Выбарчы марафон: лічбы і тэндэнцыі тыдня мінулага

2010 2010-02-14T11:12:28+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тыдзень пачаўся з падвядзення вынікаў фармавання акруговых камісій па выбарах у абласныя Саветы дэпутатаў і Менгарсавет і правядзення першых нарадаў гэтых камісій. На працягу тыдня абагульнялася інфармацыя пра судовыя адмовы ў задавальненні скаргаў на неўключэнне ў  тэрытарыяльныя  выбаркамы, а тым часам палітычныя партыі ўжо накіроўвалі ў суды новыя скаргі - на адхіленне кандыдатур сваіх прадстаўнікоў, вылучаных у склад акруговых камісій. Мясцовыя органы ўлады тым часам вызначаліся з месцамі, дзе прэтэндэнтам у кандыдаты будзе забаронена праводзіць пікеты з мэтай збору подпісаў.

 

Фармаванне акруговых камісій: лічбы і ацэнкі

Згодна з Каляндарным планам, 8 лютага скончыўся чарговы этап выбарчай кампаніі – фармаванне акруговых выбарчых камісій па выбарах у абласныя Саветы дэпутатаў і Менгарсавет. Паводле афіцыйнай інфармацыі, усяго ў склад 367 акруговых камісій уключаны 4 542 чалавекі, з іх 828 (18,2%) - прадстаўнікі працоўных калектываў, 1 955 (43,0%) - грамадскіх аб'яднанняў, 301 (6,7%) - палітычных партый, а 1 457 чалавек (32,1%) вылучаліся грамадзянамі шляхам збору подпісаў.  
У склад амаль кожнай акруговай камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Грамадскага аб'яднання "Белая Русь" (319) і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (332), 218 – ад Беларускага саюза жанчын, 225 - Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў і больш за ўсіх вулучэнцаў уключана ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі -- 701.

Адносна прадстаўніцтва палітычных партый у акруговых камісіях лічбы размеркаваліся наступным чынам: прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі – 175, Беларускай аграрнай партыі -- 19, ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў склад акруговых камісіяў увайшлі 16 чалавек, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 12, ад Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды – 5, ад Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі – 3. Апазіцыйныя партыі атрымалі ў камісіях 72 месцы, у тым ліку: 48 чалавек - прадстаўнікі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 14 - Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 6 - Партыі БНФ, 3 - Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, 1 - ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).  

Каментуючы сітуацыю з вылучэннем ад партыяў, сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік акцэнтаваў увагу на большай актыўнасці партый не толькі ў Менску, але па ўсёй Беларусі ў параўнанні з папярэднім этапам: “Палітычныя партыі накіравалі 468 прадстаўнікоў, што складае 8,5% ад агульнай колькасьці вылучэнцаў. А ў тэрытарыяльныя камісіі партыі прапанавалі ўсяго 149 чалавек - 1,1% ад агульнай колькасьці вылучэнцаў”. Старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына з гэтай нагоды зазначыла наступнае: "У нас такога партыйнага аншлага не было вельмі даўно, нават у апошніх парламенцкіх выбарах рабілі спробы прыняць удзел не больш за 8-9 палітычных партый. Цяпер - 13. Праўда, на жаль, не ўсе яны аказаліся гатовы (да ўдзелу ў выбарчай кампаніі)”.

Што датычыць ацэнак вынікаў фармавання акруговых камісій з боку палітычных партый, то яны ў большасці не ўбачылі вялікага прагрэсу ў пытанні лібералізацыі выбарчага працэсу. Так, па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, партыя падавала “тэставую колькасць” прадстаўнікоў у акруговыя камісіі, і з іх прайшлі толькі чацьвёртая частка. У інтэрв’ю “Радыё Свабода” палітык заявіў, што “гэта азначае, што ўлада зноў праігнаравала людзей, якія па ўсіх параметрах прыдатныя да працы ў акруговых выбарчых камісіях”.   

Кіраўнік Гарадзенскай абласной партыйнай арганізацыі БСДГ Віктар Сазонаў выказаў меркаванне, што “некалькі чалавек уключылі хіба толькі дзеля таго, каб партыя зараз не абвясьціла (а мы ўжо гатовыя былі гэта зрабіць) пра няўдзел у выбарах”.

Партыя БНФ з “насцярожаным аптымізмам” расцаніла вынікі фармавання акруговых камісій, у прыватнасці -- у Менску, дзе з 18 прапанавых партыяй і ГА БНФ “Адраджэньне” прадстаўнікоў у склад сталічных камісіяў увайшлі 2 ад Партыі БНФ і 4 ад грамадскага аб’яднання. “Рухам у патрэбным накірунку” ахарэктарэзаваў вынікі дадзенага этапу выбарчай кампаніі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, адзначыўшы, што ў цэлым абласная арганізацыя задаволеная тым, што ў чацвярых сяброў партыі атрымалася патрапіць у акруговыя выбарчыя камісіі. “Ідэальны варыянт - калі б у камісіі патрапілі ўсе 15 кандыдатаў ад партыі. Аднак трэба быць рэалістам. На мінулых выбарах у мясцовыя Саветы ў тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіях не было ні аднаго нашага прадстаўніка”, - сказаў К. Смолікаў.

Найбольшае прадстаўніцтва ў акруговых камісіях з апазіцыйных палітычных партыяў атрымалі сябры партыі левых "Справядлівы свет" (48), у тым ліку ў Менску – 4 (прадстаўнікі вылучаліся ва ўсе 9 камісіяў). Намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў лічыць, што гэтай колькасці недастаткова, але гэта лепш, чым нуль. Бо на мінулых мясцовых выбарах ад партыі левых у склад камісій не патрапіў ніводзін кандыдат.

 

Ад грамадскага сектару вылучыліся дзяржслужбоўцы
Згодна арт.34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, “дзяржаўныя служачыя не могуць складаць болей адной трэці складу камісіі”. Калі паглядзець афіцыйныя дадзеныя, то з 4 542 чалавек, уключаных у склад акруговых камісій па краіне, дзяржслужачыя складаюць не такую ўжо і вялікую частку -- 527 чалавек. Здавалася б, норма закону выконваецца, але ў сапраўднасці гэта не зусім так.

Інфармацыі ад назіральнікаў з розных рэгіёнаў краіны дазваляе зрабіць выснову пра тое, што пры фармаванні акруговых камісіяў выкарыстоўваліся хады, апрабаваныя падчас папярэдняга этапу – калі дзяржслужбоўцы вылучаліся ў камісіі шляхам падачы заяваў ад грамадзянаў або ад партый ці грамадскіх аб’яднанняў, і запаўнялі якраз гэтую квоту. А калі ўлічыць, што дзяржвыданні, якія публікавалі персанальны склад камісіяў, размяшчалі толькі звесткі аб способе вылучэння, не даючы інфармацыі пра месцы працы сяброў камісіяў, то становіцца зразумелым – навошта гэта. Проста каб немагчыма было праверыць на справе, ці з’яўляюцца сябры камісіі дзяржаўнымі служачымі, ці не. Адпаведна, з апублікаваных дадзеных па ўсёй краіне аказалася немагчымым вызначыць, ці выканана ўказаная вышэй норма закона. Аднак у многіх рэгіёнах назіральнікі змаглі сабраць інфармацыю, дзе працуюць такія “прадстаўнікі грамадскасці”.

Так, у акруговых камісіях Гомеля 39 прадстаўнікоў розных прафсаюзаў. Напрыклад, праз сяброўства ў “Беларускім прафесійным саюзе работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў” у камісіі прыйшла большасць намеснікаў старшынь раённых адміністрацый горада. А адзін з іх - намеснік старшыні адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Мікалай Малы - прадстаўлены ў камісіі Уладзімірскай акругі № 11 як сябра грамадскай арганізацыі воінаў-афганцаў. Варта адзначыць, што пасля абрання кіруючага складу узгаданай акруговай камісіі адзін з яе сябраў, прадстаўнік АГП Леанід Судаленка, звярнуўся да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з асабістым  меркаваннем  наконт неабходнасці адмяніць рашэнне  камісіі ў частцы абрання старшыні, намесніка  і сакратара. У якасці аргументаў Л.Судаленка даводзіць, што абранне старшыні, намесніка і  сакратара выбарчай камісіі з ліку супрацоўнікаў  адміністрацыі Савецкага раена, якія з'яўляюцца дзяржслужачымі, парушае  прынцып незалежнасці камісіі ад дзяржаўных органаў. Таксама ён ставіць пытанне пра сапраўдную колькасць дзяржслужбоўцаў у складзе камісіі, паколькі на паседжанні не былі агучаныя месцы працы усіх яе сябраў.

Яшчэ адзін паказальны прыклад прывялі назіральнікі з Віцебшчыны. Там кіраўніцтва акруговай выбарчай камісіі Ліозненскай выбарчай акругі №15 па выбарах у Віцебскі абласны Савет складаецца з 3 чалавек: старшыні Пятра Варом’ева (ад абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў), яго намесніцы Марыі Казакевіч (ад абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын") і сакратара Вольгі Картаўневай (ад абласной арганізацыі “Беларускага прафсаюзу работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў”). Звернем увагу на месцы працы гэтых “прадстаўнікоў грамадскага сектару”. П. Варом’еў, цяперашні пенсіянер, яшчэ два гады таму быў адным з намеснікаў старшыні Ліозненскага райвыканкама. М. Казакевіч займае пасаду начальніка аддзела культуры, а В. Картаўнева - галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай працы таго ж райвыканкама. І назіральнікі канстатуюць, што гэта не адзіныя сябры камісіі, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі выканаўчай улады ці ідэолагамі.  Так,   Уладзімір Сакалоў, вылучаны ў камісію ад абласной арганізацыі КПБ, з'яўляецца начальнікам аддзела  занятасці насельніцтва і працоўных  адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ліозненскага райвыканкама. Іван Кастэнка, вылучаны ад абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", працуе ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе "Ліозненскі лясгас" намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы.

Такім чынам, шляхі фармальнага забеспячэння нормы Выбарчага кодэксу аказаліся вельмі простымі, і ў выніку - акруговыя камісіі паўсюдна кантралююца выканаўчымі ўладамі.  

 

Суды падтрымліваюць рашэнні мясцовых уладаў
Як паказалі судовыя працэсы па абскарджанні адхіленняў кандыдатур вылучэнцаў у выбарчыя камісіі, палітычным партыям ды іншым суб’ектам бессэнсоўна чакаць плёну і яшчэ ад аднаго новаўвядзення ў выбарчым заканадаўстве. Завяршыліся суды па скаргах палітычных партый і грамадзянаў, якія аспрэчвалі адмовы ва ўключэнні сваіх вылучэнцаў у тэрытарыяльныя камісіі, і рашэнні паўсюдна аднолькавыя – адмовіць.

Суддзя Барысаўскага суда Вольга Абрамовіч адхіліла скаргу на рашэнне прэзідыума Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў і Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта па фармаванні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. У скарзе ўтрымлівалася просьба прызнаць гэта рашэнне незаконным, паколькі фармаванне камісіі прайшло пры адсутнасці грамадскага кантролю. Аўтары скаргі прасілі  абавязаць прэзідыум Барысаўскага раённага Савета  дэпутатаў і Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне пра фармаванне раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з уключэннем у яе Марыны Статкевіч як прадстаўніка грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Суддзя Абрамовіч адмовіла ў задавальненні скаргі, назваўшы прычыну: скаргу падалі ад свайго імя толькі двое грамадзян, якія вылучылі Марыну Статкевіч у склад камісіі, а не ўсе дзесяць.

Суд Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці падтрымаў рашэнне мясцовых уладаў, якія не ўключылі прадстаўніка партыі “Справядлівы свет” Валянціна Яўзрэзава ў раённую выбарчую камісію. Суддзя Святлана Рубахава пастанавіла, што апазіцыянер не атрымаў месца ў камісіі на абсалютна законных падставах, паколькі Выбарчы кодэкс не вызначае, што ў выбарчую камісію трэба ўключаць прадстаўнікоў менавіта апазіцыйных партый.

У Гародні прайшлі паседжанні Гарадзенскага абласнога суда па скарзе БСДП, якая аспрэчвала неўключэнне Віктара Сазонава ў Гарадзенскую абласную выбарчую камісію, і суда Ленінскага раёна Гародні па скарзе Партыі БНФ на неўключэнне Вадзіма Саранчукова ў Гарадзенскую гарадскую выбарчую камісію. Суды адмовілі ў задавальненні скаргаў, спасылаючыся на тое, што трэцяя частка камісій сфармавана з палітычных партый і грамадскіх арганізацый. У тым, што кандыдатуры прадстаўнікоў Партыі БНФ і БСДГ нават не абмяркоўваліся, суды не ўбачылі парушэнняў.
І хаця, зыходзячы з вынікаў ранейшых судовых разглядаў, спадзяванняў на тое, што судовае рашэнне зменіць сітуацыю, Гарадзенская абласная арганізацыя партыі БСДГ накіравала ў абласны суд дзве скаргі на неўключэнне сваіх прадстаўнікоў Віктара Парфёненкі і Уладзіміра Хільмановіча ў склад акруговых выбарчых камісій. Гарадзенская абласная арганізацыя АГП таксама абскардзіла ў абласны суд і прасіла перагледзець вынікі фармавання акруговых выбаркамаў. Партыя палічыла незаконным неўключэнне ў склад камісій па розных акругах чатырох сваіх прадстаўнікоў - Ірыны Какарэка, Аляксандра Барадаўкіна, Івана Крука і Мікалая Уласевіча.

Дарэчы, высветлілася, што старшыня ЦВК не валодае поўнай інфармацыяй адносна абскарджання ў судовым парадку адмоваў ва ўключэнні ў скалад камісіяў. Так, 12 лютага ў Магілёве падчас семінару-нарады са старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, начальнікамі аддзелаў арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай працы рай- і гарвыканкамаў Магілёўскай вобласці Лідзія Ярмошына заявіла, што ў Магілёўскай вобласці не паступіла ніводнай скаргі адносна парадку стварэння выбарчых камісій. Разам з тым, па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, у Магілёўскай вобласці вядомы як мінімум адзін факт падачы скаргі ў суд прадстаўнікамі руху БНФ “Адраджэнне” па абскарджванню рашэння аб неўключэнні іх прадстаўніка ў склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі -- актывіста Сяргея Фаміна.

 

Узмацненне на ідэалагічным фронце

Па меры таго, як набірае хаду выбарчая кампанія, друкаваныя органы мясцовых уладаў пачынаюць ідэалагічную “апрацоўку” насельніцтва.
Па старой традыцыі пачала “падрыхтоўваць” электарат  да мясцовых выбараў гарвыканкамаўская газета “Бабруйскае жыццё”. Пакуль уладам невядомыя імёны прадстаўнікоў дэмсілаў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, афіцыйная “крытыка” носіць абагульняючы характар. Так, напрыклад, у артыкуле Аляксанда Цімафеева “А песни-то старые” аўтар тлумачыць гараджанам, чаму “диванные” партыі не вераць у гэтыя выбары. Па версіі супрацоўніка газеты, яны папросту не маюць шанцаў на перамогу, бо ў іх нізкая папулярнасць і яны не жадаюць прымаць удзел у палітычным жыцці краіны.  Рэгіянальныя назіральнікі адзначаюць, што газета “Бабруйскае жыццё” падчас апошніх выбараў у парламент пастаянна друкавала артыкулы з паклёпамі і абразамі ў бок кандыдатаў ад дэмсілаў. Тады рупар гарвыканкама “прайшоўся” не толькі па саміх кандыдатах, але і па іх сем'ях.

Баранавіцкая газета “Наш край” 9 лютага надрукавала артыкул “У идеологов – пополнение” пра прызначэнні новых ідэалагічных работнікаў на прамысловыя прадпрыемствы горада. Газета паведамляе, што Баранавіцкі гарвыканкам даў згоду на назначэнне Івана Пучко на пасаду намесніка дырэктара па персаналу, рэжыму і ідэалагічнай рабоце аўтаагрэгатнага завода. Некалькі дзён да гэтага недзяржаўная газета “Intex-press” паведаміла, што 3 лютага на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе адбыліся хваляванні рабочых, якія былі незадаволены нізкімі заробкамі. Такім чынам, падчас выбараў у мясцовыя Саветы Баранавіцкі гарвыканкам вырашыў узмацніць ідэалагічныя кадры, каб не дапусціць падобных хваляванняў.

Магілёўскі гарадскі ідэалагічны актыў зоймецца ідэалагічнай працай з выбаршчыкамі падчас шырокай “інфармацыйнай” кампаніі “Краіна напярэдадні выбараў”. Ініцыятары і выканаўцы кампаніі -- аддзелы ідэалагічнай працы Магілёўскага гарвыканкама, гарадскога інфармацыйна-ідэалагічнага цэнтра і ГА “БРСМ”. Ідеолагі плануюць правядзенне інфармацыйных гадзін, сустрэч з членамі выбарчых камісій, кандыдатамі ў дэпутаты, выкладчыкамі ВНУ. Таксама прадугледжана распрацоўка інфармацыйных матэрыялаў і памятак для выбаршчыкаў, арганізацыя інфармацыйных куткоў і выставаў. Вынікі гэтых мерапрыемстваў будуць правераныя падчас анкетавання “Я - выбаршчык”, якое мае на мэце “вывучэнне выбарчай культуры і электаральных паводзінаў моладзі”. І ў дадатак да ўсяго – маладзёжны марафон ад БРСМ - “Тваё жыццё – твой выбар!”.
Тым часам кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік падчас пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама не прамінуў нагадаць пра асаблівую адказнасць педагагічнага корпуса за правядзенне набліжаючыхся выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэты напамін губернатара ўтрымліваецца і ў артыкуле “Труд педагога все более значим”, апублікаваным у №14 газеты “Магілёўскія ведамасці”.

 

Дазволена паўсюль, дзе не забаронена
Згодна з каляндарным планам, да 12 лютага мясцовыя ўлады павінны былі вызначыць месцы, забароненыя для  пікетавання з мэтай збору подпісаў для вылучэння выбаршчыкаў. Як паказала практыка, гэта палажэнне чыноўнікі розных узроўняў трактавалі па-свойму, і пешай у гэтай справе была старшыня Цэнтральнай камісіі. Яшчэ 1 лютага падчас прэс-канферэнцыі ў Менску Л.Ярмошына заявіла, што мясцовыя ўлады павінны  вызначыць месцы для правядзення пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Прадстаўнікі кампаніі “Проваабаронцы за свабодныя выбары” не маглі пакінуць без увагі словы старшыні ЦВК, паколькі яны супярэчаць артыкулу 61 Выбарчага кодэкса, дзе адназначна напісана: “збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетавання. І атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для ўказаных мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, якія не забароненыя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі”.
Таму, паводле заканадаўства, павінны вызначацца месцы забароненыя для пікетавання, а не месцы для правядзення пікетаў, як пра тое казала старшыня Цэнтральнай камісіі. Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч пракаментаваў выказванне Ярмошынай наступным чынам: “Можа атрымацца штучнае абмежаванне месцаў, дзе можна будзе збіраць гэтыя подпісы. Напрыклад, выканкамы вызначаць тры такія месцы, а ў астатніх, адпаведна, ужо будзе нельга праводзіць пікетаванне. Выканкамы павінны дзейнічаць, як таго патрабуе заканадаўства, і вызначыць месцы, дзе пікетаванне з мэтай збору подпісаў будзе забаронена. У астатніх месцах яно павінна дазваляцца”.
Як паказаў час, старшыня Цэнтральнай камісіі падцягнула свае веды Выбарчага кодэкса.  10 лютага яна ўжо заявіла, што калі ў мясцовых ўладаў да 14 лютага (пачатак вылучэння кандыдатаў) не з’явяцца спісы месцаў, дзе забаронена праводзіць пікеты, гэта будзе азначаць, што пікетаванне дазволена ўсюды.

Аднак мясцовыя ўлады не прымусілі сябе чакаць і склалі спісы, як кажуць, на ўсе выпадкі жыцця. Так, напрыклад, выканкам райцэнтра Пружаны, што на Берасцейшчыне, зацвердзіў дакумент № 141 "Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў". І без таго шырокі пералік дадзеных месцаў завяршаецца пунктам, які забаране збіраць подпісы “у іншых месцах, дзе правядзенне пікета створыць перашкоды руху транспарту, пешаходаў і нармальнаму функцыянаванню арганізацый і ўстаноў”. Фактычна гэты пункт “высяляе” пікетоўшчыкаў у бязлюдныя месцы. Каментуючы журналістам такое “вынаходніцтва” мясцовых уладаў, сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік назваў падобныя забароны няправільнымі, паколькі пад гэты пункт можна падвесці любое месца. Ён нават абяцаў падчас візіту ў Брэст узняць гэтае пытанне. Але ёсць адзін нюанс: Цэнтральная камісія не можа паўплываць на рашэнні мясцовых выканкамаў.  

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international