У акруговых камісіях Віцебшчыны ўсё пад кантролем

2010 2010-02-11T19:16:17+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нягледзячы на змены ў Выбарчым кодэксе, акруговыя выбарчыя камісіі знаходзяцца пад кантролем выканаўчай улады. Гэта сцверджанне лёгка правяраецца, калі звярнуць увагу на месцы працы сябраў нядаўна створаных акруговых выбаркамаў і, асабліва, іх кіруючага складу.

Так, кіраўніцтва акруговай выбарчай камісіі Ліозненскай выбарчай акругі №15 па выбарах у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў 26-га склікання складаецца з 3 чалавек: старшыні Пятра Варом’ева, яго намесніцы Марыі Казакевіч і сакратара Вольгі Картаўневай.

П. Варом’еў вылучаны ў камісію ад абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, М. Казакевіч - ад абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", В. Картаўнева - ад абласной арганізацыі прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў.

Здавалася б, вось - перамога дэмакратыі і вынікі лібералізацыі грамадскага жыцця. Аднак не будзем спяшацца з высновамі. Высветлім спачатку месцы працы і пасады гэтых грамадскіх дзеячоў раённага маштабу.

П. Варом’еў у цяперашні час на пенсіі. Аднак яшчэ два гады таму ён быў адным з намеснікаў старшыні Ліозненскага райвыканкама. М. Казакевіч займае пасаду начальніка аддзела культуры Ліозненскага райвыканкама. О. Картаўнева - галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы Ліозненскага райвыканкама.

І гэта не адзіныя сябры камісіі, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі выканаўчай улады ці ідэолагамі.

Так, сябра камісіі Уладзімір Сакалоў, вылучаны ў камісію ад абласной арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, з'яўляецца начальнікам аддзела  занятасці насельніцтва і працоўных  адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ліозненскага райвыканкама. Сябра камісіі Іван Кастэнка, вылучаны ад абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", працуе ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе "Ліозненскі лясгас" намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы.

Калі яшчэ ўлічыць, што ў камісіі працуюць кіраўнікі дзяржаўных арганізацый, такія як Н. Сержанкова, начальнік Ліозненскага  раённага  вузла паштовай сувязі, і  Раіса Манойла, дырэктар УА "Ліозненская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 2 з мастацкім ухілам", то большасць сябраў акруговай камісіі знаходзіцца ў прамым падначаленні ў мясцовай выканаўчай улады.

Калі зыходзіць з гэтых дадзеных, то акруговая выбарчая камісія Ліозненскай выбарчай акругі №15 па выбарах у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў 26-га склікання знаходзіцца цалкам пад дзяржкантролем.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international