Судовы працэс “Грамадскае праваабарончае аб’яднанне “Наша Вясна” супраць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь” Справаздача аб судовым назіранні

2009 2009-10-16T17:03:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo-fidh-viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Судовы працэс “Грамадскае праваабарончае аб’яднанне “Наша Вясна” супраць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь”                                                                      
Справаздача аб судовым назіранні                                                                                                                                                                                                                                                   
І – Уводзіны ----------------------------------------------------------------------------------
ІІ – Кароткае апісанне праблемы ---------------------------------------------------------
ІІІ – Судовы працэс -------------------------------------------------------------------------
IV – Вынясенне рашэння --------------------------------------------------------------------
V – Аналіз -------------------------------------------------------------------------------------
VI – Каментары -------------------------------------------------------------------------------
Рэкамендацыі ---------------------------------------------------------------------------------


I – Уводзіны
Кірыл Карацееў, кіраўнік місіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), атрымаў паўнамоцтвы ад Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў, сумеснай праграмы FIDH і Міжнароднай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), на правядзенне назірання за судовым працэсам па зыску Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” да Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, які разглядаўся ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь. Перш за ўсё, трэба адзначыць, што Прэзідэнту FIDH сп. Сухаір Белхасэн было амоўлена ў атрыманні візы для правядзення назірання за працэсам.
Судовы працэс распачаўся 10 жніўня 2009 года. Судовае рашэнне было вынесена 12 жніўня 2009 года. Рашэнне з’яўляецца канчатковым і ня можа быць абскарджанае ў судовым парадку. Задачай кіраўніка місіі была ацэнка – ня толькі справядлівасці судовага працэса, але і аргументацыі ўладаў пры вынясенні рашэння аб адмове ў рэгістрацыі гэтай няўрадавай арганізацыі. Такім чынам, гэтая справаздача з’яўляецца спробай ацаніць прапарцыйнасць умяшання ў права на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, якое гарантавана Артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадскіх і палітычных правах (МПГПП).

II – Кароткае апісанне праблемы
Падставай для судовага разбіральніцтва была скарга на рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі аднаго з вядучых праваабарончых аб’яднанняў Беларусі, якое, да яго ліквідацыі праз судовае рашэнне ў 2003 годзе, мела назву Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Разгледзеўшы скаргу сп.Бяляцкага і інш. да Рэспублікі Беларусь, Камітэт ААН па правах чалавека прыйшоў да высновы, што закрыццё арганізацыі ў 2003 годзе было парушэннем Артыкула 22 МПГПП. Арганізацыя працягвала сваю дзейнасць без прызнання яе афіцыйнага статусу, што з’яўляецца парушэннем Артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасці"). Яна двойчы – у 2007 і 2009 годзе – падавала дакументы на рэгістрацыю пад назвай “Наша Вясна” (сыходзячы з забароны на ўжыванне назвы ліквідаванай арганізацыі). Абедзьве заяўкі былі адхіленыя Міністэрствам юстыцыі, а Вярхоўны суд не задаволіў скаргі на рашэнні Міністэрства.
Паводле беларускага заканадаўства, кожная некамерцыйная арганізацыя павінна прайсці працэдуру рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі для атрымання афіцыйнага статусу. Толькі ў гэтым выпадку яна можа легальна існаваць, атрымоўваць і распараджацца рэсурсамі (пры гэтым, атрыманне рэсурсаў праваабарончым аб’яднаннем практычна немагчымае з-за існуючых фінансавых абмежаванняў), мець афіцыйны штат супрацоўнікаў і г.д.
Дадзеная справа была звязаная з трэцяй спробай рэгістрацыі арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Больш за 70% яе сяброў паставілі свае подпісы пад заявай аб рэгістрацыі 29 сакавіка 2009 года, аднак 25 траўня 2009 года заява была адхіленая. Міністэрства патлумачыла сваю адмову чатырма прычынамі:
- Па-першае, яно сцьвярджала, што чатыры сябры арганізацыі прадаставілі недакладную або несапраўдную інфармацыю аб сваім месцы жыхарства і месцы занятасці.
- Па-другое, яно палічыла гарантыйны ліст адносна прадастаўлення памяшкання аб’яднанню несапраўдным, сцьвярджаючы, што ў прадстаўнікоў рэгіструючага органа не было магчымасці наведаць гэтае памяшканне.
- Па-трэцяе, яно абвінаваціла заснавальнікаў аб’яднання ў непрадастаўленні, няглездячы на патрабаванні Міністэрства, праграмы дзеянняў, якая, паводле іх заяваў, была прынятая.
- Па-чацвёртае, яно адзначыла, што назва НДА – “Наша Вясна” – не адпавядае яго Статуту. Яно таксама звярнула ўвагу на тое, што заснавальнікі НДА ў мінулым неаднаразова прыцягваліся да “адміністратыўнай адказнасці”.
Трое з ліку заснавальнікаў “Нашай Вясны”, сп. Алесь Бяляцкі (старшыня), сп. Уладзімер Лабковіч і сп. Валянцін Стэфановіч, звярнуліся ў Вярхоўны суд са скаргай на рашэнне аб адмове. Яны сцьвярджалі, што:
- Тое, што Міністэрства назвала недакладнай інфармацыяй аб заснавальніках арганізацыі, – усяго толькі канцэлярскія памылкі,
- Гарантыйны ліст быў сапраўдным і не выклікаў прэтэнзіяў з боку Міністэрства пад час папярэдніх слуханняў,
- Ніякай праграмы дзеянняў не прымалася на сходзе заснавальнікаў,
- Астатнія прэтэнзіі Міністэрства былі неабгрунтаванымі з гледзішча закона.

III – Судовы працэс
10 жніўня 2009 года суддзя Вярхоўнага суда сп. Анатоль Церах распачаў слуханні па справе. Усе тры заяўніка прыстунічалі напрацягу ўсяго паседжання. Двое з іх з’ўляюцца юрыстамі, таму ў іх не было неабходнасці ў наяўнасці абаронцаў. Міністэрства юстыцыі было прадстаўлена сп. Аляксандрам Харытонам. Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры ў званні падпалкоўніка прымаў неафіцыйны ўдзел у паседжанні. Толькі прадстаўніцы Пракуратуры было дазволена сядзець за сталом у зале суда, удзельнікі працэсу сядзелі на пярэдняй лаве, прызначанай для публікі. Прысутнічала да 30 чалавек, уключаючы некаторых сяброў “Нашай Вясны”, прадстаўнікоў замежных дыпмісіяў і журналістаў.
Першы дзень слуханняў быў падзелены паміж уступным словам бакоў, апытаннем сведкаў, вывучэннем матэрыялаў справы, а таксама хадайніцтвамі па сутнасці справы. На другі дзень прадстаўніца Пракуратуры выказала свае высновы, а бакі адказалі на хадайніцтвы.
Напачатку паседжання сп. Лабковіч папрасіў суддзю абмежаваць колькасць аргументаў на карысць нерэгістрацыі, прапанаваных Міністэрствам юстыцыі, у адпаведнасці з заканадаўствам аб грамадскіх арганізацыях, а таксама не распачынаць судовыя спрэчкі па такіх неістотных для сутнасці справы момантах, як абвінавачанні ў проціпраўнай дзейнасці, высунутыя супраць сузаснавальнікаў НДА. Хаця суддзя і прызнаў, што аргументы адказчыка павінны супадаць з падставамі для скаргі, але не перашкаджаў сп. Харытону неаднаразова і ў разгорнутай форме спасылацца на асабістыя даныя заяўнікаў.                                     
1. Аргументы заяўнікаў:
Неістотныя дэталі былі трактаваныя як “скажоная інфармацыя”
Падчас свайго ўступнага слова, сп. Стэфановіч патлумачыў, што тое, што было названа “скажонай інфармацыяй адносна заснавальнікаў”, заключалася ў наступным: адзін з іх, пазначаючы месца сваёй працы, замест “установа адукацыі – сярэдняя школа №1” напісаў “сярэдняя школа №1”; другі напісаў, што ён з’яўляецца “кіраўніком гуртка” замест “кіраўніка секцыі” ў адной з установаў адукацыі. Што датычыць праграмы дзеянняў, запатрабаванай Міністэрствам, сп. Стэфановіч адзначыў, што такі дакумент не прымаўся, і яго прыняцця не патрабуе закон. Што датычыць абвінавачанняў у супрацьпраўнай дзейнасці заснавальнікаў (гаворка ішла аб неістотным парушэнні правілаў дарожнага руху), ён заявіў, што гэта ня можа лічыцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі паводле Закона аб грамадскіх аб’яднаннях.                                                                                                                                                                           
Адпаведнасць назвы НДА закону
Сп. Лабковіч заявіў, што назва НДА адпавядае закону, бо ў ёй згаданы некамерцыйны характар арганізацыі і галіна яе дзейнасці (правы чалавека). Ён таксама заявіў, што крытыка Міністэрства ў бок “Нашай Вясны” абсалютна безпадстаўная.                                                                                                                      
Гарантыйны ліст
Што датычыць гарантыйнага ліста, было адзначана, што Міністэрства не мела ніякіх прэтэнзіяў да гэтага самага ліста падчас двух папярэдніх паседжанняў, і што з ўладальнікам памяшкання звязаліся па тэлефоне падчас яго адсутнасці, калі ён не мог прыехаць і дазволіць інспекцыі трапіць у памяшканне. Акрамя гэтага, было адзначана, што, разам з гарантыйным лістом, у адрас Міністэрства было накіравана тэхнічнае апісанне памяшкання, складзенае Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, што выключае неабходнасць правядзення дадатковай праверкі.
Калі суддзя і прадстаўнік Міністэрства юстыцыі спыталі сп. Лабковіча, як Міністэрства магло праверыць сапраўднасць гарантыйнага ліста, ён адказаў, што ў некаторых выпадках прадстаўнікі пракуратуры маюць законнае права пранікаць у прыватныя памяшканні, і што Міністэрства павінна было правесці праверку пры дапамозе пракуратуры, а не праз мясцовыя ўлады.
   
2. Аргументы Міністэрства:
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі сп. Харытон неаднаразова адзначаў, што адзін з заснавальнікаў пазначыў сваё месца працы як АТ “Трэверс” замест ТАА “Трэверс”, а таксама згадаў дзве вышэйзгаданыя памылкі. Прэтэнзіі Міністэрства таксама тычыліся назвы арганізацыі. Паводле сп. Харытона, з той прычыны, што слова “Вясна” было напісана з вялікай літары, яно не мае адносінаў да пары года, але да іншай з’явы, пра якую ведаюць толькі заснавальнікі НДА. Ён таксама сказаў, што, сыходзячы з дакументаў, які трапілі ў распараджэнне Міністэрства, было няясна, ці мае будучае памяшканне НДА ўваход, і такім чынам заявіў аб неабходнасці правядзення праверкі, якая не магла адбыцца з-за нежадання ўладальніка ісці на супрацоўніцтва. Ён таксама заявіў, што Міністэрства запатрабавала копію праграмы дзеянняў, прынятую заснавальнікамі, сыходзячы з паведамленняў на сайце арганізацыі www.spring96.org.
На пытанне сп. Лабковіча, ці знаёмы ён з высновамі Камітэта ААН па правах чалавека па скарзе сп. Бяляцкага і інш. да Рэспублікі Беларусь, сп. Харытон адказаў, што гэтае паведамленне датычыцца 2003 года і ня мае нічога агульнага з бягучай справай. Сп. Лабковіч запатрабаваў ад сп. Харытона назваць палажэнні закону, на падставе якіх гарантыйны ліст быў прызнаны несапраўдным, але сп. Харытон адмовіўся адказваць на пытанне. На пытанне аб тым, якія палажэнні Статуту НДА былі парушаныя назвай “Наша Вясна”, ён адказаў “Усе”, бо Статут не змяшчае тлумачэнняў адносна назвы “Наша Вясна”. На пытанне сп. Стэфановіча, чаму Міністэрства не прадаставіла заснавальнікам адтэрміноўку для выпраўлення памылак, сп. Харытон адказаў, што гэта права, а не абавязак Міністэрства.
У якасці заключэння сп. Харытон сказаў, што заснавальнікі НДА парушылі не толькі беларускае заканадаўства, але і законы іншых дзяржаваў, у прыватнасці яны былі дэпартаваны з тэрыторыі Малдовы падчас правядзення там парламенцкіх выбараў у ліпені 2009 года, але на патрабаванне прадаставіць доказы не назваў ніводнага рашэння малдоўскіх уладаў.                                                                                                                                                                                   
3. Паказанні сведкаў:
У якасці сведкі у залу суда быў запрошаны ўласнік памяшкання, згаданага ў гарантыйным лісце. Ён падцьвердзіў, што ён з’яўляецца уласнікам памяшкання, што ён атрымаў тэлефонны званок ад невядомай яму асобы адносна праверкі за гадзіну да яе правядзення і што ён запатрабаваў прадаставіць пісьмовыя падставы для інспекцыі. Што датычыць самога гарантыйнага ліста, на пытанне сп. Харытона, ці ведае ён, што, паводле двух дакументаў адносна юрыдычных асобаў, любы ліст павінен змяшчаць юрыдычны адрас і кантактныя даныя гэтай асобы, сведка адказаў адмоўна. Пазней, сп. Харытон прызнаў, што ён наўмысна не назваў гэтыя два дакументы падчас слуханняў (сп. Лабковіч назваў гэта парушэннем прынцыпу роўнасці бакоў), а, калі заяўнікі заявілі аб непрымяняльнасці гэтых дакументаў да дадзенай справы, бо уласнік памяшкання з’яўляецца не юрыдычнай, а фізічнай асобай, прадстаўнік Міністэрства Юстыцыі адказаў, што гэтыя дакументы датычаць фізічных асобаў “па аналогіі”.                                                                                                                                                                                 
4. Контраргументы заяўнікаў
Падчас спрэчак сп. Стэфановіч асудзіў дыскрымінацыйны падыход Міністэрства Юстыцыі, які заключаецца ў шматлікіх паўторных адмовах у рэгістрацыі праваабарончых НДА. Ён адзначыў, што ўсе неабходныя паводле закона дакументы былі прадастаўлены Міністэрству і што ніякай праграма дзеянняў, запатрабаванай Міністэрствам, ніколі не існавала.
Сп. Лабковіч адзначыў, што Міністэрства Юстыцыі падзяліла падставы для адмовы на юрыдычныя і неюрыдычныя. Ён прызнаў, што трое з больш чым 70 заснавальнікаў зрабілі неістотныя памылкі ў назвах сваіх месцаў працы, але гэта не павінна ўплываць на права заснавальнікаў ствараць НДА. Ён аспрэчыў прэтэнзіі Міністэрства да назвы НДА, назваўшы іх хутчэй кафкіянскімі, чым юрыдычнымі, а таксама раскрытыкаваў падыход Міністэрства, якія заключаецца ў стварэнне як мага большай колькасці перашкодаў для НДА. У адказ на заўвагі сп. Харытона адносна асобаў заяўнікаў і іх “проціпраўных дзеянняў”, сп. Лабковіч нагадаў, што шэраг такіх краінаў, як ЗША, Украіна, а таксама ЕС, забаранілі прадстаўніку Міністэрства Юстыцыі ўезд на сваю тэрыторыю.
Паводле сп. Бяляцкага, Міністэрства не хоча наладжваць цывілізаваны дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю. Ён адзначыў, што за апошнія 10 год у Беларусі не была зарэгістраваная ніводная рэспубліканская праваабарончая арганізацыя і што ў Арменіі, напрыклад, існуе ў 10 разоў болей некамерцыйных арганізацыяў на душу насельніцтва, чым у Беларусі. Ён заявіў, што ў дадзенай справе модна казаць аб парушэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, спасылаючыся на высновы Камітэта ААН па справе аб ліквідацыі “Вясны”. Камітэт ААН прызнаў права заяўнікаў на атрыманне кампенсацыі ў выглядзе перарэгістрацыі свайё арганізацыі, але ўлады не зрабілі нічога, каб кампенсаваць парушэнне МПГПП. Пасля таго, як, дзякуючы намаганням Еўрапейскага Парламента, ПАСЕ, а таксама ў кантэксце еўрапейска-беларускіх адносінаў, сітуацыя вакол НДА атрымала міжнародны розгалас, справа перастала быць выключна персанальнай праблемай заяўнікаў – яна стала паказчыкам выканання Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў.                                                                                                                                                                                                                           
5. Адказы Міністэрства
Сп. Харытон адказаў, што высновы Камітэту ААН носяць выключна рэкамендацыйны характар, што заяўнікам няма каго вінаваціць акрамя сябе і што у кампетэнцыю Міністэрства не ўваходзіць выпраўленне памылак, якія былі прызнаныя, паводле ягоных словаў, заяўнікамі.
Выкарыстоўваючы сваё права на адказ, заяўнікі асудзілі звышфармалісцкі падыход Міністэрства Юстыцыі да разгляду іх заяўкі аб рэгістрацыі, а таксама адсутнасць неперадузятасці з боку Міністэрства.
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, у сваю чаргу, абвінаваціў сп. Бяляцкага ў атрыманні вялікіх сумаў грошай ад міжнародных спонсараў для падарожжаў за мяжу, і падзякаваў Богу за тое, што ён жыве ў “блакітнавокай” Беларусі, сказаўшы таксама, што яму няма чаго рабіць ва Ўкраіне, ЗША ці ЕС.

IV – Вынясенне рашэння
Напачатку дургога дня слуханняў апошняй уступіла ў спрэчкі прадстаўніца пракуратуры. У сваіх заўвагах яна абмежавалася выказваннем падтрымкі рашэння аб адмове ў рэгістрацыі на падставе недакладнай інфармацыі адносна заснавальнікаў НДА, а таксама з прычыны немагчымасці наведаць будучае памяшканне “Нашай Вясны”. Пракурор выказала думку, што гэтыя недахопы з’яўляюцца дастатковымі для адмовы ў рэгістрацыі і незадавальнення скаргаў. Пракурор не пракаментавала ні аргументы бакоў, згаданыя падчас паседжання, ні спасылкі заяўнікаў на Канстытуцыю і МПГПП, на што звярнулі ўвагу заяўнікі падчас адказаў на пытанні.
Пры вынясенні рашэння Суд кіраваўся высновамі прадстаўніка пракуратуры. Суддзя адхіліў аргумент Міністэрства аб “проціпраўнай дзейнасці” заяўнікаў, прэтэнзіі да назвы арганізацыі, а таксама яго патрабаванні прадаставіць праграму дзеянняў. Тым не менш, ён падтрымаў рашэнне Міністэрства на падставе недакладнай інфармацыі адносна заяўнікаў, а таксама з прычыны іх супрацьдзеяння праверцы памяшкання, згаданага ў гарантыйным лісце. Суддзя адхіліў аргументы заяўнікаў адносна палажэнняў Канстытуцыі і МПГПП.
Рашэнне не падлягае абскарджванню. Яно можа быць перагледжана толькі па ініцыятыве старшыні Вярхоўнага суда або ягоных намеснікаў праз працэдуру нагляднай скаргі.

V – Аналіз
Некаторыя аспекты працэсу патрабуюць каментароў.
Па-першае, трэба адзначыць, што бакі мелі дастатковыя магчымасці для прадстаўлення сваіх аргументаў. Суддзя дазваляў бакам задаваць адзін адному пытанні без аніякіх абмежаванняў, прадстаўляць доказы і адказваць на хадайніцтвы бакоў і пракурора. З гэтага гледзішча, была забяспечана роўнасць бакоў і нельга казаць аб суб’ектыўнай перадузятасці суддзі.
Па-другое, аднак, апанентам заяўнікаў быў не толькі прадстаўнік Міністэрства Юстыцыі, чыё рашэнне яны аспрэчвалі ў Вярхоўным судзе, але і прадстаўніца Пракуратуры, чые высновы былі на карысць Міністэрства без абмеркавання аргументаў бакоў. Пракурор удельнічала ў працэсе неафіцыйна, што дазваляецца Грамадзянска-працэсуальным кодэксам Беларусі. Такім чынам у паседжанні прымалі ўдзел два прадстаўнікі дзяржавы, і абодва былі на баку выканаўчай ўлады. Яшчэ адным апанентам заяўнікаў, нягледзячы на сваю суб’ектыўную неперадузятасць, быў суддзя. Як неаднаразова адзначалася ў іншых справаздачах, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні i статусе суддзяў ясна дае зразумець, што прызначэнне суддзяў, іх кар’ера, адукацыя, дысцыплінарная адказнасць і звальненне залежаць ад Міністэрства юстыцыі (адказчык у дадзеным працэсе). Такім чынам, нельга сказаць, што суддзя і суд былі аб’ектыўна незалежнымі і неперадузятымі.
Па-трэцяе, што датычыць сутнасці судовага рашэння, трэба адзначыць, што, нават калі б недакладнасці ў дакументах, прадастаўленых “Нашай Вясной”, былі дастатковымі для адмовы паводле Закону аб грамадскіх арганізацыях Рэспублікі Беларусь, гэтага было б недастаткова для апраўдання ўмяшання ў права заяўнікаў на свабоду асацыяцыяў. Як у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначаецца, што такое ўмяшанне павінна мець законную мэту. Падчас паседжання, як і падчас вынясення рашэння, не было даведзена, што адмова ў рэгістрацыі “Нашай Вясне” была апраўдана абмежаваннямі, згаданымі ў Канстытуцыі Беларусі (Артыкул 23) і МПГПП (Артыкул 22-2). Акрамя гэтага, паводле апошняга палажэння, умяшанне павінна быць неабходным у дэмакратычным грамадстве, гэта значыць, сярод іншага, быць прапарцыйным законнай мэце. Улічваючы наяўнасць крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, для апраўдання ўмяшання павінны быць прадстаўлены асабліва пераканаўчыя аргументы. У дадзеным выпадку, довады, высунутыя пракурорам у сваіх высновах, а таксама суддзём у рашэнні, з цяжкасцю можна назваць пераканаўчымі і аргументаванымі. Калі адзін з заснавальнікаў пазначае сваё месца працы як “сярэдняя школа №1” замест “установа адукацыі – сярэдняя школа №1”, гэта не мае ніякага крымінальнага намеру, як і патрабаванне ўласніка будучага памяшкання НДА прадаставіць яму пісьмовыя падставы для правядзення праверкі, замест безапеляцыйнага загаду ад невядомай асобы па тэлефоне, не азначае амаральнасці заснавальнікаў. Так і не было ўстаноўлена, што заснавальнікі “Нашай вясны” заклікалі да гвалту або займаліся крымінальнай дзейнасцю. Але ў рашэнні не было ні слова аб прапарцыйнасці абмежавання іх правоў.
Па-чацвёртае, трэба памятаць, што Камітэт ААН па правах чалавека у сваім рашэнні па скарзе сп. Бяляцкага і інш. да Рэспублікі Беларусь прызнаў ліквідацыю першапачатковай “Вясны” у 2003 годзе парушэннем Артыкула 22 МПГПП. Ён настойліва рэкамендаваў уладам прадаставіць зяўнікам кампенсацыю, у тым ліку перарэгістрацыю НДА. Тым не менш, беларускія ўлады назвалі высновы Камітэта выключна рэкамендацыйнымі і адмовіліся іх выконваць. Аднак, МПГПП гарантуе мінімальныя неад’емныя правы, і, як бы не трактаваліся рэкамендацыі Камітэта, няма іншага шляху выканання палажэнняў МПГПП, акрамя надання рэкамендацыям законнай сілы. У дадзеным выпадку, МПГПП быў цалкам праігнараваны.
Напрыканцы, трэба адзначыць, што аргументы заяўнікаў у асноўным засноўваліся на незаконнасці дзеянняў Міністэрства, іх неадпаведнасці Закону аб грамадскіх арганізацыях, і толькі ўскосна на сваіх правах, гарнтаваных Канстытуцыяй і МПГПП. Але нават калі б яны былі цалкам пабудаваныя на Канстытуцыі і МПГПП, вынік быў бы такім самым: суддзя Вярхоўнага суда меў паўнамоцтвы вырашаць, ці былі ў Міністэрства падставы для адмовы ў рэгістрацыі, а не ацэньваць пытанні правоў чалавека, закранутыя адмовай.

VI – Каментары
Старшыня “Нашай Вясны” і адзін з заяўнікаў, Алесь Бяляцкі, сказаў, што палітычныя прычыны стаялі за рашэннем Вярхоўнага суда, якое мела мала агульнага з правасуддзем і верхавенствам закона. Заявы аб лібералізацыі рэжыма не знайшлі падтрымкі ў чакаемых дзеяннях; Беларусь застаецца небяспечнай для праваабаронцаў, дадаў сп. Бяляцкі.
Сыходзячы з вышэйзгаданых прычынаў, кіраўнік місіі назваў судовы працэс ганьбай для беларускага правасуддзя, але адзначыў, што Беларусь ужо прызвычаілася да такой ганьбы.                                                                                                                                                                                                                 
Рэкамендацыі                                                                                                                                                                                                                                                                                           
1. Да беларускіх уладаў
- гарантаваць пры любых абставінах спрыяльныя ўмовы для дзейнасці праваабаронцаў, а таксама спыніць чыненне перашкодаў іх працы, як і іх пераследу, у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязку асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрынятыя правы чалавека і асноўныя свабоды, прынятай Генеральнай асамблеяй ААН у 1998 годзе;
- прытрымлівацца пры любых абставінах міжнародных стандартаў у галіне свабоды асацыяцыяў, прадугледжаных МПГПП і Дэкларацыяй 1998 года;
- прытрымлівацца аргументаў і рэкамендацыяў, выкладзеных у Паведамленні Камітэта ААН па правах чалавека па скарзе сп. Бяляцкага і інш. да Рэспублікі Беларусь №1296/2004 ад 27 ліпеня 2007 года;
- выконваць рэкамендацыі Камітэта ААН па правах чалавека і іншых органаў ААН, а таксама Спецыяльных працэдураў ААН;
- гарантаваць незалежнасць судовай сістэмы, г.зн. усталяваць адпаведныя працэдуры прызначэння, павышэння па службе і звальнення суддзяў;
- выдаць сталае запрашэнне Спецыяльным працэдурам ААН, а таксама прадаставіць станоўчы адказ адносна запыту аб візіце ў Беларусь, зробленага былым Спецыяльным прадстаўніком Генеральнага сакратара ААН у сувязі з сітуацыяй вакол беларускіх праваабаронцаў у 2003 годзе;
- шчыльна супрацоўнічаць з органамі АБСЕ па пытаннях чалавечага вымярэння, у прыватнасці з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, а таксама з прадстаўніцтвам АБСЕ ў Мінску;
- прытрымлівацца стандартаў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння, у прыватнасці ў сферы верхавенства закона, грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама грамадзянскай супольнасці;                                                                                                                                                                                                  
2. Да Еўрапейскага Саюза
- звярнуць увагу на пытанне незалежнасці судовай сістэмы і свабоды асацыяцыяў у межах дыялогу з беларускімі ўладамі на розных узроўнях, асабліва з сувязі з сустрэчамі Тройкі ЕС з беларускімі ўладамі;
- звярнуць увагу на пытанне праваабаронцаў і неабгрунтаваныя абмежаванні дзейнасці і існавання беларускіх НДА у адпаведнасці з Рэкамендацыямі ЕС па пытаннях праваабаронцаў;                                                                                                                                                                                                  
3. Да АБСЕ
- прадстаўніцтва АБСЕ ў Мінску павінна звяртаць асаблівую ўвагу на пытанні праваабарончай дзейнасці і свабоды асацыяцыяў;
- Парламенцкая Асамблея АБСЕ павінна запрасіць яе беларускіх сяброў прыняць адпаведныя заканадаўчыя захады для прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international