Маці Андрэя Жука звярнулася да прэзідэнта з просьбай пра памілаванне сына (дададзены тэкст Звароту)
Змагаючыся за жыццё свайго сына, маці Андрэя Жука спрабуе выкарыстаць усе магчымыя сродкі - як міжнародныя механізмы прававой абароны, так і індывідуальны зварот да прэзідэнта краіны. 10 лістапада Святлана Жук праз сродкі масавай інфармацыі звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пра памілаванне сына, смяротны прысуд якому ўступіў у сілу пасля разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным Судзе.
- Так, Андрэй вінаваты. Канечне, ён не меў права ні пры якіх абставінах пазбаўляць жыцця гэтых людзей. Але атрымліваецца, што ў мяне на вачах зараз забіваюць майго сына. І я не хачу і не магу з гэтым прымірыцца. І ён, і мы, ягоныя родныя, да скону сваіх дзён будзем вымольваць прабачэнне за гэты цяжкі грэх у сем’яў загінулых і ў Бога. І я буду прасіць прэзідэнта даць Андрэю шанец сваёй працай загладзіць сваю віну і заслужыць прабачэнне сем'яў пацярпелых, - патлумачыла сваё рашэнне Святлана Міхайлаўна падчас прэс-канферэнцыі ў Менску.
У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел Валянцін Стэфановіч, прадстаўнік ПЦ “Вясна”, які з’яўляецца адным з ініцыятараў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, і Хэза Макгіл, прадстаўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, эксперт па Беларусі.
Падчас свайго выступу Хэза Макгіл выказала меркаванне міжнароднай праваабарончай супольнасці на конт таго, што надыйшоў час, калі Беларусь павінна сказаць “Не!” такому бесчалавечаму пакаранню.
- Адна з праблемаў - гэта менавіта пакуты, якія смяротная кара прыносіць сваякам вязняў. Паводле рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, прынятага ў 1999 годзе, сакрэтнасць, якой акутана смяротнае пакаранне ў Беларусі, на самой справе, у дачыненні да сваякоў прыраўноўваецца да катаванняў. Таму што чалавек, асуджаны да пакарання смерцю, не ведае, калі ён можа быць расстраляны, і сваякі таксама нічога не даведаюцца, нават дату. Гэта вельмі цяжкое выпрабаванне для людзей. Гэта цяжка для вязняў, якія кожную хвіліну чакаюць: калі расчыняюцца дзверы - іх павядуць на смерць. Гэта жахліва для сваякоў, якія нічога не ведаюць. Яны не могуць развітацца з родным чалавекам, не атрымаюць яго цела і нават яго рэчы, не будуць ведаць, дзе ён пахаваны, - акрэсліла жудасную карціну Х.Макгіл.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч узяў слова пасля таго, як Святлана Жук зачытала свой зварот да прэзідэнта.
- Цяжка пасля маці нешта казаць. Але гэта сітуацыя і паказвае сутнасць смяротнага пакарання. Фактычна зараз на вачах у маці і бацькі дзяржава павольна забівае іх сына. Зразумела, як бацькі яны зараз адчуваюць вялікі боль і страту, яны жывуць у чаканні моманту, калі гэта можа здарыццца. Менавіта таму мы як праваабаронцы выступаем за ўвядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне ў нашай краіне і лычым, што такі час прыйшоў. З нагоды апошніх смяротных прысудаў - у адносінах да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука - накіраваныя скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. І гэтыя скаргі прынятыя да разгляду. Мы, у сваю чаргу, накіравалі пісьмовы зварот у МЗС, МУС, Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю Прэзідэнта і праінфармавалі іх пра тое, што звароты ў Камітэце зарэгістраваныя. І таму дадзеныя ведамствы, якія ў адпаведнасці са сваімі службовымі паўнамоцтвамі, адказныя ў тым ліку і за выкананне прысудаў, павінны адтэрмінаваць выкананне прысудаў да моманту, пакуль скаргі не будуць разгледжаныя Камітэтам па сутнасці, - распавёў В.Стэфановіч.
Тэкст Звароту Святланы Жук да Прэзідэнта РБ з просьбай пра памілаванне сына