"Яны хацелі, каб я яшчэ ўзяў на сябе справы, але я сказаў, што хопіць на мне плюсікі зарабляць"

2009 2009-10-12T18:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/juzepchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У залі судовага паседжання за кратамі сядзеў невысокага росту, шчуплы малады чалавек, які знешне выглядаў досыць жаласліва. Выказваўся ён не заўсёды зразумела, а словы яго паказвалі, што ён наогул дрэнна арыентуецца ў тым, што адбываецца.

Такім  паўстаў перад прысутнымі на паседжанні Вярхоўнага Суда Васіль Юзэпчук. Гэты 30-гадовы чалавек у цяперашні момант знаходзіцца пад вартай у Менскім СІЗА № 1 у чаканні выканання смяротнага прысуду, які ўжо ўступіў у сілу.

Васілю Юзэпчуку было прад'яўленае абвінавачванне ў забойстве шасці пажылых жанчынаў і здзяйсненні крадзяжоў у Драгічынскім раёне, а таксама ў разбойным нападзе ў Гарадзенскай вобласці. 29 чэрвеня 2009 года ён быў асуджаны Судовай калегіяй па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда да смяротнага пакарання  з канфіскацыяй маёмасці. 2 кастрычніка гэтага года пасля абвяшчэння вызначэння Судовай калегіі Вярхоўнага Суда гэты смяротны прысуд набыў моц і можа быць выкананы.

Што вядома пра гэтага чалавека? Васілю Юзэпчуку 30 год. Па нацыянальнасці ён цыган, выхадзец з Украіны. Грамадзянства не мае. Маці пражывае ў в. Татар’я Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Сам Юзэпчук пражываў з грамадзянскай жонкай і дзецьмі. Афіцыйнага месца працы не меў. На жыццё падзарабляў у мясцовых жыхароў навакольных вёсак - капаў бульбу, сек дровы, касіў. Раней  быў асуджаны. Адзін з тэрмінаў, якія атрымаў Юзэпчук - за крадзеж курэй.

Афіцыйныя СМІ неадкладна прадставілі грамадскасці партрэт грознага злачынцы. Юзэпчук стаў героем сюжэту ў тэлепраграме "Злачынства стагоддзя". Прэса абмалявала яго як злоснага серыйнага забойцу, жорсткага, бязлітаснага, які забіваў з мэтай завалодання маёмасцю бабулек, у якіх падзарабляў па гаспадарцы. Юзэпчук паказваўся зверам, які прадумваў забойствы і разам са сваім змоўшчыкам Гучэнка, асуджаным на пажыццёвае зняволенне, з адмысловай жорсткасцю душыў пажылых жанчынаў. Пры гэтым "не абцяжараны інтэлектам" Юзэпчук (і, сапраўды, паводле заключэння камісіі экспертаў у гэтага чалавека маецца лёгкая разумовая адсталасць) адначасова выстаўляецца "відавочным лідарам у гэтым звязку". 

Аднак у прысутных 2 кастрычніка ў Вярхоўным Судзе пра асуджанага да смяротнага пакарання чалавека склалася сваё ўяўленне, якое адрозніваецца ад яго "афіцыйнага" партрэта.

"Я чытала ў газетах публікацыі пра гэтую справу, бачыла тэлесюжэт. Але на судзе пра асобу Юзэпчука ў мяне склалася зусім іншае ўражанне, - распавядае актывістка кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання смерцю ў Беларусі" Ірына Тоўсцік. - Як высвятлілася, ён не ўмее ні пісаць ні чытаць, пра што ўвесь час паўтараў у судовым паседжанні. Ён жаліўся: "Быў бы я пісьменны, я б шмат напісаў, а так не магу - непісьменны. Я нават маці не мог напісаць, калі будзе суд".

У прысутных на судзе грамадзянаў гэты чалавек усім сваім знешнім выглядам, паводзінамі і бездапаможнасцю не мог не выклікаць жалю.

"Юзэпчук гаворыць не заўсёды зразумела. Мяркуючы па яго выказваннях, ён дрэнна арыентуецца ў тым, што адбываецца, у часавай прасторы. Уявіце, чалавек нават не адрознівае месяцы года. Ён не можа растлумачыць, у якім месяцы і ў якія дні адбываліся тыя ці іншыя падзеі, можа сказаць толькі ўвогуле - падзея "была ўлетку" ці "было ўзімку", - распавядае І. Тоўсцік.

Напэўна, не стане асаблівай цяжкасцю атрымане патрэбных сведчанняў у непісьменнага, чалавека, што не можа ні чытаць, ні пісаць. Менавіта такімі "жудаснымі прызнаннямі" стракацелі газетныя загалоўкі.  "Валасы дубам устаюць ад яго прызнанняў. "Я, можа, і сорак штук жанчынаў забіў, пакуль я сваіх сведчанняў не даваў, колькі іх у мяне ёсць", - распавядаў "Вячэрні Брэст" пра "невядомыя раней падрабязнасці гэтай страшнай гісторыі".

Але ні ў воднай з такіх газетаў не надрукавалі яго аповядаў пра тое, што ў міліцыі яго "збівалі, пагражалі пасадзіць усю яго сям'ю". Юзэпчук таксама жаліўся, што  яго марылі голадам, падоўгу трымалі ў карцары, прымушалі прымаць невядомыя таблеткі і алкаголь (незаконныя метады ўздзеяння на псіхіку і здольнасць адэкватна ацэньваць сітуацыю). Але сцвярджэнні пра ўжыванне ў дачыненні да яго гвалту (па заключэнні эксперта наяўныя ў Юзэпчука цялесныя пашкоджанні маглі быць прычыненыя як у тэрмін, так і пры акалічнасцях, ім паказаных: пры збіванні ў СІЗА-6 г. Баранавічы) судом былі адпрэчаны. Суд "паверыў" тлумачэнням супрацоўнікаў міліцыі.

Віну сваю В. Юзэпчук на судзе адмаўляў, казаў, што не забіваў бабуль. Разам з тым ён не хаваў  таго факту, што быў з імі знаёмы: "усе ў вёсцы ведалі, што я ў гэтых бабуль працаваў, але я іх не забіваў…". 

Асуджаны спрабаваў, наколькі быў здольны, растлумачыць, чаму напачатку следства ён сябе агаварыў і  сведчыў, што нібыта ён забіў: "Яны жадалі, каб я яшчэ ўзяў на сябе справы, але я сказаў, што хопіць на мне плюсікі зарабляць".

Па словах адвакатаў, што выступалі ў судовым паседжанні, прысуд Брэсцкага абласнога суда пабудаваны на здагадках, бо прамых доказаў няма. А таксама на сведчаннях-прызнаннях Юзэпчука і Гучэнка. Усе астатнія доказы з'яўляюцца ўскоснымі. У аснову абвінаваўчага прысуду былі пакладзеныя галоўным чынам сведчанні супрацоўнікаў міліцыі.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны выказваюць занепакоенасць тым, што смяротны прысуд Васілю Юзэпчуку можа быць выкананы ў хуткім часе.

- Як сведчаць адвакаты, у гэтай справе не ўсё так адназначна. Ёсць факты таго, што Юзэпчук збіваўся падчас знаходжання ў следчым ізалатары, яму  наносіліся цялесныя пашкоджанні, што было зафіксавана. Таксама, паводле заключэння камісіі экспертаў, у асуджанага  лёгкая ступень разумовай адсталасці, ён кепска арыентуецца ў наваколлі. Таму ў нас, праваабаронцаў, ёсць вельмі сур’ёзныя асцярогі наконт таго, што віна Юзэпчука не даказаная належным чынам. І мы выказваем сваю занепакоенасць тым, што прысуд у дачыненні да яго ў хуткім часе можа быць выкананы. На цяперашні момант пададзеная скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека і чакаецца яе рэгістрацыя. Мы таксама ад імя беларускіх праваабаронцаў будзем звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта з заклікам не прыводзіць у выкананне вынесеныя ў апошні час смяротныя прысуды (іх мы маем два па краіне)  і па-ранейшаму патрабаваць увядзення мараторыя, - адзначыў сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international