Палітвязьняў не павінна быць!

2009 2009-10-22T17:27:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/press3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі “Палітвязьні: Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2008 годзе па палітычных матывах”, якая была  падрыхтаваная з удзелам Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Хоць зборнік і  распавядае пра падзеі мінулага году, тым ня менш сама тэма да гэтага часу застаецца актуальнай па шматлікіх прычынах. Адна з іх – самая галоўная – гэта наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў, што, аднак, адмаўляюць беларускія ўлады. Менавіта таму кніга і мае такі дакладны і ясны назоў, каб яшчэ раз падкрэсліць, што перасьлед па палітычных матывах у нашай краіне не спыняецца, нягледзячы на патрабаваньні міжнародных дэмакратычных структураў. А між тым вызваленьне палітычных зьняволеных з’яўляецца адной з асноўных умоваў у правядзеньні дыялогу паміж Беларусьсю і Еўрасаюзам.

У афармленьні вокладкі кнігі выкарыстаны вядомы здымак фотажурналісткі Юлі Дарашкевіч “Абвал вежы Пішчалаўскага замку”, дзе знаходзіцца СІЗА № 1 ГУУС Менгарвыканкаму, празванае “Валадаркай”. У гэтым турэмным замку за кратамі ўтрымліваліся беларускія палітвязьні 1990-2000 гг. На думку ўкладальніцы зборніку Алены Лапцёнак, сам здымак настолькі сімвалічны, што яго немагчыма было не зьмясьціць на вокладцы, бо ён сімвалізуе сабой непазьбежны крах усёй існуючай дзяржаўнай сістэмы і, як сьледзтва, завяршэньне эпохі палітвязьняў. 

У напісаньні зборніку прынялі ўдзел многія незалежныя беларускія журналісты. Яны падрыхтавалі цікавыя інтэрвію і публцыстычныя нарысы, героям якіх у 2008 годзе былі вынесеныя крымінальныя прысуды. Акрамя таго ў кнігу ўвайшлі дакументальныя матэрыялы пра самай гучнай справе –  “працэсу 14-ці”. Сярод іх прысуд, вынесены 22 красавіка 10 фігурантам справы, апошняе слова падсуднага Міхася Крывава, якое выклікала бурныя апладысменты ў судовай залі, а таксама эксьпертнае заключэньне (незалежная грамадзкая юрыдычная эксьпертыза) па справе, падрыхтаванае БХК і перададзенае ў суд 8 сьнежня перад пачаткам працэсу над апошнім абвінавачаным Аляксандрам Баразенкам.       

У прэзентацыі прынялі ўдзел некаторыя героі кнігі і іх сваякі, праваабаронцы. Было адзначана, што “працэс 14-ці” не завершаны да гэтага часу: з 11-ці фігурантаў, прызнаных міжнароднай праваабарончай арганізацыяй “Amnesty International” вязьнямі сумленьня, толькі чацьвёра амніставаныя, двое праз суд яе дамагаюцца. Між тым двое “вязьняў сумленьня” атрымалі дадатковы тэрмін па крымінальнай справе нібыта за ўхіл ад адбыцьця пакараньня, гэта – Максім Дашук і Арцём Дубскі. Каб патрымаць Арцёма, які знаходзіцца ў Магілёўскай папраўчай калоніі, і выказаць з ім салідарнасьць, удзельнікі прэзентацыі падпісалі яму адзін з асобнікаў зборніку.

На мерапрыемстве ўзгадалі і тых фігурантаў “працэсу 14-ці”, якія зьехалі за мяжу і ў выпадку вяртаньня таксама могуць апынуцца за кратамі. Ад аднаго з іх, Аляксея Бондара, былі зачытаныя вітальныя словы. “Нашыя каштоўнасьці — вечныя, праўда на нашым баку, і, хай пройдзе не адзін год — нам ня будзе за што саромецца перад гісторыяй. Разуменьне гэтага і ёсьць Перамога,  Перамога Духа”, - упэўнены палітвязень, які вымушаны жыць і працаваць у Расеі.

На прэзентацыі выступілі юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч”; былы палітвязень, вызвалены з турмы адмысловым указам прэзідэнта Беларусі, Сяргей Парсюкевіч; маці Андрэя Кіма Тацяна Андрэеўна; давераная асоба сям’і зьняволенага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча правабаронца Алег Волчак; старшыня БХК Алег Гулак і амніставаны фігурант “працэсу 14-ці” Міхась Субач.

Паколькі папярэдніцай кнігі "Палітвязьні" быў леташні зборнік "Прага Вясны: Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2007 годзе па палітычных матывах", заканамерным прагучала пытаньне, ці будзе працяг гэтай серыі. Усё выступоўцы сышліся на думцы, што такіх кніг не павінна быць, бо людзі не павінны трапляць за краты за адрознае ад афіцыйнага бачаньне будучыні сваёй краіны і за яе набліжэньне. Беларусь не павінна называцца "апошняй дактатурай у Еўропе"!    
 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international