Пракуратура Ленінскага раёна Гродна вынесла афіцыйнае папярэджанне гродзенскаму журналісту Анджэю Пісальніку

2005 2005-11-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміла Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

2 лістапада пракуратура Ленінскага раёна Гродна вынесла афіцыйнае папярэджанне гродзенскаму журналісту Анджэю Пісальніку за тое, што ён "абразіў беларускі народ" у адной са сваіх публікацый. У гутарцы з прэс-службай ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ён звярнуў увагу на тое, што папярэджанне вынесена за публікацыю ў замежным выданні.
Падставай для папярэджання стаў артыкул А. Пісальніка "Палякі Аляксандра Рыгоравіча", які з'явіўся ў № 21 газеты "Glos znad Niemna", што выдаецца ў Польшчы. Пракурор Урублеўскі, які падпісаў папярэджанне, палічыў, што змест гэтага артыкулу "прыніжае нацыянальны гонар і годнасць" грамадзян РБ і цяперашняга старшыні Саюзу палякаў сп-ра Лучніка. У выпадку "працягу супрацьзаконнай дзейнасці" пракуратура абяцае прыцягнуць журналіста да адказнасці "ва ўстаноўленым законам парадку". У пракуратуры А. Пісальніку патлумачылі, што яго дзеянні могуць быць кваліфікаваныя як парушэнне арт. 130 Крымінальнага кодэксу.
Гэта - ужо другое папярэджанне пракуратуры Ленінскага раёна Гродна, якое атрымлівае А. Пісальнік апошнім часам: 29 верасня яго папярэдзілі аб недапушчальнасці прадстаўляцца галоўным рэдактарам штотыднёвіка Саюзу палякаў Беларусі "Glos znad Niemna".
Нагадаем таксама, што А. Пісальнік ужо фігуруе ў адной крымінальнай справе ў якасці падазраванага (яго і журналіста Андрэя Пачобута падазраюць у пагрозах на адрас кіраўніка Шучынскага Дома польскага (арт. 185 КК РБ)).
На думку А. Пісальніка, прынцыпова тое, што ў гэтым папярэджанні выданне "Glos znad Niemna" фігуруе як "газета Республікі Польша": гэта значыць, што пракуратура свядома прымяніла да журналіста санкцыі за публікацыю ў замежнай прэсе.
Журналіст занепакоены гэтым фактам, паколькі ён стала супрацоўнічае з яшчэ адным польскім выданнем - "Rzeczposolita". "Я шмат разоў друкаваў у ёй артыкулы нa непрыемныя для беларускіх уладаў тэмы, аднак дагэтуль ніхто не выказваў мне афіцыйных прэтэнзій", - кажа А. Пісальнік. Ён расцэньвае апошні крок пракуратуры як спробу спыніць выдаванне ў Польшчы газеты "Glos znad Niemna", які мае вялікі ўплыў на польскую супольнасць на Беларусі.
Дагэтуль за выступленні ў замежных СМІ прыцягвалі да адказнасці старшыню АГП Анатоля Лябедзьку (за ўдзел у праграмах тэлеканала "Россия" ("Зеркало" і "Вести недели") Пракуратура РБ завяла супраць яго крымінальную справу па арт. 367 КК РБ), а таксама намесніка старшыні БХК Гары Паганяйлу (за інтэрв'ю шведскаму тэлеканалу "ТВ-4" на тэму палітычных знікненняў у Беларусі супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа па тым жа артыкуле Крымінальнага кодэксу).

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international