Чаго хоча беларуска?

2009 2009-11-13T11:07:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bielaruski.jpg

Днямі падчас круглага стала “Жаночая канвенцыя ў Беларусі: абавязацельствы і выкананне” спецыяліст лабараторыі “Новак” Надзея Яфімава абнародавала некаторыя шакіруючыя вынікі сацыялагічнага даследавання “Становішча жанчын на рынку працы”. Высветлілася, што многія з апытаных жанчын ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча як вельмі дрэннае, баяцца згубіць працу, а некаторым увогуле ледзь-ледзь хапае на ежу…

МАШЫНА АЛЬБО... КЕФІР?
— Мы апыталі 22 прадстаўніцы жаночых аб’яднанняў, з якіх 17 — зарэгістраваныя, а 5 — не, — распавяла спадарыня Яфімава. — Большасць з апытаных жанчын ацэньваюць сваё эканамічнае становішча як сярэдняе, а амаль трэцяя частка — як вельмі і вельмі дрэннае. 10,4 працэнта жанчын адказалі, што зводзяць канцы з канцамі, ім не хапае нават на ежу. Каля 40 працэнтаў прызналіся, што на самыя неабходныя прадукты грошай быццам бы хапае, а вось на адзенне — з цяжкасцю.
5,9 працэнта з апытаных могуць без асаблівых цяжкасцей дазволіць сабе абнавіць гардэроб, набыць прадукты, але не могуць дазволіць сабе купіць машыну, дачу і зрабіць іншыя буйныя пакупкі. І толькі 0,1 працэнта жанчын могуць дазволіць сабе абсалютна ўсё.
Эканамічныя чаканні жанчын яшчэ больш песімістычныя, чым ацэнка цяперашняга становішча. Многія чакаюць зніжэння заробку і даходаў, некаторыя баяцца згубіць працу.
Прыкладна каля 60 працэнтаў жанчын, з якімі мы размаўлялі, працуюць, але больш за чвэрць з іх незадаволены сваёй працай з-за нізкага ўзроўню заробку і адсутнасці перспектыў яго падвышэння. Многіх не задавальняе іх працоўны графік.
Толькі 15 працэнтаў жынчын сказалі, што не баяцца застацца без працы. 20 працэнтаў прадстаўніц слабага полу гэтая праблема непакоіць вельмі канкрэтна.
На пытанне “Што будзеце рабіць, калі згубіце працу?”, многія адказалі, што будуць шукаць новую работу. Але толькі 16 працэнтаў мяркуюць, што без асаблівых цяжкасцей змогуць працаўладкавацца на аналагічную пасаду. 40 працэнтаў жанчын упэўнены, што ім прыйдзецца працаваць не па спецыяльнасці, а 18 працэнтаў перакананы, што новая праца будзе нізкааплачвальнай.
Парадокс, але толькі каля 4 працэнтаў жанчын лічаць, што змогуць дамагчыся нейкіх поспехаў на ніве прадпрымальніцтва.

ШТО СКАЖУЦЬ У ААН?
Сустаршыня грамадскага аб’яднання “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна цяпер разам з экспертамі рыхтуе справаздачу ў спецыяльны камітэт ААН пра беларускіх жанчын.

— 3 лістапада 1981 года Беларусь падпісала Жаночую канвенцыю, — распавяла выданню “Туі і цяпер” спадарыня Пеціна. — Мы былі ў ліку першых краін, якія гэта зрабілі. Але на той час большасць грамадзян нават і не ведала пра згаданы факт. Ведалі толькі тыя людзі, якія працавалі з адпаведнымі дакументамі. Цяпер краіна, якая падпісала канвенцыю, павінна раз у чатыры гады трымаць справаздачу перад адмысловым камітэтам ААН. Мы завяршаем працу над альтэрнатыўнай справаздачай для ААН. Рэкамендацыі, якія прымае камітэт ААН пасля справаздачы, абавязковыя для выканання. Але ў нашай краіне не так проста і лёгка ўплываць на прыняцце рашэнняў.
Ад Беларусі ў ААН ужо было пададзена 7 афіцыйных справаздач і 2 альтэрнатыўныя.
У чым сутнасць альтэрнатыўных справаздач? Справа ў тым, што ў афіцыйных паперах можа быць прадстаўлена нейкая аб’ектыўная лічба, але яна не адлюстроўвае тыя тэндэнцыі, што адзначаюцца ў краіне. А сам камітэт ААН можа і не звярнуць увагі на тыя ці іншыя моманты — вельмі шмат краін прадстаўляе свае справаздачы. На жаль, нашы ўлады не заўсёды разумеюць, што спрыяльная карціна, якую яны часцей за усё малююць у сваіх паперах, — гэта не заўсёды добра. Бо калі на самай справе ў краіне існуюць праблемы, а іх утойваюць, то ніхто не будзе даваць дапамогу на іх вырашэнне. Тым самым, спрабуючы зрабіць добры твар, улада сама пазбаўляе сябе дадатковых рэсурсаў.
У справаздачы, якая зараз рыхтуецца, мы ў першую чаргу адзначаем такія праблемы, як беднасць і дыскрымінацыя на рынку працы.
Паводле слоў Людмілы Пецінай, на сайце ААН пакуль няма інфармацыі аб тым, што сёлета Беларусь будзе трымаць справаздачу аб становішчы жанчын. Хаця, па некаторых звестках, афіцыйны даклад ужо быў накіраваны ў Міністэрства замежных спраў.
“А калі яны будуць перадаваць справаздачу ў ААН — невядома, бо МЗС Беларусі — даволі закрытая структура, — гаворыць Пеціна. — У графіку на 2010 год Беларусі пакуль няма. Гэта сведчыць аб тым, што справаздача альбо пакуль не пададзена, альбо выклікала нейкія пытанні і адпраўлена на дапрацоўку.
Сваю справаздачу мы маем намер накіраваць у ААН напрыканцы лістапада, але пакуль там не будзе афіцыйных папер, разглядаць наш даклад ніхто не стане”.


МІНЮСТ НЕ ЗАЎВАЖАЕ ДЭФІЦЫТУ?
Паводле даных, якія прадставіла на круглым стале “Жаночая канвенцыя ў Беларусі” дырэктар асветніцкай установы “Цэнтр прававой інфармацыі” Вольга Смалянка, на 1 ліпеня гэтага года ў Беларусі налічвалася ўсяго толькі 32 жаночыя арганізацыі (ва ўсякім выпадку, у статуце гэтых арганізацый пазначана, што яны займаюцца жаночымі пытаннямі). На 1 кастрычніка бягучага года ў Беларусі ўвогуле налічвалася 2 224 грамадскія аб’яднанні.
Пяць гадоў таму ў краіне было 2 214 грамадскіх аб’яднанняў. І з іх 38 — жаночых.
Між іншым, паводле вынікаў даследаванняў лабараторыі “Новак”, большасць жаночых арганізацый у першай тройцы праблем, якія непакояць іх на сённяшні дзень, назвалі недастатковае фінансаванне, недасканалае заканадаўства, а таксама нізкую сацыяльную актыўнасць грамадства.
“Сумная выснова вынікае з гэтай статытскі, — робіць вывад спадарыня Смалянка. — Ніякай дынамікі росту не заўважаецца. Наадварот, колькасць жаночых арганізацый скарацілася. І гэта пры тым, што Міністэрства юстыцыі сцвярджае, што ў Беларусі без асаблівых праблем рэгіструюцца самыя розныя арганізацыі”.

Фотаа: smatrycenka.livejournal.com

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international