viasna on patreon

У Міжнародны дзень правоў чалавека праваабаронцы перадалі петыцыю ўладам (фота)

2009 2009-12-10T17:57:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/petycyja-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончая супольнасць Беларусі

Праваабарончая супольнасць Беларусі

10 снежня прадстаўнікі праваабарончай супольнасці ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” перадалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь петыцыю з заклікам адмяніць гэты від пакарання, які расцэньваецца як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй  і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Копія звароту перададзеная і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Сёння у Адміністрацыю прыйшлі прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацыяў краіны – Гары Паганяйла (Беларускі Хельсінскі камітэт), Алена Танкачова і Вольга Смалянка (Інавацыйны фонд прававых тэхналогій), Раіса Міхайлоўская (Цэнтра па правах чалавека), Ірына Тоўсцік і Зміцер Салаўёў  (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Андрэй Сушко (Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”), Алег Волчак («Прававая дапамога насельніцтву») і Раман Кісляк (юрыст-праваабаронца з Берасця, лаўрэат прэміі “Праваабарончага альянсу” у 2009 г.).

На прыёме ў Катушкіна П.П., загадчыка прыёмнай грамадзянаў, Ірына Тоўсцік і Гары Паганяйла перадалі петыцыю. Сп. Катушкін паабяцаў, што зварот будзе перададзены кіраўніцтву Адміністрацыі для прыняцця рашэння.   

Пад зваротам да ўладаў падпісаліся больш за 30 чалавек – вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы, праваабаронцы, юрысты і навукоўцы.

“Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, падпісаўшыся ніжэй пад дадзеным зваротам, заклікаем улады Беларусі прыслухацца да нашых аргументаў  і адмяніць смяротнае пакаранне ў нашай краіне”, - гаворыцца ў петыцыі.

Далучыўшыся да кампаніі супраць смяротнага пакарання, кожны з падпісантаў выказаў свае аргументы. Але агульны сэнс гэтых выказванняў у тым, што нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы.

Дагэтуль былі толькі завярэнні беларускіх уладаў пра гатоўнасць увесці мараторый на смяротнае пакаранне, але ён так і не ўведзены. Як падкрэсліваюць праваабаронцы, такі час прыйшоў.

“У гэтым годзе ў Беларусі вынесеныя два смяротныя прысуды па крымінальных справах - у адносінах да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. І нас вельмі турбуе, каб перад увядзеннем мараторыя гэтыя людзі не сталі апошнімі расстралянымі ў гісторыі сучаснай Беларусі”, - неаднаразова адзначаў сябра ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” распачалася ў студзені 2009 года.  Мэта кампаніі - спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На дадзены момант Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Алег Волчак падпісвае петыцыю
Ірына Тоўсцік зачытвае петыцыю перад Адміністрацыяй Прэзідэнта

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства