Амбасадар Ізраілю заявіў аб праявах расізму ў Беларусі

2009 2009-11-10T13:18:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shapiro_posol_izrailia.jpg
Эдуард Шапира

Эдуард Шапира

У Беларусі склалася катастрафічная сітуацыя з юдзейскімі cупольнасцямі. Пра гэта амбасадар Ізраілю Эдуард Шапіра заявіў 9 лістапада ў Менску на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдзейскаму дыялогу.

Паводле яго словаў, у свой час савецкая ўлада, укараняючы атэізм і змагаючыся з рэлігіяй, рэквізавала ў канфесіяў культавыя будынкі, шмат якія з часам былі вернутыя вернікам. «Я разумею, што ў краіне яшчэ няма закона аб рэстытуцыі, але на хвалі рэлігійнага адраджэння дзяржава не толькі вяртае храмы, якія раней належылі хрысціянскім супольнасцям, але і дапамагае ў рэстаўрацыі гэтых культавых будынкаў», — сказаў дыпламат. Ён выказаў пажаданне, каб дзяржава звярнула ўвагу і на сінагогі, калісьці пабудаваныя на сродкі вернікаў, перадае БелаПАН.

У Гародні, у прыватнасці, знаходзіцца ўнікальная трохпавярховая сінагога — адзін з найпрыгажэйшых у Цэнтральнай Еўропе будынкаў юдзейскіх храмаў. Горад наведвае мноства турыстаў, у тым ліку габрэі, аднак іх немагчыма прывесці ў сінагогу, паколькі ў ёй пануе разруха, а на яе ўзнаўленне ў юдзейскай супольнасці няма сродкаў, адзначыў амбасадар.

Сярод іншых праблемаў жыцця габрэйскай супольнасці, якія выклікаюць заклапочанасць, дыпламат назваў нежаданне пракуратуры і міліцыі ўзбуджаць справы па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі аб распальванні нацыянальнай варожасці «нават там, дзе гэта відавочна». Амбасадар прывёў прыклад гэтага года, калі ў Слуцку (Менская вобласць) на будынку, дзе размешчаная габрэйская супольнасць, з'явілася свастыка з антысеміцкім тэкстам пагрозлівага зместу. «На мой погляд, гэта яскравы прыклад расізму», — сказаў Шапіра.

Паводле яго словаў, часам будаўнічыя працы вядуцца ў раёнах старадаўніх габрэйскіх могілак і месцах масавых расстрэлаў габрэяў у гады Другой сусветнай вайны. Дыпламат лічыць, што неабходны закон, які б спыняў такога кшталту дзеянні. На яго думку, калі падчас такіх працаў знойдзеныя чалавечыя парэшткі, неабходна апавясціць габрэйскую супольнасць і ў прысутнасці равіна правесці перапахаванне паводле нацыянальных традыцыяў.

Амбасадар выказаў упэўненасць, што сумеснымі высілкамі любыя цяжкасці могуць быць пераадоленыя, залог чаму з'яўляецца цяперашняя канферэнцыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства