Падача заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп завершылася: звесткі з рэгіёнаў

2010 2010-02-19T09:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 18 лютага скончылася магчымасць для асобаў, якія мелі намер вылучыцца прэтэндэнтамі ў кандыдаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, прадставіць адпаведныя тэрытарыяльныя, акруговыя выбарчыя камісіі спіс сяброў ініцыятыўнай групы і заявы аб рэгістрацыі групы.

 

Віцебск

Віцебскія апазіцыйныя палітычныя структуры такія, як Партыя БНФ, праходзячыя перыяд рэгістрацыі БСДП (Народная Грамада), Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Партыя свабоды і прагрэсу, Партыя зялёных, а таксама актывісты Руху “За Свабоду” сфармавалі 38 ініцыятыўных груп для збору подпісаў па вылучэнні сваіх прэтэндэнтаў у Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў і 21 ініцыятыўную групу па вылучэнні ў Віцебскі абласны Савет.

З боку тэрытарыяльных камісій пакуль не было ніводнай адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, а сябры выбарчых камісій паводзілі сябе карэктна ў адносінах да прадстаўнікоў апазіцыйных структур.

Сярод апазіцыянераў, якія выказалі жаданне дабівацца дэпутацкага мандата, такія вядомыя актывісты, як Х. Жэляпаў (Рух “За Свабоду”), К. Смолікаў і Л. Аўтухоў (Партыя БНФ), А. Гаўруцікаў (БСДП (Народная Грамада)), А. Александронак (Партыя свабоды і прагрэсу). Былы палітвязень З. Парсюкевіч прапускае бягучую выбарчую кампанію з-за непагашанай судзімасці.

Зараз ідзе працэс выдачы дакументам кіраўнікам ініцыятыўных груп для арганізацыі збору подпісаў: пасведчанняў і падпісных лістоў. Неабходна адзначыць, што ў пасведчаннях, па памылцы ЦВК,  не адведзена месца для ўказання нумара рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, хоць у падпісных лістах неабходна гэты нумар запісваць.

 

Гомельская вобласць

У Гомельскай вобласці падалі на рэгістрацыю больш за 2600 ініцыятыўных групаў па збору подпісаў, з якіх большасць (больш за 2 тысячы) - у сельскія Саветы, для рэгістрацыі кандыдатам якіх патрэбна сабраць 20 подпісаў. Такая актыўнасць ініцыятыўных груп тлумачыцца тым, што ў сельскай мясцовасці ў пераважнай большасці няма буйных прадпрыемстваў і арганізацый — каб вылучацца ад працоўнага калектыва. У Гомельскі абласны Савет падалі на рэгістрацыю 64 ініцыятыўныя групы.

Абласная арганізацыя Партыі БНФ плануе вылучыць прэтэндэнтаў у Гомелі, Светлагорску і Рэчыцы — усяго шэсць чалавек. Па два чалавекі ў Рэчыцы і Светлагорску плануць стаць кандыдатамі ў дэпутаты раённнага Савету шляхам збору подпісаў. Таксама сябры Партыі БНФ вылучаюцца ў Гомельскі абласны і гарадскі Савет дэпутатаў. Шляхам збору подпісаў ідуць на выбары і актывісты Руху «За свабоду», і незарэгсіраванай Партыі БХД (ад БХД у Гомелі вылучаюцца 11 чалавек).

У выбарах у абласны і гарадскі Савет вылучаецца кандыдатам шляхам збору подпісаў актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалай Калюка. Ен ужо атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі сваей ініцыятыўнай групы.

У вобласці пакуль ніхто не падаў заяву на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты ад партый ці працоўных калектываў. Верагодна, сітуацыя зменіцца да 15 сакавіка.

 

Салігорск

У Салігорскую раённую камісію пададзена 36 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па збору подпісаў ад прэтэндэнтаў у кандыдаты на мясцовых выбарах. Сярод іх чатыры незалежныя прэтэндэнты – браты Віктар і Аляксандр Яўмененкі, Аляксей Валабуеў і Валерый Шчэрбіч.

Апазіцыйная партыя “Справядлівы свет” вылучыць прэтэндэнтаў ад мясцовай зарэгістраванай суполкі.

Большасьць дэмакратычных арганізацыяй гораду мае намер удзельнічаць у працы выбарчых камісіяў і ажыццяўляць назіранне.

Такім чынам, варта чакаць, што значная частка з 40 акругаў у Салігорску ўсё ж застанецца безальтэрнатыўнымі.

 

Светлагорск

У Светлагорскім раёне трое сябраў апазіцыйных партый вырашылі вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў. Двое з іх прадстаўляюць Партыю БНФ, яшчэ адзін прэтэндэнт – з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Іх ініцыятыўныя групы падалі адпаведныя заявы ў камісію па выбарах дэпутатаў раённага Савету.

18 лютага быў апошнім днём, калі падаваліся заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Чаму іншыя сябры гэтых партый не сталі вылучацца ў дэпутаты? Вось што мяркуе Вадзім Болбас, адзін з старэйшых актывістаў Партыі БНФ у Светлагорску:

- Адсутнасць такой зацікаўленасці мае дзве прычыны. Па-першае, няма “празрыстасці” падліку галасоў. Выбарчы кодэкс не дае гарантый назіральнікам бачыць кожны бюлетэнь пры падліку, як гэта практыкуецца ў іншых краінах. Па-другое, мясцовыя Саветы зараз ператварыліся ў органы, якія фактычна не маюць ніякага значэння.  

Сябры партыі “Справядлівы свет”, якія таксама дзейнічаюць у раёне, зусім не падалі ніводнай заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Гаворыць Святлана Міхальчанка, мясцовы актывіст гэтай партыі:

- Зараз дзейнасць ініцыятыўнай групы не прынясе вялікага плёну. Раздаваць якія-небудзь інфармацыйныя матэрыялы пры зборы подпісаў не дазваляецца. Збіраць подпісы на вуліцы, што звычайна прыцягвае ўвагу людзей да будучага кандыдата, у зімовае надвор’е не атрымаецца. Таму мы вырашылі не марнаваць час на збор подпісаў, але нашыя сябры будуць вылучацца ад партыйнай арганізацыі. Акрамя таго, пяцёра нашых сябраў удзельнічаюць у працы акруговых камісій па выбарах дэпутатаў Гомельскага аблсавету.     

 

Жлобінскі раён

У Жлобінскім раёне пададзены заявы на рэгістрацыю 13 ініцыятыўных груп па вылучэнню прадстаўнікоў дэмакратычных партый кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў.

Як паведаміў кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Валерый Рыбчанка, 9 заяваў пададзены па вылучэнню кандыдатаў у раённы Савет і 4 заявы – па вылучэнню ў Гомельскі абласны савет. Усе заявы падаваліся 17 і 18 лютага – у апошнія два дні гэтага этапу выбарчай кампаніі.

- Дзевяць ініцыятыўных груп маюць намер вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты людзей, якія з’яўляюцца сябрамі партыі “Справядлівы свет”: сем кандыдатаў у раённы і два кандыдаты ў абласны Савет, – кажа В. Рыбчанка. – Яшчэ чатыры ініцыятыўныя групы жадаюць збіраць подпісы за вылучэнне прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі: па два прэтэндэнты ў раённы і абласны Савет. Канешне, усе яны вылучаюцца ў розных выбарчых акругах.

Па яго словах, актывісты дэмакратычнай апазіцыі ў Жлобіне вырашылі, што вылучэнне шляхам збору подпісаў дае хоць бы мінімальныя магчымасці наладзіць азнаямленне выбаршчыкаў з будучымі кандыдатамі. Пры гэтым В. Рыбчанка ўдакладніў, што гэтыя ж самыя прэтэндэнты будуць вылучацца і ад сваіх партыйных арганізацый, што дазваляецца Выбарчым кодэксам.

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп у раённых і акруговых выбарчых камісіях праводзіцца на працягу 5-ці дзён пасля падачы заявы, то бок гэтая праца завяршаецца 23 лютага.

 

Бабруйск

Больш усяго жадаючых прыняць удзел у выбарах -- сярод  бабруйскіх сяброў ініцыятыўнай групы па стварэнні Партыі БХД – 15 чалавек. Таісія Кабанчук лічыць, што гэтыя выбары добры шанец  для азнаямлення бабруйчанаў з БХД. Трэба адзначыць, што спачатку яны планавалі вылучэнне 16 чалавек, але адна жанчына была вымушаная забраць заяву пасля ціску на працы.

Адзін чалавек ідзе ад БСДП (Грамада). “Я не веру ў тое, што некага з дэмакратаў пусцяць у мясцовы Савет, але гэта важны палітычны працэс, які нельга прапускаць”, - лічыць  старшыня бабруйскай суполкі БСДП (Грамада) Юры Грынявецкі.

Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюза беларускага  пастаянна ўдзельнічае ў выбарах, і гэтыя не выключэнне. “Зноў іду таму, што хачу ў сваіх улётках данесці да выбаршчыка праўду. Я раблю выклік ідэолагу свайго завода ТДіА  - Пятру Слабадчуку. Хачу пайсці з ім па адной акрузе”, - распавядае Міхаіл Кавалькоў. 

“У якасці сацыяльна-палітычнага  экперымента” выказаў жаданне паўдзельнічаць у выбарах бабруйскі журналіст, 23-гадовы Міхаіл Ларчанка.

Сябры бабруйскай гарадской суполкі Партыі БНФ прынялі заяву аб няўдзеле ў гэтых выбарах. Падставай для прыняцця гэтага рашэння стала неўключэнне сябраў партыі ў гарадскую і акруговую камісіі.  Бабруйчане адзначылі, што лічаць гэтыя выбары фікцыяй і фарсам, у якім не мае сэнсу ўдзельнічаць.

Сябры бабруйскай суполкі  партыі “Справядлівы свет” таксама  вырашылі не ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты. Разам з тым, два чалавекі ад іх патрапілі ў абласную камісію.  

 

Баранавічы

Па папярэдніх дадзеных, 45 прэтэндэнтаў у кандыдаты падалі свае заявы ў Баранавіцкую тэрытарыяльную выбарчую камісію аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Усяго будзе абрана 25 красавіка 2010 года 36 дэпутатаў у Баранавіцкі гарадскі Савет.

Найбольшую актыўнасць ад апазіцыйных партый праяўляюць сябры незарэгістраванай БХД, якія вылучылі 4-х прэтэндэнтаў. Ад партыі левых “Справядлівы свет” падалі заявы 2 прэтэндэнты: Віктар Цяпін і Аляксандр Галькевіч. Ад Партыі БНФ – прадпрымальнік Віктар Мезяк. Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прадпрымальнік Мікалай Чарнавус падаў заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы ад АГП.

Сябра Руху “За свабоду” Рыгор Грык, таксама былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, падаў заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы.

Рыгор Грык таксама падаў заяву ў выбарчую камісію па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 17, а Мікалай Чарнавус – у Баранавіцкую-Заходнюю выбарчую акругу № 21 для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па выбарам у Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў.

  

Маладэчна

18 лютага па Цэнтральнай выбарчай акрузе №6 акруговая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні юрыста і эканаміста, сябра АГП Сяргея Балыкіна, які мае намер вылучацца ў дэпутаты Менскага абласнога Савета. Абмеркаванне і галасаванне камісіі заняло не больш за 15 хвілін. Усе сябры камісіі адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю групы за нумарам адзін.

Па стане на 18 лютага, іншых заяваў зарэгістравана не было. З гэтага вынікае, што шляхам збору подпісаў па дадзенай акрузе будзе вылучацца толькі адзін прэтэндэнт. Сяргей Балыкін з’яўляецца кіраўніком Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Падчас сваёй  выбарчай кампаніі Балыкін збіраецца звярнуць увагу на сацыяльна-эканамічныя праблемы рэгіёну і прапанаваць сваім выбаршчыкам эфектыўныя шляхі іх вырашэння. Вылучэнне Сяргея Балыкіна падтрымалі мясцовыя прадпрымальнікі, якія ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы. Абласныя Саветы маюць дастатковыя паўнамоцтвы адносна ўсталявання мясцовых налогаў, размеркавання сродкаў бюджэту вобласці, а метавіта гэтыя пытанні цікавяць прадпрымальнікаў.

  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international