«Побач з чарапамі кароў і коней валяліся і прастрэленыя чалавечыя чарапы...»

2009 2009-10-30T13:49:10+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/civali-zak.jpg

— Вось ужо тры гады запар 29 лістапада мы наведваем тыя мясціны, дзе Беларусь губляла лепшых сваіх сыноў і дачок, — патлумачыў палітык Вячаслаў Сіўчык.

Першым пунктам праграмы наведвання сталі Кальварыйскія могілкі. Менавіта там, па сведчанні гісторыка Ігара Кузняцова, і пачалася крывавая эстафета па вынішчэнні беларусаў.

— На Кальварыі яшчэ не было такіх масавых расстрэлаў, як ў Курапатах ці Парку Чалюскінцаў, тут хутчэй праходзілі адзіночныя расстрэлы, — заўважыў Ігар Кузняцоў. — Недалёка знаходзіліся жылыя дамы, таму адстрэльвалі ціха — па адным ці невялікімі групамі — і падзахоўвалі ва ўжо існуючыя магілы. Усё рабілася патаемна. Калі я паспрабаваў знайсці хаця б якіх-небудзь сведкаў, то аказалася, што ўсе ахоўнікі гэтых могілак таксама былі рэпрэсаваныя. Натуральна, што мы спрабавалі дабіцца ад улады, каб яны раскрылі дакументы, але безвынікова. Адзінымі сведкамі гэтых злачынстваў могуць быць хіба што гэтыя дрэвы.

Ёсць на Кальварыйскіх могілках і так званыя “шматпавярховыя” пахаванні. На месцы, дзе ў 30-я НКВД праводзіла расстрэлы, пасля ў 40-х на гэтых касцях пахавалі памерлых ў ваенны час.

— Калі ж пачаліся масавыя расстрэлы, то Кальварыя ўжо не падыходзіла. Незаўважна расстраляць за адну ноч 200-300 чалавек тут немагчыма, — адзначыў Ігар Кузняцоў.

Прыкладам найвышэйшага цынізму сталінскіх апрычнікаў можа таксама лічыцца былая вёска Цівалі (сёння гэта месца непадалёк ад Ракаўскага кірмашу), дзе ў 30-я гады былі рэпрэсаваны чыгуначнікі.

— Спачатку на гэтым месцы знаходзіўся магільнік для жывёлы, якая сканала ад эпідэміі, — распавёў пісьменнік Сяргей Законнікаў. — Тут і вырашылі схаваць сляды сваіх злачынстваў НКВДысты, бо гэтае месца па інструкцыях нельга было раскопваць яшчэ на працягу 100 гадоў. Аднак праўду пахаваць немагчыма. Яна прыйдзе нават з таго свету.

Калі Мінск стаў пашырацца, парэшткі расстраляных былі знойдзены.

— Салдаты, якія праводзілі тут раскопкі, жахнуліся: побач з чарапамі кароў і коней валяліся і прастрэленыя чалавечыя чарапы, — адзначыў пісьменнік. — Кісці чалавечых рук былі звязаны дротам. І гэта былі не адзінкі. Калі такіх знаходак назбіралася больш за 200, камандзір палка, які тут працаваў, адразу ж кінуўся да камандавання. Далажылі і Машэраву. Але ў рэшце рэшт, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, вырашылі ўсё захаваць ў тайне. Сюды ж звозілі чыгуначнікаў з усёй Беларусі — тых, хто адмаўляўся весці так званыя “шэрыя эшалоны”, якія вывозілі нашых суайчыннікаў на Калыму, у Сібір. Раскрыць гэтыя звесткі азначала прызнацца ва ўсіх злачынствах.

У выніку чалавечыя астанкі былі спаленыя разам з парэшткамі кароў і коней, а пасля вывезеныя і перазахаваныя ў лясным Масіве па Ракаўскай шашы.

Удзельнікі жалобнага мерапрыемства наведалі ў гэты дзень таксама Лошыцу, Парк Чалюскінцаў, Курапаты і яшчэ шэраг мясцін, дзе былі расстраляны і пахаваны ахвяры сталінскага рэжыму.

— Хочацца спадзявацца, што прыйдзе час і паўсюды на гэтых месцах будуць стаяць памятныя крыжы, — падсумаваў Вячаслаў Сіўчык. — Людзі жывыя, пакуль жыве памяць пра іх.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international