Сяргею Каваленку пагражае крымінальная справа

2010 2010-01-08T14:49:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/9c250948-aa8d-4411-a297-4590f54c662a_mw270_s.jpg
Фота \"Радыё Свабода\". Сяргей Каваленка

Фота \"Радыё Свабода\". Сяргей Каваленка

35-гадовага актывіста КХП БНФ зь Віцебску Сяргея Каваленку да панядзелка пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў. Яго абвінавачваюць у хуліганстве. Так міліцыя ацаніла тое, што ўчора Каваленка зьдзейсьніў беспрэцэдэнтны ўчынак — вывесіў бела-чырвона-белы сьцяг на галоўнай каляднай ёлцы Віцебску. Сяргею пагражае адміністратыўная альбо крымінальная адказнасьць. Хто такі Сяргей Каваленка, расказваюць віцебскія апазыцыйныя актывісты.
Сяргей Каваленка паводле прафэсіі — будаўнік, працуе на розных аб’ектах у Беларусі і Расеі, мае жонку і сына. У Віцебску ўражаныя ягоным учынкам. Але разам з тым віцебскія актывісты апазыцыі хвалююцца за ягоны далейшы лёс. Навагоднія і калядныя сьвяткаваньні на плошчы Перамогі ў Віцебску сёлета праводзяцца з ініцыятывы самога старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, які асабіста распарадзіўся якраз тут паставіць галоўную гарадзкую ёлку.

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч мяркуе, што ўчынак Сяргея Каваленкі — гэта ўчынак адважнага і надзвычай рашучага чалавека:
“Гэта чалавек дужа сьмелы і вельмі патрыятычны. А за тое, што зрабіў учора — проста малайчына. Гэта таксама дужа сьмелы ўчынак і крэатыўны да таго ж. Гэта проста падарунак людзям да Раства”.

 

Старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, даведаўшыся пра ўчынак Сяргея Каваленкі, паехаў у Кастрычніцкі РАУС, каб сустрэцца з затрыманым. Аднак яму ўдалося толькі перадаць харчовую перадачу празь дзяжурнага, які сказаў, што супраць актывіста можа быць распачатая крымінальная справа і да 11-га студзеня яго будуць трымаць пад вартай:

“Што я магу сказаць? Чалавек жа сядзіць. Ён жа ўзьняў не чырвона-зялёны, а бел-чырвона-белы сьцяг. І трэба ўсё рабіць, каб яго вызваліць. У яго засталася сям’я — жонка, сын. Трэба іх неяк падтрымаць. Ёсьць у яго і адмоўныя нейкія якасьці, у яго характар сапраўднага Казярога — ён чалавек нейкага ўчынку. Але тое, што ён робіць — гэта заўжды ад усяго сэрца і ад усёй душы, не сумняюся”.

 

Кастусь Смолікаў, старшыня абласной суполкі Партыі БНФ, згадвае, што Сяргея Каваленку раней ужо каралі штрафамі ды арыштамі за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі:
“Ён чалавек рашучы, калі здольны на такія ўчынкі. Але ён адзін, ён па-за сыстэмай палітычнай апазыцыі. Ён выказвае свае асабістыя жаданьні і сам жа іх выконвае. Я вітаю вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў, але было б добра, каб Сяргей Каваленка паказаў свае здольнасьці працаваць сыстэмна і, да прыкладу, вылучыўся кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету”.

 

Праваабаронца Леанід Сьвецік лічыць учынак Сяргея Каваленкі мужным. Але за яго, з улікам мінулых пакараньняў, спадара Каваленку могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці:
“Цягам году ў Сяргея Каваленкі было некалькі адміністрацыйных спраў, у тым ліку за тое, што выходзіў у грамадзкія месцы зь бел-чырвона-белым сьцягам. Праваахоўныя органы могуць распачаць цяпер і крымінальную справу, як на злоснага хулігана. Хачу сказаць, што Сяргей сапраўды мае ўласныя перакананьні, заўжды размаўляе па-беларуску, і ягоны ўчорашні ўчынак — гэта лягічны працяг ягоных меркаваньняў”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international