У выбарчы кодэкс прапануюць зменаў амаль на 40 старонак

2009 2009-11-27T10:03:41+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vybary-kodex.jpg

Ёўрарадыё азнаёмілася з тэкстам законапраекта, які прапануе Цэнтрвыбаркам. Паводле слоў Мікалая Лазавіка, змены значна дэмакратызуюць выбарчае заканадаўства, але апазіцыя ўсё роўна лічыць іх касметычнымі. Законапраект са зменамі ў выбарчае заканадаўства перадалі ў Палату прадстаўнікоў. Парламентам ён будзе разгледжаны на наступным тыдні, магчыма 30 лістапада. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

 

Зменаў у выбарчае заканадаўства прапануюць шмат, законапраект уключае каля 40 старонак. З таго, што абмяркоўвалася раней, нічога не выкінулі. Складальнікі законапраекта дзейнічалі паводле прынцыпу “максімальна дадаць, а не выразаць”. У ЦВК кажуць, што ўлічылі рэкамендацыі АБСЕ. Шмат прапановаў у законапраекце датычацца дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Рэгуляваць выбары цяпер будзе толькі адзін выбарчы кодэкс.

 

Мікалай Лазавік: "У выбарчы кодэкс увойдуць тыя палажэнні, што раней уваходзілі ў закон аб цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. Будуць у выбарчым кодэксе нормы, якія раней былі ў часовых дэкрэтах прэзідэнта".

 

Працэс фармавання камісій не змяніўся. Іх, як і раней, будуць фармаваць мясцовыя выканкамы, але можа змяніцца склад камісій.

 

Мікалай Лазавік: "Маецца прапанова, каб не меней за адну траціну камісіі фармавалася з прадстаўнікоў палітычных партый і аб'яднанняў".

 

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які неаднаразова балатаваўся кандыдатам у дэпутаты, лічыць, што апазіцыі шмат месцаў у камісіях не дадуць.

 

Анатоль Лябедзька: "Выцягнуць сацыяльна-спартовую партыю, ветэранаў вайны, БРСМ і г. д. І запоўняць гэтую адну траціну. А апазіцыі кінуць костачку, уключаць дзе-нідзе прадстаўнікоў. У законе напісана пра адну траціну, але гэта не гаворыць, што партыя мусіць быць апазіцыйная".

 

Любое парушэнне выбарчых правоў падчас фармавання камісій можна будзе абскардзіць у судзе. Вось толькі невядома, ці паўплывае гэта на іх склад.

 

Законапраект спрашчае вылучэнне кандыдатаў ад палітычных партый. Партыя не мусіць мець структуру ў акрузе, каб вылучыць кандыдата.

 

Але Анатоль Лебедзька кажа, што гэты пункт быў бы проста не патрэбны, каб партыям спрасцілі рэгістрацыю: "Калі сябра партыі мог зарэгістраваць на сваёй кватэры прадстаўніцтва, то ў гэтым не было б праблемы".

 

Не трэба будзе завяраць подпісы ў выканкамах, гэта вырашылі скасаваць, бо на выканкамы было шмат нараканняў.

 

Мікалай Лазавік: "Часта бывалі нараканні з боку сяброў ініцыятыўных груп, што рэжым працы выканкама такі, што яны не могуць падпісаць лісты ў старшыні выканкама. А цяпер прапануюць зусім скасаваць гэты подпіс. У выканкаме іх не трэба будзе завяраць".

 

Не змяніўся і статус назіральніка. Вырашаць адлегласць назіральніка ад сталоў ды іншае будзе старшыня камісіі. Але змяніўся працэс накіравання назіральнікаў.

 

Мікалай Лазавік: "Партыя ці грамадскае аб'яднанне могуць накіроўваць у якасці назіральніка не толькі сябра, але і прадстаўніка".

 

Гэта адна з нямногіх істотных зменаў, на думку Анатоля Лябедзькі. Але ж няма ніякай інфармацыі аб празрыстасці падліку галасоў.

 

Анатоль Лябедзька: "Нашыя прапановы, каб агучваўся кожны бюлетэнь, за каго ён і каб клаўся асобна, не прайшлі".

 

Не будзе мець права выбарчая камісія караць кандыдата за нязначную памылку ў сваіх дадзеных.

 

"Калі чалавек запоўніў дэкларацыю аб даходах па дадзеных арганізацыі, дзе ён атрымаў даход. А потым высветлілася, што даход не поўны і яго здымалі", — удакладняе Мікалай Лазавік.

 

Не будуць адмаўляць у рэгістрацыі і за "забытыя ў вёсцы спаленыя матацыклы".

 

"Гэтая папраўка дазволіць абараніць грамадзяніна ад жорсткага рашэння камісіі, калі ён забудзе пазначыць такі транспартны сродак, які лічыцца ў яго, але не існуе фактычна", — кажа Мікалай Лазавік.

 

Не заменяць абавязкова і ўсе скрынкі для галасавання на празрыстыя. Цяпер яны будуць правярацца толькі ў прысутнасці большасці сяброў камісій, а не двух, як было раней. І падчас датэрміновага галасавання іх будуць запячатваць кожную ноч, каб пазбегнуць спробаў укінуць бюлетэні.

 

Тэрмін падачы скаргаў плануюць працягнуць на тры дні, каб кандыдаты паспелі атрымаць усю інфармацыю ад назіральнікаў і прааналізаваць яе.

 

"Што застанецца ў законе, мы пабачым, калі праект пройдзе ўсе неабходныя працэдуры і стане законам", — гаворыць Мікалай Лазавік.

 

На думку Анатоля Лябедзькі, змены збольшага носяць касметычны характар. А некаторыя спрашчаюць жыццё ўладам. Такія як адмена бар'ера ў 50 працэнтаў яўкі. Цяпер не будзе неабходнасці зганяць людзей на выбары. А для нашай краіны галоўнае, як закон выконваецца.

 

Анатоль Лябедзька: "Я балатаваўся яшчэ 90-м годзе па савецкім заканадаўстве і набіраў большасць галасоў. Так што правапрымяняльная практыка ва ўмовах Беларусі носіць вызначальны характар".

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international