Заява Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” аб пераследзе сяброў аб’яднання

2010 2010-02-04T07:53:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sayuz-pisjmennikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля стварэння ў 2006 годзе ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (СПБ) з боку ягонага кіраўніцтва праз міністэрствы адукацыі, інфармацыі, юстыцыі, культуры Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя ім установы мэтанакіравана прадпрымаліся меры па звужэнні сферы грамадскай дзейнасці і па ліквідацыі найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі – Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП). Творчае аб’яднанне пазбавілі ранейшай фінансавай дзяржаўнай падтрымкі і вымусілі пакінуць Дом літаратара. Былі перапісаныя школьныя і ўніверсітэцкія праграмы па беларускай літаратуры, з якіх выкраслілі імёны і творы членаў СБП – народных паэтаў, лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій, майстраў нацыянальнага мастацкага слова. Новастворанаму саюзу былі перададзеныя літаратурныя выданні “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, штотыднёвік “Лім”, заснавальнікам якіх дзесяцігоддзі быў СБП. Распараджэннем міністэрства адукацыі былі забароненыя літаратурныя выступленні членаў СБП у школах, ВНУ і бібліятэках, якое не адменена і да гэтага часу. Літаратараў, якія працуюць у дзяржаўных установах, пачалі пад пагрозай звальнення прымушаць пісаць заявы аб выхадзе з СБП, заснаванага Купалам і Коласам, ды ўваходзіць у новаствораны саюз.

Не зважаючы на жудасныя ўмовы дзейнасці, СБП выстаяў і застаецца самай масавай прафесійнай арганізацыяй літаратараў Беларусі. Новаствораны СПБ, атрымаўшы ад кіраўніцтва краіны з дзяржбюджэта ўсе магчымыя прэферэнцыі (уключна з фінансаваннем дзейнасці апарата), за тры гады свайго існавання не змог вытрымаць творчай канкурэнцыі з СБП – ні па арганізаваных мерапрыемствах, ні па якасці створаных мастацкіх тэкстаў, ні колькасна, ні па ўплывовасці і павазе ў грамадстве. Выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс і колішнія чыноўніцкія сувязі, кіраўніцтва новастворанага СПБ распачало чарговы наступ на СБП і ягоных членаў.

З 2010 года распачалася беспрэцэдэнтная акцыя па шальмаванні і пераследу членаў нашай афіцыйна зарэгістраванай творчай арганізацыі. Па ўсёй краіне беларускамоўных і рускамоўных паэтаў, празаікаў і крытыкаў зноў пачалі выклікаць у дзяржаўныя інстанцыі ды ультыматыўна патрабаваць выйсці з СБП.

Ганебныя і незаконныя “працэсы” мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі (РВУ “Літаратура і мастацтва”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ і інш., абласных універсітэтах, рэдакцыях газет, музеях і школах). Па нашых звестках, гэтая “кампанія” санкцыянаваная вышэйшымі ўладнымі структурамі Беларусі.

Толькі на працягу апошніх тыдняў каля сотні членаў СБП звярнуліся да кіраўніцтва і Рады свайго грамадскага аб’яднання з просьбай аб дапамозе і абароне іх грамадзянскіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб грамадскіх аб’яднаннях. Да прыкладу, распачаты адміністрацыйныя і псіхалагічныя здзекі нават у дачыненні да паэтэсы, якая жыве ў Чарнобыльскай зоне і на мізэрны заробак адна выхоўвае дваіх непаўнагадовых дзяцей…

Падобнага масавага пераследу беларускія творцы не памятаюць са сталінскіх часоў. 

Улічваючы вышэй выкладзенае, у мэтах выканання статутных палажэнняў нашага аб’яднання і спасылаючыся на адпаведныя Законы і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Рада СБП патрабуе:

неадкладна спыніць пераслед пісьменнікаў, членаў ГА “СБП”;

 даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасці кіраўніцтва СПБ на чале з М.І.Чаргінцом, якая наносіць непапраўную шкоду развіццю сучаснага літаратурна-грамадскага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым.

У адваротным выпадку мы вымушаны будзем звярнуцца за падтрымкай у міжнародныя арганізацыі, паўнапраўнымі членамі якіх з’яўляецца СБП: Міжнародную Супольнасць Пісьменніцкіх Саюзаў (Масква), Еўрапейскую Пісьменніцкую Раду (Брусель), Балтыйскую Пісьменніцкую Асацыяцыю (Стакгольм), Міжнародную Асацыяцыю Пісьменніцкіх Саюзаў “Слова без межаў” (Кіеў) і да іншых нашых партнёраў. Разам з гэтым пакідаем за сабой права на правядзенне ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку грамадскіх акцый пратэсту па абароне правоў членаў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” на працу і ўдзел у грамадскіх арганізацыях.

 

Прынята адзінагалосна                                                                                

3 лютага 2010 г.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international