viasna on patreon

Маці Андрэя Жука, асуджанага да смяротнага пакарання, звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН

2009 2009-10-29T17:02:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smert.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Змагаючыся за жыццё свайго сына, маці Андрэя Жука спрабуе выкарыстаць міжнародныя механізмы прававой абароны. Яна звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН з просьбай зарэгістраваць індывідуальны зварот у неадкладным парадку. Жанчына таксама выказвае спадзяванні на тое, што Камітэт як мага хутчэй звернецца да Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з просьбай не выконваць смяротны прысуд да разгляду скаргі па сутнасці. Пра гэта паведаміў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.  
Маці А.Жука лічыць, што падчас следства і судовага разбіральніцтва ў дачыненні да яе сына былі парушаныя артыкулы Пакта, якія датычацца права на жыццё, забароны катавання, права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, права тэрмінова быць дастаўленым да суддзі з моманту затрымання, права на справядлівы суд. Пра гэта жанчына і паведамляе ў сваім звароце ў Камітэт.
Нагадаем, што 27 кастрычніка Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Валерыя Калінковіча не задаволіла касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Андрэя Жука. Прысуд Мінскага абласнога суду быў пакінуты без зменаў і набыў моц. 
“Як праваабаронцы мы занепакоеныя лёсам асуджаных да смяротнага пакарання ў Беларусі. Мы лічым, што вынясенне смяротнага прысуду пасля судовага разбіральніцтва, падчас якога не выконваліся палажэнні Пакта, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва, уяўляе сабой адвольнае пазбаўленне чалавека жыцця”, - адзначыў Раман Кісляк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства