Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, лістапад 2009 году

2009 2009-12-07T16:08:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/1a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Лістапад у Беларусі пачаўся з народнай панікі, выкіканай эпідэміяй вострага віруснага захворваньня, якое часта заканчвалася ўскладненьнем пнеўманіяй. Нягледзячы на абвешчаную САЗ (Сусьветная арганізацыя здароўя) пандэмію “свінога грыпу”, у першы дзень лістапада намесьніца міністра аховы здароўя Валянціна Качан заявіла, што ў Беларусі эпідэміі “свінога грыпу” няма, хаця аналіз на сьвіны грып праводзіўся толькі ў цяжкіх выпадках захворваньня ці ў выпадках сьмерці. У астатніх хворых аналізаў на вызначэньне формы грыпу не рабілі. Чыноўнікі ня проста замоўчвалі, а фактычна ўтойвалі поўную інфармацыю аб сітуацыі з захворваньнем. Вядома было, што цяжкія формы пнеўманіі прыводзяць да сьмерці і што лячэбныя ўстановы перапоўненыя. Аднак колькі людзей памерла ў Беларусі, колькі шпіталізавана і г.д. было невядома, бо медыцынскія чыноўнікі маўчалі. За лічаныя дні ў аптэках людзі скупілі ўсе супрацьвірусныя прэпараты, павязкі,  і г.д. І толькі 6-га лістапада, пасьля лавіны трывожнай інфармацыі ў незалежных СМІ і інтэрнэце ўлады абвесьцілі ад правядзеньні ў Менску дадатковых супрацьэпідэміялагічных мерапыемстваў, якія доўжыліся да канца месяца, а таксама закрыцьці навучальных установаў на карантын. Напярэдадні, 4-га лістапада, Міністэрства нфармацыі ў асобе першай намесніцы міністра Ліліі Ананіч завіла, што будзе “спыняць любыя спробы дэзінфармаваць насельніцтва краіны”. У гэты ж дзень намесьніца міністра аховы здароўя Валянціна Качан агучыла дадзеныя, з якіх вынікала, што за два тыдні ў краіне ад вострай пнеўманіі памерла 19 чалавек, прычым у 7 з іх быў лабараторна выяўлены “свіны” грып. Гэта, бадай, і ўсё, што было паведамлена афіцыйна. Між тым толькі ў Гомельскай вобласьці з 2 па 29 лістапада было зарэгістравана 170.819 выпадкаў грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый (ВРІ). Сярод хворых дзеці склалі 44,2%, дарослыя — 55,8%, шпіталізаваныя — 3,3% (5.825 чалавек). Па стану на 30-е лістапада на Гомельшыне ў 10-ці ўстановах адукацыі прыпынены навучальны працэс. Аднак па-ранейшаму ўлады нічога не паведамляюць пра сітуацыю з заражэньнем вірусам A (H1N1), а таксама з захворваньнем на пнеўманію і сьмяротнасьць ад яе.

Лістапад адзначаны і важнай міжнароднай падзеяй. Было прынята рашэньне адносна візавых санкцыяў – Рада ЕС працягнула на год забарону на ўезд вышэйшым дзяржаўным асобам Беларусі, але ўвяла на 6 месяцаў мараторый на іх дзеяньне. Пытаньне працягу альбо адмены санкцыяў Еўрасаюзу цалкам залежыла ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі. Большасьць аналітыкаў, палітыкаў схіляецца да думкі, што пастанова Рады ЕС з’яўляецца кампрамісным рашэньнем. Нагадаем, што ў сьпісе невыяздных па-ранейшаму засталіся пяць чалавек – тыя, каго Еўропа падазрае ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў у 1999–2000 гадах (экс-міністры ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былыя дзяржсакратар Савета бясьпекі Віктар Шэйман і камандзір брыгады сьпецназа ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка), а таксама старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына – за фальсіфікацыю вынікаў выбараў і рэферэндумаў.

 На паўгады, да 31 траўня 2010 году, падоўжыла дзеяньне пастановы аб зьмякчэньні санкцыяў да двух прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” – ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" Міністэрства фінансаў ЗША. У гэты пэрыяд амэрыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі. Разам з тым уласнасьць “Лакафарбы" і "Полацк-Шкловалакна" застаецца заблакаваная ў адпаведнасьці з урадавым распараджэньнем. Эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да канцэрну “Белнафтахім” былі ўведзеныя ЗША ў лістападзе 2007 году ўвялі у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі.

 16-17 лістапада ў Бруселі праходзіў форум грамадзянскай супольнасьці ў рамках ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. Асноўная мэта Форуму – аблягчэньне дыялогу і супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і ўрадамі краінаў — удзельніц Усходняга партнёрства, садзейнічаньне ў рэалізацыі праграмы. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі 27 арганізацыяў, на форуме абмяркоўвалася магчымасьць аднаўленьня Пагадненьня аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Еўрасаюзам.

11 лістапада незалежная міжнародная радыёстанцыя “Еўрапейскае радыё для Беларусі” атрымала копію пастановы Савета Міністраў і пасьведчаньне аб адкрыцьці ў Беларусі карэспандэнцкага пункту тэрмінам на адзін год. Акрэдытацыю атрымалі 12 журналістаў і тэхнічных працаўнікоў радыё. У той жа час прэс-служба спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» распаўсюдзіла 13 лістапада прэс-рэліз, у якім гаворыцца, што ня вырашаны лёс ужо трэцяга звароту па рэгістрацыю ад тэлеканалу «Белсат». Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская выказала наступнае меркаваньне: «На маю думку, рэгістрацыя аднаго з некалькіх незалежных апазіцыйных медыяў у Беларусі – гэта таксама спроба падзяліць журналісцкае асяродзьдзе на лепшых і горшых. Гэта стандартныя, вядомыя здаўна метады дзеяньня аўтарытарных уладаў».

Варта дадаць, што напярэдадні беларускія ўлады без усялякіх тлумачэньняў адмовілі А. Рамашэўскай у атрыманьні візы. Дырэктарка незалежнага тэлеканалу была запрошаная ў якасці ганаровай госьці для ўдзелу у Менскім форуме XII.  «Мне здаецца, адмова ў візе сьведчыць пра тое, што і на рэгістрацыю прадстаўніцтва „Белсат“ у Беларусі цяпер асабліва спадзявацца ня варта.

Персонай нон-грата ў Беларусі застаецца і дэпутат Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы  Хрыстос Пургурыдэс, які быў запрошаны на запланаваны на 14-е лістапада Беларускі Еўрапейскі Форум. Падчас сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЕ з кіраўніком місіі Беларусі пры Радзе Еўропы Андрэем Бушылам, прадстаўнік беларускага ўраду даў зразумець, што дэпутат кіпрскага парламенту не атрымае візу ні ў беларускім консульстве ў Парыжы, ні ў менскім аэрапорце.

Таксама Беларусь не дала візу літоўскаму парламентару Эмануэлісу Зінгерысу, які па рашэньні праўленьня Сойму павінен быў зачытаць на Беларускім Еўрапейскім форуме віншавальны ліст ад старшыні парламенту Літвы Ірэны Дзегуцене. МЗС Літвы заявіў, што такі крок Менску "не адпавядае сяброўскаму духу адносін блізкіх суседзяў".

30 лістапада Палата прадстаўнікоў беларускага парламенту адзінагалосна прыняла ў першым чытаньні новы законапраект са зьменамі ў выбарчае заканадаўства, які на думку кіраўнікоў ЦВК значна яго дэмакратызуе. Між тым прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці лічаць прапанаваныя зьмены недастатковымі, бо нязменным засталіся правы назіральнікаў, што дае магчымасьць фальсіфікаваць вынікі галасаваньня. У ЦВК кажуць, што ўлічылі рэкамендацыі АБСЕ, між тым прадстаўніцтва АБСЕ заявіла, што яны не азнаёмлены з новым законапраектам.

Праваабаронцы Швецыі, якая старшынюе ў ЕС, прапанавалі на сайце Youtube свой новы праект: 12 эксьпертаў з Беларусі распавялі пра выкананьне 12-ці ўмоваў Еўрасаюзу. Сутнасьць праекту заключаецца ў тым, што праваабаронцы, палітолагі і журналісты мусілі ацаніць зьмены па пяцібальнай шкале. Выстаўленыя адзнакі аказаліся вельмі нізкімі.

  1. Смяротнае пакараньне

 10 лістапада ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя, на якой маці Андрэя Жука, асуджанага да сьмяротнага пакараньня у 2009 годзе, зьвярнулася да прэзідэнта краіны.У сваім звароце Святлана Жук просіць Аляксандра Лукашэнку памілаваць сына, сьмяротны прысуд якому ўступіў у сілу пасьля разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным Судзе. Падчас мерапрыемства юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч заявіў, што з нагоды апошніх вынесеных сьмяротных прысудаў – у адносінах да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука – накіраваныя скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, і гэтыя скаргі прынятыя да разгляду. Таксама В. Стэфановіч паведаміў, што ведамствы, якія адказныя за выкананьне прысудаў, павінны адтэрмінаваць выкананьне прысудаў да моманту, пакуль скаргі ня будуць разгледжаныя Камітэтам па сутнасьці.

15 лістапада з упраўленьня Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН атрымана паведамленьне пра атрыманьне інфармацыі ад кампетэнтных органаў РБ адносна індывідуальнага звароту ад імя прысуджанага да сьмяротнага пакараньня Васіля Юзэпчука. У паведамленьні ўраду гаворыцца, што зварот неправамерны, паколькі В. Юзэпчуком не выкарыстаны ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны. Таксама паведамляецца, што на цяперашні момант прашэньне В. Юзэпчука аб памілаваньні знаходзіцца на разглядзе ў прэзідэнта краіны. Акрамя іншага абвяргаецца факт парушэньня арт.6 (права на жыцьцё) Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі рашэньне аб сьмяротным пакараньні вынесена  па беларускім заканадаўстве.  Дзяржава ставіць пытаньне па непрыемлемасьці разгляду звароту. На дадзеным этапе Камітэт прадставіў магчымасьць да 14 сьнежня прадставіць заўвагі з боку В.Юзэпчука на дадзеную інфармацыю. 

Нагадаем, Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў чэрвені 2009 года прыняла рэзалюцыю, згодна з якой беларускаму парламенту вернуць статус адмыслова запрошанага, але толькі пасьля таго, як Беларусь абвесьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

 12 лістапада “Дзяды Марозы” атрымалі адказ з Генеральнай пракуратуры за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзянаў Радыёнава.У лісьце паведамляецца, што ў выпадку ўстанаўленьня дадзеных аб сістэмным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі яны будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Нагадаем, у кастрычніку група Дзядоў Марозаў добраахвотна здалася ў генеральную пракуратуру. Удзельнікі хэпенінгу аднесьлі заяву, у якой прызналіся ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага перыяду і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе». Акцыя ладзілася ў межах кампаніі за адмену крымінальнага артыкулу 193.1 КК. Па словах юрыста Асамблеі НДА Юрыя Чавусава, у сваім лісьце пракуратура не зьвярнула ўвагу на яўку з павіннай Дзядоў Марозаў. Ён адзначыў, што пракуратура вырашыла не разглядаць прававую сітуацыю, якая паўстала ў выніку гэткай дэманстрацыі абсурднасьці артыкулу 193.1, а ўсяго толькі  абмежавалася “простым выкладаньнем нормаў беларускага заканадаўства аб грамадзкіх аб'яднаньнях”. Асамблея НДА нагадвае, што па артыкуле 193.1 КК за 4 гады ў Беларусі было асуджана 17 чалавек. Артыкул працягвае дзейнічаць.

12 лістапада аргкамітэт Беларускай партыі працоўных накіраваў у Вярхоўны Суд скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі партыі. Як паведаміў БелаПАН лідэр аргкамітэту па стварэньні партыі Аляксандр Бухвостаў, заснавальнікі лічаць, што рашэньне Мінюсту супярэчыць заканадаўству, таму праз суд хочуць даказаць, што маюць усе неабходныя дакументы для рэгістрацыі партыі.  

 Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі слонімскаму аб’яднаньню “Залаты леў”. Заснавальнікі Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Залаты Леў” раней уваходзілі ў склад іншай няўрадавай арганізацыі – Слонімскага моладзёвага аб’яднаньня “Ветразь”, якое некалькі год таму было прымусова ліквідаванае рашэньнем суда на падставе адсутнасьці юрыдычнай адрэсы. Адзін з ініцыятараў стварэньня аб’яднаньня Алесь Масюк лічыць прынятае рашэньне палітычна матываваным: “Улады працягваюць палітыку нерэгістрацыі ў дачыненьні да асобаў, якіх яны залічылі ў апазіцыю. Усе недапрацоўкі статута мы маглі б выправіць цягам дня, а нас проста вырашылі забараніць”.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 11-га, 13-га і 16-га лістапада, тройчы за тыдзень супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі ў Віцебску рэгіянальнага распаўсюдніка недзяржаўнай прэсы Барыса Хамайду. Пратаколаў затрыманьня не складалі. Затрыманьні, як мяркуюць праваабаронцы, былі зьвязаныя з прыездам у Віцебск высокіх дзяржаўных асобаў.

 18 лістапада, неўзабаве пасьля паведамленьня пра працяг санкцыяў ЕС супраць Беларусі, міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні чатыром недзяржаўным газетам – «Наша Ніва», «Ва-банкъ», «Народная воля» і «Комсомольская правда» в Белоруссии». Матывацыя — «у сувязі з парушэньнямі ў публікацыях патрабаваньняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Усім выданьням указана на парушэньні розных артыкулаў Закону, але сутнасьць іх адна: публікацыя недаставернай інфармацыі ці іншых звестак, што парушаюць права. Напрыклад, у лісце з папярэджаннем «Народнай волі» міністэрства ўзгадвае артыкул з заклікам да выхаду на Плошчу ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Падставай для папярэджання “Нашай Ніве” стаў артыкул пад назвай «Замоўчванне грыпу выклікала эпідэмію панікі». У папярэджаннях указана выправіць у дзесяцідзённы тэрмін парушэньні Закону.

 На шклозаводзе “Нёман” у Бярозаўцы, нягледзячы на дазвол трапіць на прадпрыемства, супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістаў Аляксандра Дзянісава і Аляксандра Хілімона. Журналісты рыхтавалі сюжэт пра сітуацыю на заводзе, працаўнікі якога выказваюць незадаволенасьць сваім становішчам.

 10 лістапада заснавальнік рэгіянальнай недзяржаўнай газеты грамадзка-палітычнай тэматыкі «Прэфект плюс» з г. Глыбокае Віцебскай вобласьці атрымаў назад дакументы, накіраваныя  ў міністэрства для рэгістрацыі. З пачатку верасьня Мінінфармацыі не зарэгістравала рэгіянальныя газеты «Солигорск плюс», «Новую газету Бобруйска», «Магілёўскі час», «Мар’інагорскую» і яшчэ некаторых СМІ, заснавальнікі якіх не пажадалі быць згаданымі ў прэсе, паведаміла прэс-служба БАЖ.

 19 лістапада ў другі раз вернутыя дакументы, пададзеныя на рэгістрацыю недзяржаўнай газеты «Салігорск-плюс». Мінінфармацыі лічыць, што заяўленая тэматыка газеты не адпавядае арт. 12 Закона «Аб друку». Акрамя таго, Мінінфарм нагадвае, што рэдакцыя дагэтуль не зрабіла захадаў для размяшчэньня юрыдычнай асобы ў нежылым памяшканьні, а менавіта гэта стала падставай для вяртаньня дакументаў у першы раз. Уладзімір Шыла, які выступае заснавальнікам выданьня, лічыць, што Міністэрства інфармацыі знаходзіць надуманыя падставы для адхілення дакументаў. Юрысты БАЖ падзяляюць яго думку і лічаць, што Мінінфарм перавышае свае паўнамоцтвы.

 25 лістапада незалежная журналістка з Бярозы, сябра БАЖ Тамара Шчапёткіна была запрошаная на “размову” ў раённую пракуратуру, дзе намесьнік пракурора Фёдар Міховіч уручыў ёй пісьмовае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ – Радыё Рацыя. На афіцыйным бланку журналістка ўказала, што з папярэджаньнем ня згодная, паколькі мае права зьбіраць і прадаваць інфармацыю як вольны журналіст. Супрацоўнік пракуратуры паведаміў, што пры паўторным папярэджаньні яна будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці.

  1. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

 Грамадзкія актывісты з Берасьця Ірына Лаўроўская, Раман Кісляк і Дзяніс Турчыняк накіравалі індывідуальныя звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН, у якіх сьведчаць аб парушэньні іх права на свабоднае выражэньне думак і правядзеньне мірных сходаў, аб дыскрымінацыі па прыкмеце перакананьняў,  а таксама аб тым, што падчас судовага праэсу было парушана права на справядлівае судовае разьбіральніцтва. Скаргі ў КПЧ зьвязаны з падзеямі пачатку году, калі мясцовы гарвыканкам ня даў дазволу заяўнікам І. Лаўроўскай, Р. Кісляку і Д. Турчыняку на правядзенне пікетаў 15, 16, 17 студзеня на пешаходнай часцы вул. Гогаля. Акцыі планаваліся з мэтай прыцягненьня ўвагі і абмеркаваньня пытаньня ўсталяваньня помніку да 1000-годзьдзя Берасьця. Судовыя інстанцыі, куды пасьля адмовы зьвярталіся грамадзкія актывісты, падтрымалі бок мясцовых уладаў.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 12 лістапада кіраўніка філіі “Маладога Фронту” ў Наваградку Юрася Казака выклікалі ў аддзел міліцыі, дзе яму паведамілі, што супраць яго распачата крымінальная справа. Супрацоўнікі праваахоўных органаў падазраюць актывіста ў злосным хуліганстве, а менавіта – 7 лістапада ў горадзе быў абліты зялёнай фарбай помнік Леніну. Міліцыянты затрымалі трох актывістаў “Маладога Фронту”, у ліку якіх быў і Ю.Казак. У пастарунку ў затрыманых узялі тлумачэньні і адпусьцілі.

 24 лістапада адвакатка Тамара Сідарэнка наведала ў магілёўскай калоніі сваго падабароннага – палітвязьня Арцёма Дубскага. Па яе словах, асуджаны фігурант “працэсу 14-ці” 3 дні галадаў, – такім чынам ён пратэставаў супраць дзеяньняў адмністрацыі калоніі, якая забараняла перадаваць яму кнігі. Нягледзячы на тое, што палітвязень ня мае ніякіх спагнаньняў з боку адміністрацыі калоніі, яго працягваюць незаконна абмяжоўваць у шэрагу правоў. Дакладна стала вядома, што А. Дубскаму адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

6.     Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 6 лістапада Менскі абласны суд не задаволіў скаргі актывістаў дэмакратычнага руху з Вілейскага раёну Аляксея Сюдака, Уладзіміра Малерчука і Алеся Наркевіча, якія 1 верасьня ўсталявалі ў лесе каля вёскі Красны Беражок крыжы на месцы расстрэлу актывіста беларускага антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага. Па словах У.Малярчука іх зноў абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу. Такім чынам рашэньне папярэдняй інстанцыі ад 8 кастрычніка, паводле якога актывістам прысуджаны вялікія штрафы застаецца ў сіле.

 7 лістапада ў Менску адбыліся прэвентыўныя затрыманьні актывістаў. Актывістаў “Маладога Фронту” Насту Палажанку і Міколу Дземідзенку  міліцыянты затрымалі ў розных месцах сталіцы і даставілі ў Першамайскі РУУС. Праз некалькі гадзінаў маладафронтаўцаў адпусцілі без складаньня пратаколаў. Актывістаў “Правага альянсу” Юрася Карэтнікава і Аляксея Скуратовіча, якія зьбіраліся ўскласьці да пастамента са скульптурай Леніна на плошчы Незалежнасьці вянок з калючага дроту, супрацоўнікі праваахоўных органаў даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Менску. Такім чынам моладзь хацела нагадаць беларусам пра бязвінна загінулых за часы савецкай улады. Міліцыянты канфіскавалі вянок з калючага дроту, буклеты “Правага альянсу” і ўзялі тлумачэньні ў затрыманых.

 Грамадзка-палітычны актывіст Алесь Мех зьвярнуўся ў суд Кобрынскага раёну са скаргай на дзеяньні міліцыі падчас сёлетніх “Дажынак” у Кобрыне. У той дзень ён быў затрыманы мясцовымі міліцыянтамі нібыта па ананімнаму званку, у якім паведамлялася, што актывіст мае наркотыкі і зброю. А. Меха даставілі ў аддзел міліцыі, абшукалі і, нічога не знайшоўшы, праз 3,5 гадзіны адпусьцілі. Ананімнага дэзінфараматара так і не знайшлі. Рэгіянальны актывіст просіць суд прызнаць затрыманьне незаконным і запатрабаваць з пракуратуры матэрыялы праверкі па ягонай заяве.

7.     Перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў

 Актывісты моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" распачалі ў Менску кампанію – "Права не страляць" з мэтай інфармаваньня пра альтэрнатыўную грамадзянскую службу. Па словах аднаго з арганізатараў кампаніі Фёдара Масьленьнікава, 19 лістапада актывісты ўжо распаўсюдзілі каля эканамічнага ўніверсітэту інфармацыйныя буклеты. Разам з “Маладымі дэмакратамі” ўдзел у кампаніі бяруць і актывісты Фонду развіцьця прававых тэхналогіяў.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 6 лістапада суд Цэнтральнага раёну Гомеля завершыў разгляд крымінальнай справы супраць верніка пратэстанцкай царквы “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка. З падачы гарадзкога ваенкамату пракуратура абвінаваціла маладога чалавека ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу. Судзьдзя Рыгор Дзьмітрэнка прызнаў верніка вінаватым і пакараў штрафам у памеры 100 базавых велічыняў, што складае 3,5 мільёны рублёў. Між тым Дз. Смык  дамагаецца альтэрнатыўнай службы, нават калі яна будзе даўжэйшаю, чым вайсковая. Рэлігійныя перакананьні маладога чалавека не дазваляюць яму браць у рукі зброю альбо нейкім іншым чынам падтрымліваць войска. Гарадзкая прызыўная камісія на заяву Дз. Смыка пра тое, каб прайсьці альтэрнатыўную службу, адказала адмовай, бо закон пра альтэрнатыўную службу ў Беларусі дагэтуль не прыняты.

 9 лістапада падчас міжнароднай канферэнцыі ў Менску, прысьвечанай хрысьціянска-іўдзейскаму дыялогу, амбасадар Ізраілю Эдуард Шапіра заявіў, што ў Беларусі склалася катастрафічная сітуацыя з іўдзейскімі cупольнасьцямі. Паводле яго словаў, у свой час савецкая ўлада, укараняючы атэізм і змагаючыся з рэлігіяй, рэквізавала ў канфесіяў культавыя будынкі, шмат якія з часам былі вернутыя хрысьціянскім вернікам. Дыпламат выказаў пажаданьне, каб дзяржава зьвярнула ўвагу і на сінагогі, калісьці пабудаваныя на сродкі іўдзеяў. Сярод іншых праблемаў жыцьця габрэйскай супольнасьці, якія выклікаюць заклапочанасьць, Э. Шапіра назваў нежаданьне пракуратуры і міліцыі ўзбуджаць справы па артыкуле 130 КК РБ аб распальваньні нацыянальнай варожасьці «нават там, дзе гэта відавочна».

9.     Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня і дыскрымінацыя

 Упраўленьне Вярхоўнага камісара па правах чалавека паведаміла аб рэгістрацыі ў Камітэце па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын паведамленьне берасьцейскай грамадзкай актывісткі Інгі Абрамавай. Актывістка абскардзіла дыскрымінацыю яе як жанчыны ў ізалятары часовага ўтрыманьня, умовы ўтрыманьня ў якім былі вельмі жорсткімі: холад, бруд, сьпёртае паветра, тусклае электрычнае сьвятло. Акрамя іншага, выключна мужчынскі персанал дазваляў сабе назіраць ў дзьвярное вочка і па відэакамеры, калі яна карысталася прыбіральняй. Паводле інфармацыі праваабаронцы Рамана Кісьляка, дыскрымінацыя жанчын па прызнаку пола характэрна для ўсіх ізалятараў часовага ўтрымання УУС РБ. Толькі ў адным з ІЧС у  Менску ёсьць жаночы персанал. Гэта першае паведамленьне у Беларусі, дасланае ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

  1. Звальненьні па палітычных матывах

 Мінздраў не працягнуў працоўны кантракт з рэктарам Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэту Паўлам Беспальчукам. Магчымай прычынай называецца скандальны артукул рэктара ў газеце “Весьнік БДМУ”. У публікацыі аўтар ахарактэрызаваў сітуацыю з размеркаваньнем студэнтаў-медыкаў як «беззаконьне», якое дасягнула «свайго апогею». 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international