Справа ГА "Воля да развіцця" супраць дзяржаўнага тэлебачання будзе перагледжаная

2005 2005-11-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Вышкевіч падаў пратэст на рашэнне суда Першамайскага раёна Менску. Суддзя палічыў, што суд першай інстанцыі няправільна выкарыстаў заканадаўства і неабгрунтавана задаволіў частку іскавых патрабаванняў ГА "Воля да развіцця" (г. Слонім) супраць Белтэлерадыёкампаніі аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі яго старшыні Міхася Варанца і аб абароне дзелавой рэпутацыі гэтага грамадскага аб'яднання.
Нагадаем, што 14 лютага бягучага года суд Першамайскага раёна Менску пад старшынствам суддзі Лідзіі Целіцы часткова задаволіў гэты іск грамадскага аб'яднання. Суд прызнаў, што распаўсюджаныя 16 сакавіка 2004 года ў праграме БТ "Панарама" звесткі пра грамадскае аб'яднанне "Воля да развіцця" з'яўляюцца хлуснёй, якая ганьбіць гонар і годнасць грамадскіх актывістаў. У прыватнасці, суд абавязаў дзяржаўнае тэлебачанне абвергнуць звесткі пра тое, што пад шыльдай грамадскага аб'яднання ажыццяўлялася дзейнасць "рэсурсавага цэнтра, мэтай якога было фінансаванне апазіцыйных структураў, якая суправаджалася значнымі падатковымі парушэннямі і няправільнай выплатай падаткаў". Таксама суд палічыў хлуслівымі, ганебнымі і падлягаючымі абвяржэнню звесткі пра тое, што "калі замежныя фонды не падтрымаюць фінансава гора-прадпрымальніка, яго сумнеўная дзейнасць на гэтым спыніцца", - паведамляе Асамблея няўрадавых грамадскіх арганізацый.
Нягледзячы на тое, што рашэнне суда не абавязвала Белтэлерадыёкампанію выплаціць М. Варанцу і ГА "Воля да развіцця" грашовую кампенсацыю нанесеных стратаў, адказчык адмовіўся выконваць судовае рашэнне. Нават пасля таго, як касацыйная інстанцыя прызнала абгрунтаванасць прысуда, дзяржаўнае тэлебачанне не агучвала абвяржэнне, што нават прывяло да накладання на кіраўніцтва БТ адміністрацыйнага штрафу за невыкананне рашэння суда.
Юрысты БТ падавалі адну за адной наглядныя скаргі, і, у рэшце рэшт, гэта прынесла ім вынік. Суддзя Вярхоўнага суда В. Вышкевіч накіраваў пратэст, які грунтуецца адно толькі на пазіцыі, што журналісты БТ маглі агучваць уласнае меркаванне пра грамадскае аб'яднанне, нават не маючы пры гэтым аніякіх фактаў у яго абгрунтаванне. Трэба адзначыць, што суддзя Вышкевіч лічыцца ў Вярхоўным судзе спецыялістам у галіне рэпрэсіяў супраць СМІ і грамадскіх арганізацыяў. Ён удзельнічаў у пераследзе газеты "Народная воля", іншых незалежных выданняў, а таксама Праваабарончага цэнтру "Вясна", Руху за тэрытарыяльнае самакіраванне і прафсаюзу студэнтаў "Салідарнасць".
Згодна з пратэстам В. Вышкевіча, наглядная справа будзе разгледжана Прэзідыумам Менскага гарадскога суда. Судовае паседжанне прызначана на 9 лістапада, пачатак а 14-й гадзіне па адрасе: Менск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international