Рэдакцыя недзяржаўнай газэты “Згода” атрымала папярэджаньне ад міністэрства інфармацыі

2005 2005-11-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 лістапада рэдакцыя недзяржаўнай газэты “Згода” атрымала папярэджаньне ад міністэрства інфармацыі. Выданьне абвінавачваюць у пашырэньні зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле міністэрства інфармацыі, зьнявага ўтрымліваецца ў шэрагу публікацый і каляжаў, надрукаваных у некалькіх нумарах “Згоды”.

Галоўны рэдактар газэты Аляксей Кароль патлумачыў радыё Свабода, якія менавіта публікацыі зьявілася падставай для папярэджаньня: “У нас быў каляж з мапай краінаў СНД, і на месцы, дзе была Беларусь, не было падпісана, што гэта Беларусь, а зьмяшчаўся твар, падобны да твару прэзыдэнта Беларусі. Што да тэкстаў, то было інтэрвію са мной пра рэвалюцыю 1905 году. Там быў такі загаловак – гэта была фраза з інтэрвію – "Жывучы ў лукашэнкаўскай Беларусі, я лепш разумею падзеі 1905 году". І вось гэты загаловак гэтаксама трактаваны, як інфармацыя, якая абражае гонар прэзыдэнта”.

Папярэджаньне за подпісам міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча датаванае 9 лістапада, аднак яно прыйшло па пошце праз два дні. Галоўны рэдактар "Згоды" Аляксей Кароль зьвяртае ўвагу на тое, што большасьць публікацый, згаданых у папярэджаньні, ужо фігуравалі ў адміністрацыйных справах супраць яго і спадара Здвіжкова. У верасьні іх аштрафавалі на 100 базавых велічыняў кожнага за распаўсюд праз СМІ зьневажальных для прэзыдэнта зьвестак. Галоўны рэдактар “Згоды” будзе абскарджваць папярэджаньне міністэрства інфармацыі ў судзе, тым самым ён хоча прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі: “Увесь гэты накат, які асабліва абазначыўся на апошнім тыдні, з 4 да 9 лістапада, ён адбываецца ў рэчышчы агульнай палітыкі расчысткі інфармацыйнага поля ад выданьняў, якія нясуць у сабе незалежную аб’ектыўную інфармацыю. Гэта падрыхтоўка на дальніх прыступках да прэзыдэнцкіх выбараў. Падводзіцца відавочна база, каб ліквідаваць усякае вольнае слова”.

Паводле намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, з фармальнага пункту гледжаньня тут можа ўзьнікнуць пытаньне, што да тэрміну, калі было вынесенае папярэджаньне, паколькі суд у гэтай справе адбыўся значна раней за вынясеньне папярэджаньня: “Калі мы ня будзем фармалістамі, то пабачым, што гэта ўсё з той сыстэмы мераў, якія зараз прымаюцца беларускімі ўладамі ў дачыненьні да незалежнай прэсы – гэта і блякаваньне распаўсюду, і перасьлед у тым ліку праз суды, і адміністратыўныя меры”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international