viasna on patreon

Яшчэ адно недзяржаўнае выданне не змагло зарэгістравацца

2010 2010-02-22T17:52:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/druk_vyd.jpg

Заснавальнік недзяржаўнай газеты «Наш дом» — прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства «Витебский корунд» — 20 лютага паскардзілася ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд на Міністэрства інфармацыі, якое пакінула без разгляду дакументы аб рэгістрацыі згаданага выдання.

Вяртанне пакета дакументаў на рэгістрацыю «Нашего дома» заснавальнік газеты лічыць незаконным і праз суд патрабуе абавязаць міністэрства разгледзець заяву аб рэгістрацыі «па сутнасці».

Заява ў Мінінфармацыі была накіраваная 23 снежня 2009 года. У афіцыйным адказе ад 22 студзеня 2010 года за подпісам першай намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч паведамляецца, што дакументы не адпавядаюць патрабаванням артыкула 12 закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Паводле спн. Ананіч, у паперах адсутнічаюць звесткі, якія б пацвярджалі перыяд працы меркаванага рэдактара газеты «Наша дом» Вадзіма Баршчэўскага на пасадзе галоўнага рэдактара газеты «Лад». Што, як сцвярджае чыноўніца, не дазваляе вызначыць наяўнасць у яго стажу працы на кіруючых пасадах адпаведнага профілю не менш за 5 гадоў.

У скарзе ў суд ПУГП «Витебский корунд» патрабуе прызнаць дзеянні Мінінфармацыі незаконнымі, бо міністэрства мусіла альбо зарэгістраваць СМІ, альбо афіцыйна адмовіць у рэгістрацыі, а не вяртаць дакументы.

Такім чынам, адмовы ў рэгістрацыі (альбо вяртанне дакументаў на рэгістрацыю) на гэты момант маюць (па звестках БАЖ) як мінімум 8 выданняў: «Наш дом» (Віцебск), «Магілёўскі час» (Магілёў), «Солигорск плюс» (Салігорск, Мінская вобл.), «Новая газета Бобруйска» (Бабруйск, Магілёўская вобласць), «Мар’інагорская» (Мар’іна Горка, Мінская вобл.), «Прэфект плюс» (Глыбокае, Віцебская вобласць), «Химик. Два города» (Наваполацк) і яшчэ 1 выданне, заснавальнікі якога не пажадалі пакуль быць згаданымі ў прэсе.

Дарэчы, праблема рэгістрацыі і перарэгістрацыі СМІ пасля ўвядзення Мінінфармацыі дадатковых кваліфікацыйных патрабаванняў да галоўнага рэдактара зараз абмяркоўваецца ў рубрыцы «Пытанне- Адказ».

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства