viasna on patreon

Гомельская вобласць: больш за 1 276 акругаў – “безініцыятыўныя”

2010 2010-02-27T11:02:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскай вобласці зарэгістравана 2676 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў шляхам збору подпісаў. З іх 52 групы збіраюць подпісы за партыйных вылучэнцаў. Зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па аднаму сябру Беларускай партыі зяленых, БСДП «Грамада», і партыі «БСДГ», 13 сябраў партыі левых «Справядлівы свет», 24 – КПБ, 8 – АГП, 4 – БНФ.

Усяго ў вобласці створаны 3 952 акругі па выбарах у мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў. Спачатку ад ініцыятыўных груп было пададзена 2 690 заяў, але 10 з іх былі адкліканы, а 4-ом заяўнікам адмоўлена ў рэгістрацыі. Лічбы абвешчаны на чарговым паседжанні Гомельскай абласной выбарчай камісіі.

Для параўнання: паводле афіцыйных дадзеных, у мінулую кампанію па выбарах у мясцовыя Саветы ў Гомельскай вобласці было пададзена 3 144 заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп (у тым ліку 121 – ад партыйных вылучэнцаў), а зарэгістравана – 3 130. Такім чынам, сёлета назіраецца значнае зніжэнне колькасці прэтэндэнтаў на вылучэнне шляхам збору подпісаў – такіх стала меньш на 454 чалавекі. На кожную выбарчую акругу іх прыпадае ў сярэднім меньш чым па аднаму.

З афіцыйных дадзеных вынікае, што сёлета ў Гомельскай вобласці не меней 1 276 акругаў, дзе няма ініцыятыўных груп па збору подпісаў (фактычна іх больш, таму што шэраг зарэгістраваных груп дзейнічаюць па некалькі ў адной акрузе). Відавочна, што большасць кандыдатаў у “безініцыятыўных” акругах будуць вылучаныя спосабам, які захаваўся з савецкіх часоў і не мае аналагаў у іншых еўрапейскіх краінах – ад працоўных калектываў. Праваабаронцы і незалежныя назіральнікі лічаць, што “вылучэнне ад працоўных калектываў” найбольш зручнае для кантролю з боку адміністрацыі і ў канечным выніку – уладаў.

Як ужо паведамлялася, сярод прэтэндэнтаў, якія “адклікалі свае заявы” – сябра партыі “Справядлівы свет” Мікалай Мельнікаў з Рагачова, якога прымусілі гэта зрабіць пад пагрозай звальнення з працы. Сярод незарэгістраваных прэтэндэнтаў – сябра Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Пётр Кузняцоў з Гомеля: яму адмовілі ў рэгістрацыі па той прычыне, што ў яго ініцыятыўную групу увайшоў 21 грамадзянін (а паводле Выбарчага кодэксу мусіць быць не болей дзесяці). 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства