Франак Вячорка пакараны гауптвахтай
Былы кіраўнік “Моладзі БНФ” Франак Вячорка, які зараз знаходзіцца ў войску, выказаў намер вылучацца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Мазырскага раённага савету. Па словах старшыні Моладзі БНФ Андруся Крэчкі, пададзены дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Франак Вячорка ня можа быць вылучаны ад Партыі БНФ, бо паводле заканадаўства ў часе службы лічыцца беспартыйным. Ініцыятыўная група ў выпадку рэгістрацыі будзе зьбіраць за яго подпісы на тэрыторыі 25-й Станцыйнай акругі па выбарах у Мазырскі раённы савет.
Як паведаміла “Радыё Свабода”, 16 лютага вайскоўцу Франка Вячорку пакаралі арыштам на трое сутак. У фармулёўцы сказана, што гэта за парушэньне правілаў паводзінаў днявальнага. Падставай стаў выпадак, калі Франак за паўгадзіны да заканчэньня дзяжурства зайшоў у кабінэт да «ідэоляга» часткі сп. Ігнаціка. Той не залічыў дзяжурства і заявіў хлопцу, што за парушэньне правілаў ён будзе пакараны.Бацька Франка Вінцук Вячорка зьвязвае чарговае пакаранне зь ягонай спробай вылучыцца кандыдатам у дэпутаты, што відавочна сьведчыць: чалавек не зламаўся.
















