Мінінфармацыі вынесла папярэджанне «Аўтарадыё» за сумесны праект з «Еўрарадыё»

2009 2009-10-06T16:20:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/microphone-with-headphones.jpg

1 і 2 кастрычніка на хвалях беларускай FM-радыёстанцыі «Аўтарадыё» (105.1) не выйшла ў эфір праграма «ЕўраZOOM», якую рыхтуе «Еўрапейскае радыё для Беларусі». 30 верасня кіраўніцтва радыёстанцыі атрымала пісьмовае папярэджанне ад Мінінфармацыі за «невыкананне творчай канцэпцыі вяшчання». Пра якія менавіта парушэнні ідзе гаворка, кіраўніцтва радыёстанцыі пакуль не ведае.

Праграма «ЕўраZOOM» — сумесны праект «Еўрарадыё» і «Аўтарадыё», які рэалізуецца пад патранажам Еўракамісіі. Гадзінная праграма, якая складаецца з некалькіх інфармацыйных і музычных блокаў, падрыхтаваных калектывам «Еўрарадыё», пачала гучаць у эфіры «Аўтарадыё» летам гэтага года і выходзіла штодня, акрамя суботы і нядзелі.

 

Як распавёў прэс-службе БАЖ генеральны дырэктар радыёстанцыі Юрый Базан, 29 верасня на «Аўтарадыё» патэлефанавалі з Міністэрства інфармацыі з просьбай прадаставіць «для маніторынгу» аўдыёфайлы з запісам праграмы «ЕўраZOOM» за 28 верасня. А  ўжо 30 верасня з міністэрства прыйшло папярэджанне за «невыкананне творчай канцэпцыі вяшчання ў частцы аб’ёма перадач уласнай вытворчасці і тэматычнага напаўнення».

Мінінфармацыі прадпісала кіраўніцтву ЗАТ «Аўтарадыё» да 1 кастрычніка «зрабіць захады па выкананні заяўленай творчай канцэпцыі» і нагадала, што можа ануляваць іх ліцэнзію на вяшчанне (пастанова Саўміну № 726 ад 30.05.2003).

Сп. Базан кажа, што з папярэджання незразумела нават, пра якую перадачу ідзе гаворка. Таму ён ужо накіраваў у Мінінфарм ліст з просьбай канкрэтызаваць сутнасць прэтэнзій. Асобны ліст пайшоў міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу — з просьбай узгадніць трансляцыю праграмы на частотах «Аўтарадыё».

«Выпуск праграмы дазваляе… значна падвысіць імідж Беларусі ў Еўропе і свеце, — падкрэсліваецца ў звароце. — Еўрапейская камісія вельмі высока ацэньвае магчымасць выпуску праграмы ў нашай краіне». Да ліста ў міністэрства Юрый Базан прыклаў пісьмовае ўзгадненне канцэпцыі і зместу праграмы «ЕўраZOOM» кіраўніком прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі Жанам-Эрыкам Хольцапфелем.

Па словах галоўнага рэдактара, раней запыты з Мінінфармацыі паступалі толькі наконт плэй-лістоў — на прадмет 75% адсоткаў беларускай музыкі ў эфіры. Ён не разумее, што ў праграме «ЕўраZOOM» магло насцярожыць міністэрства, бо інфармацыя ў ёй падаецца вельмі ўзважана.

Юрый Базан кажа, што, пакуль не прыйдзе адказу ад Мінінфармацыі, магчыма, з трансляцыяй праграмы «ЕўраZOOM» давядзецца пачакаць, каб не рызыкаваць усім праектам. «З аднаго боку, мы рызыкуем страціць частату, з іншага — парушаем абавязальніцтвы перад „Еўрарадыё“, а праз яго — і перад Еўракамісіяй», — адзначае Юрый Базан.

«Недапушчальным умяшальніцтвам дзяржавы ў творчую дзейнасць СМІ» назваў гэты інцыдэнт намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец. «Канцэпцыя праграмы была ўхвалена Еўракамісіяй. Папярэджанне Мінінфармацыі — даволі совеасаблівы адказ Беларусі на ініцыятывы Еўразвязу па супрацоўніцтве з нашай краінай», — зазначыў ён.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international