Суды над кіраўніцтвам СПБ: арышты і штрафы

2010 2010-02-15T19:06:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/piket1.jpg

Сёньня ў Горадні і Валожыне судзілі кіраўнікоў не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. Кіраўніцу СПБ Анжаліку Борыс суд аштрафаваў на 1 мільён 50 тысяч рублёў. На пяць сутак арыштаваныя Ігар Банцар, Андрэй Пачобут і Мечыслаў Яскевіч. Суд прызнаў іх удзельнікамі несанкцыянаванага мітынгу, які адбыўся днямі ў Горадні ў падтрымку івянецкіх палякаў.

У Валожыне ж адбылося папярэдняе судовае паседжаньне паводле пазову афіцыйнага Саюзу палякаў на чале з Станіславам Сямашкам да Тэрэсы Собаль, якая кіруе ў Івянцы аддзелам СПБ і кіравала Домам польскім, пакуль яго не апячаталі судовыя выканаўцы. Былі выслуханы хадайніцтвы з боку адказчыка — аб выкліку сьведкаў у судовае паседжаньне, аб правядзеньні дадатковага вопісу маёмасьці, што ў Доме польскім. Перад судом сабраліся прыхільнікі Тэрэсы Собаль, журналісты. Але даехалі ня ўсе, мноства машын затрымалі міліцыянты, якіх было нямала і каля суду.

Тэрэса Собаль кажа, што ўпершыню была ў судзе і што распавяла пра Дом польскі ў Івянцы тое, што палічыла патрэбным. З боку пазоўніка — праўладнага Саюзу палякаў у судзе былі Мечыслаў Лысы зь Менску і Станіслаў Бурачэўскі з Івянца.

Собаль: “Было відаць, што Мечыслаў Лысы і Станіслаў Бурачэўскі прыйшлі пераможцамі — забраць дом і ўсё. І хлусілі, што я не падпарадкоўваюся. А яны ж увогуле не прыходзілі — каму я магла яго аддаць? Вельмі ўдзячная, што амбасада падала сустрэчны пазоў, што хоча сваё ўсё абсталяваньне забраць”.

Тэрэса Собаль удакладніла, што ў Доме польскім у Івянцы ёсьць маёмасьць, пазычаная ў польскай амбасады ў Менску. Гэта — мэбля, узмацняльная апаратура, мікрафоны, кнігі.

Адвакат Аляксандар Галіеў зазначае, што Дом польскі належыць грамадзкаму аб’яднаньню “Саюз палякаў Беларусі” і быў набыты на сродкі “Вспульноты польскай”. Аднак ён удакладняе:

“Мы лічым, што Тэрэса Собаль сапраўды зьяўляецца старшынёй івянецкага аддзелу Саюзу палякаў, прычым яна абраная законна, адрозна ад трэцяй асобы ў дадзеным пазове — Бурачэўскага”.

Пазоўная заява называецца “Аб ухіленьні перашкодаў у праве карыстаньня”. У афіцыйным Саюзе лічаць, што Тэрэса Собаль своечасова ня вызваліла Дом польскі ў Івянцы. Аднак сёньня будынак апячатаны, і на яго накладзены судом арышт. Адвакат Аляксандар Галіеў кажа:

“У прасіцельнай частцы пазоўнай заявы, якая накіравана Саюзам палякаў Беларусі і падпісана Сямашкам, гаворыцца: абавязаць грамадзянку Собаль вызваліць самавольна занятае ёю памяшканьне. І другое — спагнаць з адказчыка выдаткі на дзяржпошліну — 105 тысяч рублёў”.

Аднак Тэрэса Собаль ня мае сёньня доступу ў Дом польскі. Адвакат дадае:

“Яна там не знаходзіцца, не жыве. І ня могуць нашыя пазоўнікі — Лысы і Бурачэўскі сфармуляваць — якім чынам ім перашкаджалі ўвайсьці ў гэты дом, хто перашкаджаў? Адказу на гэтыя пытаньні мы дагэтуль не атрымалі”.

Сама Тэрэса Собаль пасьля суду выказала ўдзячнасьць людзям, якія прыехалі яе падтрымаць:

“Калі я выйшла, то сапраўды адчула падтрымку людзей, якія прышлі да суду. Я вельмі і вельмі ім удзячная. Людзі былі з Горадні, зь Менску, зь іншых гарадоў, зь Івянца бабулькі з кіёчкамі былі. У нас там людзі застрашаны моцна, што страцяць працу. Калі я выйшла, выгукалі “сто лят!”, і столькі было знаёмых і незнаёмых людзей. Там яшчэ з Горадні затрымалі карэспандэнтку і арыштавалі аўтамабілі — іхнія і нашы таксама. І ім сказалі, што не адпусьцяць, пакуль Бурачэўскі не даедзе дадому”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international