У Віцебску выбарчая кампанія набірае абароты

2010 2010-02-08T17:00:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Першай прыкметай гэтага стала з'яўленне ў кнігарнях горада  Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь са зменамі і дапаўненнямі. Праўда дадзенае выданне, па інфармацыі прадаўцоў,  пакуль не карыстаецца попытам сярод выбаршчыкаў.

У розных частках горада пачалі з'яўляцца інфармацыйныя шчыты, у якіх паведамляецца пра тое, што 25 красавіка 2010 года адбудуцца выбары ў мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады. Шчыты маюць вялікія памеры і аформленыя яркімі фарбамі, а тэксты напісаныя вялікімі літарамі, таму на іх цяжка не звярнуць увагу. Некаторыя шчыты стылізаваны пад дзяржаўны сцяг з выкарыстаннем надпісаў на беларускай мове, якая ў ранейшыя гады амаль не ўжывалася.

У мясцовых газетах заўважна дадалося матэрыялаў, звязаных з  выбарчай кампаніяй. Гэта не толькі абавязковая інфармацыя, напрыклад, пра склады камісій ці межы выбарчых участкаў. Дзяржгазеты ўсяляк імкнуцца распавесці пра станоўчую дзейнасць мясцовых Саветаў, даць інфармацыю пра час прыёму іх кіраўнікоў.

Да гэтага працэсу далучылася і так званая цяжкая прапагандысцкая артылерыя - тэлебачанне. Так, 4 лютага 2010 года быў чарговы выхад праграмы "Віцебскі час" з удзелам старшыні Віцебскай абласной выбарчай камісіі Ўладзіміра Мяделеца і старшыні гарадской выбарчай камісіі Валянціны Казакоўскай, якія распавялі віцяблянам пра хуткую выбарчую кампанію. Падобныя сустрэчы зараз стануць рэгулярнымі, паколькі Віцебскім гарвыканкамам прынята рашэнне пра заключэнне дамовы з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам радыётэлецэнтр "Тэлерадыёкампанія "Віцебск" на падрыхтоўку і выпуск у эфір цыклу тэлевізійных праграм "Віцебскі час".

У адрозненні ад папярэдніх выбарчых кампаній, у цяперашняй уладамі Віцебшчыны будзе задзейнічаны яшчэ адзін інфармацыйны рэсурс - афіцыйныя сайты. Гэты рэсурс складаецца з 21 сайта раённых, 4 гарадскіх і 1 абласнога выканаўчых камітэтаў. На кожным сайце ёсць частка пад агульнай назвай "Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў". У гэтай частцы назапашваюцца інфармацыйныя паведамленні і афіцыйная дадзеныя пра ход выбарчага працэсу ў раёне, горадзе ці вобласці ў цэлым.

Аднак, нягледзячы на пільны кантроль з боку ідэалагічных аддзелаў за інфармацыйнымі патокамі, у шэрагу выпадкаў заўважаюцца збоі ў інфармацыйным забеспячэнні выбараў.

Так у газеце "Віцебскі рабочы" было надрукавана паведамленне пра вылучэнне прадстаўнікоў партый у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. У ім гаварылася пра тое, што прадстаўнікі Партыя БНФ увайшлі ў склад віцебскіх тэрытарыяльных выбарчых камісій, што не адпавядае рэчаіснасці.

Як паведамілі сябры Партыі БНФ, у якасці прадстаўнікоў у абласную і Віцебскую гарадскую выбарчую камісіі былі вылучаны па адным чалавеку, але яны ў гэтыя камісіі не былі абраныя. Пра гэта яны былі праінфармаваныя ўладамі, і гэта з'яўляецца бясспрэчным фактам.

Хуткім часам кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў  збіраецца дамагчыся аправяржэння непраўдзівай інфармацыі на старонках "Віцебскага рабочага".

Апазіцыйная супольнасць г. Віцебску ўступіла ў выбарчую кампанію без незалежнага друкаванага выдання. Ужо каля года віцебская гарадская незалежная газета "Кур'ер з Віцебску" не выдаецца, а яе галоўны рэдактар, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімір Базан знаходзіцца за межамі Беларусі.

У Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў, як і ў папярэднія выбары, будуць абраны 40 дэпутатаў. У цяперашнім прадстаўнічым органе гарадской улады адсутнічаюць прадстаўнікі апазіцыйных партый і недзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў.

Пераважная большасць цяперашніх дэпутатаў - гэта кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый горада, а таксама частка Адміністрацыі Першамайскага раёна г.Віцебску.

"Грамадскасць" у Савеце прадстаўлена першым сакратаром Віцебскага гарадскога камітэта ГА "БРСМ" і ў асобе старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзіміра Мяделеца.

Цікавы факт, В. Мяделец пайшоў на павышэнне. Яму даручылі кіраваць выбарамі дэпутатаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання ў якасці старшыні Віцебскай абласной выбарчай камісіі.

Апошнім незалежным дэпутатам у складзе Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 24 склікання (выбары адбыліся ў 2004 годзе) была абраная Вольга Карач, якая цяпер узначальвае Віцебскую абласную арганізацыю Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international