Мінюст запатрабаваў ад БХД падаць усе пратаколы са сходаў па вылучэнні дэлегатаў устаноўчага з'езда

2009 2009-11-24T13:16:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/minust.jpg

Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад заснавальнікаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) падаць усе пратаколы са сходаў па вылучэнні дэлегатаў устаноўчага з'езда. Пра гэта паведаміў адзін з сустаршыняў БХД Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, усе запатрабаваныя дакументы былі пададзены. "Мы дзейнічаем у межах закону і выконваем абсалютна ўсе патрабаванні Міністэрства юстыцыі. Я мяркую, што ў Мінюста няма юрыдычных падстаў для таго, каб не зарэгістраваць партыю", — зазначыў Севярынец.

Аднак, працягнуў ён, толькі апошнімі днямі юрыдычная служба БХД зарэгістравала некалькі выпадкаў неабгрунтаванага ціску на заснавальнікаў партыі, з тым каб яны адклікалі свае подпісы ва ўстаноўчых дакументах. "Мінімум у пяці выпадках у Бабруйску, Гродне, Калінкавічах людзям пагражалі звольніць з працы, калі яны не адклічуць свае подпісы. Яшчэ ў двух выпадках у Брэсце і Бабруйску нашым заснавальнікам пагражалі выгнаць з навучальных устаноў, а яшчэ ў адным у Мінскай вобласці — выселіць са службовага памяшкання", — паведаміў Севярынец.

Устаноўчы з'езд БХД прайшоў у Менску 31 кастрычніка. У ім узялі ўдзел 311 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Дэлегаты з'езда прынялі рашэнне аб юрыдычным стварэнні партыі, зацвердзілі яе статут і праграму, абралі кіраўніцтва. БХД узначалілі чатыры сустаршыні: Павел Севярынец, Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі і Георгій Дзмітрук. Большасцю галасоў прыняты рашэнні аб удзеле ў мясцовых выбарах 2010 года і ў прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. Апрача таго, партыя аб'явіла аб пачатку агульнанацыянальнай кампаніі супраць казіно.

Дакументы на рэгістрацыю БХД у Міністэрства юстыцыі былі пададзены 9 лістапада.

Гэта другая спроба зарэгістраваць партыю. Першы ўстаноўчы з'езд БХД прайшоў 28 лютага, аднак Міністэрства юстыцыі ўбачыла парушэнні падчас яго склікання і правядзення і не зарэгістравала партыю, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international