Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі абвясьціў у Івацэвіцкай калёніі галадоўку

2005 2005-11-16T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра тое, што Валер Леванеўскі пачаў у калёніі галадоўку, сваякам вязьня паведаміў адвакат Аляксандар Бярылаў, які 14 лістапада сустрэўся зь Леванеўскім у калёніі. Паводле адваката, Валер Леванеўскі галадуе з 13 лістапада. Ён пратэстуе супраць дзеяньняў некаторых супрацоўнікаў адміністрацыі і дамагаецца іх службовага пакараньня. Пра падзеі, якія спрычыніліся да галадоўкі, радыё Свабода распавёў сын Леванеўскага Ўладзімер: “Намесьнік начальніка калёніі арганізаваў ператрус асабістых рэчаў майго бацькі, знайшлі нейкае дробнае парушэньне і пакаралі яго пазбаўленьнем права на доўгатэрміновае спатканьне. Бацька лічыць, што гэтак з ім паквіталіся за тое, што ён працягвае скардзіцца ў розныя інстанцыі на парушэньні ягоных правоў і правоў вязьняў калёніі”.

Паводле адваката Аляксандра Бярылава, Уладзімер Леванеўскі адразу паведаміў пра галадоўку адміністрацыі калёніі і быў пераведзены ў мэдычную частку, дзе за станам ягонага здароўя назіраюць. Пра тое, як пачуваецца Валер Леванеўскі цяпер, адвакату невядома. Паводле Аляксандра Бярылава, Валер Леванеўскі п’е ваду і адмаўляецца толькі ад ежы. Ён мае намер галадаваць, пакуль зь яго ня здымуць пакараньня і не пакараюць супрацоўнікаў адміністрацыі, якія, як ён лічыць, зрабілі супраць яго правакацыю.

“Наколькі мне вядома, у Леванеўскага знайшлі кнігу, якую ён мусіў здаць у бібліятэку. За гэтае дробнае парушэньне яму адмовілі ў спатканьні з жонкай і сынамі, што для вязьня вельмі адчувальна. Безумоўна, гэта неадэкватнае пакараньне за такую дробязь”, — лічыць адвакат Аляксандар Бярылаў.

У Івацэвіцкай калёніі адмовіліся пацьвердзіць альбо абвергнуць зьвесткі пра галадоўку Валера Леванеўскага.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international