, а выяўленыя недакладнасьці ў дакументах (памылкі ў адрасах некаторых заснавальнікаў арганізацыі) можна было лёгка выправіць. 19 сакавіка рашэньем упраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама было адмоўлена ў рэгістрацыі  Грамадскага аб’яднаньня “Цэнтр маладзёвых ініцыятыў “Модэс”. Падставай для адмовы былі названыя парушэньні заканадаўства, якія нібыта меліся ў статуце аб’яднаньня. Адмова ў рэгістрацыі таксама была пацьверджаная рашэньнямі судовых інстанцыяў (пазней “Модэс” быў зарэгістраваны ў форме ўстановы).

На працягу 2009 года былі прыняты рашэнні па двух справах, датычных адмоваў у рэгістрацыі нацыянальных грамадзкіх аб’яднаньняў. У справе “Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў” Міністэрства юстыцыі прызнала памылковасьць свайго ранейшага сцверджэньня пра фальсіфікацыю подпісаў заснавальнікаў, паколькі яно было абвергнута неаднаразовымі графалагічнымі экспертызамі, і зарэгістравала гэтае аб’яднаньне, не чакаючы рашэньня Вярхоўнага суда (пры гэтым відавочна мела месца сваеасаблівае пагадненне чыноўнікаў і заснавальнікаў аб’яднаньня, якіх выклікалі ў міністэртва і распытвалі пра іх планы дзейнасьці). У  іншай справе, датычнай Сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб’яднаньня “Гарызанталь”, нягледзячы на тое, што экспертыза таксама не пацьвердзіла несапраўднасьць подпіса аднаго з заснавальнікаў арганізацыі, Вярхоўны суд 11 сакавіка адмовіў гэтаму аб’яднаньню ў рэгістрацыі.

15 красавіка кіраўніцтва Партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя атрымала адказ з Міністэрства юстыцыі, у якім паведамлялася аб адмове ім у рэгістрацыі. Падставай паслужыла нібыта неадпаведнасьць дакументаў апытаньню заснавальнікаў, якое праводзіла міністэрства. Устаноўчы з’езд партыі адбыўся напрыканцы лютага, пасьля падачы дакументаў на рэгістрацыю амаль кожнаму з заснавальнікаў тэлефанавалі прадстаўнікі мясцовых ідэалагічных аддзелаў, КДБ і міліцыі. Некаторых выклікалі ў адміністрацыі па месцы працы і пад пагрозай звальненьня патрабавалі адмовіцца ад свайго подпісу. Праверку дакументаў заснавальнікаў БХД праводзіў намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі, за подпісам якога хрысьціянскія дэмакраты і атрымалі адмоўны адказ. Аднак ужо на наступны дзень, 16 красавіка, аднаму з сустаршыняў БХД Аляксею Шэіну патэлефанаваў супрацоўнік Міністэрства юстыцыі і паведаміў, што рашэньне аб нерэгістрацыі партыі прыпыненае. Афіцыйная прычына – у сувязі з шэрагам зваротаў заснавальнікаў БХД, атрыманьнем інфармацыі, якая ўплывае на рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі дадзенай партыі. Канчатковае рашэньне было прынятае пасьля праверкі атрыманай інфармацыі і таксама было адмоўным – міністэрства вырашыла не рэгістраваць Партыю БХД. 22 ліпеня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу партыі на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі (такое рашэньне прыняў судзьдзя Валерый Самалюк). Сустаршыня Партыі БХД Аляксей Шэін назваў прычыны адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнымі. Кіраўніцтва партыі ў 2009 годзе здзейсьніла паўторную падачу  дакумантаў на рэгістрацыю, але таксама безвынікова. 9 сьнежня Міністэрства юстыцыі зноў адмовіла ў рэгістрацыі Партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Прычына палягала нібыта ў недакладнасьцях у зьвестках аб рэгіянальных сходах заснавальнікаў. Па інфармацыі сустаршыні партыі Віталя Рымашэўскага, зноў мелі месца дзесяткі выпадкаў, калі заснавальнікаў Партыі БХД выклікалі ў ідэалагічныя аддзелы выканкамаў ці кіраўніцтва навучальных установаў, прадпрыемстваў і пагражалі. У выніку гэтага пад ціскам пяць чалавек былі вымушаны адклікаць свае подпісы.

15 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ў чацьвёрты раз за апошнія гады адмовілася рэгістраваць Партыю свабоды і прагрэсу на падставе таго, што “пратаколы з’езду ўтрымліваюць супярэчлівыя зьвесткі” (у прыватнасьці, Міністэрства юстыцыі убачыла парушэньні ў вылучэньні дэлегатаў), а таксама “сьпіс заснавальнікаў мае несапраўдныя зьвесткі”. Гэтая адмова была таксама пацьверджаная рашэньнем Вярхоўнага суда.

15 сьнежня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных аб адмове ў рэгістрацыі. Старшыня партыйнага аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў указаў на факты запалохваньня заснавальнікаў партыі, калі ад іх патрабавалі адклікаць свае подпісы ў дакументах. Таксама ён паведаміў, што заснавальнікі працягнуць дзейнасьць як аргкамітэт па стварэньні партыі і будуць рыхтавацца да новага з’езду.

Напрыканцы сакавіка Гарадзенскі аблвыканкам адмовіў у рэгістрацыі Гарадзенскага аддзяленьня Партыі БНФ і Гарадзенскага аддзяленьня Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Гэтая адмова была пацьверджаная і падчас яе абскарджваньня ў Вярхоўным судзе, нягледзячы на тое, што была абгрунтаваная выключна незаконнымі тэзісамі пра неадпаведнасьць шрыфта пададзеных дакументаў патрабаваньням справаводзтва.

 

У 2009 годзе ўлады працягвалі ўжываць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса ў якасьці сродку застрашэньня грамадзкіх актывістаў з мэтай прымусіць іх спыніць дзейнасьць у складзе незарэгістраваных НДА. У жніўні актывіст брэсцкай філіі “Маладога Фронту” Міхась Ільін атрымаў папярэджаньне пракуратуры аб крымінальнай адказнасьці, калі ён ня спыніць свой удзел у незарэгістраванай арганізацыі. Яшчэ адно папярэджаньне пракуратуры было вынесенае кіраўніцы брэсцкай філіі “Маладога Фронту” Юліі Пашко ў сьнежні.

19 лютага пракуратура вынесла папярэджаньне аб магчымым прыцягненьні да адказнасьці па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса старшыні Баранавіцкага аддзяленьня “Саюзу палякаў на Беларусі” Тэрэзе Селівончык. Гэта адбылося напярэдадні з’езда той часткі гэтага аб’яднаньня, якая не прызнаецца ўладамі, і стала першым выпадкам, калі ўлады вырашылі скарыстаць сумнавядомы артыкул у дачыненні да сяброў польскага аб’яднаньня. Адначасова на тэрыторыі ўсёй краіны адбываўся непрыхаваны ціск на актывістаў аб’яднаньня з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад удзелу ў дзейнасьці арганізацыі: людзей запрашалі на размовы ў КДБ, МВД ці пракуратуру, дзе адкрыта казалі пра магчымы крымінальны перасьлед.

У траўні 2009 года ўпершыню з красавіка 2008 года быў вынесены новы абвінаваўчы прысуд па артыкуле 193-1 КК, аднак пакараньне не было прызначанае ў сувязі з амністыяй. Справа супраць Андрэя Несьцяровіча (Гомель) была ўзбуджаная яшчэ ў 2007 годзе, калі ў рэгіёне па артыкуле 193-1 прыцягвалі да адказнасьці актывістаў прарасейскай неафашысцкай арганізацыі РНЕ (з той пары А. Несцяровіч хаваўся ў Расіі, аднак вярнуўся ў Беларусь, маючы на ўвазе верагодную амністыю).

У чэрвені пракуратура Менску ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле 193-1 КК супраць 25-гадовага жыхара сталіцы Яўгена Воўкава, якія з’яўляецца прадстаўніком незарэгістраванага “Руху яднання” (Царква Муна). Спава даволі хутка была спыненая, але ў сьнежні 2009 года стала вядома пра яе аднаўленьне. Трэба адзначыць, што з 2006 году, калі ўступіў у дзеянне артыкул 193-1, гэта першая крымінальная справа супраць прадстаўніка незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі.

Агулам за перыяд 2006-2009 праваабаронцам вядома пра 17 асобаў, асуджаных па артыкуле 193-1 за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў: 2006 – 6 асуджаных; 2007 – 9 асуджаных; 2008 – 1 асуджаны; 2009 – 1 асуджаны. Апраўдальных прысудаў праваабаронцамі не было зафіксавана.

Напачатку верасьня з адказу Міністэрства юстыцыі на запыт няўрадавай арганізацыі “Грамадзянская Беларусь” (Чэхія) стала вядома, што ўлады разглядаюць магчымасьць замяніць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных аб’яднаньняў на адміністратыўную. Гэта стала першым сігналам таго, што улады прызнаюць магчымасьць перагляду артыкула 193-1 і памяньшэньня адказнасьці, аднак аб практычных дзеяньнях у гэтым накірунку да канца года было невядома. Да таго ж, у дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра скасаваньне забароны на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і не пра скасаваньне артыкула 193-1 КК, а толькі пра  памяньшэньне адказнасьці за такія дзеяньні. Пра намер карэкцыі адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў заяўлялася таксама прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі (у тым ліку падчас штогадовай канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні АБСЭ) і Адміністрацыі прэзідэнта. Разам з тым, ніякіх рэальных крокаў у напрамку перагляду артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса не было зроблена, у тым ліку адпаведны законапраект не паступаў на разгляд парламенту.

 

На працягу году захоўвалася практыка вынясеньня пісьмовых папярэджанняў грамадзскім аб’яднанням з боку Міністэрства юстыцыі. 6 студзеня было вынесена папярэджаньне Рэспубліканскаму грамадзкаму аб’яднаньню “Беларускі ПЭН-цэнтр”. Падставай сталі вынікі праверкі дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, нягледзячы на абвешачны ўладамі ў канцы 2008 года шасцімесячны мараторый на іх правядзеньне. Арганізацыю абвінавацілі ў адсутнасьці юрыдычнага адраса, нягледзячы на наяўнасьць дзеючай дамовы арэнды памяшканьня, а таксама ў парушэньні правілаў справаводства, вядзеньні несанкцыянаванай перапіскі праз электронную пошту, а таксама ў неправамернай абароне сваіх сябраў (у сувязі з заявамі пратэсту, які арганізацыя выказвала з нагоды  канфіскацыі на беларуска-польскай мытні зарэгістраванага часопіса “АРХЭ” у якасьці быццам бы экстрэмісцкага выданьня).

У лютым Гомельскае абласное ўпраўленьне юстыцыі вынесла папярэджаньне моладзевай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі “Талака”, якая існуе ў рэгіёне звыш дзесяці гадоў. У загадзе начальніка ўпраўленьня Віталя Макарэвіча сказана, што пісьмовае папярэджаньне вынесена за выкарыстаньне незарэгістраванай сімволікі на сайце арганізацыі і ў абвестках, якія “Талака” распаўсюджвала ў абласным цэнтры.

 

Сур’ёзнай перашкодай для стварэньня новых аб’яднаньняў і ўжо зарэгістраваных НДА і партыйных структураў з’яўлялася неабходнасьць мець офіснае памяшканьне і юрыдычны адрас у нежылым памяшканьні, паколькі мясцовыя ўлады практыкуюць ціск на арэндадаўцаў, якія наважваюцца заключаць падобныя дамовы. Прававыя ўмовы для НДА і партыяў тут горшыя нават у параўнаньні з умовамі для камерцыйных арганізацыяў, якія могуць рэгістравацца на прыватных кватэрах  заснавальнікаў. Пры гэтым вялікая колькасьць прыдатных для размяшчэньня НДА памяшканьняў знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці і маюць неапраўдана высокія арэндныя стаўкі. У перыяд 2009 году  многія арганізацыі заяўлялі аб цяжкасьцях з аплатай адміністратыўных офісаў, а ў асобных выпадках гэта служыла нават падставай для спыненьня іх дзейнасьці.

Напачатку лютага Грамадзкае аб’яднаньне “За еўрапейскую Мастоўшчыну” (горад Масты Гарадзенскай вобласьці) ня здолела знайсьці юрыдычны адрас у адміністратыўным будынку, што стала непераадольнай перашкодай для рэгістрацыі аб’яднаньня. Мастоўскі райвыканкам адмовіў заснавальніку Алесю Зарэмбюку ў прадастаўленні юрыдычнага адрасу для рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі, спаслаўшыся на адсутнасьць свабодных памяшканьняў.

Больш чым у 30 гарадах па Беларусі былі пададзены заявы мясцовых аддзяленьняў “Маладога Фронта” ў мясцовыя выканкамы з просьбай прадставіць памяшканьні для правядзеньня устаноўчых сходаў, неабходных для рэгістрацый мясцовых суполак аб’яднаннья і забясьпечыць юрыдычныя адрасы, але гэтая праца не прывяла да посьпеху. Напрыклад, у лютым улады горада Мазыр (Гомельская вобласьць) адмовіліся садзейнічаць у пошуку юрыдычнага адраса для “Маладога Фронту”, матывуючы гэта забаронай закона ўмешвацца ў дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў.

Барысаўскае аддзяленьне грамадзкага аб’яднаньня “Дзеці ў бядзе” ў красавіку было вымушанае спыніць сваю дзейнасьць з-за немагчымасьці аплочваць арэнду памяшканьня камунальнай уласнасьці. Шматліткія звароты дабрачыннай арганізацыі ў мясцовыя органы ўлады з просьбай прадаставіць ільготную стаўку арэнды не прывялі да посьпеху.

18 лютага Тарыства аховы помнікаў было вымушанае пакінуць памяшканьне ў цэнтры Менску, якое арганізацыя займала больш за дваццаць гадоў. Пры гэтым будынак быў адроджаны ў 1980-я гады на сродкі аб’яднаньня і належаў яму. У 2004 годзе дзяржава  нацыяналізавала будынак, потым зрабіла былога інвэстара арандатарам, а ў канцы 2008 году канчаткова выселіла адтуль таварыства. Старшыня арганізацыі Антон Астаповіч упэўнены, што тэрміновасьць патрабаваньняў аб высяленьні  была выклікана найперш дзейнасьцю аб`яднаньня па выкрыцьці і абнародваньні фактаў парушэньня заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і яго жорсткай пазіцыяй у гэтай справе.

Структуры грамадзянскай супольнасьці па-ранейшаму мелі складанасьці з арэндай памяшканьняў не толькі для штодзённай дзейнасьці і ў якасьці неабходнага юрыдычнага адрасу ў нежылым памяшканьні, але і для правядзеньня асобных мерапрыемстваў ці сходаў.

Заснавальнікі Партыі БХД сутыкнуліся з цяжкасьцямі ў пошуку памяшканьня ў Менску для правядзеньня ўстаноўчага сходу, запланаванага на 28 лютага: уладальнікі дзесяці памяшканьняў належнай ўмяшчальнасьці адмовілі ім у гэтым (адмоўныя адказы прыйшлі з Міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB, Моладзевага тэатру эстрады, кінатэатраў “Аўрора” і “Цэнтральны”, Цэнтральнага Дому афіцэраў, палацаў культуры чыгуначнікаў, МАЗ, МТЗ, “Сукно” і Палацу Рэспублікі.). Пасьля таго, як заснавальнікі новай партыі выказалі намер правесьці ўстаноўчы сход пад адкрытым небам у цэнтры Менску, памяшканьне для з’езду было выдзелена. Аднак пры гэтым мясцовыя ўлады ў рэгіёнах працягвалі чыніць перашкоды у правядзеньні лакальных сходаў сябраў гэтай партыі, неабходных для абраньня дэлегатаў на з’езд (усяго падчас падрыхтоўкі з’езду адбыліся 63 сходы па вылучэньні дэлегатаў).

Адміністрацыя Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB без перашкодаў выдзеліла памяшканьне для правядзеньне вялікага форуму грамадзкіх аб’яднаньняў – шостай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў (6-7 сакавіка). Аднак, як і ў выпадку з Партыяй БХД, правядзеньне падрыхтоўчых мерапрыемстваў да гэтага сходу ў рэгіёнах адбывалася з цяжкасьцямі. Так, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт не даў дазволу на правядзеньне сходу грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў Гомельскай вобласьці. Сход планавалася правесьці ў Доме творчасьці дзяцей і моладзі “Юнацтва”, і была дасягнутая папярэдняя вусная дамова з ягоным дырэктарам аб арэндзе памяшканьня. Дом творчасьці належыць упраўленьню культуры аблвыканкама, таму, каб атрымаць афіцыйны дазвол на арганізацыю мерапрыемства ў гэтым памяшканьні, намесьнік старшыні Гомельскага гарадзкога аддзяленьня беларускага рэспубліканскага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Уладзімер Кацора зьвярнуўся да намесьніка старшыні аблвыканкама па ідэалёгіі Кірычэнкі. Праз некаторы час з У.Кацорам па тэлефоне зьвязаўся дырэктар Дома творчасьці і паведаміў, што не можа прадаставіць памяшканьне, пры гэтым прычыны адмовы ён не назваў.

Аргкамітэт V з’езду беларусаў свету, што быў арганізаваны Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (адбыўся 18-19 ліпеня), таксама меў цяжкасьці ў пошуку памяшканьня для мерапрыемства, але ўрэшце рэшт яно было прадастаўлена са згоды Мінскага гарвыканкама.

У той жа час, многія зарэгістраваныя аб’яднаньні і групы па стварэньні новых аб’яднаньняў мелі цяжкасьці з пошукам дастаткова ўмяшчальных залаў для правядзеньня сходаў. Грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне “Наша Вясна” сутыкнулася з цяжкасьцямі ў пошуку памяшканьня для сваяго чарговага ўстаноўчага сходу напрыканцы красавіка: фактычна ўсе арганізацыі, да якіх зьвярнуліся заснавальнікі “Нашай Вясны” з просьбай прадаставіць у арэнду памяшканьне для правядзеньня устаноўчага сходу, праваабаронцам адмовілі. У выніку сваё ўстаноўчае мерапрыемства заснавальнікі аб’яднаньня былі вымушаныя правесьці ў офісе Партыі БНФ.

 

Беларускія ўлады ня выканалі рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН, згодна з якімі адмовы ў рэгістрацыі і ліквідацыі беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў прызнаныя парушаючымі Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. На дадзены момант у дачыненьні да Беларусі вынесеныя тры рашэньні Камітэту, датычныя парушэньня свабоды асацыяцыяў: адмова ў рэгістрацыі Праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Хельсінкі - ХХІ”;  ліквідацыя ў судовым парадку Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”;  ліквідацыя ў судовым парадку Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Шматлікія спробы дамагчыся выкананьня гэтых рашэньняў Камітэту праз абскарджваньне ў нацыянальных судовых і іншых інстанцыях не прынеслі посьпеху сябрам гэтых арганізацыяў, і яны працягваюць працаваць у форме незарэгістраваных аб’яднаньняў, знаходзячыся пад рызыкай крымінальнага перасьледу за такую дзейнасьць.

23 сакавіка Менскі абласны суд у касацыйнай інстанцыі адмовіў сябрам ліквідаванага ў 2003 годзе Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” ў задавальненьні скаргі на дзеньні Міністэрства замежных справаў. Сутнасць прэтэнзіяў сяброў аб’яднаньня заключалася ў тым, што згодна з рашэньнем Камітэту па правах чалавека ААН, ліквідацыя іх аб’яднаньня з’яўляецца парушэньнем свабоды асацыяцыў з боку беларускага ураду, аднак Міністэрства замежных спраў, як орган, адказны за выкананьне міжнародных абавязальніцтваў Беларусі, не прадпрымаў яніякіх дзеяньняў дзеля аднаўленьня іх парушанага права.

У красавіку праваабаронца Алесь Бяляцкі, які з’яўляецца старшынёй ліквідаванага ў 2003 г. Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, атрымаў адказ на свой зварот у Міністэрства замежных справаў, куды ён зьвяртаўся за тлумачэннямі наконт таго, якія меры былі прынятыя міністэрствам па выкананні Меркавання Камітэта па правах чалавека ААН у сувязі са скасаваннем рэгістрацыі арганізацыі. У адказе за подпісам намесьніка міністра замежных справаў паведамлялася, што беларускі бок разглядае рашэньні Камітэта па правах чалавека ААН як рэкамендацыйныя і не абавязковыя для выкананьня. Такім чынам, беларускі бок пацьвердзіў, што не зьбіраецца выконваць рашэньні Камітэту па пытаньнях парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

 

Асобным фактарам, які абумовіў некаторыя крокі ўладаў па лібералізацыі ў сферы дзейнасьці няўрадавых аб’яднаньняў, стаў дыялог паміж Беларусьсю і Еўрасаюзам. Менавіта пад ягоным уплывам адбывалася змягчэньне дзяржаўнай палітыкі ў некаторых напрамках, напрыклад, адмова ад шырокага выкарыстаньня артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу. Але агулам з лютага 2009 года, калі адбылося падаўжэньне рэжыму прыпыненьня санкцыяў Еўрасаюзу супраць беларускіх чыноўнікаў, у сферы свабоды асацыяцыяў не было прадпрынята незваротных зрухаў да лепшага: артыкул 193-1 так і не быў скасаваны, не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі і на практыцы не быў спрошчаны парадак рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў.

Першачарговымі мерамі па выпраўленьні складанай сітуацыі з свабодай асацыяцыяў  у Беларусі павінныя быць: скасаваньне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса і выключэньне з усіх актаў заканадаўства забароны на дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў; рэальнае спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў прынамсі да ўзроўня, які  цяпер існуе для рэгістрацыі камерцыйных арганізацыяў, пры гэтым такое спрашчэньне павіннае быць пацьверджанае рэгістрацыяй тых грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, якім раней было адмоўлена ў рэгістрацыі альбо якія былі ліквідаваныя судовымі рашэньнямі. Асобнае значэньне мае выкананьне беларускімі ўладамі рашэньяў Камітэта па правах чалавека ААН, датычных парушэньня свабоды асацыяцыяў праз прымусовую ліквідацыю і нерэгістрацыю грамадзкіх аб’яднаньняў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international