viasna on patreon

Правы чалавека ў 2009 годзе: тэндэнцыі і ўплывы

2010 2010-02-09T10:08:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Неадназначна складвалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе, і гэты перыяд можна ахарактэрызаваць як час няспраўджаных надзеяў.

Найбольшы ўплыў на сітуацыю з правамі чалавека ў 2009 годзе аказваў знешнепалітычны фактар. Відавочна, што ўлады выбралі тактыку фармальнага зьмяншэньня колькасьці рэпрэсіўных дзеяньняў, бо гэтага патрабавала неабходнасьць падвышэньня міжнароднага іміджу, імкненьне палепшыць узровень палітычных ды эканамічных кантактаў з Еўрапейскім Саюзам і ЗША, падключэньне Беларусі да новых праграмаў з ЕС, у прыватнасьці, да “Усходняга партнёрства” і дыялогу па правах чалавека. У гэтым годзе была фактычна зламаная палітычная ізаляцыя беларускага дзяржаўнага кіраўніцтва: упершыню за многія гады краіну наведаў адзін з лідэраў заходніх краінаў – прэмъер-міністр Італіі Сільвіё Берлусконі ды еўрапейскія чыноўнікі высокага рангу – Генеральны сакратар Савету ЕС Хаўер Салана,  камісар ЕС Беніта Фэрэра-Вальднэр,  міністры замежных справаў Іспаніі Мігель Анхел Марацінас, Чэхіі -- Карэл Шварцанберг, Славеніі -- Самуэль Жбогар, Славакіі -- Міраслаў Лайчак, а сам А.Лукашэнка быў запрошаны ў Літву, Украіну, Італію і Ватыкан.

Вызначэньне афіцыйнага накірунку разьвіцьця краіны па разнастайных пытаньнях па-ранейшаму заставалася за А.Лукашэнкам.  Эканамічны крызіс паспрыяў павелічэньню значнасьці кантактаў з заходнімі краінамі, якія былі найбуйнейшай крыніцаю атрыманьня фінансавых крэдытаў праз МВФ. Доўгі час беларускія ўлады ігнаравалі крытыку еўрапейскіх краінаў па пытаньнях правоў чалавека і разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Падмуркам для такой абструкцыянісцкай пазіцыі была моцная эканамічная падтрымка беларускага рэжыму з боку Расіі ды адсутнасьць істотных рычагоў уплыву на беларускі рэжым з боку еўрапейскіх краінаў. Але ў апошнія два-тры гады эканамічная падтрымка з Расіі пачала імкліва скарачацца, і для захаваньня вельмі сумнеўнай  “беларускай мадэлі разьвіцьця” спатрэбіліся заходнія крэдыты, у сувязі з чым рэзка ўзрасла роля эканамічных кантактаў з еўрапейскімі дэмакратычнымі краінамі.

Эканамічная сітуацыя прымусіла беларускі рэжым шукаць саюзьнікаў там, дзе раней яны бачылі толькі непрыяцеляў. Пасьля “аранжавай рэвалюцыі” палітычныя кантакты паміж кіраўніцтвам Украіны і Беларусі былі зьведзеныя да мінімуму. Беларускія афіцыйныя СМІ паказвалі палітычныя і эканамічныя рэформы, якія праходзілі ва Украіне, толькі ў негатыўным сьвятле. Больш таго, беларускі рэжым яшчэ больш абмежаваў дэмакратычныя свабоды ў Беларусі, каб не дапусьціць разьвіцьцё сітуацыі па ўкраінскім варыянце. Але ў апошнія гады ў суседняй Украіне, якая займае значна больш самастойную пазіцыю у стасунках з Расіяй, А.Лукашэнка ўбачыў магчымага стратэгічнага партнёра для сумесных палітычных ды эканамічных праектаў. 20 студзеня, сустракаючыся з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, А. Лукашэнка падзякаваў яго “за тую каласальную падтрымку, якую вы аказвалі на розных узроўнях, сустракаючыся з еўрапейцамі і амерыканцамі. Тое, што сёньня наладжаны дыялог паміж Беларусьсю і Захадам, у гэтым ёсьць і вашая заслуга”. Ён адзначыў, што абодва бакі могуць прапанаваць “шэраг праектаў, якія цікавяць Еўропу… Такіх праектаў ужо сёньня больш за дзесятак”.

У лютым Беларусь наведаў Генеральны сакратар Савету ЕС Хаўер Салана. Падчас гэтай сустрэчы А.Лукашэнка выклаў сваё бачаньне разьвіцьця стусункаў паміж Беларусьсю і ЕС: “Дыялог у выглядзе гандлю непазьбежны ў палітыцы, але непажаданы. Гэта непатрэбна”. Верагодна, меліся ўвазе абавязковыя ўмовы па паляпшэньні сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй, якія вылучыў ЕС для наладжваньня больш шчыльных эканамічных кантактаў з Беларусьсю. Таксама А.Лукашэнка прапанаваў, “каб у нашых стасунках мы пастараліся выключыць усялякіх пасярэднікаў, якія недабразычліва ставяцца да нашай краіны. Пасярэднікаў як у самой краіне, так і за яе межамі. А іх нямала”. 17 сакавіка ў сваім эмацыйным выступе А.Лукашэнка расшыфраваў, каго ён меў на ўвазе: “Калі б мы ўсё апублікавалі, як працуе апазіцыя ў Бруселі, Стразбургу, іншых еўрапейскіх сталіцах і ў Амерыцы, дык вы б жахнуліся… як толькі мы паспрабавалі дамовіцца з еўрапейцамі і працэс гэты пайшоў у патрэбным накірунку, дык гэта выклікала ў іх істэрыю… У іх ці па п’яні ці ад нейкай дуры ўсё гэта палезла праз вушы, праз іншыя месцы, праз усе дзіркі… Некаторыя вялікія дзеячы, якіх мы з турмаў павыпускалі, аж енчаць уголас што трэба патрабаваць ад уладаў, ад Лукашэнкі, душыць, цкаваць ў гэты час крызісу… Гэта страшная шкода, якую яны хочуць прынесьці нашай дзяржаве”.

Адначасова спрадвечны еўраскептыцызм беларускіх уладаў, традыцыйна зарыентаваных на Расію, зьмяніўся іншай рыторыкай. Апроч заўсёдных выказваньняў А.Лукашэнкі пра тое, што “Расія – наш традыцыйны саюзьнік, і мы ніколі ўбок ад Расіі ня сыйдзем”, загучалі іншыя сентэнцыі: “Беларусь – еўрапейская дзяржава, і нам не трэба гэта даказваць”, “Беларусь праводзць шчырую палітыку ў адносінах да ЕС”, «Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мы хацелі б мець самыя добрыя адносіны з нашым суседам -- Еўрапейскім Саюзам” і гэтак далей.

Упершыню за многія гады у 2009 годзе адчулася выразнае жаданьне беларускіх уладаў далучыцца да агульнаеўрапейскіх структураў. Зноў жа гэтыя зьмены можна тлумачыць спажывецкім падыходам беларускіх уладаў, якія такім чынам хацелі палепшыць палітычны імідж краіны і падвысіць узровень эканамічных стасункаў з ЕС. Гэта датычылася найперш праграмы ЕС з шасьцю постсавецкімі краінамі (Малдовы, Украіны, Грузіі, Арменіі, Азрбайджану і Беларусі) “Усходняе партнёрства”, дыялогу па правах чалавека ЕС с Беларусьсю, а таксама спробы аднавіць Беларусі статус спецыяльна запрошанай у Савеце Еўропы.

Беларусь і “Усходняе партнёрства”

Далучэньне Беларусі да праграмы “Усходняе партнёрства” абумаўлівалася ЕС некаторымі фактарамі дэмакратычнага характару. Напачатку студзеня 2009 году Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, дзе адзначалася, што “для значнага паляпшэньня адносінаў з ЕС” Беларусь павінна: 1. заставацца краінаю без палітзьняволеных; 2. гарантаваць свабоду СМІ; 3. працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаваньні выбарчага зканадаўства; 4. палепшыць умовы для працы няўрадавых арганізацыяў; 5. гарантаваць свабоду сходаў і палітычных асацыяцыяў.

Фактычна ўсе гэтыя патрабаваньні і гучалі пры абмеркаваньні магчымасьці Беларусі далучыцца да “Усходняга партнёрства”. Як тлумачыла ў студзені камісар ЕС Б.Ферэра-Вальднэр, “Усходняе партнёрства з’яўляецца нашай прапановай шасьці краінам з Усходу. Беларусь яшчэ сюды не ўваходзіць, таму што на самой справе існуе шмат засьцярогаў з прычыны яе дэмакратычнасьці. Для пяці астатніх краінаў прапанова ў прынцыпе сапраўдная, але толькі пасьля таго, як яны выканаюць тое, што мы ад іх хочам: гэта значыць, ня будуць парушаць свабоду сродкаў масавай інфармацыі, свабоду сходаў і шмат іншых рэчаў. Тады мы будем гатовыя зрабіць наступны крок. А наступны крок – гэта магчымасьць для кожнай з гэтых краінаў падпісаць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам”. У іншым інтэрвью Б.Ферэра-Вальднэр назвала далейшыя эканамічныя перспектывы: “Пасьля таго, як вашыя краіны ўвойдуць у СГА (Сусьветная гандлёвая арганізацыя), мы падпішам разнастайныя пагадненьні аб стварэньні паміж імі і ЕС зоны свабоднага гандлю. Мы хочам, каб у нас была сапраўдная эканамічная супольнасьць з нашымі суседзямі”.

Напачатку сакавіка Б.Ферэра-Вальдэнэр яшчэ раз патлумачыла пазіцыю ЕС адносна далучэньня Беларусі да праграмы “Усходняе партнёрства”: “Мы прапанавалі Беларусі ўдзельнічаць у ёй, але для гэтага павінны быць выкананыя шэраг умоваў. У першую чаргу – працягнуць дэмакратычныя працэсы. Мы бачым, што адбываюцца пэўныя зьмены, выйшлі на свабоду палітычныя зьняволеныя. Але мы павінны быць асьцярожнымі. Павінны пераканацца ў меркаваньні, што зьмены ўкараніліся, што ня проста прыймаюцца нейкія касьметычныя меры ці што яны толькі дэкларуюцца”. 

У канцы лютага старшыня камісіі Еўрапарламенту па сувязях з Беларусьсю Яцэк Пратасевіч заявіў, што існуюць розныя варыянты: як далучэньне Беларусі да “Усходняга партнёрства”, так і адсутнасьць яе ў складзе ўдзельнікаў. Як вырашыцца гэтае пытаньне, заявіў Я.Пратасевіч, шмат у чым залежыць ад самой Беларусі. 4 сакавіка выказаў сумнеў наконт удзелу Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” намесьнік міністра замежных спраў ФРГ па справах Еўропы Гюнтэр Глозер.

Такія асьцярожныя выказваньні еўрапейскіх палітыкаў мелі пад сабой падставу, паколькі мала што паказвала на сур’ёзнае жаданьне беларускіх уладаў пачаць працэс лібералізацыі ў краіне. У студзені адбыліся палітычна матываваныя прызывы ў войска  моладзевых лідэраў: Франака Вячоркі -- старшыні Моладзі БНФ, Івана Шылы – намесьніка старшыні “Маладога Фронту” і аднаго з кіраўнікоў арганізацыі Зьміцера Федарука. Усе яны мелі сур’ёзныя медыцынскія падставы для адтэрміноўкі службы ў войску, а іх прызыў адбываўся з ужываньнем гвалту і цынічным парушэньнем заканадаўства. У лютым у Менску былі гвалтоўна разагнаныя мірныя акцыі: 14 лютага – Дзень любові і 16 лютага – Дзень салідарнасьці. Пры тым, што нікога з удзельнікаў акцыяў не асудзілі, многія былі моцна зьбітыя пры затрыманьні і былі вымушаныя зьвярнуцца па медыцынскую дапамогу. 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя па сумнеўных падставах актывісты прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў. 12 лютага быў узяты пад варту моладзевы актывіст Арцём Дубскі, адзін з асуджаных у 2008 годзе па справе “14-ці” за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, а 23 лютага Максіму Дашуку, удзельніку гэтага ж працэсу, было прад’яўленае абвінавачваньне “ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня”; астатнія асуджаныя па “справе 14-ці” заставаліся абмежаванымі ў правах. На заснавальнікаў Партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, якія падалі дакументы на рэгістрацыю партыі, аказваўся моцны ціск з боку КДБ і дзяржаўных органаў улады. Па ўсёй краіне неабгрунтавана забаранялася правядзеньне мірных масавых мерапрыемстваў; за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях затрымліваліся без складаньняў пратаколаў грамадзкія актывісты ў Менску, Віцебску, Магілёве, Баранавічах, былі асуджаныя да штрафаў у Менску і Гомелі,. Заставаўся беспадстаўна невыязным з краіны старшыня АГП Анатоль Лябедзька, працягваліся абавязковыя праверкі пры перасячэньні мяжы праваабаронцаў Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча. Напачатку сакавіка не пусьцілі ў Беларусь прадстаўніцу Фонду імя Стэфана Баторыя Агнешку Камароўску і кіраўніка Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту ва Украіне Дэвіда Гамільтона.

Пры гэтым створаныя ў студзені па ініцыятыве беларускіх уладаў Грамадзка-кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта, Грамадзкі каардынацыйны савет у сферы масавай інфармацыі і Міжведамасная рабочая група для выпрацоўкі плану дзеяньня па разьвіцьці краінавага маркетынгу з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці не мянялі агульную сітуацыю татальнага кантролю ўладамі любых грамадзка-палітычных працэсаў.

Ацэньваючы разьвіцьцё сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, даволі рэзкую заяву ў гэты перыяд зрабіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларусьсю Яцэк Пратасевіч, які рашуча асудзіў гвалтоўны прызыў у войска моладзевых актывістаў. Таксама выказала вялікае засмучэньне адсутнасьцю бачнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. Часовы павераны ў справах ЗША Джанатан Мур напачатку сакавіка заявіў: “Той факт, што два былых палітычных зьняволеных – Аўтуховіч і Лявонаў – зноўку знаходзяцца пад сьледзтвам, нас вельмі непакоіць. Таксама мы не разумеем, чаму ў лютым былі разагнаныя мірныя дэманстрацыі. І, вядома, для Злучаных Штатаў застаецца нявырашаным пытаньне пра лёс амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зельцэра, які амаль год знаходзіцца ў Беларусі за кратамі. Ягоны стан здароўя нас вельмі непакоіць, мы неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць спадара Зельцэра з гуманных меркаваньняў, але гэта не было зроблена”.

Здавалася, што пытаньне пра ўступленьне Беларусь ва “Усходняе партнёрства” мае ўсё менш шанцаў на станоўчае вырашэньне, аднак вызначальнымі тут, на наш погляд, паслужылі два фактары.

Па-першае, нягледзячы на тое, што беларускія ўлады так і не прыступілі, як чакалася,  да відавочных рэформаў у грамадзка-палітычным жыцьці краіны, еўрапейскія палітыкі захавалі спадзеў на тое, што праз уцягваньне беларускіх уладаў у еўрапейскія праграмы ўдасца актывізаваць гэты працэс. Большасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў, а таксама палітычных партыяў таксама выказаліся за ўключэньне Беларусі ў гэтую праграму, сыходзячы, у асноўным, з тых жа меркаваньняў.

Па-другае, вялікі ўплыў на прыняцьцё станоўчага рашэньня аказаў фактар Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, на прызнаньні незалежнасьці беларускімі ўладамі якіх моцна настойвалі расійскія ўлады. Яшчэ напачатку году ў інтэрвью “Комсомольской правде” прэзідэнт Паўднёвай Асетыі Эдуард Какойты сказаў: “Лукашэнка кажа: я сваё слова стрымаю, абавязкова ў бліжэйшы час будзе прызнаньне. Мы на пахаваньні Алексія ІІ нефармальна сустракаліся: я, Багапш і Лукашэнка”. Але гэтыя рухі беларускіх уладаў, накіраваныя на прызнаьне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі не засталіся незаўважанымі і еўрапейскімі палітыкамі. Беніта Фэрэра-Вальдэнэр заявіла: “Нашая пазіцыя ў адносінах Паўднёвай Асетыі і Абхазіі вядомая і нязьменная – мы не прызнаем незалежнасьці гэтых краінаў. Калі ж Беларусь прызнае іхнюю незалежнасьць, гэта моцна сапсуе нашыя ўзаемаадносіны, затармозіць усе нашыя ініцыятывы па збліжэньні”. 23 лютага 2009 года Карл Шварцэнберг на паседжанні Рады ЕС заявіў, што прызнанне беларускім парламентам незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ўскладніць удзел Беларусі ва “Усходнім партнёрстве». 16 сакавіка Хаўер Салана таксама падцьвердзіў, што “ў далейшых адносінах Беларусі і ЕС вялікае значэньне будзе мець тое, як вырашыць Менск пытаньне прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. У адваротным выпадку адносіны арганізацыі і Менска будуць перагледжаныя”. Прызнаньня Беларусьсю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі не адбылося. А.Лукашэнка паабяцаў, што рашэньне будзе прынятае пазьней новым парламентам.

Расія таксама непакоілася, што паляпшэньне стасункаў шасьці былых постсавецкіх краінаў з ЕС праз уключэньне ў праграму “Усходняе партнёрства” зробіць іх больш незалежнымі, паставіць пад пытаньне новыя і старыя геапалітычныя праекты Расіі на постсавецкай прасторы  і яшчэ больш аддаліць шасьцёрку ад былой метраполіі. У інтэрвью газеце “Завтра” А. Лукашэнка адзначыў: “Трэба прызнацца, “Усходняе партнёрства” вельмі непакоіць кіраўніцтва Расіі. Мы ня раз абмяркоўвалі гэтую тэму з Дзьмітрыем Анатольевічам Мядзьведзвым. Мне здаецца, у вас не разумеюць, што значыць “Усходняе парнёрства”, лічаць яго антырасійскай ініцыятывай Захаду. Можа быць, там і ёсьць такі замысел. Але я вам дакладваю, сёньня мы гандлюем з Еўрапейскім Саюзам, і наш гандлёвы абарот роўны 47% і гадлёвы баланс с плюсам у наш бок… “Усходняе партнёрства” абяцае ў перспектыве “зону свабоднага гандлю”, для нас гэта агромністая выгада. Мы атрымліваем магчымасьць пазычаць ў банках, у якіх і вы пазычаеце. І мы ўжо атрымалі крэдыт ад МВФ, які ў некалькі разоў выгаднейшы за крэдыт ад нашай брацкай Расіі”. З гэтых выказваньняў выразна бачна, што ініцыятыву ЕС “Усходняе партнёрства” беларускія ўлады ацанілі як рэальны шанц узьняць гандлёва-эканамічныя стасункі з ЕС на іншы, больш высокі ўзровень, і дзеля гэтага беларускі бок гатовы быў нават ахвяраваць дадзенымі раней абяцаньнямі.

20 сакавіка Еўрасаюз уключыў Беларусь у праграму “Усходняе партнёрства”, праўда, А. Лукашэнку на саміце ў Празе 7 траўня, дзе падпісваліся ўстаноўчыя дакументы, еўрапейскія палітыкі бачыць не пажадалі. Хаця яму перадалі афіцыйнае запрашэньне, але негатыўныя выказваньні асобных палітыкаў – прэзідэнта Чэхіі Вацлава Клаўса, міністра замежных справаў Галандыі Максіма Ферхагена, які заявіў, што “калі краіны “Усходняга партнёрства” хочуць паўнавартасных адносінаў з ЕС, дык няхай паважаюць нашыя каштоўнасці, дэмакратыю і правы чалавека”, ды іншых прывялі да таго, што Беларусь у Празе прадстаўляў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Па выніках саміту ў Празе была прынятая устаноўчая дэкларацыя, у якой указвалася, што ініцыятыва “Усходняе партнёрства” будзе базавацца на адданасьці аснаватворным прынцыпам, уключаючы дэмакратыю, вяршэнства законаў і павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў. Таксама было заяўлена, што узровень удзелу Беларусі ва “Усходнім партнёрстве” залежыць ад прагрэсу дэмакратычных рэформаў у краіне. У прыватнасьці, Б. Ферэра-Вальднер адзначала, што “калі Беларусь зробіць выбар на карысьць рэформаў і большай адкрытасьці, ЕС гатовы даць пазітыўны адказ і дапамагчы Беларусі дзе толькі магчыма”. У сваю чаргу, у ліпені А.Лукашэнка, выступаючы на нарадзе з кіраўнікамі замежных установаў Беларусі, такім чынам вызначыў месца краіны ў гэтай праграме: “Беларусь уваходзіць ва “Усходняе партнёрства” ня просьбітам, а раўнапраўным удзельнікам. Ступень нашага ўдзелу, умовы нашай прысутнасьці ў праграме будуць вызначацца сыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, а не дзеля падзякі, што нас туды паклікалі… Дэмакратыі ў Беларусі ня меней, чым у судседзяў. Той дэмакратыі, якая паўсядзённа патрэбная простаму чалавеку і ягонай сям’і, а не балбатні за кошт замежных спонсараў”.

Сурьёзнай плямай на развіцьці праграмы “Усходняе партнёрства” з беларускім бокам з’явілася сітуацыя, якая паўстала пасля першага паседжаньня Форуму грамадзянскай супольнасьці, што прайшоў у лістападзе ў Бруселі. Форум, як пастаянны інструмент удзелу грамадзянскай супольнасьці ў праграме “Усходняе партнёрства”, было вырашана стварыць падчас адкрыцьця праграмы ўвесну ў Празе. Глава МЗС Швецыі К.Більдт, выступіўшы на Форуме, у чарговы раз запэўніў удзельнікаў, што супрацоўніцтва з краінамі “Усходняга партнёрства” будзе будавацца як на міждзяржаўным узроўні, так і на узроўні грамадзянскіх супольнасьцяў. З Беларусі на Форум былі запрошаныя прадстаўнікі 27 арганізацыяў, і пасьля вяртаньня ў Беларусь адная з беларускіх удзельніц – пасьпяховая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Тацяна Шапуцька (прадстаўляла “Малады Фронт”) была адлічаная з юрыдычнага факультэту універсітэту за ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Гэтае адлічэньне не засталося без увагі еўрапейскіх палітыкаў.

Дыялог ЕС і Беларусі па правах чалавека

У чарговай рэзалюцыі Еўрапарламенту ад 2 красавіка, дзе выказвалася занепакоенасьць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і былі выкладзеныя тыя пункты, якія Еўрапарламент лічыць неабходнымі вырашыць беларускім уладам за прадстаўленыя ім 9 месяцаў прыпыненьня санкцыяў, таксама выказвалася спадзяваньне, што ў найбліжэйшай будучыні пачнецца дыялог ЕС і Беларусі па правах чалавека.

Пра пачатак такога дыялогу Савет ЕС на ўзроўні міністраў юстыцыі краінаў ЕС абвясціў 6 красавіка. Дамоўленасьць па гэтым пытаньні з беларусім бокам была дасягнутая яшчэ падчас візіту Хаўера Саланы ў Менск 19 лютага і ягонай сустрэчы з  А. Лукашэнкам і міністрам замежных спраў С.Мартынавым. Савет ЕС адзначыў, што ”мэтай гэтага дыялогу, з аднаго боку, з’яўляецца абмеркаваньне пытаньняў правоў чалавека ў Беларусі і краінах ЕС, а з іншага – абмеркаваньне пытаньняў, якія ўяўляюць агульную цікавасьць для абодвух бакоў і пашырэньне дыскусіі па правах чалавека ў шматбаковым калектыўным органе”.

Вядома, што перад пачаткам дыялогу беларускія дыпламаты кансультаваліся з расійскім МЗС па тым, як вядзецца падобны дыялог паміж ЕС і Расіяй. У сваю чаргу, чэскія дыпламаты, якія арганізоўвалі гэты дыялог ад ЕС, у Менску сустракаліся з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і дэмакратычных апазіцыйных партыяў. Улічваючы, што такі дыялог не прадугледжвае ўдзел прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, пра ягоны зьмест мы можам меркаваць з афіцыйнага прэс-рэлізу прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі, у якім сказана: “16-17 чэрвеня ў Празе Еўрапейскі Саюз і Беларусь правялі першы раунд дыялогу па правах чалавека… На сустрэчы бакі мелі магчымасьць абмяняцца поглядамі адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і ў ЕС. У прыватнасьці,  бакі засяродзіліся на пытаньнях свабоды сходаў і аб’яднаньняў, абмяркоўваліся працоўныя правы, свабода выказваньняў і інфармацыі, свабода думкі, сумленьня і веравызнаньняў, барацьба з рознымі формамі нецярпімасьці і злачынстваў на глебе нянавісьці, правы мігрантаў і меншасьцяў, барацьба з гандлем людзьмі, абарона розных слабых групаў, сітуацыя ў турмах і выпраўленычых установах, а таксама сьмяротнае пакараньне”. Як вынікае з гэтага прэс-рэлізу, “бакі таксама абмеркавалі персьпектывы ўзнаўленьня стасункаў Беларусі з Саветам Еўропы”. Паміж бакамі дыялогу было дамоўлена, што такія сустрэчы будуць адбывацца як найменей раз на год.

Пакуль немагчыма казаць пра хуткую і бачную выніковасьць гэтага дыялогу, які мае хутчэй форму абмену думкамі, меркаваньнямі і занепакоенасьцямі без канкрэтных высноваў і дзеяньняў. Тым ня меньш, відавочна, што беларускі ўрад яшчэ раз атрымаў выразныя сігналы адносна тых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якія турбуюць міжнародную супольнасьць.

Беларусь і Савет Еўропы

Яшчэ ў красавіку 2009 года на сесіі Савета Еўропы Генеральны сакратар арганізацыі Тэры Дэвіс выказаўся за працяг дыялогу з урадам Беларусі, вітаючы дзеяньні ЕС у гэтым накірунку. Пытаньне ўзнаўленьня стасункаў Беларусі з Саветам Еўропы пачало даволі актыўна разьвівацца ў траўні-чэрвені. 26 траўня палітычны камітэт Парламенцкай асамблеі СЕ, выслухаўшы даклад сьпецыяльнага дакладчыка ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, прагаласаваў за вяртаньне парламенту Беларусі статуса спецыяльна запрошанага. У падрыхтаваным А.Рыгоні дакладзе былі ўказаныя канкрэтныя крытэрыі: “Мы просім, каб беларускімі уладамі былі зробленыя наступныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі краіны”. Мелася на ўвазе: свабода ў рэгістрацыі палітычных аб’яднанняў і рухаў, свабода СМІ, свабода выказваньня меркаваньняў, а таксама неабходнасьць увядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне і перагляд выбарчага заканадаўства. А.Рыгоні патлумачыў, што “ўвесь гэты працэс падлягае праверцы”, якую будуць ажыцьцяўляць палітычны камітэт ПАСЕ і падкамітэт па Беларусі пры ўдзеле як прадстаўнікоў беларускага парламенту, так і грамадзянскай супольнасьці. “У маім дакладзе ўстаноўлены тэрмін у адзін год для таго, каб праверыць рэалізацыю гэтых крокаў,” – адзначыў сьпецдакладчык.

8 чэрвеня Менск наведаў старшыня Камітэту міністраў СЕ, міністр замежных справаў Славеніі Самуэль Жбогар (з траўня па лістапад Славенія старшынствавала ў  Камітэце міністраў СЕ), візіт якога быў прымеркаваны да адкрыцьця інфармацыйнага цэнтру Савета Еўропы. Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі С.Мартынавым С.Жбогар сказаў, што дзеля таго, каб Беларусь у бліжайшай будучыні была прынятая ў Савет Еўропы, Славенія “будзе прыкладаць усе намаганьні, каб зьдзейсьніць гэтую мэту”. Ён спаслаўся на меркаваньне міністраў краінаў СЕ аб “вялікім прагрэсе Беларусі ў галіне дэмакратыі і павагі правоў чалавека”. С.Мартынаў ў адказ заявіў, што “сітуацыя з дэмакратычй і правамі чалавека ў Беларусі ніколькі ня горш чым у краінах-суседзях і краінах Еўрасаюзу”. Пра важнасьць для беларускіх уладаў узнаўленьня сувязяў з Саветам Еўропы сьведчыць і той факт, што у гэты ж дзень С.Жбогар быў прыняты А.Лукашэнкам. Падчас гэтай сустрэчы А.Лукашэнка заявіў: “Вы павінны быць абсалютна ўпэўненыя, што усё, што адбываецца ў стасунках з нашым заходнім партнёрам – Еўрапейскім Саюзам, гэта не разавае мерапрыемства з нашага боку, не нейкая там гульня – гэта зьдзяйсьненьне нашага даўняга стратэгічнага курсу”.

Сітуацыя развівалася так, што пытаньне з узнаўленьнем параламенту Беларусі статуса сьпезапрошанага ў ПАСЕ выглядала практычна вырашаным. 23 чэрвеня, выступаючы на сесіі Парламенцкай асамблеі СЕ, А.Рыгоні пералічыў станоўчыя крокі, зробленыя беларускімі ўладамі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, адзначыўшы, што палітыка ізаляцыі беларускіх уладаў не была плённай, і заклікаў вырашыць гэтае пытаньне станоўча для Беларусі. Аднак нечакана як для беларускай афіцыйнай дэлегацыі, так і для замежных прыхільнікаў дадзенай пазіцыі, выступіў дэпутат Хрыстас Пургурыдэс, былы дакладчык ПАСЕ па Беларусі, аўтар дакладу аб палітычных зьніклых у Беларусі, які прапанаваў вярнуць статус сьпецзапрошанага парламенту Беларусі толькі пасьля ўвядзеньня ў краіне мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў, які прадстаўляў на сесіі ПАСЕ парламент Беларусі, паспрабаваў выратаваць сітуацыю, адзначыўшы, што “адмена або мараторый -- умова  для ўступленьня ў арганізацыю, але не для наданьня статусу сьпецзапрошанага”. Але ў канчатковым выніку папраўка пра мараторый на сьмяротнае пакараньне была ўхваленая Парламенцкай Асамблеяй СЕ. Апроч гэтага, у прынятай рэзалюцыі дэпутаты заклікалі беларускія ўлады вызваліцыь усіх палітвязьняў, спыніць перасьлед актывістаў апазіцыі, спыніць прымусовы прызыў на вайсковую службу, скасаваць перашкоды пры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, правесьці рэформу выбарчага заканадаўства, дазволіць дзейнасьць незалежных медыя, дазволіць правядзеньне мірных акцыяў пратэсту.

Трэба сказаць, што ўлады Беларусі не даравалі Х.Пургурыдэсу правалу сваіх палітычных планаў, і дэпутату было адмоўлена ў атрыманьні беларускай візы ў лістападзе, калі ён зьбіраўся прыехаць на Беларускі еўрапейскі форум.

Беларусь і Расія

Актыўныя стасункі беларускіх уладаў з Захадам, пасьпяховасьць якіх залежала ад пастаўленых еўрапейцамі ўмоваў дэмакратызацыі беларускага рэжыму і захаваньня правоў чалавека, адбывался паралельна з ня меньш актыўнымі кантактамі беларускіх уладаў з кіраўніцтвам Расіі. Гэтыя стасункі ў асноўным датычыліся вырашэньня эканамічных праблемаў і як ніколі раней суправаджаліся эканамічнымі спрэчкамі і адпаведнымі дзяньнямі і каментарамі з двух бакоў. Хаця ніводнага разу паміж кіраўнікамі двух краінаў не вялося размоваў пра дэмакратыю ці правы чалавека, для нас гэтыя стасункі цікавыя з таго пункту гледжанья, што яны з’яўляліся вельмі істотным фактарам, які ўплываў на геапалітычны разварот беларускага кіраўніцтва ў бок ЕС.

Яшчэ у красавіку А.Лукашэнка заявіў, што ў Расіі “ болей несумленных адносінаў да нас”. Ён заклікаў беларускі ўрад “спыніцца поўзаць на каленях па іхніх кабінетах… Ня хочуць пускаць нас на свае рынкі – нам трэба шукаць іншыя вектары экспарту. Жыцьцё прымушае нас ісьці на іншыя рынкі”. 29  траўня падобныя ўказаньні паўтарыліся. На наступны дзень пасьля сустрэчы з У.Пуціным А.Лукашэнка заявіў: “Наступае іншы час. Не атрымліваецца ў Расіі, ня трэба кланяцца, ня трэба ныць і плакаць. Трэба шукаць сваё шчасьце ў іншай частцы планеты. Я гэта ўсьвядомлена публічка кажу”. Узьніклі цяжкасьці з атрыманьнем часткі крэдыту, паабяцанай урадам Расіі. На заўвагі расійскага віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў А.Кудрына пра стан беларускай эканомікі А.Лукашэнка нярвова адрэагаваў: “Ён цалкам скансалідаваўся з нашымі адмарозкамі і пачынае нас вучыць працаваць”.

Напачатку чэрвеня Расія абмежавала ўвоз беларускага малака, паколькі адбывалася, па словах расійскага губернатара Белгародскай вобласьці “зьнішчэньне нашай малочнай галіны”. Выбухнуў канфлікт, які ў прэсе назвалі “малочнай вайной”.  14 чэрвеня беларускія ўлады заявілі аб няўдзеле беларускай дэлегацыі ў паседжаньні Арганізцыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Прэс-служба А.Лукашэнкі заявіла: “Эканоміка зьяўляецца фундаментам нашай агульнай бясьпекі. Аднак калі бліжэйшы саюзьнік Беларусі па АДКБ спрабуе, цалкам усьведамляючы тое, што адбываецца, зьнішчыць гэтую аснову, фактычна паставіць беларусаў на калені – як у такой сітуацыі можна казаць аб умацаваньні калектыўнай бясьпекі на агульнай прасторы Арганізацыі?” Больш таго, Дзяржаўнаму сакратарыяту Савету бясьпекі Беларусі па даручэньні А.Лукашэнкі было загадана “ў сувязі з недружалюбнымі дзеяньнямі з боку Расіі… прыняць неабходныя меры па прагназаваньні магчымых далейшых акцыяў, накіраваных на нанясеньне эканамічных стратаў нашай краіне”. Саміт АДКБ у Маскве, на якім было падпісанае пагадненьне аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагаваньня АДКБ, адбыўся без Беларусі. На паседжаньні прэзідыума расійскага ўраду віцэ-прэм’ер Расіі Сяргей Сабянін заявіў, што беларускія ўлады  “занадта палітызуюць гэтае пытаньне і робяць вельмі некарэктныя заявы, што ўцэлым ускладняе вядзеньне перамоваў”. На гэта прэм’ер-міністр Расіі У.Пуцін заўважыў: “Некарэктныя – гэта, вядома, нядобра, але крыўдзіцца ня трэба. Крызіс, стомленасьць, стрэсы…”

Беларусь і Еўрапейскі Саюз

Адразу пасьля абвастрэньня беларуска-расійскіх адносінаў тэрміновае запрашэньне наведаць Мінск у чэрвені атрымала камісар ЕС Б.Ферэра-Вальдэнэр. Як яна паведаміла журналістам, “прэзідэнт Беларусі сам сказаў мне, каб я прыехала як мага хутчэй”. Падчас гэтага візіту Бенітай Ферэра-Вальдэнэр былі фактычна паўтораныя тыя патрабаваньні да беларускіх уладаў з боку ЕС, якія гучалі раней: “Мы ясна ставім задачу: трэба зрабіць значна болей, і Беларусь мае перад сабой іншы шлях. Мы хочам бачыць болей прагрэсу у такіх сферах, як свабода СМІ, недзяржаўных арганізацыяў (іх рэгістрацыя павінна быць прасьцей і умовы працы лепей), грамадзянская супольнасьць (яна павінна мець права на выказваньне сваіх поглядаў без перасьледу і арыштаў). Беларусь таксама павінна вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Мы шчыра хочам бачыць Беларусь як паўнапраўнага партнёра ў палітыцы суседства Еўрасаюза і ва “Усходнім партнёрстве””.

У ліпені ў Бруселі адбыліся перамовы міністра замежных справаў Беларусі С.Мартынава і кіраўніцтва ЕС: міністра замежных справаў Швецыі Карла Більдта, Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Хаўера Саланы і камісара ЕС Беніты Ферэра-Вальднэр. З каментароў удзельнікаў сустрэчы відаць, што еўрапейская тройка ўцэлым была незадаволеная тымі тэмпамі рэформаў у Беларусі, на якія яны спадзяваліся пасьля далучэньня Беларусі да праграмы ЕС “Усходняе партнёрства”. Б.Ферэра-Вальдэнэр заявіла, што ў сваіх стасунках ЕС і Беларусь “падыйшлі да скрыжаваньня, і ў агульных інтарэсах надаць ім новы імпульс”. К.Більдт, які прадстаўляў старшынюючую ў ЕС Швецыю, паведаміў, што падчас сустрэчы бакі адкрыта абмеркавалі палітычную сітуацыю, якая “не адпавядае чаканьням” ЕС. Абмяркоўвалася становішча ў галіне правоў чалавека: “абмежаваньне палітычных свабодаў, праблемы з рэгістрацыяй і працай у арганізацыях грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыях, а таксама пытаньне ўжываньня ў Беларусі сьмяротнага пакараньня”.

С.Мартынаў, адказваючы на пытаньні інфармагенства “Agence Europe”, у чарговы раз падкрэсьліў, што беларускі ўрад хацеў бы бачыць супрацоўніцтва з ЕС толькі ў эканамічнай сферы: “Зьвярніце ўвагу на тое, чаго чакае ЕС ад сваіх парнёраў. Як мы разумеем, гэта перш за ўсё стабільнасьць і эканамічны дабрабыт – менавіна на гэтых крытэрыях заснаваная ініцыятыва “Усходняе партнёрства””. Далей выказаўся адносна патрабаваньняў з боку ЕС у галіне правоў чалавека: “Вельмі важна мець на ўвазе, што, кажучы пра паляпшэньні, мы мяркуем не пра паляпшэньні пад ціскам ці жорсткім наглядам ЕС, а пра рэформы ўнутры нашага грамадзтва, ад якіх будзе карысьць для нас саміх”.

А.Лукашэнка, у сваю чаргу, зьмены ў зьнешняй палітыцы краіны ўспрымаў як рэальную пагрозу для свайго неабмежаванага ўладараньня. У жніўні ён выказаўся на гэтую тэму: “Скажу аб адной праблеме. Калі будуць нам ставіць умовы і разьлічваць, што нібыта Лукашэнку няма куды дзявацца, як некалі Расія думала, што ў іх з Расіяй дрэнныя адносіны, дык нічога не атрымаецца… У нас добрыя з Расіяй адносіны, выдатныя у нас з Расіяй адносіны… Калі хто на Захадзе думае, што ў нас з Расіяй сапсаваліся адносіны, і мы Лукашэнку падкруцім, і ён усіх злачынцаў з турмаў павыпускае, зламае заканадаўства, дык яны памыляюцца!... Калі на Захадзе разьлічваюць, што шляхам нейкіх махінацыяў, мерапрыемстваў гэтую ўладу можна адняць у цяперашняй улады і апазіцыі перадаць, дык таксама нічога не атрымаецца… Я хачу каб еўрапейцы вялі шчыры, прыстойны, сумленны дыялог і не спрабавалі праз калена сагнуць і нахіліць нас”. У выніку, ня гледзячы на абяцаньні падчас міжнародных сустрэчаў палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, ніякіх рэальных зьменаў не адбывалася.

16 сьнежня ў Еўрапарламенце прайшлі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі, падчас якіх еўракамісар па разьвіцьці і гуманітарнай дапамозе Карэл дэ Гюхт заявіў, што калі Менск пойдзе на істотныя і незваротныя крокі ў галіне дэмакратызцыі, правоў чалавека і вяршэнства закону, тады ЕС уключыць краіну ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства і пашырыць узаемадзеяньне. Камісар ЕС Б.Ферэра-Вальднэр паведаміла, што Савет ЕС даручыў Камісіі ЕС распрацаваць прамежкавы план супрацоўніытва з Беларусьсю ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Па яе словах, гэты план будзе складацца разам з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі і дапаможа пачаць дыялог таксама і па палітычных пытаньнях. Б.Ферэра-Вальднэр заявіла: “Павага да правоў і свабодаў у Беларусі павінна стаць нормай”. 17 сьнежня Еўрапарламентам была прынятая чарговая рэзалюцыя, датычная сітуацыі з правамі і свабодамі ў Беларусі, у якой выказвалася шкадаваньне, што пасьля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў не адбылося істотнага прагрэсу у галіне правоў і свабод.

Беларускія ўлады і грамадзянская супольнасьць

Новая геапалітычная сітуацыя вымагала ад беларускіх уладаў змяненьня тактыкі і ў адносінах да грамадзянскай супольнасьці: 2009 год адзначаўся фармальным зьмяншэньнем рэпрэсіўных дзеяньняў, аднак цалкам ад іх адмовіцца ўлады не змаглі. Толькі ў дзень салідарнасьці 16 ліпеня ў Менску, Баранавічах, Віцебску было арыштавана каля 70 удзельнікаў мірных акцыяў, многія з іх былі зьбітыя міліцыяй. 7 ліпеня Асіповіцкі раённы суд за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня пакараў фігуранта “працэсу 14-ці” маладафронтаўца Арцёма Дубскага пазбаўленьнем волі на адзін год. У чэрвені-ліпені, з яўным выклікам міжнароднай супольнасьці, былі вынесеныя два новыя сьмяротныя прысуды. Пракуратура выносіла папярэджаньні грамадзкім актывістам за незаконную дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў: такое папярэджаньне ў жніўні атрымаў актывіст “Маладога фронту з Берасьця Міхась Ільлін, а ў сьнежні – ягоная паплечніца Юлія Пашко. У чэрвені супраць прадстаўніка незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі “Руху яднаньня” (царквы Муна), менчука Яўгена Волкава была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 193.1 Крысмінальнага кодэксу з гэтым жа абвінавачаньнем.

Працягваўся перасьлед уладамі акатывістаў польскай нацыянальнай меншасьці.  Так, 23 чэрвеня на шашы Горадня – Менск міліцыянты затрымалі намесьніка старшыні непрызнанага ўладамі “Саюзу палякаў на Беларусі” (СПБ) Мечыслава Яскевіча, прэс-сакратара СПБ Ігара Банцара, журналіста газеты “RzeczPospolita” Анджэя Пісальніка і журналіста выданьня “Gazeta Wyborcza” Андрэя Пачобута. У Шчучынскім РАУСе іх пратрымалі тры гадзіны, канфіскаваўшы газету “Glos znad Niemna na uchodzstwie” і часопіс “Magazyn Polski”, што выдаюцца СПБ. Міліцыянты патлумачылі, што затрыманьне было зьвязанае з інфармацыяй аб тым, што яны вязуць нібыта антыдзяржаўныя выданьні. А ў жніўні А.Пісальнік атрымаў папярэджаньне пракуратуры Гарадзенскай вобласьці за перавозку незарэгістраваных выданьняў, якія знаходзіліся ў аўтамабілі журналіста.

Міністэрства юстыцыі пасьлядоўна адмаўляла ў рэгістрацыі новым палітычным партыям і грамадзкім арганізацыям: Партыі “Беларуская хрысьціянская Дэмакратыя”, Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай партыі працоўных, праваабарончым арганізацыям “Наша Вясна” і “Брэсцкая вясна”, моладзевай арганізацыі “Маладыя дэмакраты” ды іншым.

Па-ранейшаму замежныя грамадзія дзеячы, няўгодныя беларускім уладам, не маглі наведаць Беларусь. Так, у жніўні беларускі кансулят у Парыжы адмовіў Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн у атрыманьні беларускай візы. Пад час свайго візіту С. Белхасэн планавала сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, а таксама прыняць удзел у слуханьні справы па адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна” ў Вярхоўным судзе.

Працягваўся судовы перасьлед вернікаў. 14 ліпеня судзьдзя Баранавічаў і Баранавіцкага раёну Аксана Сарахман аштрафавала на 10 базавых велічыняў царкву “Новае пакаленьне” аб'яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Евангельля за “нестатутную дзейнасьць”, а 12 жніўня судзьдзя Чыгуначнага райсуду Гомеля Віталь Козыраў пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічыняў кіраўніка рэлігійнай суполкі “Сьведкі Іеговы” Юрыя Рашэтнікава за правядзеньне рэлігійнай сустрэчы, што было расцэнена судом як парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

Фіксаваліся выпадкі канфіскацыі друкаваных матэрыялаў, пракурорскіх папярэджаньняў журналістаў за дзейнасьць без акрэдытацыі. Так, 14 ліпеня пракуратура Менскай вобласьці вынесла папярэджаньні за “незаконную журналісцкую дзейнасьць” сябрам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аксане і Аляксандру Калінкіным за супрацоўніцтва з расійскім “Телеканалом благих новостей” (ТБН). 29 ліпеня пракуратура Гарадзенскай вобласьці вынесла афіцыйнае папярэджаньне галоўнаму рэдактару часопіса “Магазын польскі” Ігару Банцару за тое, што часопіс непрызнанага ўладамі “Саюзу палякаў на Беларусі” не ўтрымлівае выходных дадзеных.  21 жніўня сябра БАЖ Вольга Шарапкіна з Магілёва атрымала папярэджаньне ад пракуратуры Чавускага раёну за дзейнасьць без акрэдытацыі. Нагодай для пакараньня стаў тэлесюжэт пра чавускі дзіцячы прытулак недзяржаўнаму тэлеканалу “Белсат”. 

1 верасьня, абагульняючы сітуацыю са станам дэмакратыі ў Беларусі, амбасадар Велікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс адзначыў: “ЕС спадзяваўся на пастаянную дынаміку ў стасунках з Беларусьсю, але я павінен сказаць, што тэмпы вельмі запаволіліся… Еўрасаюз гатовы працягваць паглыбленьне супрацоўніцтва, але назўамен чакае пэўных намаганьняў”.

Аднак беларускія ўлады і надалей не спяшаліся сур’ёзным чынам зьмяніць сітуацыю. 9 верасьня ў Менску была жорстка разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць уводу расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, прымеркаваная да пачатку сумесных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2009”. Супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя каля 30 чалавек, 17 з якіх былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў. Затрыманьні суправаджаліся выкарыстаньнем фізічнай сілы, нецэнзурнай лаянкай, журналістам забаранялі здымаць разгон акцыі. У РУУС Цэнтральнага раёну міліцыянты прымусілі затрыманых стаяць каля сьцяны чатыры гадзіны, а некаторых моцна білі. Відавочна, што такім жорсткім разгонам мірнай акцыі ўлады адмыслова хацелі паказаць расійскаму боку, што яны кантралююць сітуацыю ў краіне і не дазволяць дэмакратычнай апазіцыі ставіць пад сумнеў сумесныя беларуска-расійскія вайсковыя дамовы. Пасьля вучэньняў А.Лукашэнка адзначыў: “Гэтыя вучэньні мы правялі не з амерыканцамі, ня з блокам НАТА, а з нашымі расіянамі. І толькі ідыёт пасьля гэтага можа сказаць, што Лукашэнка павярнуў на Захад ці яшчэ кудысьці і кінуў Расію”.

16 верасьня, у 10-ю гадавіну зьнікненьня апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, сталічная міліцыя зноў разагнала мірную акцыю. У Менску было затрымана больш за дваццаць чалавек, міліцыянты ў цывільным не дазвалялі здымаць фота- і тэлекарэспандэнтам ход падзеяў. Пры затрыманьні супрацоўнікі міліцыі моцна зьбівалі дэманстрантаў, абражалі іх. Усіх затрыманых адвезьлі ў пастарунак, адкуль вызвалілі без складаньня пратаколаў. Адначасова на затрыманых удзельнікаў аналагічнай акцыі ў Гомелі былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за правядзеньне несанкцыяванага масавага мерапрыемства (арт. 23.34. КаАП РБ), затым яны былі асуджаныя і аштрафаваныя.

17 верасьня Швецыя, “як краіна, якая старшынюе ў Еўрапейскім Саюзе, заклікала беларускія ўлады ўстрымацца ад ўжываньня гвалту ў адносінах да мірных дэманстрантаў, а таксама абараніць праўстаўнікоў незалежных СМІ ад умяшальніцтва ў іхнюю працу”. Тым ня менш, 16 кастрычніка, у чарговы Дзень салідарнасьці, у Менску зноў была разагнаная мірная акцыя, было затрымана 22 чалавекі, многія ўдзельнікі былі зьбітыя, а журналістам не давалі асьвятляць падзею. Такім чынам, тактыка зьбіцьця дэманстрантаў у Менску ўжывалася міліцыянтамі на працягу ўсяго году, пры гэтым ніводная з пададзеных зьбітымі дэманстрантамі скаргаў ня была па сутнасьці разгледжаная пракуратурай.

У верасьні на сесіі Савету ААН па правах чалавека была выказаная “глыбокая заклапочанасьць” у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Падобныя выказваньні гучалі ад дэлегацыяў-удзельнікаў на нарадзе АБСЕ па чалавечым вымярэньні ў кастрычніку. 28 кастрычніка памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі назваў крокі беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека “сьціплымі” і заявіў пра іх недастатковасьць для сапраўднага пацяпленьня адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю.

У сваю чаргу ў кастрычніку А.Лукашэнка паведаміў, што еўрапейцы “павінны зразумець, што мы можам пайсьці на тыя саступкі і ўмовы, якія не супярэчаць інтарэсам народа, суседзям і Еўропе ўцэлым… Дзесяцігоддзе санкцыяў, якія ЕС накіраваў супраць нас, ня дала вынікаў”.

Офіс АБСЕ ў Менску

Кіраўнік Офісу АБСЕ ў Менску амбасадар Ханс-Ёган Шмідт  у верасьні пакінуў Беларусь раней тэрміну спыненьня ягоных паўнамоцтваў, якія ў яго былі сапраўднымі да лютага 2010 году. Перад гэтым у цэнтральны офіс АБСЕ ў Вене на працягу некалькіх месяцаў было пададзена некалькі скаргаў на дзеяньні ці выказваньні дыпламата ад дэмакратычных палітычных партыяў ды арганізацыяў.

27 траўня  Х.Шмідт падчас сустрэчы з сустаршынём Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі А.Лябедзькам паведаміў, што эксьперты БДІПЧ/АБСЕ і Венецыянскай камісіі ня будуць разглядаць прапановы па зьменах Выбарчага кодэксу, якія падрыхтавалі эксьперты дэмакратычных партыяў ды НДА, а разгледзяць толькі прапановы ўлады. У выніку па тлумачэньні гэтага выказваньня да старшыні АБСЕ і дырэктару БДІПЧ/АБСЕ зьвярнуўся прэзідыум АДС.

У чэрвені Х.Шмідт даў інтэрвью інфаагенцтву БелаПАН, дзе дазволіў сабе некалькі неадназначных выказваньняў. Так, дыпламат заявіў, што “я абараняю тэзіс, што інтарэсам АБСЕ супярэчыць засяроджваньне ўвагі выключна, напрыклад, на парушэньнях правоў чалавека. Я прыхільнік праграматычнага падыходу…”.  Каментуючы стасункі Захаду з Беларусьсю, Х.Шмідт адзначыў, што “і з боку Захаду ёсьць сустрэчны рух, ёсьць разуменьне, што настаў час адмовіцца ад безвыніковай палітыкі ізляцыі, якой мы прытрымліваліся дванаццаць гадоў… У апошнія месяцы наш офіс карыстаўся вялікай падтрымкай і разуменьнем і ў Беларусі – з боку як дзяржаўных структураў, так і некаторых грамадзкіх арганізацыяў”.

Тады ж, у чэрвені, амбасадар Офісу АБСЕ стаў арганізатарам прыезду ў Менск немецкага эксперта – прафесара Марціна Фінке, сьпецыяліста ў галіне крымінальна-працэсуальнага права, які быў дапушчаны беларускімі ўладамі да вывучэньня маючай палітычны падтэкст справы ваўкавыскіх прадпрыймальнікаў – Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. Эксперт сьцьвердзіў, што справа ў адносінах да прадпрыймальнікаў расследуецца без юрыдычных парушэньняў. Па ягоных словах, ён зрабіў высновы “абапіраючыся на думку маючых дачыненьне службовых асобаў, якая была імі выкладзена, і матэрыялы справы”. Эксперт адзначыў, што не чытаў усю справу, “але ўсё, што я хацеў убачыць, я бачыў”. Падчас знаходжаньня ў Беларусі эксперт не сустрэўся з адвакатамі падсьледных, ні з імі самімі, і пра ягоны візіт стала вядома толькі пасьля яго заканчэньня.  Адвакат М.Аўтуховіча Павел Сапелка заявіў, што гэта зьяўляецца “абуральным беззаконьнем”: “Нават мне, абаронцу, не прадстаўляюць ніякіх матэрыялаў, апроч прадугледжаных законам”.

У жніўні, ацэньваючы працу Офісу АБСЕ у інтэрвью Радыё Рацыя, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў: “На жаль, вымушаны канстатаваць, што офіс АБСЕ перастаў быць генератарам якіх-небудзь ідэяў, ініцыятываў, прапановаў. Ягоная дзейнасьць скурчылася да функцыі кулуарнага дарадцы беларускіх уладаў. Ня больш таго… Ён перастаў быць якім-небудзь важным фактарам. Нейкія дробныя ініцыятывы, нейкія дробныя скандалы. Гэта выраджэньне офіса АБСЕ у Беларусі”. Палітык заявіў, што пасол Х.Шмідт амаль перастаў супрацоўнічаць з дэмакратычнай апазіцыяй.

У сваю чаргу, пасьля таго, як стала вядома пра адстаўку Х.Шмідта, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што “беларускі бок вымушаны сур’ёзна задумацца над перспектывамі далейшай дзейнасьці Офісу АБСЕ ў Менску, у тым ліку у адносінах прызначэньня яго новага кіраўніка”.

30 сьнежня Беларусь падчас паседжаньня Пастаяннага Савета АБСЕ ў Вене беларускія ўлады пагадзіліся працягнуць мандат Офісу яшчэ на год, хаця і падкрэсьлілі, што “няма ніякіх аб’ектыўных падставаў для прысутнасьці ў Менску Офісу АБСЕ”. У заяве МЗС вельмі жорстка была рэгламентаваная дзейнасьць Офісу, у прыватнасці, падкрэсьлівалася, што праекты і праграмы ў Беларусі Офіс павінен рэалізоўваць толькі пасьля кансультацыяў і згоды беларускіх уладаў, а таксама у супрацоўніцтве з імі. Фінансаваньне праектаў з па-забюджэтных фондаў бяз згоды Менску, праекты, якія не адпавядаюць патрэбам Беларусі – немагчымыя. “Офіс павінен адмовіцца ад палітычнай ацэнкі падзеяў і прагнозаў разьвіцьця сітуацыі ў краіне” і можа праводзіць маніторынг тых галінаў, дзе “аказвае падтрымку беларускаму ўраду”. Аналіз асобных падзеяў і фактаў без афіцыйнага пункту погляду недапушчальны. У выпадку “парушэньня Офісам АБСЕ свайго мандата і ажыцьцяўленьні дзейнасьці, якая выходзіць за ўзгодненыя параметры, беларускі бок пакідае за свабой права спыніць яго дзейнасьць у Менску”. Новым кіраўніком Офісу АБСЕ у Менску пасьля кансультацыяў кіраўніцтва АБСЕ з беларускім урадам быў прызначаны чарговы нямецкі дыпламат Бенедэкт Халер.

Зьмены ў выбарчым заканадаўстве

Удасканаленьне выбарчага заканадаўства з’яўлялася адной з пяці ўмоваў ЕС для паляпшэньня стасункаў з Беларусьсю.

Яшчэ ў студзені Менск наведаў дырэктар БДІПЧ/АБСЕ Янез Ленарчыч для абмеркаваньня рэкамендацыяў АБСЕ па паляпшэньні выбарчай сістэмы ў Беларусі. Такія рэкамендацыі апошні раз ад АБСЕ беларускія ўлады атрымалі ў выніковай справаздачы БДІПЧ пасьля правядзеньня парламенцкіх выбараў у 2008 годзе. Падчас візіту Я.Ленарчыч сустрэўся з міністрам замежных спраў С.Мартынавым, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта У.Макеем, главой Цэнтральнай камісіі Л.Ярмошынай. Выніковы прэс-рэліз быў даволі аптымістычны: “Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) будзе працаваць з уладамі Беларусі над рэформай выбарчай сістэмы краіны. Дамоўленасьць пра гэта была дасягнута падчас двухдзённага візіту ў Менск дырэктара БДІПЧ Янеза Ленарчыча”.

Па выніках у Беларусі была створаная працоўная эксьпертная група па ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства на чале з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых дасьледваньняў, намесьнікам старшыні ЦВК Валерыем Міцкевічам. 10-11 лютага адбылася першая сустрэча паміж праўстаўнікамі беларускай эксьпертнай групы і эксьпертамі БДІПЧ. У сакавіку сакратар ЦВК М.Лазвік паведаміў: “Зараз эксьпертная група працуе над заўвагамі і прапановамі БДІПЧ/АБСЕ. Але сама група ня мае права ўносіць зьмены і дадаткі ў выбарчае заканадаўства. Таму яна вырашае юрыдычны бок пытаньня… Далей прэзідэнт і парламент будуць вырашаць, якія прапановы БДІПЧ прымаць, а якія пакінуць на дыскусійным узроўні”. Беларускія дэмакратычныя партыі і няўрадавыя арганізацыі распрацавалі свій праект зьменаў і дадаткаў у Выбарчы кодэкс, які быў перададзены як беларускім уладам, так і прадстаўнікам міжнароднай супольнасьці.

Пасьля гэтага ў пытаньні зьменаў выбарчага заканадаўства настала даволі працяглая паўза. У чэрвені камісар ЕС Б.Ферэра-Вальднэр пад час візіту ў Беларусь заявіла, што ЕС чакае ад беларускіх уладаў станоўчых зьменаў выбарчага заканадаўства. Гэтую тэму ў чэрвені  ў інтэрвью закранаў таксама і кіраўнік офісу АБСЕ ў Менску Х.Шмідт, які паведаміў, што праект зьменаў выбарчага заканадаўства яшчэ не перададзены ў АБСЕ: “Мы спадзяемся, што ў бліжэйшы час атрымаем магчымасьць прааналізаваць і пракаментаваць гэтыя новаўвядзеньні з дапамогаю Венецыянскай камісіі. Паглядзім, ці змогуць беларускія ўлады адэкватна адказаць на рэкамендацыі БДІПЧ”. Дыпламат таксама паведаміў, што “мы гатовыя арганізаваць круглы стол па гэтай праблеме з удзелам прадстаўнікоў дзяржструктураў і грамадзянскай супольнасьці, каб абмеркаваць гэтыя праблемы максімальна празрыстым чынам”. У гэты ж час сакратар ЦВК М.Лазавік удакладніў, што прапановы БДІПЧ перададзеныя “на разгляд ў дзяржаўныя органы, у першую чаргу, у Адміністрацыю прэзідэнта”.

У верасьні, падчас сустрэчы ў Варшаве кіраўнік БДІПЧ/АБСЕ Янез Ленарчыч паведаміў старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму, што кантакты з беларускімі ўладамі наконт магчымых зьменаў выбарчага заканадаўства спыніліся фактычна з вясны. У кастрычніку тое самае пачулі ад Я.Ленарчыча старшыня АГП А.Лябедзька і С.Багданкевіч.

Сітуацыя была размарожаная ў кастрычніку, калі адбылася сустрэча А.Лукашэнкі са старшынеё ЦВК Л.Ярмошынай. Зьмены ў заканадаўства Л.Ярмошынай былі выказаныя ў выглядзе “ідэяў Цэнтральнай камісіі”. Сярод такіх “ідэяў” прагучалі прапановы  вызначыць пэўныя параметры для прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях палітычных партыяў і абмежаваць колькасьць дзяржаўных чыноўнікаў; спрасьціць парадак вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты як ад палітычных партыяў, так і шляхам збору подпісаў; спрасьціць парадак перадвыбачых сустрэчаў з выбаршчыкамі; зрабіць больш эфектыўнай судовую абарону выбарчых правоў; павялічыць магчымасьці для назіраньня за падлікам галасоў і г.д. На гэтыя прапановы А.Лукашэнка вельмі агульна адзначыў: “Калі ў рамках гэтых законаў можна зрабіць найбольшы ліберальны клімат (а мы маем вопыт), мы з вамі павінны гэта зрабіць, каб нас зноў жа не папракалі ў тым, што мы ўзурпавалі ўладу, што тут дыктатура і мы праводзім выбары так, як трэба нам. Гэтага быць не павінна, таму я прыхільнік самых ліберальных выбараў”.

Пасьля гэтай сустрэчы Л.Ярмошына ўдакладніла, што “зьмены ў Выбарчы кодэкс, якія прапаноўваюцца – гэта і ёсьць праца над памылкамі. Але пакуль што мы можам казаць толькі пра ідэю. Законапраект яшчэ неабходна распрацаваць і ўнесьці ў парламент. Пасьля яго зьяўленьня мы паглядзім, што засталося ад ідэй Цэнтральнай камісіі”.

У выніку такога хуткага і нечаканага разьвіцьця падзеяў не адбылося абмеркаваньня зьменаў выбарчага заканадаўства, як гэта планавалася раней, на Грамадзка-кансультатыўным Савеце пры Адміністрацыі прэздэнта. 12 лістапада кіраўнік Савету У.Макей выступіў з заяваю, што “нападкі на ГКС зьдзяйсьняліся і раней, аднак перад чарговым паседжаньнем па выбарчым заканадаўстве набылі асабліва нахабны характар. Некаторыя СМІ ўзяліся распісваць “некарыснасьць” і “непатрэбнасьць” Савета, абгрунтоўваючы гэта тым, што нібыта ўсе пытаньні, якія датычыліся рэфармаваньня выбарчага зканадаўства, ужо вырашаныя на нарадзе ў прэзідэнта. Але ўсім, хто хоць колькі  ўважліва назіраў за асьвятленьнем у прэсе нарады ў кіраўніка дзяржавы, добра вядома, што там абмяркоўваліся канцэптуальныя, стратэгічныя падыходы да дадзенай праблемы, якія будуць напаўняцца неабходнай канкрэтыкай,  таксама з улікам меркавньняў прадстаўнікоў грамадзкасьці”. У выніку кіраўнік ГКС прыняў рашэньне “ўзяць тайм-аўт у працы Грамадзка-кансультатыўнага савету”.

У лістападзе праект зьменаў выбарчага заканадаўства быў пададзены ў Палату прадстаўнікоў. Як адзначыла старшыня ЦВК Л.Ярмошына, зьмены ў выбарчае заканадаўства “на 90% улічваюць рэкамендацыі АБСЕ”, і ўдакладніла, што “паўнамоцтвы назіральнікаў засталіся ў мінулай рэдакцыі: назіральнік мае права назіраць за падлікам галасоў. Фармулёўка аб умовах, якія дазваляюць назіраць бачнасьць падліку галасоў, выключаная як суб’ектыўная”. Менавіта А.Лукашэнка выказаўся супраць гэтай папраўкі: “Я ня бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камісіі на месцы вырашае, каго дапускаць да падліку галасоў, а каго не дапускаць”, — заявіў ён на нарадзе перад унясеннем законапраекта ў парламент.

30 лістапада Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні заканапраект “Аб унясеньні дадаткаў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях правядзеньня выбараў і рэферэндумаў…” Праект зьменаў разглядаўся практычна без абмеркаваньняў, у закрытым рэжыме, і дэмакратычная грамадзкасьць ніякім чынам не магла паўплываць на гэты працэс.

У гэты ж дзень прэс-сакратар БДІПЧ/АБСЕ Енс Эшэнбехер паведаміў, што беларускі бок ня даў магчымасьці БДІПЧ азнаёміцца са зьменамі ў Выбарчы кодэкс. Старшыня ЦВК Л.Ярмошына падцьвердзіла гэта: “У АБСЕ праект на ўзгадненьне не накіроўвалі. Назавіце мне хоць адную суверэнную дзяржаву, якая б накіроўвала свае законапраекты на ўзгадненьне ў міжнародныя арганізацыі. Гэта нейкае прыніжэньне атрымліваецца”. Таксама Л.Ярмошына ацаніла супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі: “Апазіцыя наогул не праявіла актыўнасьці ў падрыхтоўцы новага заканадаўства. Калі я выступала на онлайн-лініі на сайце “Советской Белоруссии”, то ад апазіцыі, акрамя асабістых зьнявагаў, я не пачула ніводнай канструктыўнай прапановы”.

7 сьнежня А.Лукашэнка абвясьціў падзяку калектыву ЦВК “за высокапрафесійную арганізацыю правядзеньня выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў, удасканаленьне нацыянальный выбарчай сістэмы, значны ўклад у разьвіцьцё дэмакратычных асноваў фармаваньня дзржаўнай улады”. Нагадаем, што старшыня ЦВК Л.Ярмошына застаецца адной з пяці асобаў, якой забаронены ўезд у краіны ЕС і ЗША за фальсіфікацыю вынікаў выбараў, і візавыя санкцыяі ў адносінах да яе працягваюцца.

11 сьнежня зьмены ў Выбарчы кодэкс былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні, 17 сьнежня -- ухваленыя Саветам Рэспублікі, а 6 студзеня 2010 года адпаведны Закон А.Лукашэнкам.

Візавыя санкцыі ЕС

З кастрычніка 2008 году працягваўся шасьцімесячны перыяд прыпыненьня санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў (акрамя 5 асобаў), падчас якога праходзіла ацэнка сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Улічваючы адсутнасьць рэальнага прагрэсу ў накірунку дэмакратызацыі Беларусі, 16 сакавіка кіраўнікі МЗС краінаў ЕС працягнулі на год санкцыі і адначасова мараторый на іх дзеянне супраць беларускіх чыноўнікаў яшчэ на 9 месяцаў. Міністр замежных справаў Чэхіі Карл Шварцэнберг заявіў, што прынятае рашэньне сьведчыць аб “складанай сітуацыі ў Беларусі”. У той жа час, па словах К. Шварцэнберга, “мы пагадзіліся, што Еўрасаюзу трэба працягваць сваю ангажаванасьць у Беларусі і падтрымку станоўчых падзеяў у краіне”.

Гэтае рашэньне выклікала ярасьць у А.Лукашэнкі. Выступаючы 17 сакавіка, ён заявіў: “Калі еўрапейцы думаюць, што нас можна трымаць на кручку, атрымліваючы сігналы ад нашых “адмарожаных”, і ўвесь час нас торгаць і панукаць бяз справы, дык мы на такой пазіцыі дыялог весьці ня будзем”. А.Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў поўнае нежаданьне наладжваць хоць нейкі дыялог з палітычнымі апанентамі ў Беларусі: “Вось гэтая пазіцыя нашай вашывай апазіцыі. Ніякая яна не апазіцыя. Гэта пятая калона, ворагі беларускага народу”.

Да вырашэньня пытаньня з візавымі санкцыямі супраць беларускіх чыноўнікаў міністры замежных справаў краінаў ЕС вярнуліся 16-17 лістапада. Як перад гэтым заяўляў часовы павераны ў справах Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, “мы хочам разьвіваць нашыя стасункі, але для гэтага нам патрэбны прагрэс ад Беларусі ў асноўных пытаньнях. І чым большы прагрэс мы ўбачым, тым большы будзе вынік з боку міністраў”.

У выніку 17 лістапада Савет ЕС прыняў рашэньне “ў сувязі з адсутнасьцю істотнага прагрэсу ў сферах, якія былі пазначаныя ў Рашэньнях Савету за 13 кастрычніка 2008 году, Савет ня можа адмяніць абмежавальныя меры супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Таму ён вырашае працягнуць да кастрычніка 2010 года абмежавальныя меры. Тым ня менш, каб заахвоціць прагрэс ў адзначаных ЕС сферах, Савет вырашае адначасова працягнуць прыпыненьне ўжываньня абмежаваньняў на ўезд для шэрагу беларускіх чыноўнікаў… да кастрычніка 2010 году”. У рэзалюцыі выказвалася шкадаваньне, што ў апошні час у Беларусі не было дастаткова заўважнага прагрэсу ў галіне правоў і свабод чалавека – ужываўся гвалт супраць удзельнікаў мірных вулічных пратэстаў, адмаўлялі ў рэгістрацыі палітычным партыям, грамадзкім арганізацыям і незалежным СМІ. ЕС заклікаў Менск правесьці рэформу выбарчага заканадаўства і спыніць ціск на палітычных актывістаў і незалежныя СМІ. ЕС выказўся за ўвядзеньне ў Беларусі мараторыя на сьмяротнае пакараньне. У пастанове адзначалася, што санкцыі “могуць быць адмененыя ў любы момант у злежнасьці ад дзйнасьці беларускіх уладаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека”.

Міністр замежных спраў старшынюючай ў ЕС Швецыі Карл Більт такім чынам пракаментаваў прынятае рашэньне: “З тэкста рэзалюцыі бачна, што нашая пазіцыя празрыстая і цьвёрдая. Мы працягваем санкцыі, але адначасова іх замарожваем. Мы ўсё яшчэ зцікаўленыя ў тым, каб беларускія ўлады рухаліся далей у накірунку еўрапейскіх каштоўнасьцяў. Я магу проста сказаць: мы расчараваныя хуткасьцю прагрэсу. Але мы не здаемся”. Старшыня Еўрапарламенту, польскі дэпутат Ежы Бузек дадаў: “Калі пасьля гэтых 12 месяцаў ня будзе выразнага прагрэсу ў дэмакратызацыі, тады мы затрымаем працэс зьбліжэньня Еўрасаюзу і Беларусі”.

У адказ беларускі МЗС заявіў: “З жалем прыходзіцца канстатаваць, што чарговае “падвешваньне”, абмежавальныя меры, якія па-ранейшаму ўжывае Еўрасаюз у адносінах да нашай краіны, разыходзяцца з цяперашняй логікай дыялогу Беларусь – ЕС, маюць на сябе адбітак “двайных стандартаў” і не дазваляюць выйсьці на ўзровень супрацоўніцтва, які ў поўнай меры адпавядаў бы інтарэсам абодвух бакоў”.

Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстану

У канцы 2009 году з нечаканай хуткасьцю пачалі разьвівацца падзеі па фармаваньні мытнага саюзу Беларусі, Расіі і Казахстану. Праводзячы 17 лістапада нараду з кіраўнікамі ўраду і Адміністрацыі прэзідэнта, А.Лукашэнка прыняў канчатковае рашэньне аб уваходжаньні Беларусі ў мытны саюз. Як падае агенцтва БЕЛТА, “Беларусь чакае, што гэтае якасна новае ўтварэньне будзе заснавана на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемных выгодаў, забесьпячэньня свабоды перасоўваньня твараў і паслуг, універсальнага нетарыфнага рэгуляваньня, роўных магчымасьцяў гаспадараньня для прадпрыемстваў, зьняцьця неабгрунтаваных бар’ераў ва ўзаемным гандлі”. Як меркавалі заснавальнікі мытнага саюзу, наступным крокам для эканамічнага збліжэньня трох краінаў павінна быць стварэньне адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

У адрозьненьні ад сумесных праектаў з ЕС, праекты Беларусі з усходнімі краінамі, у прыватнасьці з Расіяй і Казахстанам, ніколі не абумоўліваліся разьвіцьцём сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. Як каментаваў гэтыя ўзаемаадносіны ў верасьні 2009 году А.Лукашэнка, “калі з Расіяй у нас няма практычна ніякіх глабальных праблемаў, дык з Захадам вы ведаеце якія нашыя адносіны”. Такім чынам, геапалітычная арыентацыя Беларусі на усход аўтаматычна азначае паніжэньне стандартаў правоў чалавека, разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў у краіне, паколькі і Расія, і Казахстан далёка не зьяўляюцца ўзорамі ў гэтых галінах.

Беларусь бачыць гэты праект як чыста эканамічны, не абцяжараны дадатковымі абавязкамі ў грамадзка-палітычнай сферы. Намесьнік прэм’ер-міністра Андрэй Кабякоў, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, паведаміў: “Удзел Беларусі ў Мытным саюзе дазволіць закупляць расійскія энэрганосьбіты па цэнах ніжэйшых за рыначныя”. Адначасова для Расіі гэты праект мае ня толькі эканамічнае, але і прыярытэтнае палітычнае значэньне. У.Пуцін 3 сьнежня заявіў: “Для нас галоўным прыярытэтам усё ж зьяўляецца інтэграцыя на постсавецкай прасторы, і таму мы вельмі радыя таму працэсу, які адбываецца зараз у сферы фармаваньня Мытнага саюзу”.

27 лістапада прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстану сустрэліся ў Менску і падпісалі пакет дакументаў, які азначаў стварэньне мытнага саюзу, і адразу ж прэзідэнты закцэнтавалі ўвагу на наступным інтэграцыйным кроку. “Мытны саюз - гэта падрыхтоўка да пераходу да адзінай эканамічнай прасторы, гэта зусім новая форма інтэграцыі эканомік”, -- заявіў расійскі прэзідэнт Дз. Мядзьведзеў.

Можна сцвярджаць, што стварэньне мытнага саюзу трох краінаў паставіла перад беларускай грамадзкасьцю і дзяржаваю пытаньне адносна далейшага накірунку геапалітычнага, цывілізацыйнага разьвіцьця. І ад гэтага накірунку наўпрост залежыць сітуацыя з правамі чалавека і разьвіцьцём дэмакратычных інстытутаў у нашай краіне.

***

2009 год не стаў для Беларусі часам незваротных станоўчых трансфармацыяў у галіне правоў чалавека і дэмакратызацыі. За гэты перыяд не спраўдзіліся надзеі на лібералізцыю унутранай сітуацыі ў краіне, якая заставалася нестабільнай і залежнай ад зьнешняй і ўнутранай палітычнай кан’юнктуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства