viasna on patreon

У Брэсце кандыдат ад улады адмовілася ад ўдзелу ў выбарах, калі даведалася імя свайго апанента

2010 2010-02-24T17:08:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па 14-й акрузе ў горадзе Брэсце былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты, у тым ліку Вольгі Шутавай і Ларысы Дабрадомавай. Шутава Вольга – пенсіянерка, былая супрацоўніца абласнога тэлебачання, зараз сябра незалежнага прафсаюза Радыёэлетроннай прамысловасьці (РЭП). Яе апанентам па гэтай жа акрузе выступала Дабрадомава Ларыса, дырэктар Тэлерадыёкампаніі “Брэст”. Праз некаторы час пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў стала вядома, што Ларыса Дабрадомава зняла сваю кандыдатуру.

У незалежным прафсаюзе РЭП нечаканую адмову кандыдата ад улады ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі звязваюць з нежаданнем Ларысы Дабрадомавай балатавацца па адной акрузе і ўступаць у перадвыбарчае спаборніцтва са сваёй былой падначаленай Вольгай Шутавай па прычыне інцыдэнту, які адбыўся тры гады таму паміж ветэранам-аператарам Брэсцкай тэлестудыі і яе дырэктарам.

Нагадаем, што ў 2007 годзе былыя працаўнікі Брэсцкай тэлестудыі (Лілія Драгачынская, Ігар Каплін, Надзея Лысковіч, Вольга Шутава) скардзіліся на тое, што дырэктар дзяржтэлерадыёкампаніі не адпавядае займаемай пасадзе, а метады яе кіравання грунтуюцца на асабістых сімпатыях і антыпатыях. Напрыклад, адной з падначаленых, якой заставалася 3 месяцы да пенсіі, яна не працягнула кантракт. Адпаведныя скаргі на працу Л. Дабрадомавай былі накіраваныя ў  розныя інстанцыі, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, Камітэт дзяржаўнага кантролю. У сваю чаргу Л. Дабрадомава падала зыск у суд з патрабаваннем маральнай кампэнсацыі на 50 мільёнаў беларускіх рублёў за зневажэнне яе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Паводле судовага рашэння, галоўная адказчыца па зыску Вольга Шутава павінна была сплаціць Л.Дабрадомавай 300 тысяч рублёў, а астатнія адказчыкі – Л.Драгачынская, І.Каплін, Н. Лысковіч – па 200 тысяч рублёў кожны. У дадатак яны мусілі кампенсаваць судовыя выдаткі дырэктара тэлерадыёкампаніі на 956 тысяч рублёў. Суд толькі часткова задаволіў патрабаванні Л. Дабрадомавай. 

Сёння В.Шутава пенсіянерка, але працягвае бараніць свае правы і правы прадпрыймальнікаў  аднога з рынкаў Брэста. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства