Cто тысяч за тое, што “чужыя”!

2002 2002-08-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Усю мінулую ноч правялі ў дзяжурнай частцы Бераставіцкага РАУС гарадзенскія журналісты Андрэй Пачобут, Ірына Чарняўка і Анджэй Пісальнік. Яны былі затрыманыя ў мястэчку Пагранічны Бераставіцкага раёну, дзе мясцовыя ўлады ўчора а 20-ай гадзіне пачалі разбураць першы на Беларусі храм Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
- Нас затрымалі памежнікі а палове першай ночы проста на вуліцы, - гаворыць Андрэй Пачобут, карэспандэнт газеты “Glos znad Niemna”. – Начальнік нарада маёр Дзмітрый Буры спраўдзіў нашыя дакументы і камандзіровачныя пасведчанні. Пры гэтым заявіў, што ў нас усё ў парадку і да нас прэтэнзіяў няма. Аднак, замест таго каб адпусціць нас, ён выклікаў міліцэйскую групу.
Журналістаў даставілі ў Бераставіцкі РАУС, дзе і ўтрымлівалі да 6.15 раніцы. Адпусцілі толькі пасля таго, як рашэннем начальніка райаддзела падпалкоўніка Амбражэвіча яны былі пакараныя штрафам у памеры 100 тысяч рублёў кожны. Журналістаў абвінавацілі ў “незаконным знаходжанні ў памежнай зоне”.
Каментуючы гэтае рашэнне, старшыня Бераставіцкага райвыканкама Іван Захарчук патлумачыў:
- Зону вакол царквы, якую будуе Ян Спасюк, ачапілі дзеля таго, каб там не круціліся чужыя. Такім чынам міліцыя выконвае рашэнне райвыканкама аб ахове аб’екта, які, паводле таго ж рашэння, забаронены для наведвання ўсім, уключаючы Спасюка.
Як заявіў журналістам Іван Захарчук, ён асабіста кіруе аперацыяй па разбурэнню будынка “неправільнай” царквы і мэта гэтай аперацыі – “прывесці ўсё на аб’екце ў першапачатковы стан”.
Дзеянні мясцовай вертыкалі ўхваленыя рашэннем Гарадзенскага аблвыканкама ад 31 ліпеня. Гэтым дакументам узаконена папярэдняе рашэнне Бераставіцкага райвыканкама аб зносе будынка царквы. Фармальнай падставай для гэтага стала нібыта парушэнне настаяцелем храма айцом Янам Спасюком, праектнай дакументацыі. У якасці прыклада адступлення ад зацверджаннага праекта Іван Захарчук назваў наступнае:
- Ужо тое, што ён ( Спасюк, - заўв. Аўт.) выставіў крыжы на фундамент – гэта выклік усім і кожнаму!
На момант падрыхтоўкі матэрыяла - 12.00 другога жніўня - работы па зносу царквы не вяліся. Будаўнічая пляцоўка ачэпленая ўзмоцненым нарадам міліцыі. Па ўдакладнённых звестках, учора а палове трэцяй ночы прывезеныя ўладай невядомыя людзі знішчылі абодва царкоўныя крыжы. Зруйнаваны таксама фундамент святарскага дома, які знаходзіцца побач з будоўляй.
Айцец Ян баіцца затрымання і вымушаны хавацца ў Гродне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international