У Вярхоўным судзе абскарджваецца смяротны прысуд

2009 2009-10-16T08:37:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smiarotnae.jpg

Сёньня Вярхоўны суд будзе разглядаць касацыйную скаргу жыхара Салігорскага раёну Андрэя Жука, якога Менскі абласны суд асудзіў на сьмерць за забойства двух чалавек. У кастрычніку гэта будзе ўжо другая “сьмяротная справа” у Беларусі.

27 лютага ў Салігорскім раёне былі забітыя два супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства “Бальшавік-Агра”, якія перавозілі грошы для заробку працаўнікам. Забойцаў і выкрадальнікаў грошай міліцыя неўзабаве знайшла. Паводле рашэньня Менскага абласнога суду, вінаватымі ў злачынстве прызнаныя Андрэй Жук, Іван Сарокін і Ўладзімер Мароз.

Раней судзімы Андрэй Жук быў прызнаны кіраўніком злачыннай банды і ўдзельнікам забойстваў. Яго выпраўленьне суд палічыў немагчымым і прыгаварыў да вышэйшай меры– сьмяротнага пакараньня.

Іван Сарокін атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне. Уладзімер Мароз правядзе за кратамі 13 гадоў.

Сёньня ў Вярхоўным судзе калегія крымінальных спраў будзе разглядаць касацыйныя скаргі на прысуд, якія пададзеныя Жуком і Сарокіным. Андрэя Жука, як асуджанага на сьмерць, суд заслухае асабіста, скаргу Івана Сарокіна разгледзіць завочна.

Андрэю Жуку 25 гадоў. Якое рашэньне адносна яго прыме Вярхоўны суд? Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, на працэсе ў Менскім абласным судзе Андрэй Жук прызнаў сябе вінаватым, але, магчыма, суд прыме да ўвагі некаторыя асабістыя абставіны.

“Ён не адмаўляе віны, і падчас сьледзтва прызнаваў, і падчас працэсу. Таму будзем спадзявацца, што суд таксама ўлічыць ягонае раскаяньне і тое, што ў яго дзіця нарадзілася, ёсьць такія зьвесткі. Магчыма, гэта паўплывае нейкім чынам на зьмякчэньне, і яму сьмяротны прысуд будзе заменены на пажыцьцёвае зьняволеньне. Паглядзім”.

У пачатку кастрычніка калегія Вярхоўнага суду адхіліла скаргу на прысуд жыхара Драгічынскага раёну Васіля Юзэпчука, таксама асуджанага да сьмяротнага пакараньня. Вядома, што Юзэпчук зьбіраецца падаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашанкі, а тым часам ягоную скаргу ўжо прыняў да разгляду Камітэт правоў чалавека ААН. Цікаўлюся ў праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, якія шанцы, што ў Беларусі хутка можа быць уводзіны мараторый на сьмяротнае пакараньне?

“Раней сапраўды былі заявы вышэйшых асобаў, што такі мараторый рыхтуецца. Але ўжо некалькі месяцаў на гэты конт цішыня. Ня бачна, каб сапраўды да гэтага ішло. Мы вельмі спадзяваліся, але пакуль няма”.

Эўразьвяз сярод умоваў паляпшэньня стасункаў зь Беларусьсю называе мараторый, а потым і забарону сьмяротнага пакараньня. Беларусь – адзіная ў Эўропе краіна, дзе ўжываюць сьмяротную кару.

Паводле незалежных крыніцаў, з 1997 году ў Беларусі было пакарана сьмерцю больш за 160 чалавек.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international