У Мінску амаль на 3 гадзіны затрымалі журналістку «Нашай Нівы»

2009 2009-02-17T15:29:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/darashkevich.jpg
Юля Дарашкевіч падчас адной з акцыяў

Юля Дарашкевіч падчас адной з акцыяў

Увечары 16 лютага на Кастрычніцкай плошчы Мінска затрымалі фотакарэспандэнтку «Нашай Нівы» Юлію Дарашкевіч, якая асвятляла ладжаную актывістамі апазіцыі акцыю салідарнасці.

У 20.55 журналістку, якая на працягу амаль трох гадзін знаходзілася ў Цэнтральным РУУС, вызвалілі. Як паведаміла Юлія Дарашкевіч прэс-службе БАЖ, яе спрабавалі абвінаваціць у нанясенні цялесных пашкоджанняў міліцыянту. У пастарунку ў яе ўзялі тлумачэнні, забралі асабістыя рэчы, склалі іх вопіс.   

Журналістка распавяла, што на плошчы нейкі малады чалавек у цывільным увесь час перашкаджаў ён здымаць акцыю, захінаючы фотаапарат, а потым заявіў, што Юлія яго ўдарыла. «На вуснах у яго была кроў, і ён сказаў, што гэта я вінаватая. Мяне схапілі двое і пацягнулі ў аўтобус. Толькі там яны прад’явілі дакументы — абодва аказаліся супрацоўнікамі міліцыі. У пастарунку яны сведчылі супраць мяне — праўда, спачатку казалі, што я ўдарыла кулаком, потым — што локцем…» Юлія сцвярджае, што не чапала міліцыянта: «Я задала ім лагічнае пытанне — няўжо прадстаўніка праваахоўных органаў можа ўдарыць дзяўчына, якая абедзьвюма рукамі трымаецца за свой фотаапарат?»

Каля Цэнтральнага РУУС увесь гэты час дзяжурылі калегі Юліі і праваабаронцы, прадстаўнік БАЖ Міхаіл Пастухоў і сябра праўлення арганізацыі Уладзімір Дзюба. Там жа знаходзіўся адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Галіеў, які прыехаў бараніць правы затрыманай журналісткі.

Нікому з іх не дазвалялі прайсці на тэрыторыю РУУС і не давалі інфармацыі пра тое, ці знаходзіцца там Юлія Дарашкевіч, заяўляючы, што гэта загад іх кіраўніцтва. Інфармацыю пра знаходжанне журналісткі ў пастарунку не пацвярджалі і дзяржурныя РУУС па тэлефоне.

Пра затрыманне Юліі Дарашкевіч паведаміў у 18.14 сайт nn.by: «Прапаршчык Ігнацьеў забраў у яе журналісцкае пасведчанне, а іншы чалавек у цывільным, які не прадставіўся, адвёў яе ў аўтобус, зазначыўшы, што журналістка нібыта ўдарыла яго».

Інфармацыю пра затрыманне каля 18.25 паспела пацвердзіць па тэлефоне прэс-службе БАЖ сама журналістка. Пасля гэтага сувязь з ёй абарвалася.

Як распавёў БАЖ калега журналісткі, фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц, Юлія па тэлефоне паведаміла яму з аўтобуса, што яе звінавачваюць у нанясенні цялесных пашкоджанняў нейкаму Віктару Віктаравічу Осіпаву.

У 18.00 на Кастрычніцкай плошчы павінна была прайсці акцыя салідарнасці з арыштаванымі актывістамі не прызнанага ўладамі Саюза палякаў і беларускімі палітзняволенымі.

Па словах Сяргея Грыца, на плошчы было шмат людзей у цывільным, якія дзейнічалі па старой схеме і перашкаджалі журналістам асвятляць падзеі, прычым надзвычай жорстка - захіналі аб'ектывы, хапалі за оптыку. Прычым, па ўражаннях С. Грыца, гэтым разам «апекуноў» было яшчэ больш — па 5–7 чалавек у цывільным на аднаго журналіста.

Паводле сайта «Хартыі-97», людзі ў цывільным патрабавалі, каб журналісты прад'явілі дакументы, але не паказвалі пры гэтым сваіх пасведчанняў.

Сітуацыю пракаментавала старшыня БАЖ Жанна Літвіна: «Перашкоды дзейнасці журналістаў працягваюцца. Міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў не так даўно запэўніў журналістаў, што „паміж МУС і СМІ няма закрытых тэм і дзвярэй“. Дзверы зачыненыя, тэма забароненая, таму што шматразовыя звароты да міліцэйскага кіраўніцтва застаюцца без адказаў па сутнасці.

Мы спрабавалі прытрымлівацца працэдуры і наладзіць з Міністэрствам унутраных спраў дыялог праз кіраўніка Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Святлану Бароўскую. На сённяшні дзень усё скончылісчя парадай звярнуцца ў МУС у пісьмовым выглядзе. У чарговы раз БАЖ накіраваў зварот міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову. У лісце кіраўніцтва БАЖ дабіваецца магчымасці асабіста давесці міністру сваю пазіцыю наконт узаемадачыненняў МУС і журналістаў і захадах, якія мусяць спыніць парушэнні заканадаўства аб СМІ з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Так працягвацца далей не можа. Няўжо замест дыялогу ўнутры краіны  размова магчымая толькі тады, калі прымяняюцца жорсткія санкцыі?..

Паўтарэнне гэткіх прыкрых сітуацый і цынізм паводзінаў прадстаўнікоў праваахоўных органаў у дачыненнях з прэсай не могуць не выклікаць абурэння. Гэта ў чарговы раз ставіць пад сумнеў тое, што наша краіна — прававая дзяржава.»

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international