Менск: Уключэнне ў камісіі як лакмусовая паперка для ўладаў

2010 2010-01-26T18:31:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння скончыўся тэрмін вылучэння прадстаўнікоў ад палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян шляхам падачы заявы ў склад Менскай гарадской выбарчай камісіі. Разам з тым, асаблівага аптымізму ў прадстаўнікоў беларускіх партый няма.

Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) накіроўвае ў склад Менскай гарадской выбарчай камісіі толькі аднаго свайго кандыдата - Сяргея Альфера.

- У выпадку ўключэння маёй кандыдатуры ў склад Менскай гарадской выбарчай камісіі я буду адсочваць і адстойваць выкананне выбарчага заканадаўства Беларусі, - сказаў Сяргей Альфер, спецыяліст у галіне выбарчага права. - І ў рамках сваіх паўнамоцтваў паспрабую зрабіць выбарчы працэс адкрытым і галосным. Ужо літаральна праз пару дзён мы даведаемся, якім чынам змены, унесеныя ў заканадаўства, былі інтэрпрэтаваны мясцовымі ўладамі пры зацвярджэнні выбарчых камісій.

Юрыст адзначыў пэўную ліберальнасць беларускага выбарчага заканадаўства. Аднак ён падкрэсліў, што хоць унесены пэўныя змены ў галіне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, працэдура падліку галасоў і кантролю за правядзеннем выбараў засталася фактычна нязменнай і дадзеныя галасавання па кожным асобным кандыдаце будуць, як і раней, сакрэтнымі і недаступнымі.

Сяргей Альфер не будзе сёлета спрабаваць стаць дэпутатам, паколькі не згодзен з вынікамі мінулых выбараў у мясцовыя Саветы, у якіх ён удзельнічаў, і па выніках якіх дэпутацкае крэсла дасталося яго апаненту ад улады.

-  Я і сёння не бачу магчымасці правесці на выбарчым участку такі кантроль выбарчага працэсу, які дазволіў бы сцвярджаць, што вынікі выбараў будуць не сфальсіфікаваны, - заявіў Сяргей Альфер.

Усяго ж Аб'яднаная грамадзянская партыя накіроўвае ў склад камісій усіх узроўняў (ад тэрытарыяльных да ўчастковых) па сталіцы каля 40 чалавек. Для параўнання: на мінулых выбарах у мясцовыя Саветы толькі ва ўчастковыя камісіі ў Менску АГП вылучала 537 чалавек, і ніводны з іх не быў уключаны ў склад камісій.

Прычыны скарачэння колькасці вылучэнцаў у выбарчыя камісіі простыя - расчараванне асобных сяброў АГП у самай працэдуры выбараў і боязь страціць працу з прычыны ціску на кандыдатаў ад апазіцыі.

- Мы мяркуем, што зарэгіструюць усіх дэмакратычных вылучэнцаў у выбарчыя камісіі і кандыдатаў у дэпутаты, - распавёў Анатоль Паўлаў, старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП. - Але самае галоўнае пытанне застаецца ў тым, як будзе праходзіць сама працэдура абрання. Хоць яна і некалькі спрасцілася, але ці будзе абраны хто-небудзь з кандыдатаў ад нашай партыі - спрэчны момант. Калі нікога з Аб'яднанай грамадзянскай партыі не ўключаць у склад членаў выбарчых камісій, то гэты факт сам за сябе скажа, якія ў нас выбары. Гэта будзе як лакмусовая паперка дзейнасці нашых уладаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international