«Советская Белоруссия»: Курапаты — могілкі агульнанацыянальнага маштабу

2009 2009-10-29T13:19:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kurapaty.jpg
Крыжы ў Курапатах.

Крыжы ў Курапатах.

Газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссія — Беларусь сегодня» ў чацвер выйшла з вялікім артыкулам пра Курапаты на першай паласе. Аўтар матэрыялу — галоўны рэдактар выдання Павел Якубовіч. Газета заклікае пакончыць са «шматгадовым змрочным спектаклем» адмаўлення праўды.

Артыкул выйшаў напярэдадні Дзядоў — традыцыйнага Дня памяці продкаў, на які, па традыцыі, што ўстанавілася ад канца 1980-х, ушаноўваецца і памяць ахвяраў савецкага рэжыму.

    Найперш газета адназначна адмятае меркаванні «артадоксаў», што «ў нас такога быць не магло». Ён называе «ўродлівымі міфамі і кашчунствам» словы некаторых «відавочцаў», што ў Курапатах маглі забіваць у вайну гамбургскіх яўрэяў, ці словы колішняга старшыні КДБ Шыркоўскага аб тым, што ў БССР па прысудах «троек» была расстраляная толькі адна жанчына.

«Гісторыкі і іншыя знаўцы з цярпеннем тлумачылі хомкам няверуючым, што пік расстрэлаў прыйшоўся на 1940 год, калі з тэрыторыі Заходняй Беларусі і Віленшчыны сюды прывозілі людзей, якіх па «класавых крытэрах» ў Мінску пазбаўлялі жыцця. Гэта былі камерсанты і палітыкі, чыноўнікі і суддзі, сялене‑землеўладальнікі і фабрыканты. У Беластоку, Ваўкавыску, Гродне, Вільне, ім абвяшчалі пра накіраванне ў сібірскую высылку. Але цягнік з захаду ішоў толькі да Мінску, затым наканаваных гналі «ў пешым парадку» з вакзала ў двор турмы на Валадарскага…

    Лёс «класава чужых элементаў» ужо быў вырашаны ў Маскве, паведамлена ў УНКВД заходніх абласцей і Віленскага оперсектара, асвячана подпісам небажыхароў з усесаюзнай лубянскай «тройкі» — камісараў Кабулава, Мяркулава і начальніка першага спецаддзелу маёра ГБ Баштакова. Так і было!» — піша «Советская Белоруссія».

Яна кажа, што прыйшоў час зразумець для ўсіх, незалежна ад поглядаў, што «Курапаты — гэта трагічны ўрок для грамадства: агрэсіўныя дактрыны, якімі б высакароднымі яны не былі, калі прыводзяць да гібелі людзей — амаральныя».

Тым не менш, «час лечыць раны» і сёння «новыя пакаленні палітыкаў ужо не нясуць адказнасць за Курапаты».

Не абышлося без уколаў у бок апазіцыі. «Усялякія спекуляцыі на трагедыі не нясуць нічога новага, а толькі здольныя вывесці грамадства на новы віток супрацьстаяння. Які, у канчатковым рахунку, нязменна прыводзіць да новых Курапатаў. Сёння яшчэ ёсць людзі, якія трызняць «дэмакратычным трыбуналам» і мараць пра расправу са «сталіншчынай», якая ўжо даўно стала гісторыяй. Ёсць і людзі, якія бачаць будучыню толькі ў мінулым — не для іх пішуцца гэтыя радкі, — яны нічога не забылі, але нічому не навучыліся», — кажа аўтар.

Пры гэтым ён лукавіць, калі кажа, што «імёны ўсіх катаў вядомыя! Але абсалютна ўсе ахвяры «чырвонага кола» на сённяшні дзень рэабілітаваныя…» Досыць згадаць імя Ларысы Геніюш — дагэтуль не рэабілітаванай і выкінутай з падручнікаў.

«СБ» успамінае вахту моладзі па абароне Курапатаў у 2001 — 2002 гадах. «Юныя, гарачыя валанцёры бясстрашна клаліся пад калёсы раўнадушных грэйдзераў, якія пашыралі дарогу, карыслівыя палітычныя правадыры ўзначальвалі калоны і прамаўлялі палымяныя словы, мясцовыя жыхары ладзілі пад соснамі пікнікі, энергічныя дзевалаперы ўладкоўваліся пад шумок узвесці ў «жывапісным месцы» (у Курапатах!) выкшталцоныя вілы для багатых. Глупыя і нячулыя падлеткі з наваколля раскопвалі магілы і ламалі усталяваныя добраахвотнікамі памятныя крыжы», — і за гэтым усім «моўчкі назірала мясцовая ўлада».

    Цікава, а дзе ў гэты час быў сама «Советская Белоруссія»? Чаму не падтрымлівала тых юнакоў, што ў самыя лютыя маразы начавалі ў Курапатах, каб урочышча не было знішчана бульдазерыстамі? Ды нават проста не паведамляла пра тыя падзеі нейтральна?

Таксама ў нумары змешчаны «круглы стол» па пытаннях Курапатаў. У ім узялі ўдзел навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны «Курапаты» Мая Кляшторная, палітык Андрэй Клімаў, ксёндз Ігар Лашук, загадчык цэнтрам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Мікалай Смяховіч і сам Павел Якубовіч. Якубовіч у ім ставіць пытанне, што «кансерваваць сённяшнюю «самадзейнасць» таксама не вельмі добра». Гэта пра тое, што цяпер Курапаты маюць характар народнага, стыхійнага мемарыялу, а дагляд яго каардынуе Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Аднак іншыя ўдзельнікі круглага стала яго не падтрымалі. Мая Кляшторная адназначна выказалася за ўзмацненне мемарыялізацыі з захаваннем сённяшняга, людскага, унікальнага характару помніка.

«Советская Белоруссія» піша: «Прыйшоў час гучна і ясна сказаць: Курапаты — гэта могілкі, прычым могілкі, калі можна так выказацца, агульнанацыянальнага маштабу… На могілках не прынята крочыць калонамі, спяваць ці павышаць голас. Могілкі прымушаюць быць больш добрымі, задумацца пра вечнае і памаліцца ў душы», — то бок традыцыйнае шэсце апазіцыі ў Курапаты на Дзяды — гэта таксама кашчунства і палітыканства, намякае аўтар. Аднак гэтыя дробныя закіды на адрас незалежнага грамадства маюць другаснае значэнне проці галоўных вывадаў матэрыялу:

    «У нашай краіне ёсць шмат вялікіх і маленькіх мемарыялаў, якія звяртаюцца не толькі да гераічных, але і да трагічных момантаў агульнай гісторыі. Курапаты з імі ў адным жалобным шэрагу».

    Упершыню за часамі Лукашэнкі найбуйнейшая дзяржаўная газета надрукавала праўдзівы артыкул пра Курапаты.

Напэўна, зараз у Курапатах перастануць ламаць крыжы і лаўкі.

Яшчэ ў адным гістарычным пытанні беларускае грамадства дасягнула кансэнсусу. Дзеля гэтага спатрэбілася 20 гадоў настойлівасці, а часам і ахвярнасці незалежнага грамадства.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international